Самародак зямлі Палескай

№ 2 (768) 13.01.2007 - 19.01.2007 г

На старажытнай Пінскай зямлі працуюць цудоўныя, творчыя людзі, якія на працягу многіх гадоў перадаюць сваё майстэрства вучням — удзельнікам мастацкіх калектываў. Адзін з прыкладаў гэтага — работа Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь “Палескія зоры” Пінскага ГДК і яго кіраўніка Міхаіла Васільевіча Цурканава.

/i/content/pi/cult/109/133/st16_1.jpg…У 1961 годзе таленавіты вясковы хлопец з Сухадолу, што на Камянеччы не Брэсцкай вобласці, быў прыняты на курсы пры харэаграфічным вучылішчы ў Мінску. Вярнуўшыся ў родную вёску, працаваў у сельскім Доме культуры. Праз нейкі час быў запрошаны на адборачны тур па прыёме ў народны ансамбль танца “Радасць” Брэсцкага гарадскога Дома культуры. На працягу дзесяці гадоў Міхаіл Цурканаў быў танцорам у “Радасці”. Але ж яго талент прагнуў больш шырокага самавыяўлення. І Міхаіл Васільевіч стварае свой ансамбль песні і танца — “Брэстаўчанка” пры клубе завода радыёдэталей.

А ў 1973 годзе па рэкамендацыі ўпраўлення культуры едзе ў Маскву на арганізаваныя Міністэрствам культуры СССР гадавыя курсы харэографаў. У той жа час у Пінску працуе маладзёжны ансамбль танца “Палессе”. А ансамбля песні і танца ў горадзе тады яшчэ не было. І кіраўніцтва Пінскага будаўнічага трэста №2 запрашае Міхаіла Цурканава на сваё прадпрыемства з мэтай стварэння такога мастацкага калектыву. Міхаіл Васільевіч згаджаецца і пераязджае ў Пінск, згуртоўвае вакол сябе моладзь будтрэста, навучальных устаноў горада. “Палескія зоры”, якія тады ўзнікаюць, маюць тры вялікія жанравыя напрамкі — песенны, танцавальны і музычны.

Гэта як бы тры калектывы ў адным. І для такой вялікай працы ў Цуркавана знаходзяцца таленавітыя аднадумцы — хормайстар Павел Рубец і інструменталіст Іосіф Бібік. Усе разам яны выязджаюць для збору фальклорнага матэрыялу не толькі ў Пінскі раён, але і ў суседнія Лунінецкі, Драгічынскі. У рэпертуары “Палескіх зор” з’яўляюцца цудоўныя песні і танцы паводле мясцовага традыцыйнага мастацтва “Ой ты, сонца яснае”, “Горкі, буйны вецер вее”, “Ой, да ішлі хлопцы з кірмашу”, “Прыпеўкі палешукоў”, “Прымакі”, “Варацэвіцкая кадрыля” і інш. За кароткі перыяд ансамбль заваўвае папулярнасць не толькі ў горадзе, раёне, а і ў вобласці.

Гарадскі калектыў актыўна выступае з канцэртамі ў гаспадарках Піншчыны. Ідзе напружаная праца па павышэнні выканальніцкага майстэрства “Палескіх зор”. У рэпертуары ансамбля з’яўляюцца такія шыкоўныя творы, як “Спявай, маё Палессе”, “Палескі карагод”, “Купальская ноч”, “Журавель”, “Таўкачыкі” і інш., што заўсёды прыемна здзіўлялі гледача і спецыялістаў на фестывалях-конкурсах, канцэртах. У 1977 годзе калектыў атрымаў найменне “народны” і стаў лаўрэатам Першага Усесаюзнага фестывалю народнай творчасці. У гэты час у ансамблі было больш за 60 удзельнікаў. Ішоў час, склад самадзейных артыстаў і паплечнікі Міхаіла Цурканава па розных прычынах мяняліся.

Балетмайстар “Палескіх зор” заставаўся нязменным. Ён ужо пісаў для канцэртных праграм вершы, музыку, разам з самадзейнымі артыстамі складаў кампазіцыі танцаў, шліфуючы кожны рух і танцавальны малюнак. “Самародак зямлі палескай” — менавіта так называюць калегі і паклоннікі Міхаіла Васільевіча. Такія яго аўтарскія мастацкія творы, як “Беларусь мая пяе”, “Беларусь азёрная”, увайшлі ў рэпертуар.

Людміла БЯРНЕЙ,
харэограф, рэжысёр
Брэсцкага абласнога
грамадска-культурнага цэнтра