Факты пра артэфакты

№ 31 (1261) 30.07.2016 - 05.08.2016 г

Беларуская археалогія: вынікі і новаўвядзенні
У Мінску падвялі вынікі археалагічных даследаванняў на тэрыторыі нашай краіны ў 2015 годзе. Яны былі агучаны на навукова-практычнай канферэнцыі, якую арганізаваў у маі Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Акрамя вынікаў, на форуме было расказана пра змены ў заканадаўстве ў сферы аховы і даследаванняў археалагічнай спадчыны дзяржавы. Аб знаходках, адкрыццях ды законе “К” паразмаўляла з Вольгай ЛЯЎКО — загадчыцай Цэнтра археалогіі і старажытнай гісторыі Беларусі гэтага інстытута, і з намеснікам яго дырэктара па навуковай рабоце Вадзімам ЛАКІЗАМ.

/i/content/pi/cult/597/13273/7-1.jpgВольга Ляўко: “Нягледзячы ні на што…”

— Вольга Мікалаеўна, назавіце, калі ласка, на ваш погляд, самыя... самыя археалагічныя даследаванні, якія праводзіліся ў нашай краіне ў мінулым годзе.

— Гэта раскопкі каля вёскі Копань Рэчыцкага раёна на месцы курганнага могільніка сярэднедняпроўскай культуры. Iх вынікі даюць уяўленне аб тым, як тут цякло жыццё людзей перыяду неаліту ды бронзавага веку. Раскопкі ў Белавежскай пушчы на месцы помніка археалогіі Камянюкі-1 у Камянецкім раёне, дзе былі знойдзены фрагменты керамікі, аскепкі апрацаваных камянёў — нуклеусаў, якія адносяцца да мезаліту — ранняга неаліту. Даследаванне курганнага могільніка паміж аграгарадкамі “Курганне” і “Бацвiнава” Гомельскай вобласці, славянскага селішча Барыскавічы-1 Мазырскага раёна. Атрыманыя матэрыялы даюць дадатковую інфармацыю па адвечным пытанні “хто такія славяне?” Працы на плошчы ў 2 тысячы квадратных метраў на славянскім селішчы X — XII стагоддзяў у вёсцы Васілеўшчына Дзяржынскага раёна таксама далі шмат новых уяўленняў аб структуры ды развіцці сельскіх паселішчаў гэтага часу. Працягваліся работы ў Брэсцкай крэпасці, дзе некалькі гадоў таму знайшлі старажытныя могілкі (у 2015 годзе там выяўлена новае старадаўняе пахаванне), у сядзібе Ваньковічаў.

Цікавы археалагічны комплекс Кардон у Шумілінскім раёне. Дзесьці ў 1933 годзе адкрылі гарадзішча на Заходняй Дзвіне ды прылеглае да яго селішча, але затым даследаванні там практычна не праводзіліся. І ў мінулым годзе мы гэта месца, якое датуецца IX — XII стагоддзямі, калі фарміраваўся шлях “з вараг у грэкі”, вывучылі больш дэталёва. Толькі павярхоўнае абследаванне ям, выкапаных “чорнымі капальнікамі”, прынесла важныя знаходкі: візантыйскую манету, арабскія дырхемы, накладкі на збрую, крыжыкі, скандынаўскія гіркі.

Адбылося некалькі цікавых шматабяцальных экспедыцый сумесна з мінскім дайвінг-цэнтрам “Марскі пегас”, супрацоўніцтва з якім у галіне падводнай археалогіі ў мінулым годзе выйшла на больш якасны ўзровень.

— Вы кантактуеце і з замежнымі партнёрамі...

— З французскімі археолагамі ўжо не першы год шукаем у раёне Барысава дакладнае месца пераправы Напалеона праз Бярэзіну. Некалькі стаянак французскай арміі на беразе знойдзена, французы ўвогуле задаволеныя, але хочуць большага.

Прадстаўнік Эрмітажа разам з супрацоўнікам Веткаўскага музея народнай творчасці Аляксандрам Драбушэўскiм праводзіў даследаванні на магільніку зарубінецкай культуры ў вёсцы Гарошкаў на Гомельшчыне. Як бачыце, нягледзячы ні на што, даследаванні ідуць па ўсёй краіне. У цэлым, магу сказаць, што 2015 год выдаўся для беларускай археалогіі не горшым, чым 2014-ы. Прайшлі выдатныя даследаванні, звязаныя са старажытнымі напластаваннямi — з перадславянскiмi, раннеславянскімi (я ўжо не кажу аб выніках даследаванняў эпохі неаліту ды бронзы), Сярэднявеччам ды Новым часам. Ды шмат чаго было зроблена, нягледзячы на цяжкасці.

— Нягледзячы менавiта на што, Вольга Мікалаеўна?

— На беднае фінансаванне, на мізэрныя магчымасці. Дзякуй ВНУ, якія на ўмовах супрацоўніцтва адпраўляюць студэнтаў на практыку на тыя ўдарныя аб’екты, дзе нам вельмі патрэбныя людзі. (Так і пэўныя ВНУ ў рамках Дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў удзельнічаюць сваімі тэмамі ў нашай дзейнасці.) Дзякуй валанцёрам. У савецкі час мы нядрэнна ўзаемадзейнічалі са школамі ў перыяд школьных лагераў, калі яны размяшчаліся на перспектыўных з пункту гледжання археолагаў тэрыторыях. Цяпер — вельмі рэдка, бо школьнікам акрамя грошай ды камп’ютараў больш нічога не трэба.

Мы шчаслівыя, што можам праводзіць даследаванні за кошт заказчыкаў — тых арганізацый, якія ажыццяўляюць, напрыклад, маштабныя дарожныя працы, узводзяць новыя пабудовы ў розных кутках Беларусі. Яны абавязаны інфармаваць нас аб сваёй дзейнасці ды вылучаць грошы на археалагічныя даследаванні. Калі б мы былі абмежаваныя толькі стацыянарнымі даследаваннямі, запланаванымі намі ў межах навуковай Дзяржпраграмы, зыходзячы не ў апошнюю чаргу з наяўных сродкаў інстытута, то эфектыўнасць нашых вынікаў была б не занадта высокая. Ці шмат адкрыццяў учыніш на камандзіровачныя выдаткі, калі выязджаеш адзін у поле? Фундаментальныя археалагічныя даследаванні сёння ў нашай краіне фактычна не фінансуюцца, мы зарабляем грошы на новабудоўлях і дадаем вынікі па гэтых працах да вынікаў тых сціплых даследаванняў, якія праводзім у межах планавай тэматыкі. Але ў скарбонцы ведаў усё ж атрымоўваецца прыбытак. Ёсць і карысны бок маштабных даследаванняў на новабудоўлях. Мы маем магчымасць вывучыць тыя плошчы ды месцы, дзе без будаўнічых работ раскопкі не праводзіліся б, або былі б значна меншымі.

— А да чаго ногі ды рукі археолагаў па нейкіх прычынах яшчэ не дайшлі?

— Шмат цікавых старажытных паселішчаў засталося ў Чарнобыльскай зоне, але, самі разумееце, доступ туды зараз немагчымы. Цікавае з гістарычнага погляду гарадзішча Свіла-1 у Віцебскай вобласці, ды заходні край, Браслаўшчына, слаба вывучаны. З Навагрудчыны знятыя толькі “плеўкі”! Усё ўпіраецца ў зацікаўленасць маладога пакалення археолагаў ды, як ні прыкра, у грошы. Гэта выклікае вялікую заклапочанасць пра лёс археалагічнай навукі ў краіне.

Вадзім Лакіза: “Па “чорных капальніках” нанесены ўдар”

— Вадзім Леанідавіч, наколькі сур’ёзныя адбыліся змены ў нашым заканадаўстве, якія датычацца беларускай археалогіі?

— Яны досыць сур’ёзныя. 14 снежня 2015 года быў прыняты Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь N 485 “Аб удасканаленні аховы археалагічных аб’ектаў i археалагічных артэфактаў”. Гэта сапраўдны прарыў у справе аховы археалагічнай і гісторыка-культурнай спадчыны краіны. Да дадзенага дакумента мы — дзяржава, грамадскасць, прафесійныя археолагі, Міністэрства культуры, Нацыянальная акадэмія навук, Інстытут гісторыі, ВНУ, гістарычныя факультэты — рухаліся доўга. Да моманту выхаду Указа ў краіне склалася вельмі небяспечная сітуацыя, якая паказвала, што па ўсёй Беларусі, “дзякуючы” так званым “чорным капальнікам”, руйнуюцца помнікі ды аб’екты археалогіі. Калі мы, па вялікім рахунку, кантралюем сітуацыю з зонамі новабудоўляў, маем магчымасць спыніць, прыпыніць іх, калі на якой-небудзь тэрыторыі выяўляюцца археалагічныя аб’екты, то за “дзейнасцю” ўсіх “вандалаў з металашукальнікамі” ўсачыць, на жаль, не можам. Нават нягледзячы на тое, што ёсць законы ды пастановы, якія, напрыклад, забараняюць выкарыстанне металадэтэктараў без дазволу Нацыянальнай акадэміі навук, “чорныя капальнікі” працягваюць сваю “чорную” справу. Бо не было магчымасці правапрымянення такіх актаў.

— Дзіўна...

— Юрысты і археолагі, якія сутыкнуліся з правапрымяняльнай практыкай, тлумачаць, што існавалі пэўныя нестыкоўкі ў заканадаўстве, якія не дазвалялі канкрэтныя выпадкі такіх парушэнняў падчас судовых разглядаў давесці да лагічнага канца — пакарання.

— А цяпер?

— Цяпер становішча змянілася. Указ уступіў у сілу з 18 сакавіка 2016 года, як і шэраг пастаноў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь і НАН Беларусі, накіраваных на паспяховую яго рэалізацыю. Вызначана неабходная тэрміналогія ў галіне аховы археалагічнай спадчыны; прапісана, хто мае права дазваляць правядзенне археалагічных даследаванняў, каму можна іх праводзіць, якія дакументы для гэтага патрабуюцца, хто можа карыстацца металадэтэктарамі і якія дакументы пры гэтым патрэбныя; устаноўлена форма дазволаў на права правядзення археалагічных даследаванняў, у тым ліку пошуку археалагічных артэфактаў; прапісана, што археалагічныя артэфакты належаць дзяржаве: напрыклад, у грамадзяніна Лакізы яны захоўвацца не могуць. І калі грамадзянін Лакіза знойдзе (нават выпадкова) нейкі прадмет, на яго погляд, падобны на нешта такое старажытнае, ён абавязаны яго здаць органам мясцовай улады. Тыя перададуць гэтую рэч у абласную або ў мінскую камісію па археалагічных аб’ектах і археалагічных артэфактах, якая і прыме рашэнне, ці з’яўляецца яна археалагічным артэфактам. Калі так, то ён будзе перададзены ў дзяржаўную навуковую арганізацыю, у якой ёсць музей, альбо непасрэдна ў адпаведны дзяржаўны музей.

Указам уводзіцца абмежаванне або забарона на зварот археалагічных артэфактаў сярод грамадзянскага насельніцтва: на набыццё, продаж, дарэнне, мену, залог. Пры гэтым дзяржава пайшла насустрач тым, хто да ўступлення ў сілу Указа меў на руках археалагічныя артэфакты, атрыманыя імі ў пераважнай большасці з парушэннем заканадаўства. Да канца 2016 года яны могуць праз археалагічныя камісіі легалізаваць іх ды вызначыць, ці з’яўляюцца тыя ці іншыя матэрыяльныя прадметы, у тым ліку старажытныя манеты, археалагічнымі артэфактамі. Пры пацверджанні чаго яны ўключаюцца ў рэестр археалагічных артэфактаў, а чалавеку выдаецца адпаведная выпіска з пратакола, і рашэнне аб гэтым высылаецца ў Інстытут гісторыі. Грамадзянін з гэтага часу мае права захоўваць іх у сябе, перадаць музею, абмяняць.

Акрамя таго, падрыхтаваны яшчэ адзін законапраект, унесены на разгляд у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, згодна з якім прадугледжваюцца канкрэтныя адміністрацыйныя пакаранні за парушэнне дзеючых нарматыўна-прававых актаў у галіне аховы археалагічных аб’ектаў і археалагічных артэфактаў, а таксама падключэнне да дадзенай справы супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.

Заканчваючы нашу экспрэс-гутарку, Вадзім Леанідавіч, тым не менш, з трывогай заўважыў, што асобныя “чорныя капальнікі” спрабуюць як бы ўбудаваць сваю “дзейнасць” у рамкі Указа, звяртаючыся ў розныя дзяржаўныя інстанцыі з просьбай дазволіць ім на пэўных умовах праводзіць уласныя “археалагічныя пошукі”. Спадар Лакіза вельмі спадзяецца, што ім дадуць ад варот паварот...

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"