Гліна: прыбытак ці страта?

№ 31 (1261) 30.07.2016 - 05.08.2016 г

На шматлікіх фестывалях заўсёды можна пабачыць рамеснікаў, якія прадаюць збаны і свісцёлкі, гліняныя місы і нават амфары, зробленыя на ўсходні ўзор. Але ці прыбытковая іх самаадданая праца ў часы айпадаў і айфонаў, фабрычнага посуду і самых розных сувенірных кубкаў і куфляў, якія запаланілі паліцы маленькіх крам і буйных супермаркетаў беларускіх гарадоў і мястэчак?

/i/content/pi/cult/597/13280/4-22.jpgПаспрабаваў знайсці адказ на гэтае пытанне ў Івянцы, падчас VIII абласнога свята-конкурсу майстроў ганчарства “Гліняны звон”. Скажам, майстар з Лагойскага Дома рамёстваў Мікалай Стрэльчанка кажа, што сёлета ягоныя вырабы наведвальнікі свята набываюць не так добра, як раней:

— Але не думаю, што ў гэтым вінаватыя эканамічныя крызісы, зніжэнне цікавасці да гліняных вырабаў ці нешта яшчэ, — кажа суразмоўца. — Той, хто не любіць гліну, не цікавіцца ёй, той не будзе да яе мець увагі ніколі. А цэны ў мяне дэмакратычныя, ды і патаргавацца ўсё-ткі можна: гэта ж рынак!

Гліну для сваіх вырабаў майстар закупляе ў Барысаве, на мясцовай фабрыцы мастацкіх вырабаў: кажа, яна там неблагая па якасці ды і кошт задавальняе. А ў мясцовым Доме рамёстваў майстар кіруе дзіцячым гуртком па вырабе глінянай цацкі “Натхненне”.

— Праца ў Доме рамёстваў дае хоць малы, але пастаянны заробак, — адзначыў Мікалай Стрэльчанка. — А на гліняных вырабах многа не заробіш, бо трэба ж улічваць набыццё матэрыялу, працоўны час, абпал глінянага посуду. А колькі такіх збаноў б’ецца па дарозе на кірмаш ці свята рамёстваў!

Прыкладна такое меркаванне маюць і іншыя глінамесы, з якімі мне ўдалося пагаварыць падчас імпрэзы.

— Я працую ў Івянецкім музеі традыцыйнай культуры, — кажа івянецкі майстар Уладзімір Сасноўскі. — Продаж гліняных вырабаў — гэта, хутчэй, мой “прыварак” да асноўнага заробку, чым рэальны спосаб зарабіць грошай. Прычына ў тым, што летам нашы сувеніры карыстаюцца попытам, а вось зімой яны не так запатрабаваны. Ды і знікае сёння тая цікавасць у людзей да збаноў, да вырабаў з гліны, якая была яшчэ напачатку 90-ых гадоў мінулага стагоддзя. Так што, калі нехта думае, што “навар” з глінянага круга вялікі, проста памыляецца.

Усё гэта так. Але, відавочна, што той, хто ўмее круціць не толькі ганчарны круг, але і “круціцца” сам, можа значна паправіць свае грашовыя справы, хай сабе і летам. Тым больш, самых розных фэстаў у Беларусі цяпер багата, і амаль на кожным з іх заўсёды рады ўбачыць майстроў народнай творчасці са сваімі вырабамі. Абы кітайскай штампоўкі менш на паліцах было…

Прыкладам, на тым жа абласным свяце многія з ганчароў дэманстравалі наведвальнікам гліняныя скарбонкі, у якія вельмі добра кідаць новыя беларускія капейкі і рублі. І, па словах майстроў, гэтае “ноу-хау” карыстаецца цяпер значным попытам. Раней такімі вырабамі цікавіліся адно толькі расіяне ці турысты з Еўропы. Чым не прыклад добрага маркетынгавага ходу, які дадасць “капейчыну” не толькі ў гліняную скарбонку, але і ў кішэню майстра?

“На гліне грош не гіне” — згадаю я вядомую прыказку. Ганчар, які з’яўляецца сапраўдным майстрам у сваёй справе, наўрад ці будзе галадаць з-за нястачы заказаў на свае вырабы. Гліна захоўвае цеплыню рук ганчара, частку ягонай душы, якую ён укладае ў свае творы… Ці можа з гэтым параўнацца штампоўка?

І яшчэ. Не варта забываць, што названая праца вымяраецца не толькі грашыма. Ёсць яшчэ, натуральна, і радасць ад зробленага табой.

— Я, напрыклад, прыйшоў у ганчарную справу пазнавата, але марыў пра працу з керамікай даўно, — кажа майстар Дзем’ян (Дзмітрый) Каптур. — Маю майстэрню ў вёсцы Калюга Глускага раёна Магілёўскай вобласці, ёсць у мяне такая ж прыватная майстэрня і на Украіне, адкуль родам мая жонка. Нешта прадаецца добра, нешта — не вельмі. Але ці ж гэта галоўнае? Для мяне самае важнае — кераміка, ганчарства, я гэтым жыву: ці сам працую на ганчарным крузе, ці вучу іншых, ці чытаю спецыяльную літаратуру. Іншым жыццё сабе проста не ўяўляю. Дык пры чым тут грошы?

Дадаць да гэтых слоў бадай што няма чаго. Я і не буду. Толькі скажу, што ўсё, напісанае вышэй, датычыць, мабыць, не толькі ганчароў, а і тых рамеснікаў, якія займаюцца іншымі відамі традыцыйнага народнага мастацтва: кавальствам, бондарствам, разьбой па дрэве, саломкапляценнем… Усе яны, перакананы, таксама атрымліваюць ад сваёй дзейнасці ў першую чаргу задавальненне і радасць ад зробленага, а ўжо ў другую чаргу — не надта вялікі фінансавы прыбытак.

Каб займець ад падобнай хэнд-мэйдаўскай справы значныя грашовыя дывідэнды, трэба займацца продажам такіх саматужных вырабаў, якія мала хто робіць, ды прадаваць такія рэчы пад заказ. Скажам, той жа ювелірнай работай цалкам можна зарабляць сабе на жыццё, як, да слова, і стварэннем унікальных аўтарскіх лялек ці арыгінальных кавальскіх вырабаў. Але гэта ўжо зусім іншая тэма, пра якую варта пагаварыць другім разам.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"