“Сабраць” горад як пазл

№ 31 (1261) 30.07.2016 - 05.08.2016 г

Павел ДЗЮСЕКАЎ, гісторык, экскурсавод, краязнаўца.
Я ладжу дармовыя экскурсіі па Мінску ўжо чацвёрты сезон. Збіраю людзей праз суполкі ў сацыяльных сетках. Стаў гэтым займацца, бо дармовых вандровак па Мінску на сталай аснове ніхто не робіць.

/i/content/pi/cult/597/13271/6-1.jpgТакія рэчы вельмі папулярныя ў Еўропе. Для мяне гэты праект не пра грошы ў першую чаргу, хаця я мог бы паставіць нейкі мінімальны кошт, бо з’яўляюся ІП. Але тады згубілася б частка аўдыторыі. Турфірмы нават вінавацілі мяне ў дэмпінгу і пагражалі пазбавіць ліцэнзіі! Але я зрабіў экскурсіі дасяжнымі для ўсіх, і да мяне ідуць прадстаўнікі розных катэгорый насельніцтва: ад школьнікаў да пенсіянераў. Радуюся, калі бачу адны і тыя ж твары: значыць, чалавеку спадабалася, зачапіла, вось ён і прыйшоў зноў.

Сталыя наведвальнікі мне вельмі дапамагаюць парадамі і справай. Адна дзяўчына прывезла з Амерыкі гучнагаварыльнікі (да таго я карыстаўся мікрафонам). Яшчэ з тэхнічных сродкаў выкарыстоўваў на экскурсіях планшэт, каб паказваць выявы, але ў дождж гэта нязручна, на сонцы нябачна. Таму ілюстрацыі раздрукоўваю і важу з сабой у тэчках.

Часта наведвальнікі высылаюць мне карысныя спасылкі, выявы. Пенсіянеры памятаюць горад такім, якім маё пакаленне бачыла яго толькі на фотаздымках. Падчас экскурсіі могуць дадаць 1 — 2 сказы, але гэта цікава ўсім, інфармацыя будзе вельмі карыснай, можа ўвайсці ў мае экскурсійныя тэксты. Я іх перапрацоўваю ўвесь час. Узімку сядзеў за пісьмовым сталом па 10 гадзін, цяпер увесь сезон на вуліцы, у мяне экскурсіі штодня.

Ужо зараз вядомы расклад да канца верасня, людзі могуць спланаваць свой час, загадзя дамовіцца з сябрамі. Я вельмі люблю, калі наведвальнікі прыходзяць на экскурсіі кампаніямі і заўсёды да гэтага заклікаю ў сваіх суполках: маўляў, і вам будзе цікавей не па адным хадзіць, і патрэбная колькасць людзей збярэцца. Я заўжды прыязджаю на месца збору, у любое надвор’е. Але калі збіраецца менш за 10, ну, добра, 9 чалавек — выбачаюся і экскурсію не вяду. Выключэнне раблю толькі для ранішніх экскурсій у нядзелю: калі ўжо людзі падняліся ў выхадны дзень, прыехалі…

З колькасцю наведвальнікаў ніколі не ўгадаеш. Бывае, у сонечнае надвор’е ніхто не прыйдзе, а аднойчы нядзельным дажджлівым ранкам на экскурсію па Кальварыі сабралася 15 чалавек, і ўсе датрывалі да канца. Самая вялікая па колькасці была неяк экскурсія ў Лошыцы. Сабралася каля 100 чалавек, а потым падчас вандроўкі па парку да нас далучылася яшчэ можа 20. Так і хадзілі натоўпам.

Я ўжо зразумеў: гэта не тая праца, з якой я змагу набыць сабе яхту. Але пражыць з яе я магу. Мне падабаецца непрадказальнасць, ніколі не ведаеш, хто прыйдзе, колькі людзей. Акрамя развіцця ўласнага праекта “Minsk free walking tours”, я супрацоўнічаю з турфірмамі, школамі. Раней да 90 працэнтаў наведвальнікаў, што траплялі да мяне праз турфірмы, былі расіяне. Цяпер дакладна наадварот, і я рады, што змог пераарыентавацца на ўнутраны рынак. Попыт скараціўся. Калі раней я атрымліваў ад турфірмаў па 30 — 40 прапаноў на майскія святы, то сёлета — у 10 разоў менш.

Экскурсіі заўсёды вяду па-беларуску. Некалькі разоў падчас дармовых вандровак прасілі перайсці на рускую, я спакойна адмаўляўся. Калі людзям нешта не падабаецца, яны заўсёды могуць сысці. Плюс дармовых вандровак у тым, што я ад пачатку нічога не абавязаны наведвальнікам.

Я не закранаю палітыку і рэлігію, на маіх экскурсіях заўсёды весела, людзі адпачываюць. Зараз маю 15 распрацаваных маршрутаў, выдзяляў іх па геаграфічным прынцыпе. Была думка паступова, ад экскурсіі да экскурсіі збіраць горад як пазл.

Калі заяўлена тэматыка, напрыклад, касцёлы, то ідучы ад святыні да святыні распавяду пра будынкі, што сустракаюцца па дарозе. Хацеў зрабіць маршрут па Курапатах, але падумаў, што для маёй аўдыторыі гэта будзе “цяжкая” тэма. Таму запрашаю на распрацаваныя маршруты!

Фота прадастаўлена аўтарам

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"