Адзін, без гурта, ці адразу ў трыа?

№ 32 (1262) 06.08.2016 - 12.08.2016 г

Дырэктар і мастацкі кіраўнік Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры” Вячаслаў Шарапаў не працягнуў свой кантракт з ім. Скандальнай падаплёкі ў гэтай падзеі няма, бо музыкант ужо даўно вырашыў для сябе, што сваю місію — па захаванні творчага здабытку вялікага калектыву і ўзбагачэнні яго новымі ідэямі — ён выканаў напоўніцу. І вось цяпер надышоў час даць дарогу маладым.

/i/content/pi/cult/598/13292/2-1.jpgАсноўныя задачы, якія ставіў перад сабой Вячаслаў Вячаслававіч, складаліся ў наступным. Па-першае, вярнуць на радзіму таварны знак “Песняроў”: на працягу 6 гадоў вялася барацьба з шматлікімі клонамі ансамбля, якая скончылася, збольшага, перамогай. (Тыя, хто сумняваецца ў такім зыходзе, павінны прызнаць, што, прынамсі, амаль усім “прадаўжальнікам справы Уладзіміра Мулявіна” канцэртны шлях у Беларусь практычна закрыты.) Па-другое, забяспечыць публіку “песняроўскім” матэрыялам — мінулым і сённяшнім, які гучаў бы з экранаў тэлевізараў, па радыё ды падчас “жывых” выступленняў — у выкананні менавіта спадчынніка стварэння Мулявіна — БДА “Песняры”. І, па-трэцяе: стварыць працаздольную ды таленавітую каманду, якая, з аднаго боку, не дала б памерці творам геніяльнага калектыву, а, з іншага, новымі кампазіцыямі прымножыла яго славу. Можна шмат, доўга ды нудна спрачацца пра якасць апошніх, параўноўваючы іх з “залатымі” хітамі “залатых” “Песняроў”, але і ад факту, што Шарапаў захаваў на плыву брэнд флагмана беларускай эстрады, не адмахнуцца.

Пра тое, у якім ён сёння знаходзіцца стане, меркаванні, зноў-такі, розныя. Былы мастацкі кіраўнік мяркуе, што, утрымаўшы ўвагу сталай аўдыторыі гледачоў, цяперашнi склад чакае “барацьба” за публіку маладую. “Патроны ды стрэльбы” ёсць: удзельнікі калектыву, на думку экс-дырэктара, упэўнена сябе адчуваюць у сучасным песенным свеце, спакойна разбіраючыся ў новых стылях ды кірунках, выкарыстоўваючы інавацыі ў творчасці БДА. Але пры гэтым, лічыць Вячаслаў, свежыя песні ансамбля павінны несці ў сабе тое, чым былі поўныя правераныя часам кампазіцыі — славянскі дух, сардэчнасць, душэўнасць, дабрыню, каханне ў яго высокім сэнсе.

Сыходзячы з “Песняроў”, Вячаслаў Вячаслававіч рэкамендаваў на месца дырэктара i мастацкага кіраўніка цяперашняга музычнага кіраўніка ансамбля Рамана Козырава. Але зусім пакідаць вялікую музыку цяпер радыёвядучы Шарапаў не збіраецца. Ён не толькі будзе рады даць карысны савет сваім былым музыкантам, калі тыя да яго звернуцца, але і задумаў зусім сенсацыйнае: праект, у якім разам з ім будуць задзейнічаны Леанід Барткевіч ды Анатоль Кашапараў — зоркі айчыннай эстрады, птушаняты гнязда Мулявіна, абодва — заслужаныя артысты краіны. Пакуль канкрэтная дзейнасць будучага трыа толькі абмяркоўваецца. Шарапаў абяцае, што будуць і канцэрты, і аўдыя- і відэазапісы. Упор плануецца рабіць на новы рэпертуар. Але і ад “песняроўскіх” “нятленак” артысты не адмовяцца. Набярэмся цярпення ў чаканні дэбюту старога новага, або новага старога?..

Фота СяргеЯ ТРАФІЛАВА, Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"