Вабноты тур-“пірага”

№ 32 (1262) 06.08.2016 - 12.08.2016 г

Днямі Нацыянальны статыстычны камітэт апублікаваў статыстычны зборнік “Турызм і турыстычныя рэсурсы ў Рэспубліцы Беларусь”. Многія факты, прыведзеныя ў публікацыі, так ці іначай датычаць і сферы культуры.

Не сакрэт, што многія ўладальнікі аграэкасядзіб са сферай культуры “сябруюць” здаўна і на сталай аснове. Скажам, на Браслаўшчыне ўладальнік двух падобных сядзіб Юрый Жэрко дапамагае мясцовым музейшчыкам у правядзенні розных мерапрыемстваў. А ў Клецкім раёне Міншчыны значную фінансавую падтрымку раённаму фестывалю дзіцячай творчасці “Крупскія зорачкі” стала аказвае мясцовы прадпрымальнік і ўладальнік сядзібы Васіль Баравуля…

Дык вось, як вынікае са статыстычных даных, супрацоўніцтва з уладальнікамі аграэкасядзіб мае перспектывы для культработнікаў. Лічыце самі: калі ў 2010 годзе ў Беларусі налічвалася 1247 суб’ектаў аграэкатурызму, дык летась — ужо 2263, а пабывала ў іх за 2015 год амаль 300 тысяч чалавек. У 2010 ахвотных пабавіць час на прыродзе было каля 120 тысяч. Так што навідавоку тэндэнцыя павелічэння колькасці турыстаў — а значыць, і патэнцыйных спажыўцоў культурных паслуг ад супрацоўнікаў сельскіх дамоў культуры ды рамёстваў.

Да слова, шэсць гадоў таму заезджыя турысты (збольшага беларусы) пакінулі гаспадарам аграэкасядзіб роўна 10 мільярдаў недэнамінаваных рублёў. Летась — ужо каля 120 мільярдаў (таксама ў старых цэнах). Мяркую, ніхто не адмовіўся б займець частку з гэтага грашовага турыстычнага “пірага” і ў сферы культуры, тым больш, магчымасці ў супрацоўнікаў сферы для гэтага на сёння даўно вядомыя. Скажам, можна ладзіць для турыстаў фальклорныя танцы і спевы, арганізоўваць мерапрыемствы накшталт даўніх “вячорак” ці майстар-класы рамеснікаў з дома рамёстваў, прапаноўваць сувенірную прадукцыю або праводзіць экскурсіі з наведваннем навакольных мясцін, як, напрыклад, ужо не першы год робяць у культурна-турыстычным цэнтры ў Івесі на Глыбоччыне.

Як адзначыла “К” старшыня праўлення Беларускага грамадскага аб’яднання “Адпачынак у вёсцы” Валерыя Кліцунова, для культработнікаў і ўладальнікаў аграэкасядзіб сёння створаны ўмовы для супрацоўніцтва:

— Як вядома, многія ўладальнікі аграэкасядзіб ужо стала працуюць з мясцовымі супрацоўнікамі сферы культуры. Напрыклад, аўтэнтычны народны калектыў, створаны пры Відамлянскім СДК Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці, не толькі выступае перад турыстамі ў аграэкасядзібе “Млынок”, але і навучае гасцей старадаўнім танцам.

Практыка сведчыць: для далейшага поспеху сярод турыстаў трэба ісці менавіта гэтым шляхам. Гэта значыць, варта адмаўляцца ад сцэнічных варыянтаў выступленняў і рабіць акцэнт, у першую чаргу, на інтэрактыўныя праграмы ды майстар-класы, каб той жа турыст павучыўся спяваць, выканаўшы куплет адной з песень, каб ён не толькі змог паглядзець, як працуе майстар, а і сваімі рукамі зляпіў бы збаночак ці гліняную свісцёлку...

Па вялікім рахунку, усё выглядае досыць проста. Але ў гэтай “простасці”, як на мой погляд, асабліва важна шукаць падыходы да кожнага бізнесмена. Сёння не ўсе з іх змогуць ці захочуць аказваць дапамогу дому культуры або рамёстваў нават на ўзаемакарыснай аснове — час, на жаль, крызісны. Значыць, культработнікам трэба зацікаўліваць сваімі праектамі прадпрымальнікаў, паказваць таму ж бізнесмену ці ўладальніку аграэкасядзібы, на што здатны фальклорны калектыў, канкрэтны майстар, як пройдзе запланаваная культурная праграма і гэтак далей. А гэта значыць, што сёння трэба быць не толькі класным дырэктарам СДК ці майстрам “на ўсе рукі”, але яшчэ і піяр-менеджарам, і маркетолагам, пра што “К” пісала і яшчэ будзе казаць, мабыць, неаднойчы…

І апошняе. Паводле таго ж статыстычнага зборніка выдаткі хатніх гаспадарак на санаторна-аздараўленчыя, турыстычныя, экскурсійныя і культурныя паслугі ў беларусаў з года ў год толькі павялічваюцца. Напрыклад, калі на паслугі ўстаноў культуры ў 2010 годзе з сямейнага бюджэту выдаткоўвалася прыкладна 36 тысяч недэнамінаваных рублёў, дык у 2015 — ужо больш за 210 тысяч. На турыстычныя і экскурсійныя, адпаведна — 65 і 345 тысяч “старых” рублёў.

Як бачна, і тут прасочваецца яўны трэнд да павелічэння грашовых выдаткаў. Безумоўна, супрацоўнікам сферы культуры Беларусі варта мець гэта на ўвазе пры планаванні сваёй дзейнасці, прычым, не толькі сёлета, але і на перспектыву, асабліва калі праца з турыстычнымі кампаніямі ды індывідуальнымі прадпрымальнікамі толькі пачынаецца.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"