Культурныя ініцыятывы грамады

№ 32 (1262) 06.08.2016 - 12.08.2016 г

Абвешчаны збор прапаноў для фарміравання праекта “Культурныя ініцыятывы для Беларусі”.

/i/content/pi/cult/598/13285/10-1.jpgЗ мэтай падтрымкі грамадскай ініцыятывы і наладжвання сумеснай працы дзяржаўных органаў, арганізацый культуры розных формаў уласнасці і грамадзян па вырашэнні надзённых пытанняў культурнага жыцця Беларусі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ініцыіруе збор прапаноў для фарміравання праекта “Культурныя ініцыятывы для Беларусі” для яго рэалізацыі ў 2017-м і наступных гадах.

Ініцыятарамі прапаноў могуць выступаць дзяржаўныя органы, арганізацыі культуры розных формаў уласнасці, у тым ліку грамадскія аб’яднанні, і грамадзяне Рэспублікі Беларусь, а таксама замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Прапановы павінны закранаць пытанні развіцця беларускай культуры ў Рэспубліцы Беларусь ці інтэграцыі беларускай культуры ў сусветную культурную прастору і могуць уключаць у сябе фармулёўку праблемы, якая перашкаджае развіццю культуры на сучасным этапе, і накірункі яе вырашэння шляхам прыняцця адпаведных юрыдычных, эканамічных ці арганізацыйных мер з боку дзяржавы, або новага культурнага праекта, які вызначаецца надзённасцю, арыгінальнасцю, мае сацыяльны і (ці) эканамічны эфект, і шляхоў яго рэалізацыі. Пры адборы прапаноў перавага будзе аддавацца тым, рэалізацыя якіх абапіраецца на шматканальнае ці пазабюджэтнае фінансаванне.

Вынікі адбору будуць абвешчаны на афіцыйным сайце Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (www.kultura.gov.by). Прапановы для фарміравання праекта “Культурныя ініцыятывы для Беларусі” просяць дасылаць да 1 верасня 2016 года ў Міністэрства культуры (па пошце на адрас 220004, Мінск, праспект Пераможцаў, 11, або на электронны адрас: ministerstvo@kultura.by з паметкай “Культурныя ініцыятывы для Беларусі”) або ва ўстанову адукацыі “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў” (па пошце на адрас: 220007, Мінск, вуліца Рабкораўская, 17, або на электронны адрас buk@buk.by з пазнакай “Культурныя ініцыятывы для Беларусі”) па наступнай форме: назва культурнай ініцыятывы; праблема, на вырашэнне якой накіравана ініцыятыва; аўтар і (ці) выканаўца праекта; меры па рэалізацыі праекта; тэрмін рэалізацыі; аб’ёмы і крыніцы фінансавання; вынік рэалізацыі, чаканы сацыяльны і (ці) эканамічны эфект.

Тым часам журналісты “К” падрыхтавалі свае прапановы адносна гэтай акцыі. Прачытаць іх можна на старонках 3, 10 — 11.

 

Грушаўка: “два ў адным”

Літаральна дзень у дзень з абвяшчэннем ініцыятывы Міністэрства культуры ў рэдакцыю “К” прыйшла прапанова ад Арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана па стварэнні ў родавай сядзібе гэтага дзеяча ў вёсцы Грушаўка Ляхавіцкага раёна музейна-культурнага цэнтра. Пападанне, што называецца, “у яблычак”.

Пра гэты занядбаны сёння помнік спадчыны мы ўжо неаднаразова пісалі. Без сумневу, з ім трэба нешта рабіць. Высілкі валанцёраў, у ліку якіх раз на год бываюць і журналісты “К” — гэта толькі часовыя меры. А ў якасці кардынальнага вырашэння лёсу сядзібы тыя самыя энтузіясты прапануюць распачаць стварэнне там буйнога культурнага комплексу. У іх падтрымку ўжо выказаліся вядомыя дзеячы культуры і навукі: Адам Мальдзіс, Анатоль Федарук, Рыгор Сітніца ды цэлы шэраг іншых.

Прынцыповая пазіцыя аўтараў праекта заключаецца ў тым, што сядзібны комплекс павінен застацца на балансе дзяржавы — як гістарычны помнік асаблівай важнасці, свайго кшталту нацыянальная святыня. Падаецца, ужо гэта не адпавядае адной з галоўных умоў абвешчанай Міністэрствам акцыі — шматканальнасці фінансавання. Аднак спецыфіка самога аб’екта дазваляе ўлічыць і гэты аспект.

Ансамбль у Грушаўцы мае асаблівую культурную каштоўнасць адразу па дзвюх прычынах. Па-першае, як помнік гістарычны: сцены непрыгляднага флігеля (“мураванка”) памятаюць апошнія хвіліны жыцця Тадэвуша Рэйтана. А па-другое — гэта адзін з найлепш захаваных сядзібных комплексаў на Беларусі. Культурны ландшафт, канчаткова сфармаваны ўжо на пачатку ХХ стагоддзя, амаль не быў парушаны пазнейшымі ўварваннямі. Адпаведна, мы маем амаль унікальную магчымасць аднавіць у Грушаўцы тую непаўторную атмасферу шляхецкай сядзібы, якая сёння з’яўляецца прыцягальным для спажыўца брэндам.

Прычым эксплуатуецца ён не толькі ў культурных, але і ў камерцыйных мэтах — як правіла, бяздумна і беспадстаўна. Колькі ў нас развялося новаўзведзеных “панскіх маёнткаў” з пластыкавымі шыбамі! На гэтым тле “сапраўдны” турыстычны аб’ект, створаны ў гістарычным месцы і на добрай навуковай аснове, меў бы належны попыт.

У складзе комплексу ёсць тыя будынкі, якія, без сумневу, павінны застацца ў дзяржаўнай уласнасці — скажам, ужо згаданая “мураванка”, якую прыстасоўваць пад што-небудзь, апрача музея, проста неэтычна. А ёсць і колішнія гаспадарчыя пабудовы, не надзеленыя асаблівым гістарычным бэкграўндам. Прыкладам, стайні. Чаму б не аднавіць іх у першаснай функцыі, аддаўшы на водкуп таму ці іншаму коннаму клубу? Праект гэты мае ўсе перспектывы рэнтабельнасці (іншыя клубы на гэта не скардзяцца) — і, адпаведна, добры шанц знайсці інвестара, які ўклаўся б у рэстаўрацыю. Асабліва калі паабяцаць яму, што побач будзе музей, куды памкнуць стомленыя ад суседняга Нясвіжа турысты — то бок, будучыя кліенты. Тое самае можа быць і з прыстасаваннем пэўных будынкаў пад гатэль або кавярню. Зусім неабавязкова пакідаць іх на балансе дзяржавы. Галоўнае — захаваць адзіны падыход да справы і, калі хочаце, стыль: “true” сядзіба без усялякага сучаснага кітчу.

Запусціць такі механізм сінергіі будзе, напэўна, няпроста, але… У ідэале, аднаўленне Грушаўскай сядзібы можа стаць добрым і карысным у перспектыве прыкладам дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва ў справе аднаўлення помнікаў. Гэта дазволіць не толькі ў разы скараціць дзяржаўныя выдаткі на рэстаўрацыю і далейшае ўтрыманне комплексу (а трэба разумець, што па сённяшніх часах яны проста непад’ёмныя), але і сумясціць дзве істотныя функцыі: выхаваўчую і забаўляльную. Члены Арт-суполкі робяць акцэнт менавіта на першую. І сапраўды, постаць Рэйтана як адданага патрыёта-дзяржаўніка тут па-за канкурэнцыяй. Але… няма сумневу, што многія важныя рэчы сёння лепш засвойваюцца менавіта ў гульнявой форме. Альбо нават і непасрэдна праз страўнік.

Што да сэрца любой сядзібы — палаца… Аўтары праекта адназначна прапануюць зрабіць у ім музей і нават рэкамендуюць некалькі варыянтаў яго тэматыкі. У тым ліку, і музей, прысвечаны гісторыі Ляхавіцкага краю. Яго там пакуль няма — што, канешне, істотны прабел для любога з раёнаў. Думаецца, такая ідэя выглядае даволі прывабна: вельмі важна, каб новы аб’ект служыў патрэбам не толькі турыстаў, але і мясцовых жыхароў, стаўшы цэнтрам іх культурнага жыцця. Ды і лепшае месца для такога музею наўрад ці знойдзеш.

Ну і што ўжо зусім несумненна, дык гэта прыведзены ў праекце аргумент аб стварэнні новых працоўных месцаў ды ўвогуле паляпшэнні эканамічнага стану субрэгіёну. Тут сапраўды не паспрачаешся.

P.S. Нават самая добрая ідэя патрабуе ўзважанай прапрацоўкі ў дэталях — як вядома, у іх часам тояцца розныя шкодныя духі. Таму мы прапануем ацаніць дасланы праект шэрагу аўтарытэтных экспертаў. Магчыма, гэты экзамен стане пачаткам цэлай серыі артыкулаў, прысвечаных скрупулёзнаму разбору дасланых у рамках акцыі ініцыятываў. А іх, можна не сумнявацца, набярэцца нямала. Поўны тэкст дакумента ёсць у рэдакцыі.

Ілья СВІРЫН


Ажывіць “шкілеты” ў шафе

Ініцыятыва ў сферы беларускай культуры, яе стымуляванне — што можа быць лепш? Дый патрабаванні прывабныя: актуальнасць, арыгінальнасць, сацыяльна-эканамічны эфект. Ды ўсё ж перш чым выдумляць ды рэалізоўваць штосьці прынцыпова новае, няблага разабрацца са старым.

Стварэнне нацыянальных опер, балетаў, мюзіклаў, твораў іншых музычна-тэатральных жанраў было і будзе актуальным. Праўда, жаданне ўвасабляць такія творы на сцэне канкрэтнага тэатра то рэзка ўзрастае, то крыху сцішваецца — і гэтыя два перыяды чаргуюцца, як палосы на скуры зебры, ураўнаважваючы адно другім. Вось і атрымліваецца: асэнсаваўшы неабходнасць стварэння нацыянальнага рэпертуару, мы кідаемся з прапановамі да кампазітараў: маўляў, “давай-давай!” Атрымаўшы ж ад іх замоўленае, не ведаем, што з гэтым рабіць. Ці, здараецца, штосці ставім — і пасля гэтага задаволена спыняемся: справа зроблена, можна супакоіцца. А між тым, гэты працэс павінен быць несупынным, пастаянным. І каб зрабіць яго такім, для пачатку, пэўна, трэба правесці “рэвізію” ў шафе — паглядзець, што там ёсць, а чаго няма.

Думкі пра тое, каб прадставіць культурнай грамадскасці беларускія музычна-тэатральныя творы розных гадоў у канцэртным выкананні, выказваліся мной на старонках “К” неаднойчы. Але так і заставаліся літарамі на паперы. Магчыма, цяперашняя акцыя з кодавым словам “ініцыятыва” стане рухавіком, які і запусціць працэс?

Сапраўды, чаму б і не? Амаль усе буйныя сімфанічныя творы беларускіх кампазітараў ёсць у запісе на радыё, бо ў гэтай сферы праца, скіраваная на папаўненне аўдыяфондаў, амаль не спынялася — хіба часткова прыпынялася, збаўляла абароты. Што ж да музычна-тэатральных партытур, дык яны, у большасці, так і застаюцца “не прачытанымі”, “не пачутымі” тэкстамі — гэткімі мёртвымі шкілетамі, якім трэба вярнуць задуманае творцам аблічча. Значыць, патрабуюцца музычныя “чыткі”!

Падобныя захады пачалі ўдала практыкавацца ў тэатры драматычным, дзякуючы ініцыятывам Цэнтра беларускай драматургіі і Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры. Дык гэта неабходна і ў музыцы! Тым больш, што канцэртныя выкананні новых і забытых опер — даволі распаўсюджаны сусветны вопыт. Такое знаёмства з матэрыялам дае штуршок да пастаноўкі — ці, наадварот, не дае, але ўказвае на памылкі, якіх можна пазбегнуць у далейшым ці нават выправіць ужо сёння. Кожнае канцэртнае выкананне павінна атрымліваць якасны запіс, назапашванне якіх створыць добрую матэрыяльную базу для далейшых пакаленняў. А там, магчыма, з’явіцца і эксперыментальная маладзёжная сцэна — з аркестравай ямай і добрай акустыкай, каб можна было нармальна, а не “віртуальна” ўзрошчваць тых жа музычных рэжысёраў.

Ну, а для пачатку — некалькі назваў: оперы “Мыйдадзір”, “Балаганчык”, “Граф Каліёстра”, балет “Кастусь Каліноўскі” Алега Янчанкі, створаныя ў беларускі перыяд яго жыцця і творчасці, оперы “Пані Ядвіга”, “Мілавіца” Уладзіміра Солтана, “Запрашэнне на пакаранне”, “Гумберт, Гумберт” Вячаслава Кузняцова, “Цень”, “Чорны манах” Алега Хадоскі, “Маргер” Канстанціна Горскага… Спіс можна працягваць, але — ці гаворыць вам штосьці гэты пералік? Дык давайце рабіць маленькія і вялікія адкрыцці!

Надзея БУНЦЭВІЧ


Дайце лідарам беларускага фолька і этна шанц!

З генераваннем уласных ідэй у мяне туга, але з цікавымі прапановамі, якія закранаюць сферу культуры, я часам сутыкаўся і сутыкаюся. Нейкія з іх былі рэалізаваныя, нешта не спраўдзілася, а сёе-тое, не выключана, дачакаецца свайго часу. Вось на двух чалавек, якія дзяліліся са мной успамінамі ды думкамі, накіраванымі ў будучыню, я і хачу “перавесці стрэлкі”. Калі на тое будзе жаданне высокіх інстанцый, быць можа, і варта звярнуцца да гэтых людзей, каб яны падзяліліся ведамі ды меркаваннямі наконт таго, як зрабіць так, каб фестывалі ў нашай краіне сталі яшчэ больш цікавымі ды разнастайнымі.

Лідар этна-трыа “Троіца” Іван Кірчук мала таго, што сам калісьці з’яўляўся і крэатарам, і арганізатарам мерапрыемстваў, звязаных з беларускімі традыцыямі, удзельнічаў ды ўдзельнічае ў іх у якасці артыста, дык ён яшчэ выкладаў ды выкладае, як небанальна, але з піетэтам перад мінулым, праводзіць такія імпрэзы. Да таго ж, калектыў яго з году ў год вандруе па свеце з канцэртамі, фiгуруючы і ў “лайнапах” разнастайных музычных форумаў (літаральна днямі быў знакавы канцэрт на брытанскім “WOMAD”). Вось ужо каму ёсць што расказаць і што прапанаваць!

Або фронтмэн гурта “Палац” Алег Хаменка, за плячыма якога тыя ж шматлікія выступленні ды масавыя святы, і той жа вопыт па перадачы назапашанага багажу. Узяць фэст “Камянiца”, да правядзення якога Алег Георгіевіч мае самае непасрэднае дачыненне ўжо не першы год. Не першы год галовы яго арганізатараў свідруе ідэя, што агляд гэты можна было б паспрабаваць зрабіць перасоўным, “пракатваючы” дзею па краіне, прыцягваючы пад яе сцягі выканаўцаў мясцовых. І са свайго боку фінансава яны ўкласціся гатовыя, вось толькі цалкам бюджэт не пацягнуць.

І Кірчук, і Хаменка неаднаразова наракалі, што многія нашы фэсты занадта заадмiнiстраваныя, дык, можа, даць ім магчымасць зрабіць нешта не па інструкцыях ды зацверджанай методыцы? Ці хаця б для пачатку выслухаць іх усур’ёз у сур’ёзных кабінетах?..

Алег КЛІМАЎ


Марныя намаганні?

Мяне ўразіла Чарнагорыя: у невялікай краіне, дзе ўсяго 600 тысяч насельніцтва (крыху больш за наш Гомель), паралельна ішлі два штогадовыя тэатральныя фестывалі! Міжвольна праводжу паралель: у амаль 10-мільённай Беларусі раз на два гады ладзіцца, скажам, Міжнародны фестываль тэатраў лялек — і кожны раз адкрыццё статуснага форуму знаходзіцца пад пагрозай: фінансы, фінансы… Пры такім раскладзе ці да часу вынаходзіць новыя культурныя ініцыятывы?

Гарадскі фестываль “Grad Teatar” сёлета праходзіць у Будве ў трыццаты раз. Цягам нядаўніх дзесяцігоддзяў Чарнагорыя перажыла грамадзянскую вайну, выйшла са складу Югаславіі, прайшла праз фінансавыя і палітычныя крызісы, але шматлікія складанасці не змаглі перашкодзіць штогадоваму тэатральнаму святу. Наша краіна ганарыцца мірным небам, аднак летась частка вядомых фестываляў адбылася амаль цудам, а некаторыя традыцыйныя святы перапынілі сваю гісторыю. Спадзяюся, да лепшага часу, а не назаўсёды. Вось і кінафестываль “Лістапад” пачаў біць у звон адносна сваіх сёлетніх перспектыў.

Толькі пазайздросціць можна, калі даведваешся, што ў турыстычным сэрцы балканскай рэспублікі фестывальныя мерапрыемствы ідуць цягам некалькіх месяцаў. Спектаклі ладзяцца пад адкрытым небам на крапасным вале Старога горада, а таксама ў гатэлях па ўсёй Будванскай рыўеры. Дарэчы, білет для ўсіх каштуе аднолькава — 10 еўра. І глядач знаходзіцца! У гістарычным атачэнні ладзяцца і бясплатныя імпрэзы, сярод якіх харавыя спевы, музычныя выступленні, мастацкія чытанні. А ў Дзень дзяржаўнасці Чарнагорыі ля старадаўніх муроў давалі не канцэрт эстрадных выканаўцаў, а сучасную сербскую оперу пад акампанемент жывога аркестра!

У Котары я заспела ХХІV Фестываль тэатраў для дзяцей. 12 ліпеньскіх дзён на некалькіх пляцоўках пад адкрытым небам выступалі акцёры з розных краін. Паўсюль у Старым горадзе не толькі размяшчалі афішы мерапрыемства, але і арганізоўвалі гульнявыя і фотазоны. Ля порта можна было пакатацца на каруселі з лагатыпам фестывалю, на плошчы ля сабора мы з дзецьмі натрапілі на крэсла-велікана, на крапасной сцяне пабачылі велічэзную Пэпі Доўгуюпанчоху, у дворыку любаваліся дрэвам… з лялечнымі вачыма. Уся гэтая своеасаблівая рэклама разлічана на захопленую сэлфі моладзь, а ўласна арт-аб’екты дапамагаюць пашырэнню тэатральнага руху. Мяркую, той жа мінскі тэатр лялек з радасцю б стварыў падобную арт-зону ля сваіх фестывальных пляцовак, але адразу ўзнікне пытанне, дзе ўзяць грошы…

Арганізатарам Котарскага фестывалю тэатраў для дзяцей куды лягчэй за мінскіх калег: балканскае свята Мельпамены ладзіцца пад эгідай UNESCO пры фінансавай дапамозе мясцовага Міністэрства культуры і Абшчыны Котар ды пры падтрымцы Еўрапейскай камісіі. Разумею, што айчынным тэатралам пакуль застаецца толькі марыць пра такое рознабаковае фінансаванне, спонсараў унутры краіны на ўсіх не хапае, а дзяржава не можа ўсім дапамагчы… Паглядзіце, такія заяўленыя адносна прапаноў параметры, як “злабадзённасць”, “арыгінальнасць”, “шматканальнасць фінансавання”, “выражаны сацыяльны і эканамічны эфект”, маюць тыя ж шматлікія фестывалі, што ўжо існуюць, але іх дзейнасць пад вялікім пытаннем з-за фінансавых акалічнасцей. Я ж мару пра стварэнне якаснага культурнага фонду, куды маглі б звярнуцца тыя ж дырэктары тэатральных форумаў, рэжысёры, якія фантануюць ідэямі, але ў іх няма сродкаў ажыццявіць задумы, ды прадстаўнікі іншых відаў мастацтва. Хочацца, каб у Беларусі культурныя ініцыятывы не толькі ўзнікалі, але і ўпэўнена існавалі не адзін дзясятак гадоў.

Настасся ПАНКРАТАВА


Брэнд для “маленькага чалавека”

Рэалізацыя прапанаванага Міністэрствам культуры праекта “Культурныя ініцыятывы для Беларусі” можа паспрыяць разбурэнню ўстойлівага стэрэатыпа, нібыта звычайны грамадзянін не можа ўплываць на рашэнні, якія прымаюцца ў высокіх кабінетах. Я не аднойчы сутыкаўся з сітуацыяй, калі людзям нешта не падабаецца, а на пытанне, а што трэба зрабіць, каб было на добры лад, адказвалі: “Я чалавек маленькі, ад мяне нічога не залежыць, мае меркаванні нікому не цікавыя”. Але ж ведаю і прыклады, калі праблему, якая ў свядомасці грамады лічылася абсалютна “непад’ёмнай”, з мёртвай кропкі зрушвала актыўная асоба.

Мяркую, што на дадзены момант у нацыянальным маштабе актуальным з’яўляецца пытанне развіцця мясцовага і рэгіянальнага патрыятызму. Гэта трэба хаця б дзеля таго, каб усё насельніцтва краіны не імкнулася перасяліцца ў сталіцу, ці хаця б у абласны цэнтр. Галоўны ў гэтай справе, безумоўна, эканамічны чыннік, але замацаванню людзей на так званай малой радзіме можа і мусіць паспрыяць культура. На маю думку, у кожнай вартай увагі кропцы на карце Беларусі трэба мець матэрыяльную і інфармацыйную інфраструктуру, якая б абслугоўвала мясцовы брэнд (ці брэнды).

Калісьці мне трапілі на вока радкі Кіплінга: “Города спеси полны. Кичатся наперебой: этот шахтёр страны, а этот — её часовой”. Фанабэрыя — гэта кепска, але гонар за родны куток мець варта. Так, адна мясцовасць можа ганарыцца тым, што яна — калыска беларускай дзяржаўнасці, другая — тым, што з ёй звязана дзейнасць вялікага канцлера Вялікага Княства Літоўскага Льва Сапегі, трэцяя — што тут у Сярэднявеччы рабіліся рэчы, што мелі попыт ва ўсёй Еўропе і гэтак далей. І такім чынам прайсціся па ўсёй тысячагадовай гісторыі беларускай нацыі, каб гонар за краіну быў яшчэ і гонарам за сваю малую радзіму.

Мой сябра, які быў у Швейцарыі, расказваў, што там звычайная справа, калі жылому дому і ягонаму начынню — некалькі стагоддзяў, калі швейцарац можа паказаць госцю не толькі выяву свайго прадзеда, але і рэчы, якімі той карыстаўся. Такі дом не пакінеш без нагляду і не прадаш. Вось і нам бы так…

Мяркую, што праграма замацавання людзей у родных мясцінах мусіць прадугледжваць стварэнне новых музеяў і помнікаў. І каб не зверху тое спускалася, а вызначалася самімі жыхарамі на месцы.

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ


Нептун на Французскай Грэблі

Праектаў можна прыдумаць шмат. Галоўнае, каб былі яны рэальнымі, цікавымі, карыснымі… Шчыра кажучы, доўга не думаў. Той сумесны праект, што хачу прапанаваць бібліятэкам, даўно вабіць і літаральна за горла бярэ, каб быць рэалізаваным.

Што мы ведаем пра Беларусь, пра яе геаграфію, тапанімію? Да крыўднага мала. Я, да прыкладу, яшчэ ў дзяцінстве здзіўляўся, адкуль узялася назва копанкі на Веткаўшчыне — Порт-Артур? І толькі праз доўгія гады знаўцы мне патлумачылі, што прырода гідроніма ў тым, што копанка знаходзіцца вельмі далёка ад бліжэйшых вёсак, гэтаксама як і Порт-Артур з’яўляецца крайняй кропкай кітайскай паўвыспы Леадун. Вось такое рэха руска-японскай вайны, якое паўплывала на назву нашага геаграфічнага аб’екта. Але гаворка пойдзе не пра гідронімы, а пра айконімы — назвы населеных пунктаў.

І не ўсе беларускія айконімы мяне цікавяць, а, мякка кажучы, забаўныя. А іх, як паказала маё камандзіровачнае жыццё-быццё, у нас дастаткова. Перад тым як канкрэтызаваць праект, я дам пералік самых дзіўных айконімаў, бо перакананы, пэўныя чытачы “К” пра іх і не ведаюць: ёсць у нас такія назвы вёсак — Французская Грэбля (Пухавіччына), Амерыка (Кругляншчына), Літва (Стаўбцоўшчына), Каўказ (Кармяншчына), Забайкал (Талачыншчына), Балі (Шчучыншчына), Дублін (Брагіншчына), Малі і Палесціна (Астравеччына), Парыж (Пастаўшчына). Во якая ці не сусветная геаграфія!

Больш за тое, прысутнічае шырокі замах і на Сусвет: вёскі Юпіцер (Дзяржыншчына), Марс (Лоеўшчына), Венера (Лагойшчына), Луна (Мастоўшчына), Нептун (Кіраўшчына). Ці ўсе яны захаваліся ў выніку імклівага развіцця нашай дзяржавы? Вёска Рай у Сенненскім раёне дакладна захавалася, бо былі там адносна нядаўна з Канстанцінам Антановічам…

Звяртаюся да тых бібліятэкараў-краязнаўцаў, якія жывуць і працуюць ля згаданых вёсак і ведаюць паходжанне іх назваў. Трэба сабраць усе гэтыя меркаванні, легенды ды паданні пад адной кніжнай вокладкай. Дадаць сучаснасці, аздобіць здымкамі. Па маім меркаванні, атрымаецца бестселер, які ў ахвотку перачытаюць і перакажуць сябрам не толькі госці Беларусі, але і нашы суайчыннікі, якія на турэцкім беразе арыентуюцца лепш, чым на дняпроўскім ці сожскім. Прынамсі, чытво павінна быць не сумным, хутчэй гумарыстычным, чым навукова-папулярным, але — энцыклапедычна дакладным, сціслым, лёгкім ды пругкім па змесце. Такая літаратура заўжды карыстаецца павышаным попытам. Рабочая назва будучай кнігі — “Беларускія Парыж, Амерыка, Рай”. Што вы думаеце на гэты конт, шаноўныя бібліятэкары?

Цяпер пра час, грошы, выкананне. На сумесную працу пойдзе прыкладна год. Трэба будзе не толькі сабраць, абагульніць ды адрэдагаваць вашы звесткі, але і пабываць ва ўсіх экзатычных па назве паселішчах, зрабіць фотаздымкі, сабраць сучасную фактуру. Дзе возьмем грошы на выданне? Па-сутнасці, гаворка будзе весціся пра патэнцыяльны турыстычны маршрут з культурным забеспячэннем (трэба будзе даць звесткі пра гатэлі, клубы ды музеі, якія суседнічаюць са згаданымі вёскамі). Так што нас павінны падтрымаць (не баюся быць ідэалістам) турфірмы і мясцовыя ўлады. Паспрабуем пераканаць іх у мэтазгоднасці будучага даведніка-правадніка (пры правільным падыходзе да справы мы яго яшчэ на ўсе мовы свету перакладзём!) Ну і пра магчымасць краўдфандынгу не варта забываць. Хто будзе рыхтаваць сабраны і сістэматызаваны матэрыял да друку? Не забывайцеся на тое, што мы не проста рэдакцыя газеты, а рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова. Я вас пераканаў?

Яўген РАГІН


Праект з замежным спецыялістам. Чаму не?

У моладзі заўсёды ёсць прапановы. Нядаўна прыйшла да наступнай высновы: поспех маладзёжных праектаў складаецца з ініцыятывы, арганізаванасці і шчырай адданасці сваёй справе або хобі. Але часам прапановы так і застаюцца нерэалізаванымі — многія праекты патрабуюць, вядома, фінансаў… А на адной ініцыятыве “не пражывеш”.

У мінскім метрапалітэне можна ўбачыць афішу з надпісам “Краіне патрэбны праграмісты”. А як на маю думку, нашай краіне не хапае галерыстаў ды куратараў з адпаведнай адукацыяй, іншымі словамі, добрых тэарэтыкаў ды практыкаў. Музейная ды галерэйная справы выклікаюць цікавасць у моладзі: хочацца штосьці новае зрабіць, узняцца на новы ўзровень… Але якім чынам? Зразумела, выезды на стажыроўкі, чытанне кніг, “вандроўкі” па замежных сайтах… На стажыроўку не ўсе могуць выехаць, а размовы з прафесіяналамі іншы раз куды больш эфектыўныя за кнігі… На мой погляд, не хапае адукацыйнай платформы.

Прывяду прыклад удалай і, на маю думку, перспектыўнай ініцыятывы маладых супрацоўнікаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. У канцы ліпеня пачала дзейнічаць “Школа маладога музейшчыка” на базе вышэйзгаданага музея. Навуковыя супрацоўнікі, экскурсаводы самастойна распрацоўвалі праграму, якая складаецца з лекцый і практычных заняткаў. Яны дзеляцца сваімі ведамі, прапаноўваюць ідэі… Думаюць арганізаваць сустрэчу і запрасіць на яе музейных карыфеяў. Заняткі разлічаны на маладых музейшчыкаў ды тых, каму падабаецца музейная справа. Да ўсяго, адзін раз на тыдзень ды яшчэ і бясплатна, таму дзесяць — трынаццаць чалавек заўжды ёсць. У “Школе…” зацікаўлены маладыя і апантаныя, бо гэта — не толькі знаёмства, але і магчымасць сумеснымі намаганнямі зрабіць штосьці новае і цікавае.

Як пазнаёміцца з галерэйнай справай? У чым сутнасць галерэй? Якімі могуць быць новыя формы музейнай камунікацыі?.. Пытанняў, насамрэч, вялікая колькасць. У краіне не вучаць на галерыстаў і куратараў (адзінае, у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў ёсць кваліфікацыя культуролаг-менеджар у сферы выяўленчага мастацтва). Каб рабіць штосьці сучаснае, патрэбна якасная тэарэтычная база. Таму прапаную зрабіць адукацыйную платформу на шэсць месяцаў на базе музея або якой-небудзь галерэі для галерыстаў, арт-журналістаў, куратараў, музейшчыкаў, экскурсаводаў, навуковых супрацоўнікаў з запрашэннем замежных спецыялістаў. Тры месяцы адводзіцца, напрыклад, музейнай справе (музейныя маркетынг, менеджмент, камунікацыя, новыя формы работы з гледачамі…), астатнія тры — галерэйнай. Зразумела, ніхто з іншай краіны не паедзе за свае грошы нават на два — тры дні. Таму спатрэбяцца сродкі на пражыванне і праезд.

Мая прапанова, магчыма, нагадвае кнігі кшталту “Як стаць мільянерам за тры месяцы?” З аднаго боку, так. Немагчыма стаць прафесійным галерыстам, куратарам за такі маленькі тэрмін, але за гэты час можна атрымаць вопыт, пераняць веды, падзяліцца сваімі напрацоўкамі ў гэтай сферы, а можна яшчэ і стварыць сумесны праект з замежным прафесіяналам… Чаму не?

Вольга РОПАТ


Арт кропка бай

Заўважыла, што амаль кожны тавар так ці інакш на беларускім рынку знаходзіць сваю нішу: ці то таматная паста, ці то аўтамабіль, медыкаменты, алкаголь, ювелірныя вырабы, гаджаты, сыркі глазураваныя і сыр з плесняй. Хацелася, каб тое тычылася і твораў мастацтва, але культура набыцця апошніх у беларусаў пакуль што не прывілася. І справа нават не ў тым, што ў тых рэдкіх галерэях, дзе карціны выстаўлены на продаж, цэны “палаюць” уваччу мацней за палотны. Праблема глыбейшая за азначанае: цікавасць да беларускіх культуры і мастацтва адсутнічае ўва многіх ці не на генетычным узроўні.

Каб трошкі выправіць гэтую сітуацыю і адкрыць для людзей калі не доступ да набыцця твораў, то хаця б імёны нашых сучаснікаў, прапаную спрасціць таварна-грашовыя адносіны на беларускім мастацкім рынку і часткова адмовіцца ад паслуг тых рэдкіх галерэй на карысць адной віртуальнай платформы, дзе мастакі мелі б магчымасць прадставіць сябе.

Перавагі сайта — наступныя: ён быў бы агульнавядомым (бо распіярыць адну электронную пляцоўку значна лягчэй, чым усе тыя фізічныя адрасы), ён не патрабаваў бы вялікіх падаткаў з боку мастакоў (напрыклад, 5% непасрэдна з продажу работы, у адрозненне ад галерэй, якія хочуць адарваць ад творцы і 30%, а то і 40%). Сайт дае магчымасць неяк класіфікаваць мастакоў: па ўзросце, па творчым кірунку, па геаграфічным прынцыпе, па цэнавай нішы. І апошняе, ён бы сапраўды даў магчымасць кожнаму, нягледзячы на папярэднія дасягненні ці іх адсутнасць, членства ў Саюзе мастакоў ці аўтаномнасць, наяўнасць вышэйшай мастацкай адукацыі ці прынцыповую неакадэмічнасць, стаць часткай гісторыі сучаснага беларускага мастацтва і, акрамя гэтага, зарабіць сабе на хлеб. То бок, платформа гарантавала б абсалютную роўнасць у Сеціве, адсутнасць маргінальных замашак, з аднаго боку, і мэтраўскага снабізму, з іншага.

Ну і апошняе, важнае для такой задумы, — гэта цэны. Я сама цалкам падтрымліваю ідэю годнай аплаты служэння музам, але лічу, што яна не павінна быць недасягальнай для сярэднестатыстычнага беларуса. Пошук грашовага кампрамісу прапаную асноўнай задачай такой платформы: каб ваўкі былі сытыя, авечкі цэлыя, а беларускі мастак і патэнцыйны пакупнік яго твораў — задаволеныя.

Аліна САЎЧАНКА

(Працяг будзе.)