Аснова калекцыі і прасторы горада

№ 33 (1263) 13.08.2016 - 20.08.2016 г

Пленэр як сведчанне статусу культуры ў Маладзечне
На момант, калі пішуцца гэтыя радкі, у Маладзечне адбываюцца два пленэры — “Маладзечна АРТ — 2016” і “Вернісаж камянёў”. У адным бяруць удзел жывапісцы, у другім — скульптары. Першы блізкі да завяршэння, другі толькі распачаўся. У дзень адкрыцця пленэру жывапісцаў адбылася прэзентацыя каталога “Мастакі Маладзечанскага краю”. Да выдання cпрычыніліся Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Мінскі абласны краязнаўчы музей, Беларускі саюз мастакоў, Палац культуры горада Маладзечна. Патрэба ў такім выданні, у сістэматызацыі мастацкіх набыткаў творцаў, народжаных ці ўзгадаваных маладзечанскай зямлёй, наспела даўно. Насамрэч, варта асэнсаваць феномен Маладзечна ў кантэксце беларускай культуры, і згаданае выданне якраз і з’яўляецца крокам у гэтым кірунку.

"Фора" і абласным цэнтрам

Насельніцтва ў Маладзечне па апошніх дадзеных крыху больш за сто тысяч чалавек. Ёсць прамысловасць, але гэта далёка не заводы-гіганты, як у шэрагу іншых райцэнтраў — Салігорску, Жлобіне, Бабруйску... Адпаведна іншыя і адлічэнні ад прамысловасці ў гарадскі бюджэт і канкрэтна на культурныя праекты. Але пры гэтым, пры адносна сціплых матэрыяльных магчымасцях, сваім творчым патэнцыялам Маладзечна вылучаецца не толькі сярод гарадоў аднолькавага з ім адміністрацыйнага статусу, але ў чымсьці можа часам даць “фору” і абласным цэнтрам. Так што ў бягучым годзе горад стаў культурнай сталіцай Беларусі зусім невыпадкова. Выданне “Мастакі Маладзечанскага краю” ілюструе сітуацыю, калі культурны асяродак становіцца чымсьці накшталт “горадаўтваральнага прадпрыемства”, калі ўкладанне ў справу таленту не менш эфектыўнае, чым валютныя інвестыцыі.

У каталогу згадваюцца і тыя мастакі, што пайшлі з жыцця, пакінуўшы нам сваю творчую спадчыну, і тыя, чыя творчая актыўнасць і сёння вызначае культурны ландшафт Маладзечаншчыны і, у немалой ступені, Беларусі ўвогуле. Да маладзечанскай класікі можна аднесці творы Меера Аксельрода (1902 — 1970), Юрыя Герасіменкі-Жызнеўскага (1948 — 1997), Дзмітрыя Крачкоўскага (1910 — 1991), Васіля Лазоўскага (1952 — 2015), Ядвігі Радзялоўскай (1902 — 1992), Рамана Семашкевіча (1900 — 1937), Канстанціна Харашэвіча (1927 — 2013).

/i/content/pi/cult/599/13317/7-1.jpg

На пленэры “Вернісаж камянёў”.

Сярод сённяшніх творцаў адметным стылем і арыгінальным светапоглядам вылучаюцца Анатоль Акулік, Мікалай Аўчыннікаў, Аляксандр Грышкевіч, Леанід Дударэнка, Аляксандр Пашкевіч, Генадзь Селядзец… Калі глядзіш на іх творы, думаецца пра тое, што можна ўсё жыццё пражыць у невялікім, у параўнанні з мегаполісам, паселішчы альбо ўсё жыццё натхняцца ўспамінамі пра яго, і быць пры гэтым “грамадзянінам свету”, быць творча запатрабаваным ва ўсім свеце. Нездарма работы маладзечанскіх творцаў знаходзяцца ў славутых дзяржаўных зборах і прыватных калекцыях у шмат якіх краінах свету.

Прастора зменіцца

Дырэктар Палаца культуры горада Святлана Сарока, якая мае непасрэднае дачыненне да стварэння гэтага каталога, да арганізацыі згаданых пленэраў і ўвогуле да ўсіх культурных праектаў, што рэалізуюцца ў Маладзечанскім краі, упэўненая, што сёлетнія жывапісны і скульптурны пленэры стануць штогадовымі і дадуць новы імпульс развіццю культуры ў рэгіёне, узбагацяць Маладзечна новымі мастацкімі каштоўнасцямі.

Па яе словах, жывапісныя работы пленэру стануць асновай калекцыі мастацкай галерэі, якая размесціцца ў памяшканні Цэнтральнай бібліятэкі Маладзечна. А скульптурныя работы ўпрыгожаць прастору перад Палацам культуры. Пасля размовы са Святланай Сарока ў карэспандэнтаў “К” з’явілася магчымасць пазнаёміцца з творцамі сёлетніх пленэраў.

Не Сар'яны, але з чырванню

Так супала, што ў дзень нашай камандзіроўкі ў інтэрнаце Музычнага каледжа імя Міхала Клеафаса Агінскага дапрацоўвалі свае творы прадстаўнікі Арменіі, Ізраіля і Расіі. Астатнія мастакі, магчыма, паехалі шукаць прыгожыя мясціны.

Летась на пленэры, што праходзіў у Літве, мастачку з Арменіі Асмік Авецісян запрасіў у Маладзечна вядомы беларускі пейзажыст Аляксандр Грышкевіч. Мастачка паабяцала, што прыедзе. Прыехала. І не пашкадавала. У Беларусі Асмік Авецісян упершыню, таму яна крыху падзялілася з намі сваімі ўражаннямі.

/i/content/pi/cult/599/13317/7-2.jpg

Майстэрня ў інтэрнаце музычнага каледжа імя Міхала Клеафаса Агінскага.

— У жанры пейзажа я не працую, — адразу кажа Асмік. — Але тут кантрасны пейзаж, які вельмі люблю. У нас прамых дарог практычна няма, і лініі гарызонту таксама — паўсюль высокія горы… Мне падабаецца пісаць тыя мясціны, якія адрозніваюцца ад армянскіх. Важна тое, як я адчуваю прыроду, і гэтага адчування мне дастаткова. Зараз мне ўжо не абавязкова сядзець ды пісаць на прыродзе.

Творца працуе збольшага ў абстракцыянізме, сюррэалізме, а апошні праект, па словах Асмік, атрымаўся гіперрэалістычны. Ёй на сёння бліжэй новыя тэндэнцыі, але мастачка ў гэтых новых веяннях спецыфічнае дадае да традыцыйнага. Што да армянскай мастацкай школы, то Асмік Авецісян адзначыла, што існуе стэрэатып, быццам бы ўсе армянскія мастакі — паслядоўнікі Марціраса Сар’яна, але разнастайных мастакоў з яе радзімы са сваім светапоглядам, стылем вялікая колькасць. Адзінае — засталіся “гарачыя” колеры.

Хто з беларускіх мастакоў-пейзажыстаў увасабляе Беларусь найбольш дакладна? На думку мастачкі, такім творцам з’яўляецца Аляксандр Грышкевіч.

— Беларускіх мастакоў ведаю небагата, — прызнаецца Асмік Авецісян.  — Але калі паглядаю на работы Аляксандра Грышкевіча, здзіўляюся ягонаму адчуванню прыроды. Я хацела б напісаць беларускі пейзаж, як ён…

"Флэшбэкі" Арцёма

Разам з кабетай у адным пакойчыку працаваў і жывапісец з Ізраіля Арцём Капуста. У гэтую маладую па гістарычных мерках краіну ён пераехаў восем гадоў таму. Нарадзіўся Арцём у звычайнай савецкай сям’і на радзіме Марка Шагала. Тут і прайшло юнацтва маладога творцы. А праз час ён паехаў шукаць сябе ў Ізраіль, адкуль паходзяць этнічныя карані…

На сцяне ўжо вісеў амаль скончаны твор — заставалася штосьці дапісаць, зрабіць акцэнты… Твор падаўся вельмі “тэмпераментным”, выразным.

/i/content/pi/cult/599/13317/7-3.jpg

— Даводзіцца заўсёды быць “гнуткім”, заўжды змяняцца, — з нейкім нават аптымізмам кажа Арцём. — Ізраіль — гэта тая краіна, дзе ты не можаш “застыць” у адным палажэнні. Пакуль у мяне майстэрні няма — працую дома, месца дазваляе. Думаю, у Ізраілі цяжэй, чым у Беларусі, у эканамічным плане і адносна сацыяльных гарантый… Там і мастацкая школа іншая. У Беларусі вучаць маляваць, а там — думаць. Усе выхадцы з СССР добра малююць, але, мне здаецца, ім цяжка за мяжой з іх школай акадэмізму. Трэба змяняцца і прымаць тыя рэаліі і законы, якія дыктуе пэўны менталітэт.

Падчас размовы спыталіся, кім сябе адчувае Арцём: “грамадзянінам свету” альбо чалавекам канкрэтнай краіны?

— Хутчэй, я сябе больш адчуваю “грамадзянінам свету”. Часам у мяне ўзнікаюць нейкія “флэшбэкі” дзяцінства: прыгадваецца вёска, розныя водары… Іншы раз яно мне падаецца вельмі нечаканым. У той жа час я паглядаю на Беларусь як жыхар Ізраіля.

Характарная краіна

А ў цёмным калідоры інтэрната зусім нечакана сустрэліся з мастаком з Расіі. Павел Зелянецкі з ахвотаю распачаў з намі размову, запрасіў у свой пакой. У ім — чатыры ложкі, пасярэдзіне — мальберт з амаль даробленым творам.

Высветлілася, што наш суразмоўца са старадаўняга горада Каломна, вядомага сваёй багатай архітэктурай, таму здзівіць нейкімі матывамі мастака даволі складана. Але ўсё ж такі знаходзяцца мясціны, якія даюць яму новы імпульс для творчасці. Ён аб’ездзіў ці не увесь свет, а ў Беларусі не быў ніколі. Магчыма, яна яму падавалася не такой “узнёслай” ды характарнай… І прыехаўшы ў нашу краіну, Павел Зелянецкі ўсё ж такі знайшоў некалькі жывапісных мясцін. Сярод іх ён адзначыў палацава-паркавы комплекс Агінскіх у Залессі ды парк, які знаходзіцца ў 10 — 15 кіламетрах ад культурнай сталіцы Беларусі. У нашай краіне, па словах мастака, дагледжаныя сядзібы, дзе адчуваецца дух мінулага.

Беларусь Паўлу падаецца крыху напружанай у колеравых адносінах (у параўнанні, напрыклад, з той жа Расіяй). Старыя дрэвы ды надвор’е, па словах нашага візаві, надаюць суровасць ды адчуванне моцнага драматызму. Свой жывапіс мастак можа ахарактарызаваць наступнымі словамі:

— Мой жывапіс дастаткова традыцыйны, магчыма, крыху “з улётам”. Работы ў асноўным яркія, “сонечныя”. На пленэры выязджаю часта. А самае страшнае для мяне — не знайсці матыў. Шукаць яго цяжка, а потым трэба рабіць адбор. Я працую над формамі, пішу розныя станы прыроды — спрабую стварыць на палатне гармонію. Задача мастацтва — узмацніць і давесці да гледача максімальна ёміста ідэю. А навошта пісаць тое, што бачыш, не “прапускаючы” праз сябе? Навошта гэты “пошлы” натуралізм?..

Парк скульптур?

Затым мы выправіліся да скульптараў.

Шчыра кажучы, з “Вернісажам камянёў” нам не так пашанцавала, як з мастацкім пленэрам. Справа ў тым, што скульптары ў дзень нашай камандзіроўкі толькі паспелі выбраць адпаведныя камяні. Таму мы бачылі не творчы бок, а арганізацыйны — куды прывезці абраны валун, як пакласці яго на зямлю. І яны, яшчэ не адухоўленыя майстрам, чакалі свайго перараджэння. Што здзівіла — некаторыя з валуноў ужо мелі прыгожыя формы. Прырода над імі і так па-майстэрску папрацавала. А скульптары з пяшчотай ставіліся да гэтага прыроднага матэрыялу, акуратна з ім абыходзіліся — наперадзе новае жыццё каменя.

— Сімпозіумы — значыць зносіны, што заўжды натхняе і дае творчы стымул, — пачынае гаворку Валянцін Борзды, які родам з Маладзечна. — Іншы раз хочацца змяніць асяроддзе, папрацаваць на прыродзе, нягледзячы нават на моцны вецер. Сёлета прымаў удзел у ІХ Міжнародным жывапісным і скульптурным фестывалі, які праходзіў пад Пензай. Гэтаю справай займаецца энтузіяст — прыватны інвестар. За дзевяць гадоў там склаўся велізарны парк скульптур. Добра, калі кожная культурная сталіца будзе праводзіць падобнага кшталту скульптурныя пленэры…

Сама музычная тэма ўжо падказвае вобразы, але ў сімпозіумах ёсць доля і імправізацыі. Наш візаві кажа, што камень — “сур’ёзны” матэрыял, які застаўляе крыху падстройвацца пад майстра. Валянціну падабаецца сумяшчаць розныя матэрыялы — дрэва з каменем, камень з металам… Фірменная тэхніка творцы  — дрэва з металам. Ён выкарыстоўвае ссечаныя дрэвы ды іржавае дахавае жалеза — гэтыя матэрыялы нікому не патрэбны і ляжаць у ста метрах ад майстэрні. Такім чынам Валянцін Борзды працягвае іх жыццё.

— Камяні знайшлі ў прыгарадзе Маладзечна. Для мяне было важным знайсці іх менавіта ў гэтым горадзе, а не падрыхтаваць загадзя і прывезці з сабою. Наша зямля даволі багатая на прыродныя матэрыялы…

Пэўныя камяні і акрэсленасць тэмы

Што да скульптара з армянскімі каранямі Спартака Аруцюняна, то яму ўпершыню далі бэйджык удзельніка ад нашай краіны. У майстра ўжо былі загатоўкі па тэме, таму ён шукаў пэўныя камяні. І ён знайшоў іх.

Нам яшчэ давялося пагутарыць з мінскім скульптарам Сяргеем Ярмаловічам, які калісьці прымаў удзел у пленэры ў Наваполацку. У адрозненні ад “Вернісажа камянёў”, у таго пленэру не было адпаведнай тэмы. Ці дрэнна гэта? З аднаго боку, перад майстрам адкрыты, здаецца, усе дзверы. Што хочаш — тое і рабі! Але, з іншага, такі падыход крыху разнявольвае, цяжэй дамагчыся канцэнтрацыі. Сяргей лічыць, у “вольным” плаванні добра працаваць у майстэрні, і не з каменем, а з глінай ды пластылінам.

Вынікі пленэру “Маладзечна АРТ — 2016” можна будзе ўбачыць ужо сёння, а скульптурныя работы парадуюць жыхароў культурнай сталіцы ды яе гасцей у апошнія дні лета.

Мінск — Маладзечна — Мінск / Фота аўтараў

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"
Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст