Калі віруе праца — ёсць месца для сенсацый

№ 17 (835) 26.04.2008 - 02.05.2008 г

Для супрацоўнікаў устаноў культуры Рэспубліканскі суботнік распачаўся 14 красавіка на аб’екце дзяржаўнай важнасці — у будынку Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, дзе цяпер вядуцца рэстаўрацыя і рэканструкцыя.

 

Пад час Рэспубліканскага суботніка на тэрыторыі Опернага тэатра.

Першымі прынялі ўдзел у шырокамаштабнай акцыі, якая прадоўжыцца да 14 мая, супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, Дзяржаўнага музея прыроды і экалогіі Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры”, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.

Непасрэдна ў дзень рэспубліканскага суботніка, 19 красавіка, на знакамітым аб’екце ў цэнтры сталіцы працавалі супрацоўнікі апарата Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у складзе 80 чалавек. Як адзначыў намеснік міністра культуры Уладзімір Грыдзюшка, яны былі задзейнічаны як на падсобных, так і на прафесійных работах: адбівалі старую тынкоўку, падавалі цэглу, выносілі будаўнічае смецце. Да ўсяго, калектыў Міністэрства культуры сабраў каля 2,5 мільёна рублёў і пералічыў у фонд суботніка. На аб’екце таксама працавалі прадстаўнікі апарата адміністрацыі Цэнтральнага раёна, супрацоўнікі прадпрыемстваў горада.

— Дэвіз нашай працы на суботніку: галоўнае удзел! — адзначае У.Грыдзюшка. — Для ўсіх было важна ўнесці свой уклад у справу завяршэння рэканструкцыі Вялікага тэатра. Насамрэч, тут значны ўжо сам факт прыналежнасці нашых супрацоўнікаў да вялікай справы.

Для апарата Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь праца на дадзеным аб’екце сталася добрай традыцыяй: ужо трэці год запар калектыў удзельнічае ў работах. І, трэба сказаць, зраблена ім нямала. У.Грыдзюшка згадвае, што летась у барабане выклалі з цэглы вялікую сцяну, тое ж самае зрабілі ў сутарэннях, дзе знаходзіцца аркестравая плошча, дапамагалі класці падлогу ў балетнай рэпетыцыйнай зале, прыбіралі смецце. “Няхай прафесіяналы-будаўнікі займаюцца сваёй справай, а мы дапаможам, каб не адцягваць асноўныя сілы ад галоўнай мэты”, — кажа намеснік міністра культуры. І сапраўды, на аб’екце ўсё павінна быць ідэальным: і культура вытворчасці, і ахова працы, і тэхніка бяспекі.

Сёлета ў снежні Вялікі тэатр мусяць увесці ў строй, пасля — два месяцы пусканаладачных работ механічнага комплексу сцэны, а 7 сакавіка 2009 года павінен адбыцца першы спектакль на адноўленай пляцоўцы.

— Ужо больш за палову запланаванага зроблена, — падкрэслівае У.Грыдзюшка. — Здадзены першы пускавы комплекс, дзе працуюць балетная трупа, часткова — оперная, калектыў творчага аб’яднання, арганізацыі, якія абслугоўваюць будынак. У сцэнічным комплексе да завяршэння падыходзіць аддзелка.

Самае складанае чакае пры наладжванні механікі сцэны. На другім пускавым комплексе ўсталёўваюцца новыя вокны, завяршаюцца аддзелачныя работы.

Цалкам трупу плануецца “перасяліць” сюды дзесьці ў верасні-кастрычніку. Тады ж застануцца толькі працы ў глядзельнай зале і на фасадах, якія таксама напалову гатовыя.

У Вялікім тэатры вядуцца адначасова рэканструкцыя і рэстаўрацыя. Як тлумачыць У.Грыдзюшка, генеральны падрадчык ЗАТ НВА “Эльвіра” — прадпрыемства якраз спецыялізаванае і кампетэнтнае ў названых пытаннях. У тэатры знаходзіцца майстэрня, дзе майстры ажыццяўляюць пазалоту ляпніны, разетак і іншых упрыгожанняў, якіх у дэкоры тэатра каля 3000 квадратных метраў.

Нягледзячы на тое, што ў будынку нямала элементаў захавалася, неабходна шмат чаго адрадзіць. Усе балконы, інтэр’еры тэатра будуць аздоблены ляпнінай і золатам. Некаторыя жырандолі таксама патрабуюць аднаўлення, напрыклад, вялікая жырандоля ў глядзельнай зале. Адрэстаўраваць старую было ўжо немагчыма, таму па яе вобразе і падабенстве лідскае НВА “Каскад” выконвае новую. Асноўная сцэна падымаецца вышэй для таго, каб з усіх пунктаў можна было ўбачыць дзею. Павялічыцца і колькасць месцаў: было — 1161, а стане — 1270.

Апроч таго, плошчы будынка павялічыліся больш чым на 7000 квадратных метраў — да 36 700. Барабан тэатра выкарыстоўваецца цяпер вельмі эфектыўна. У другім пускавым комплексе з’явілася новая рэпетыцыйная сцэна — поўная копія галоўнай. Галоўнае ж, мабыць, тое, што новае не супярэчыць ідэям, якія былі закладзены самім Іосіфам Лангбардам і адноўлены на аснове архіўных звестак, фотафіксацый. Напрыклад,з’яўленне на нішах фасадаў чатырох муз ды Апалона на парапеце.

На прылеглай да аб’екта тэрыторыі працавалі прадстаўнікі падрадчыка і заказчыка па добраўпарадкаванні сквера каля тэатра. Праект гэтай часткі работ распрацаваны “Мінскпраектам”. Заказчыкам вызначаны УКБ Адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска. Яно ўзяло на падрад арганізацыю, што займаецца ландшафтнымі працамі і абсталяваннем паркавых алей. Замест старой цэглы тут усё будзе выкладзена дробнапамернай пліткай, дрэвы будуць падстрыжаны і прыведзены ў парадак.

Як кажа У.Грыдзюшка, важна, каб уся інфраструктура парку адпавядала таму знешняму вобліку, які набудзе будынак тэатра пасля рэканструкцыі і рэстаўрацыі. Так, помнік Максіму Багдановічу пераносіцца з цэнтральнай алеі ў бок вуліцы Багдановіча. Зараз скульптура знаходзіцца на рэстаўрацыі.

Хоць дзень 19 красавіка выдаўся прахалодным і пахмурным, а раніцай ішоў дождж, ён, відаць, не адбіўся на настроі ўдзельнікаў суботніка. Супрацоўніца аддзела міжнародных сувязей Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Тамара Дзямчук, як і яе калегі, прыйшла на будаўнічую пляцоўку з прыўзнятым настроем. Вось ужо трэці год запар яны прыходзяць у дзень суботніка сюды і працуюць заўсёды з энтузіязмам.
Начальнік электрамантажнага ўчастка НВА “Эльвіра” Станіслаў Малажавы распавёў, што заробленыя сродкі пойдуць на высакародную мэту — стварэнне дзіцячага рэабілітацыйнага цэнтра. Ды і праца яго калектыву прынясе добры плён, людзі будуць прыходзіць у адноўлены тэатр і атрымліваць задавальненне ад прыгажосці будынка і высокага мастацтва.
Зрэшты, у ходзе рэканструкцыі і рэстаўрацыі помніка архітэктуры не абышлося без цікавых знаходак, нават— “своеасаблівых сенсацый”. Некалі на месцы тэатра стаяў вялікі Траецкі касцёл. На яго магутным каменным падмурку і пабудаваны Тэатр оперы і балета. Калі будаўнікі паспрабавалі забіць палі, дык тэхніка не магла прабіць старажытную канструкцыю. Пры разборцы сутарэнняў знайшлі таксама нямецкую каску часоў Вялікай Айчыннай вайны і іншыя рэчы. Пры ўскрыцці цэнтральнай лесвіцы высветлілася, што яна была раней зроблена з крохкай цэглы, і яе неабходна бетанаваць па-новаму.
Працаўнікі трэста “Спецбуд” у гэты час займаліся разборкай старой брукаванкі на месцы, дзе павінен перад галоўным уваходам у тэатр стаяць вялікі фантан. Кіраўнік трэста Мікалай Мілашэўскі зазначыў, што яго арганізацыя з’яўляецца генеральным падрадчыкам па будаўніцтве сквера.

— Цагляную брукаванку, пакладзеную пасля вайны, мы дастаём з зямлі, складваем у адно месца, каб потым вывезці па-за межы сквера. Замест яе пакладзём новую плітку. Зрэшты, да 1 лістапада плануецца скончыць усе працы па добраўпарадкаванні сквера вакол Тэатра оперы і балета...

А суботнік на Оперным віраваў і надалей.

 

Наталля КІРПІЧЭНКАВА