Конкурсы Года культуры: чалавек, установа, горад, стартап, геній…

№ 33 (1263) 13.08.2016 - 20.08.2016 г

Пра пачатак шэрагу вартых увагі ініцыятыў Года культуры было абвешчана 11 жніўня падчас прэс-канферэнцыі першага намесніка міністра культуры Рэспублікі Беларусь Ірыны Дрыга. Многія з іх былі агучаны ў Рэспубліканскім плане мерапрыемстваў Года культуры. Праводзіцца шэраг падзей упершыню ў гісторыі рэспублікі.

Сярод агучаных праектаў — шэраг конкурсаў, ахоп якіх сягае ад персанальнага ўзроўню да агляду ўстаноў і гарадоў рэспублікі, вядома, з культурным акцэнтам. Вынікі іх плануецца падвесці ў пачатку 2017 года.

“Чалавек Года культуры”

Так, конкурс “Чалавек Года культуры” пакліканы вызначыць лепшых прафесіяналаў у сферы. Арганізатары падзеі — міністэрствы культуры і інфармацыі нашай краіны, абласныя і Мінскі гарадскі выканаўчыя камітэты, Беларуская канфедэрацыя творчых саюзаў ды Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі. Падрабязнасці можна прачытаць у інструкцыі аб парадку правядзення конкурсу, што размешчана на афіцыйным сайце Міністэрства культуры. Тут жа адзначым, што творчае спаборніцтва працягнецца па 10 лютага 2017 года, крайні тэрмін, калі журы падвядзе вынікі (вылучэнне кандыдатур удзельнікаў прапануецца зладзіць з 2 па 15 студзеня 2017 года, а тэрмін падачы заявак у Міністэрства культуры — да 25 студзеня).

Намінацыі конкурсу “Чалавек Года культуры”, пераможцы якога на ўрачыстай цырымоніі атрымаюць спецыяльныя дыпломы і грашовыя прэміі ў памеры 25 базавых велічынь, — “Выяўленчае мастацтва”, “Тэатральнае мастацтва”, “Музычнае мастацтва”, “Харэаграфічнае мастацтва”, “Эстраднае мастацтва”, “Цыркавое мастацтва”, “Кінавідэамастацтва”, “Музейная дзейнасць”, “Бібліятэчная дзейнасць”, “Клубная дзейнасць”, “Народная творчасць”, “Народная дэкаратыўна-прыкладная творчасць”, “Педагагічная дзейнасць з творчай моладдзю”, “Асвятленне пытанняў культуры ў сродках масавай інфармацыі”.

Для кожнай з іх распрацаваныя прафесійныя крытэрыі ацэнкі дзейнасці прэтэндэнтаў (а стаць імі могуць грамадзяне Беларусі — работнікі сферы культуры, педагогі ўстаноў адукацыі ў сферы культуры, супрацоўнікі СМІ (у профільнай намінацыі), члены творчых саюзаў).Так, у намінацыях, cа словам “мастацтва” ў назве, будуць пільна звяртаць увагу на мастацкі ўзровень вынікаў творчай дзейнасці ўдзельніка на працягу перыяду правядзення конкурсу, а таксама на іх публічны паказ цягам года, сацыяльны і эканамічны эфект, грамадскі рэзананс, поспехі на міжнародных спаборніцтвах, водгукі ў прэсе, прафесійныя і маральныя якасці ўдзельнікаў.Намінацыі “Музейная дзейнасць”, “Бібліятэчная дзейнасць”, “Клубная дзейнасць” крытэрыямі запатрабуюць ад канкурсантаў пераканаўча давесці іх прафесійнае майстэрства, дасягненні, наватарства, а таксама правядзенне ў 2016-м новых (і, вядома, значных) акцый, а таксама ўдзел у міжнародных і рэспубліканскіх форумах. Спашукальнікам у катэгорыях “Народная творчасць” і “Народная дэкаратыўна-прыкладная творчасць” давядзецца засведчыць мастацкі ўзровень і грамадскі рэзананс вынікаў дзейнасці ў перыяд правядзення конкурсу, арыгінальнасць выкарыстання нацыянальных мастацкіх традыцый, значнасць рэалізаваных культурных праектаў у кірунку адраджэння, захавання традыцый і развіцця сучасных напрамкаў мастацкай творчасці. Як і ў папярэдніх катэгорыях, не застанецца незаўважаным удзел у 2016 годзе ў міжнародных, рэспубліканскіх конкурсах, фестывалях.

У намінацыі для педагогаў улічаць выкарыстанне эфектыўных форм работы па падтрымцы таленавітай моладзі і ўласна эфектыўнасць работы па падрыхтоўцы пераможцаў міжнародных конкурсаў, алімпіяд, а таксама ўзровень прафесійнага майстэрства і дасягненняў педагагічных работнікаў. Актуальнасць і адпаведнасць вопыту педагагічнай дзейнасці сучасным тэндэнцыям развіцця адукацыі таксама будуць брацца пад увагу. Супрацоўнікі СМІ будуць адзначаны паводле грамадскага прызнання, актуальнасці і папулярнасці публікацый па пытаннях культурнага жыцця краіны, а таксама паўнаты і рознабаковасці асвятлення культурных падзей, майстэрства падачы матэрыялу.

Унёсак у культуру — ад горада

Рэспубліканскі конкурс “Горад культуры ў Год культуры” дасць магчымасць вылучыць населеныя пункты Беларусі, якія зрабілі значны ўнёсак у развіццё сферы, а таксама турызму. Ірына Дрыга зазначыла: “Будуць названы лепшы абласны цэнтр, лепшы горад абласнога падпарадкавання, лепшы горад раённага падпарадкавання, лепшы пасёлак гарадскога тыпу і лепшы аграгарадок”. Упэўненасць у запатрабаванасці конкурсу палягае ў яго ініцыятараў у тым, што менавіта ў рэгіёнах рэалізуецца шмат цікавых праектаў, стае куткоў з арыгінальнымі фестывалямі, адроджанымі народнымі промысламі. Цяпер, па словах Ірыны Уладзіміраўны, час для таго, каб такія дасягненні заўважылі, каб яны сталі аб’ектам увагі турыстаў і саміх беларусаў. Да 31 жніўня аблвыканкамы збіраюць заяўкі для ўдзелу ў конкурсе і накіроўваюць прапановы ў Міністэрства культуры. У кастрычніку журы вызначыць пераможцаў, каб узнагародзіць іх дыпломамі і грашовымі прэміямі. Сярод крытэрыяў, па якіх будуць вызначаць лепшыя гарады — выкананне паказчыкаў развіцця галіны, колькасць і мастацкі ўзровень праведзеных мерапрыемстваў, рэалізацыя наватарскіх праектаў, у першую чаргу накіраваных на прапаганду нацыянальнай культуры і гісторыі, традыцый рэгіёна, узровень развіцця інфраструктуры, дзейнасць па ахове гісторыка-культурнай спадчыны.

Практыка ад органаў улады

Па выніках Года культуры пройдзе рэспубліканскі конкурс на лепшую практыку дзейнасці органаў мясцовай улады па рэалізацыі дзяржаўнай культурнай палітыкі. Заяўкі на ўдзел у гэтай падзеі мясцовыя органы ўлады могуць накіроўваць у аблвыканкамы да 31 снежня. Пасля першага “адсеву” на такім узроўні лепшыя прапановы накіруюць на рэспубліканскі этап у Мінкультуры, дзе вынікі падвядзе спецыяльна створаная з гэтай нагоды камісія. Лепшыя органы мясцовай улады атрымаюць грашовыя прэміі і дыпломы. Сярод крытэрыяў ацэнкі — эфектыўнасць вырашэння пытанняў фінансавання галіны ў рэгіёне, функцыянаванне арганізацый культуры, дзейнасць, якую мясцовыя органы ўлады разгарнулі па ўмацаванні матэрыяльнай базы арганізацый культуры, садзейнічанне мясцовых органаў улады рэалізацыі інавацыйных праектаў у сферы культуры і прыцягненню ў сферу культуры спонсарскіх, пазабюджэтных сродкаў, садзейнічанне ўкараненню інфармацыйных тэхналогій... Вынікі гэтага конкурсу будуць падведзены да 15 лютага 2017 года.

Геніі будуць!

Для развіцця творчай ініцыятывы моладзі адбудзецца рэспубліканскі конкурс “Геній-стартап”. Яго арганізатары міністэрствы культуры і адукацыі Беларусі, абласныя і Мінскі гарадскі выканаўчыя камітэты. Крыху распавяла пра сутнасць новага творчага спаборніцтва Ірына Дрыга падчас прэс-канферэнцыі. Так, “Геній-стартап” вылучыць менавіта наватарскія праекты моладзі, скіраваныя на развіццё і падтрымку беларускай нацыянальнай культуры. Пераможцаў вылучаць паводле арыгінальнасці творчай ідэі, сацыяльнай значнасці, скіраванасці на папулярызацыю беларускай культуры і меркаванага эфекту ад іх рэалізацыі.

Заяўкі на ўдзел накіроўваюцца ў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь з 1 верасня па 1 снежня бягучага года. Адбор прэтэндэнтаў ва ўзросце ад 18 да 31 года ажыццяўляецца праз арганізацыі, дзе яны навучаюцца, працуюць, а таксама творчыя саюзы. Да 15 студзеня журы вызначыць 10 пераможцаў, для якіх прадугледжаны прэміі.

Лепшая пра Беларусь

Развіццю і папулярызацыі лепшых традыцый беларускага музычнага мастацтва будзе садзейнічаць конкурс “Бела-тон”. Міністэрствам культуры сумесна з Саюзам пісьменнікаў Беларусі і Беларускім саюзам кампазітараў гэта творчае спаборніцтва на лепшую сучасную эстрадную песню пра Беларусь абвешчана, па словах Ірыны Дрыга, для папулярызацыі лепшых традыцый беларускага музычнага мастацтва. Выказваюцца спадзяванні, што пасля яго правядзення з’явяцца шлягеры, запатрабаваныя ў тэле- і радыёэфіры.

Такім чынам, на конкурс чакаюць патрыятычныя песні працягласцю ад 2,5 да 4 хвілін для сольнага і калектыўнага выканання на беларускай і рускай мовах. Заяўкі ад аўтараў будуць прымаць з 1 верасня па 1 лістапада бягучага года ў Маладзёжным тэатры эстрады. Уладальнікаў трох першых месцаў (і аўтараў музыкі, і аўтараў слоў) на пачатку 2017 года назаве прафесійнае журы, іх адзначаць дыпломамі і грашовымі прэміямі.

І Нацыянальная

Налета ўпершыню будзе ўручаная даўно анансаваная Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва. Заяўкі на ўдзел у конкурсе можна падаць з 1 кастрычніка па 15 лістапада 2016 года на адрас дырэкцыі конкурсу: 220040, г. Мінск, вуліца Някрасава, 3. Паспаборнічаць за атрыманне прэміі змогуць аўтары твораў выяўленчага мастацтва ў любых відах, жанрах і мастацкіх тэхніках і аўтары твораў літаратуры аб выяўленчым мастацтве, створаных за тры гады, што папярэднічаюць тэрміну заканчэння прыёму заявак. Кола патэнцыйных удзельнікаў — грамадзяне Рэспублікі Беларусь, а таксама замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі краіны, маюць прафесійную адукацыю ў галінах выяўленчага мастацтва, дызайну, мастацтвазнаўства або не маюць такой, але з’яўляюцца членамі творчых саюзаў; аўтарскія калектывы. Пры гэтым адзін аўтар можа ўдзельнічаць у конкурсе толькі з адным творам і толькі ў адной намінацыі. Дарэчы, іх — дзесяць: “Навацыя”, “Творчы дэбют” (аўтары, якія не дасягнулі 31 года на дзень падачы заяўкі), “Мастацкая фатаграфія”, “Дызайн”, “Жывапіс”, “Графіка”, “Скульптура”, “Манументальнае і манументальна-дэкаратыўнае мастацтва”, “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” , “Мастацтвазнаўства і крытыка”.

Адборачная камісія ў перыяд з 20 лістапада па 31 снежня вызначыць па 10 работ у кожнай намінацыі для ўдзелу ў Рэспубліканскай выставе сучаснага выяўленчага мастацтва. Ацэньваць творы мастацтва і тэматычнай літаратуры будуць за наватарства, мастацкую каштоўнасць, індывідуальнасць, актуальнасць тэмы, развіццё мастацкіх традыцый. А пераможцаў конкурсу (па адным або некалькі ў кожнай намінацыі) назавуць па выніках адкрытага прагляду і ацэнкі твораў на рэспубліканскай выставе, што чакаецца з 18 красавіка па 21 мая 2017 года. Ім уручаць дыпломы лаўрэатаў і спецыяльныя прызы, а таксама грашовыя прэміі ў памеры 100 базавых велічынь у кожнай намінацыі.

Разам з тым, асобныя творчыя работнікі, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё сучаснага выяўленчага мастацтва Беларусі, і юрыдычныя або фізічныя асобы, у тым ліку індывідуальныя прадпрымальнікі, што прадастаўляюць спонсарскую дапамогу ці робяць ахвяраванні на развіццё выяўленчага мастацтва, могуць быць узнагароджаны дыпломамі “За ўклад у развіццё выяўленчага мастацтва”, “Мецэнат выяўленчага мастацтва” і спецыяльнымі прызамі.

Чакаюць ініцыятыў

Таксама, нагадаем, да 1 верасня з мэтай падтрымкі грамадскай ініцыятывы і наладжвання сумеснай працы дзяражаўных органаў, арганізацый культуры розных формаў уласнасці і грамадзян па вырашэнні надзённых пытанняў культурнага жыцця Беларусі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ініцыіруе збор прапаноў для фарміравання праекта “Культурныя ініцыятывы для Беларусі” для яго рэалізацыі ў 2017-м і наступных гадах. “Спадзяёмся, што з дапамогай такой народнай ініцыятывы мы зможам выявіць праблемныя зоны ў развіцці сферы культуры і рэалізаваць шэраг цікавых праектаў, якія могуць быць значнымі для культуры Беларусі”, — зазначыла на сустрэчы з прэсай Ірына Дрыга.

Нагадаем тое, пра што “К” пісала ў мінулым нумары. Ініцыятарамі прапаноў могуць выступаць дзяржаўныя органы, арганізацыі культуры розных формаў уласнасці, у тым ліку грамадскія аб’яднанні, і грамадзяне Рэспублікі Беларусь, а таксама замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Прапановы павінны закранаць пытанні развіцця беларускай культуры ў Рэспубліцы Беларусь ці інтэграцыі беларускай культуры ў сусветную культурную прастору і могуць уключаць у сябе фармулёўку праблемы, якая перашкаджае развіццю культуры на сучасным этапе, і накірункі яе вырашэння шляхам прыняцця адпаведных юрыдычных, эканамічных ці арганізацыйных мер з боку дзяржавы, або новага культурнага праекта, які вызначаецца надзённасцю, арыгінальнасцю, мае сацыяльны і (ці) эканамічны эфект, і шляхоў яго рэалізацыі. Пры адборы прапаноў перавага будзе аддавацца тым, рэалізацыя якіх абапіраецца на шматканальнае ці пазабюджэтнае фінансаванне.

Вынікі адбору будуць абвешчаны на афіцыйным сайце Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (www.kultura.gov.by). Прапановы для фарміравання праекта “Культурныя ініцыятывы для Беларусі” просяць дасылаць да 1 верасня 2016 года ў Міністэрства культуры (па пошце на адрас 220004, Мінск, праспект Пераможцаў, 11, або на электронны адрас: ministerstvo@kultura.by з паметкай “Культурныя ініцыятывы для Беларусі”) або ва ўстанову адукацыі “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў” (па пошце на адрас: 220007, Мінск, вуліца Рабкораўская, 17, або на электронны адрас buk@buk.by з пазнакай “Культурныя ініцыятывы для Беларусі”) па наступнай форме: назва культурнай ініцыятывы; праблема, на вырашэнне якой накіравана ініцыятыва; аўтар і (ці) выканаўца праекта; меры па рэалізацыі праекта; тэрмін рэалізацыі; аб’ёмы і крыніцы фінансавання; вынік рэалізацыі, чаканы сацыяльны і (ці) эканамічны эфект.

Музеі адзначаць

Таксама неўзабаве ў Беларусі выберуць лепшыя музеі. Вынікі конкурсу прафесійнага майстэрства абвесцяць у дні III Нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі” ў Магілёве, які пройдзе з 30 верасня па 2 кастрычніка. Нагадаем, лепшых назавуць па пяці намінацыях (а імі могуць стаць музеі і галерэі Беларусі): “За лепшае прадстаўленне музея на экспазіцыі форуму”; “За навацыі ў музейнай дзейнасці”; “За лепшы музейны праект”; “За лепшую культурна-адукацыйную праграму”; “За лепшае музейнае выданне”. Час для падачы заявак яшчэ застаўся: да 1 верасня ад патэнцыйных удзельнікаў іх прымае Міністэрства культуры краіны. Вядома, заяўка аздабляецца конкурснымі матэрыяламі. Гэта канцэпцыі, творчыя праекты, праграмы, відэа- і фотаматэрыялы, навуковыя публікацыі, рэцэнзіі, водгукі і іншыя звесткі, неабходныя для прэзентацыі ў намінацыі. Перыяд, што ахоплівае конкурс, — вынікі дзейнасці ўдзельнікаў з 1 верасня 2014 па 1 верасня 2016 гадоў. Асноўныя крытэрыі пры вызначэнні пераможцаў — высокі прафесійны ўзровень, арыгінальнасць ідэй, інавацыйных падыходаў, папулярызацыя музейных прадметаў. Пераможцаў, апроч дыпломаў трох ступеняў, узнагародзяць і грашовымі прэміямі ў 50, 40 і 30 базавых велічынь адпаведна.

Яшчэ пра кіно

У мінулым нумары “К” публікавала інфармацыю да ўдзелу ў адкрытым конкурсе ў выглядзе працэдуры дзяржаўнай закупкі па вытворчасці ігравых, неігравых і анімацыйных фільмаў. Падчас прэс-канферэнцыі тэму працягнула Ірына Дрыга. Яна нагадала, што прапановы на адкрыты конкурс прымаюцца да 1 верасня, і адбор заявак, што, дарэчы, упершыню праводзіцца ў адпаведнасці з заканадаўствам аб дзяржаўных закупках, ужо ідзе. За права атрымаць падтрымку з бюджэту могуць спаборнічаць кампаніі розных форм уласнасці і прадзюсары. Па словах першага намесніка міністра культуры, спектр тэм па фільмах у ігравой (4 стужкі), неігравой (12) форме і анімацыйных (10) работах тычыцца як сучаснасці, так і гістарычных старонак Беларусі: прырода нашай краіны, вядомыя асобы і іншыя. Падрабязная інфармацыя пра конкурсныя ўмовы, а таксама пра тое, якім чынам павінна падавацца заяўка і што яна мае ў сабе ўтрымліваць, змешчана на сайце Міністэрства культуры. Прапановы, як ужо “К” паведамляла раней, будуць разглядацца да 1 кастрычніка бягучага года.

Па падрабязнасці правядзення і ўдзелу ў конкурсах можна звярнуцца на афіцыйны сайт Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (www.kultura.gov.by).

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах