Марафон з кавуном

№ 32 (1262) 06.08.2016 - 12.08.2016 г

Жнівень, кажуць, такі ж сумнаваты, як і вечар нядзелі. Восень на носе, нібы пачатак доўгага шэрага будня. Затое баравікоў у лесе — процьма. Вось каб так хутка ідэі нараджаліся! Урэшце, хто з работнікаў культуры іх дбайна “вырошчвае”, у таго і свята — нават пасярод працоўнага тыдня. Пра гэта — у чарговым аглядзе чытацкіх лістоў.

/i/content/pi/cult/598/13286/11-1.jpgМайстрамі свята называе вядучы метадыст Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ганна Некраш дырэктара і мастацкага кіраўніка Ганчарскага дома культуры Ганну Булай і Святлану Шмукста. “Мерапрыемствы ладзяцца не толькі ў Ганчарах, — піша яна, — але і ў 16 маленечкіх вёсках зоны абслугоўвання. Адзначаўся па праваслаўным календары Проклаў прысвятак і дзень крыніц. Дык у вёсцы Ганцавічы яго і правялі. Нават старажыл Аляксандр Козел, якому хутка будзе 90 гадоў, не ведае, колькі існуе тут крыніца”. Нават нямоглыя бабулі прынялі ўдзел ва ўпрыгожванні невялічкага воднага люстэрка. Да крынічкі прыйшлі землякі, згадалі тых, каго ўжо няма. Гучалі песні, легенды ды паданні пра ганцавіцкую крынічку — выток любові да малой радзімы.

Цягам мінулага тыдня ў вёсцы Гарадная Столінскага раёна праходзіў V Міжнародны плэнэр ганчароў. Пра гэта напісала Галіна Гашчук. Глінамесы шасці краін свету сустрэліся з мясцовымі майстрамі ганчарнай справы Аўрамам Басаўцом, Рыгорам Кавалькам, Макарам Шэлестам, а таксама — з маладымі прадаўжальнікамі промыслу Іванам і Сяргеем Шэлестамі, Аляксандрам Аўчыннікавым. Пайменна згадалі тых майстроў, што пайшлі з жыцця… 31 ліпеня адбыўся Гараднянскі кірмаш, ахвотныя знаёміліся з работамі ўдзельнікаў пленэра, наведвалі майстар-класы.

Вестка з Мёрскага раёна. Алена Басікірская паведамляе, што ў вёсцы Пераброддзе ў дзясяты раз прайшоў фэст “Перабродская зорка”, які быў створаны на аснове колішняга рэлігійнага свята. Па традыцыі прыехалі латышскія сябры з Даўгаўпілскага цэнтра беларускай культуры. Выступілі мясцовыя самадзейныя калектывы. Былі прадстаўлены традыцыйныя рамёствы і нацыянальная кухня.

Мікалай Шаўчэнка піша пра адкрыццё выставы карцін Міхаіла Савіцкага “Лічбы на сэрцы” ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Аўтар падкрэслівае: "У гэтых палотнах Міхаіл Андрэевіч адлюстраваў трагедыю чалавецтва XX стагоддзя, яны раскрываюць гледачу злавеснае аблічча фашызму і адначасова сцвярджаюць бессмяротнасць няскоранага чалавека".

На Полаччыне пачынае развівацца кавуновы турызм. Прэс-служба мясцовага райвыканкама распавядае, што “ля возера Белае Гомельскага сельсавета прайшоў кавуновы марафон”. Спартсмены, кожны — з кавуном у руках (абавязковая ўмова), — прайшлі на час складаныя турысцкія этапы. Лепшыя заваявалі званне “Кавуновы турыст-2016”. А “спартыўныя снарады“ былі, натуральна, з’едзеныя. Кожнаму прыхільніку здаровага ладу жыцця — па кавуну! Са свайго боку, не магу не дадаць, што аналагічныя марафоны могуць наладжваць аркестры (кожны музыкант бяжыць са сваім інструментам, але ў выніку атрымлівае кавун), калектывы бібліятэк з навінкамі літаратуры, клубнікі з гукаўзмацняльнай апаратурай, музейшчыкі з копіямі экспанатаў...

У Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэцы адбыўся чарговы “Бульвар, які чытае”. Ліст пра гэта даслала загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Святлана Гарадзецкая. “Сёлетні праект, — піша яна, — быў прысвечаны 1960-м.. Гэта эпоха асваення космасу, узыходжання на літаратурны Алімп Івана Мележа, Івана Шамякіна, Уладзіміра Караткевіча… Сярэдзіна ХХ стагоддзя для Брэста — гэта ўзвядзенне горадаўтваральных заводаў і камбінатаў, усенароднае шанаванне Гагарына і Цыялкоўскага. Гэтыя часіны атрымалася адрадзіць на інтэрактыўнай выставе-экспазіцыі “Космас… Час… Кніга…” Тут можна было пазнаёміцца з партрэтамі касманаўтаў, пагартаць выданні тых гадоў пра космас, убачыць экспанаты школьнага музея касманаўтыкі з вёскі Тамашоўка: ежу ў цюбіках, макет спадарожніка, трэніровачны касцюм беларускага касманаўта Пятра Клімука”. Гаворка ў лісце вядзецца і пра Уладзіміра Высоцкага, якога вельмі любяць у Брэсце. На выставе прадстаўлены вінілавыя пласцінкі барда, плакаты, афішы, значкі, а таксама — зборнік “Нерв” з дарчым подпісам Марыны Уладзі… Увагу прыцягнула падборка кніг тых часоў, у прыватнасці аповесць Аркадзя і Барыса Стругацкіх “Панядзелак пачынаецца ў суботу”, якая ўбачыла свет у 1965-м і стала культавай для многіх чытацкіх пакаленняў… З часу правядзення першай маштабнай кніжнай акцыі прайшло ўжо сем гадоў. Але нязменным для кожнага “Бульвара, які чытае” застаецца паэтычны марафон са свабодным мікрафонам. Так што і сёлета ля бібліятэкі гучалі вершы ў самых розных выкананнях. На мой погляд, дадзены бібліятэчны праект — адзін з самых яркіх і цікавых на Беларусі.

Наш сталы і вельмі актыўны пазаштатнік Андрэй Струнчанка, метадыст Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, расказвае пра свята вёскі Шылы Мазалаўскага сельсавета. Арганізавалі мерапрыемства работнікі Даўжанскага СДК. “Ансамбль песні “Крыніцы” жаночага клуба ”Залаты ўзрост” Мазалаўскага СДК, — піша аўтар, — а таксама творчыя калектывы з Доўжы наведалі кожны вясковы двор. Гаспадары былі ўцягнуты ў акцыю “Дрэва жаданняў”. Адбыўся і конкурс на лепшы падворак”.

І яшчэ адна навіна ад Андрэя Струнчанкі. “Удзельнікі мастацкай самадзейнасці Віцебскага раённага дома культуры і Альгоўскага сельскага дома культуры, — піша ён, — наведалі з творчым візітам горад Веліж, што на Смаленшчыне. Тут прайшоў Міжрэгіянальны фестываль творчых калектываў і выканаўцаў “Веліжская хваля-2016”. Віцебшчыну на ім прадставілі салісткі ансамбля народнай песні “Раніца”, гуртоў “Альянс” і “Мара”.

Святлана Ганчарова піша пра загадчыка аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Тамару Касьян. Яна — адзіны ў раёне майстар саломкапляцення. Авалодала рамяством па замоўленай кнізе. У пошуках дадатковай метадычнай літаратуры “пералапаціла” раённую бібліятэку, фатаграфавала ў часопісах здымкі саламяных вырабаў, бо інтэрнэту тады яшчэ не было. Вось так паступова жаданне і перамагло. “Работы Тамары Касьян, — сцвярджае аўтар ліста, — розныя па тэхніцы, форме і прызначэнні. Гэта вазы, павукі, кошыкі, падносы, абярэгі, цацкі, капелюшы, лялькі…”

Апошняя на сёння навіна. Праз сацыяльныя сеткі прыйшло паведамленне, што Музей Вавёркі Вялікай Бераставіцы, адкрыты ў 2014 годзе, святкуе дзень нараджэння. Далучаюся да віншаванняў і зычу супрацоўнікам незвычайнай установы новых творчых ідэй і знаходак.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"