Літаральна перад “...Ліцерай”

№ 17 (835) 26.04.2008 - 02.05.2008 г

З журналістамі напярэдадні адкрыцця ХІІ Міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі “СМІ ў Беларусі”, якая пройдзе з 28 красавіка па 1 мая, сустрэлася першы намеснік міністра інфармацыі краіны Лілія Ананіч.

Мэта форуму — пашырэнне інфармацыйнай прасторы рэспублікі і яе інтэграцыі ў сусветнае медыяполе. Усю палітру названай сферы прадставяць друкаваныя і электронныя СМІ, інфармацыйныя агенцтвы, інтэрнет-правайдэры, распаўсюджвальнікі друкаванай прадукцыі, рэкламныя арганізацыі, выдавецтвы і друкарні.

Шырока разгорнецца экспазіцыя друкаваных і электронных прадуктаў ВНУ рэспублікі, ваенных, дзіцячых сродкаў масавай інфармацыі.

Шмат заявак сёлета прыйшло ад FM-станцый. Як зазначыла на прэс-канферэнцыі Л.Ананіч, актывізаваліся рэгіянальныя журналісты. Побач са стэндамі вядучых тэлерадыёкампаній краіны прадэманструюць свае дасягненні тэлеканал “Мазыр”, полацкая радыёстанцыя “Еўропа-плюс”. Ганаровым госцем сёлета стануць СМІ Брэстчыны.

У медыяфоруме больш за 800 экспанентаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі, Польшчы, Літвы, Індыі і Кітая. Найбольшая геаграфія — у дэлегацыі Расіі, якую прадставяць прэса і электронныя мас-медыя Валгаградскай, Ульянаўскай, Разанскай, Чэлябінскай, Маскоўскай абласцей, Стаўрапольскага краю, Масквы. Будуць экспанавацца таксама СМІ Саюзнай дзяржавы.

Наведвальнікаў чакаюць штодзённыя прэзентацыі, кансультацыі спецыялістаў, майстар-класы, творчыя сустрэчы, канцэрты. З’явіцца і новая форма стасункаў — рынг-дыспуты, на якіх абмяркуюць пытанні пра значэнне рускамоўнай літаратуры Беларусі, падрыхтоўку прафесійных кадраў, а таксама павядуць размову на тэму “Саюзная дзяржава — выбар моладзі”.

У межах выстаўкі ў Нацыянальнай бібліятэцы пройдзе III Беларускі інфармацыйны форум “СМІ ў эпоху глабалізацыі: актуальныя аспекты”.

28 красавіка ў Зале дзяржаўных прыёмаў Палаца Рэспублікі аб’явяць пераможцаў IV Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ “Залатая Ліцера”. У аргкамітэт было даслана каля 230 заявак на 24 намінацыі. Л.Ананіч агучыла цікавую тэндэнцыю: штогод пашыраецца дыяпазон творчых праектаў. Сёлета за перамогу ў адпаведнай намінацыі спаборнічалі больш за 30 рэгіянальных і 25 рэспубліканскіх перыядычных выданняў.

 Настасся ПАНКРАТАВА