“Арт Базэль”: дух часу — відэаарт

№ 32 (1262) 06.08.2016 - 12.08.2016 г

Ці “свеціць” беларускім галерэям прыняць удзел у мастацкім кірмашы?
Адбыўся доўгачаканы арт-кірмаш “Арт Базэль”, які праходзіць штогод, пачынаючы з 1970-га ў Базэлі. І сёлета тут былі прадстаўлены галерэі з 33 краін свету. Карэспандэнт “К” даведаўся, хто з беларусаў наведаў падзею, і задаў гэтым асобам некалькі пытанняў.

Ці не расчараваліся ў сёлетнім напаўненні арт-кірмашу? Што ў ім здзівіла?

С.Г.: — Чаму я павінен расчаравацца? Збольшага ўсё спадабалася. Я ўжо некалькі разоў быў на “Арт Базэлі”. Асноўны традыцыйны павільён выглядаў як заўсёды густоўна — прадстаўлены лепшыя галерэі свету з зоркамі мастацтва. Але тры гады таму ён быў крыху іншым. “Пакліканне” “Unlimited”, на мой погляд, паказваць “радыкальныя” праекты. А сёлета такіх твораў аказалася менш, і нават сёе-тое можна павесіць на сцяну, што рэдка здараецца. Здзівіла, што ў сераду па запрашэннях людзей было больш, чым у пятніцу. Думаў, атрымаецца наадварот.

В.К.: — Я не расчаравалася. На дадзеным этапе гледачу з Беларусі большага чакаць нельга — там такі аб’ём і такая якасць, прычым ва ўсім, пачынаючы ад твораў і заканчваючы іх падачай. У нас падобных праектаў ніколі не было, і думаю, не надта хутка яны з’явяцца. “Арт Базэль” займае экспазіцыйную плошчу каля 10 гектараў. Канешне, ёсць творы, якія менш падабаюцца, некаторыя з іх нават спецыялісты адзначаюць у меншай ступені. Так, паралельна ў гэтым жа горадзе праходзяць і іншыя актыўнасці, якія прадстаўляюць крыху іншы фармат мастацтва. Напрыклад, кірмаш Скоўпа мае некалькі спрошчаны від і больш даступны масаваму гледачу. Тут дастаткова маладыя галерэі, якія не ўваходзяць у “топавы” сегмент. Альбо кірмаш Лістэ, які таксама прадстаўляе маладое мастацтва. Неспрактыкаванаму воку цяжка ўспрымаць той кантэнт, які яны прапаноўваюць. Але мы мусім прызвычаіцца да таго, што больш за 100 гадоў тэхніка не мае значэння, — усё вырашае талент.

А.З.: — На гэтым “Арт Базэлі” было прадстаўлена і афрыканскае мастацтва, крыху лацінаамерыканскага. Паколькі кірмаш — міжнародны, то ён не мае нацыянальнага аблічча. Але калі праходзіць падобная падзея яшчэ і ў Маямі або ў Ганконгу, яна мае лакальную “афарбоўку”. Лічыцца, прынамсі, што тыя куратары, якія ўдзельнічаюць у трох рэгіёнах, не даюць адных і тых жа мастакоў для розных аўдыторый. Была я ўражана тым, наколькі маштабна быў прадстаўлены відэаарт. У нас гэты асобны від мастацтва не зусім развіты. Так, Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў іншы раз робіць праекты. Нядаўна яшчэ і на адной персанальнай выставе ў Палацы мастацтва бачыла інсталяцыю з відэа.

/i/content/pi/cult/598/13303/14-1.jpg

Якія тэндэнцыі прасочваліся сёлета?

С.Г.: — Усё — як заўсёды. Магчыма, сапраўды, больш відэаарта. У боксы, дзе ён дэманстраваўся, чарга была такая вялізная, што і не хацелася стаяць у ёй. За тыдзень немагчыма там усё абысці!

В.К.: — Асаблівую ўвагу надала сектару “Unlimited” з аб’ектамі буйнога фармату. Запомніўся “Дом калекцыянера” бельгійскага скульптара Ханса Оп дэ Бэка, а таксама чамаданы, падвешаныя да столі, японскай мастачкі Ціхару Сіотай, якія займаюць каласальную прастору і не могуць не застацца незаўважанымі. Мастакі з Мексікі і Польшчы — Рафаэль Лацана-Хэмер і Кшыштаф Вадзічка, прадставілі інтэрактыўны праект, які ўяўляе з сябе памяшканне з усталяванымі відэакамерамі. Наведвальнікі такім чынам пастаянна знаходзяцца “пад назіраннем”. На маю думку, гэта — актуальны праект пра сучасны свет.

А.З.: — Новы ўзровень мастацтва, вялікая колькасць аўтарскіх тэхнік. Што заўважыла: людзі спыняюцца каля цікавых, якасных работ. Самы шыкоўны твор, на мой погляд, — калаж з насякомымі “Апошняе каралеўства” Дэм’ена Хёрста, прадстаўлены легендарнай галерэяй. Кітайскі мастак і архітэктар Ай Вэйвэй удала з'яднаў мастацтва і філасофію ў арт-аб'екце "Белы Дом", зрабіўшы яго адначасова вечным і актуальным.

Як вы лічыце, ці ёсць шансы ў беларускіх галерэй прыняць удзел у “Арт Базэлі”?

С.Г.: — Калі быць рэалістам, то ў бліжэйшай будучыні — не. Для гэтага патрэбны, па-першае, годны праект, а па-другое, — добры фінансавы складнік. Магчыма, калі-небудзь і з’явіцца праект або галерэя, якая “раскручвае” зорак мастацтва. Так, апошнія пяць гадоў расійскія галерэі не прадстаўлены, толькі расійскія мастакі — Ілья Кабакоў і Павел Паперштэйн, якімі займаюцца замежныя галерэі. Што да фінансавага складніку, то павільёны каштуюць дорага. Галерэя Гагасян, напрыклад, можа сабе дазволіць і 3 — 4 боксы. У нас няма такога мастака, каб адной прададзенай карцінай акупіць кошт бокса. Няма і мецэнатаў сур’ёзных.

В.К.: — На Лістэ трапляюць 80 галерэй з усяго свету, і гэта галерэі, якія займаюцца сваім развіццём, паспяховыя ў камерцыйным плане, і пры гэтым прадстаўляюць яны актуальнае мастацтва, працуюць у міжнародным фармаце. У іх ёсць мастакі, якіх яны актыўна “прасоўваюць” не толькі на сваёй пляцоўцы. А пра “Арт Базэль” і марыць сёння нікому не даводзіцца. Арэнда маленькага галерэйнага стэнда каштуе каля 30 — 40 тысяч еўра. Якая мінская галерэя можа сабе гэта дазволіць?.. Хочацца спадзявацца, што ў будучыні мы зможам убачыць сваіх удзельнікаў, але ў тым выпадку, калі будзем займаць актыўную пазіцыю ў гэтым кірунку. Добра, калі, напрыклад, праз два гады якая-небудзь з беларускіх галерэй сапраўды прыме ўдзел у адным з базэльскіх шоу. Трэба спрабаваць разумець, чаго яны хочуць, а гэта можна ўсвядоміць метадам “спроб і памылак”, бо адзінай канцэпцыі таго, як патрапіць на сусветны арт-рынак, няма. Тут і адпаведная доля поспеху павінна быць.

А.З.: — У нас ёсць шансы ўдзельнічаць, бо сектар Лістэ — для маладых галерэй. Ён прадстаўляе канцэптуальнае мастацтва, дае шансы пляцоўкам і мастакам. Для нас гэта не закрыты шлях. Я б нават сказала — адзіны. Іншае пытанне, наколькі мы адпавядаем міжнароднаму фармату. На мой погляд, ні адна беларуская галерэя сёння не дацягвае да таго ўзроўню, каб удзельнічаць у Лістэ. Галерэя павінна мець канцэпцыю і асаблівую падачу твораў. Як мне падаецца, практычна ўсе галерэі ў нас выглядаюць як мастацкі салон, няма галерэй, скажам, у еўрапейскім і міжнародным разуменні, што звязана з недахопам прафесіяналаў — галерыстаў і куратараў.

Наша задача, па-першае, быць падрыхтаванымі да ўспрымання тых тэндэнцый, якія існуюць у свеце. Па-другое, патрэбен прафесіяналізм у падачы работ. Так, у 2015 годзе ўпершыню былі прадстаўлены галерэі з Філіпін і Сінгапура. Яны ўвайшлі ў гэтую міжнародную арт-прастору, і ўсё добра склалася…

На якіх аўтараў замежныя галерэі робяць стаўку? Хто з беларускіх творцаў, на ваш погляд, можа патэнцыйна прыняць удзел у падобнай экспазіцыі?

С.Г.: — Замежныя галерэі робяць стаўку, у першую чаргу, на правераных аўтараў: зоркі сучаснага мастацтва і класікі мадэрнізму. Не апошні складнік тут і патрыятычны фактар — пры любой магчымасці аддаюць перавагу “сваім”. З гэтай самай прычыны я не бачу магчымасці ўдзелу нашых мастакоў у імпрэзе. Па-першае, абмежаваныя фінансавыя магчымасці нашых галерэй, па-другое, — адсутнасць мастакоў, вядомых у свеце. Былі, праўда, прыклады ўдзелу нашых аўтараў у паралельных праграмах “Арт Базэлю”.

В.К.: — Варта разумець, што той жа “Арт Базэль” падзяляецца на некалькі сегментаў, таму атрымаць пэўны вынік няпроста. Яны вышукваюць мастакоў, якіх забылі ў апошнія 30 гадоў, вышукваюць мастацтва з 1970-х і яго паспяхова дэманструюць, і пэўная цікавасць ёсць з боку куратараў, музейных супрацоўнікаў і калекцыянераў. Палову першага паверха займаюць нямецкія экспрэсіяністы, Парыжская школа. Таксама моладзь заўсёды прыцягвае ўвагу галерыстаў і ўдзельнікаў арт-кірмашу. Якое гэта мастацтва? Актуальнае, якое ставіць перад сабою сацыяльныя пытанні… Не магу зрабіць адназначны вынік, на які кантынгент рабіць стаўку: у 240 галерэй ёсць свае фаварыты. Напрыклад, прымала ўдзел амаль 70-гадовая мастачка, якая ў 1970-х была забытая, але застаўся вялізны архіў яе работ, і адна з галерэй прадстаўляла яе творчасць на кірмашы. І зараз творчасцю гэтай мастачкі зацікавіліся музейшчыкі і галерэйшчыкі. Што да беларусаў, то трэба падумаць. Складанае пытанне.

А.З.: — Так, мастак з Гродна Яўген Рамашоў, які зараз жыве і працуе ў Парыжы, вельмі перспектыўны ў гэтых адносінах. Яшчэ адзін таленавіты творца з Гродна — Эміль Зянько. Ён робіць актуальныя работы такога кшталту, якія бачыла ў “Арт Базэлі”.

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст