Палеская хроніка: ХХІ век

№ 17 (835) 26.04.2008 - 02.05.2008 г

На Гомельшчыне ў дзень 22-х угодкаў катастрофы на ЧАЭС, па традыцыі, прайшлі мітынгі-рэквіемы.

Чарнобыльская бяда аб’яднала беларускі народ.

Талакою наладжвае ён свой дабрабыт, дбае не толькі пра развіццё вытворчасці, але і духоўнай культуры. Шэраг мерапрыемстваў з нагоды сумнай для Беларусі даты ўжо адбыліся, як паведамляе начальнік упраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Прусаў, і яшчэ адбудуцца ва ўсіх раёнах вобласці, у тым ліку і ў пацярпелых ад радыяцыйнай навалы — Брагінскім, Веткаўскім, Кармянскім, Нараўлянскім, Хойніцкім, Чачэрскім...

На радзіме народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа, у вёсцы Глінішчы Хойніцкага раёна, 26 красавіка адкрываецца мемарыяльны знак, прысвечаны 22-ой гадавіне чарнобыльскай бяды. Як расказвае “К” начальнік аддзела культуры Хойніцкага райвыканкама Валянцін Баранаў, месца для мерапрыемстваў такога маштабу абрана невыпадкова. Вёска ў 2006 годзе змяніла сацыяльны статус — стала аграгарадком. Апрача гандлёвага цэнтра, лазні, базавай школы-садка, з’явіўся тут сучасны сельскі Дом культуры з клубам і бібліятэкай, абсталяванымі па апошнім слове тэхнікі. На капітальны рамонт установы культуры выдаткавана каля 200 мільёнаў рублёў. Якасна абноўлена і экспазіцыя Дома-музея аўтара неўміручай “Палескай хронікі”. З абласнога бюджэту на дызайнерскае афармленне музейнай установы і добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі выкарыстана больш за 50 мільёнаў рублёў. Словам, палешукі даўно жывуць не на балоце.

Чарнобыльскія мерапрыемствы суправаджае духавая музыка ўзорнага ансамбля пагранвойскаў.

Андрэй СТАРЖЫНСКІ