Шэсць адбіткаў у люстэрку часу

№ 31 (1261) 30.07.2016 - 05.08.2016 г

У дадзены момант ўсе паверхі сталічнага Палаца мастацтва займаюць шэсць персанальных выстаў. Пяць з іх прымеркаваныя да юбілеяў, адна — памяці творцы. Некалькі персанальных выстаў у адной экспазіцыйнай прасторы — гэта амаль заўжды праблема для арганізатараў. Бывае даволі цяжка гарманічна спалучыць узоры рознай творчай ментальнасці, амбіцыйнасці і таленту. Але глядач у падобных выпадках калі-нікалі атрымлівае перад вачыма панарамны вобраз цэлага перыяду ў гісторыі мастацтва.

/i/content/pi/cult/597/13270/9-2.jpgАляксандру Грэсю споўнілася 65 гадоў. На сваёй выставе ён прадставіў жывапіс і ўзоры саломкапляцення. Менавіта ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве на глебе народных традыцый ён напоўніцу раскрывае свой талент. Спадар Грэсь рабіў упрыгожанні да сцэнічных касцюмаў вядомых фальклорных ансамбляў. Ягоныя дэкаратыўныя работы былі вельмі дарэчы, калі музейным экспазіцыям і тэматычным выставам трэба было надаць народны каларыт. Што ж датычыць жывапісу, дык ён не з’яўляецца важным чыннікам творчасці Аляксандра Грэся. Але маляванне вясковых краявідаў і рэшткаў “аўтэнтычнай”, некранутай цывілізацыяй прыроды дазваляе мастаку псіхалагічна ўвесь час быць, што называецца, у тэме — у арэале народнай традыцыі.

Леаніду Данэлія — 70 гадоў. Большую частку свайго творчага жыцця мастак прытрымліваўся рэалістычнай стылістыкі, а вось на юбілейнай выставе прадставіў работы, якія ў большасці можна было б аднесці да негеаметрычнага абстракцыянізму. Але элементы фігуратыўнасці ў ягоных карцінах не знікаюць зусім. Яны прысутнічаюць у яго як знакі пачуццёвай знітаванасці з вабнотамі жыцця.

Лявон Грышук, якому споўнілася 65 гадоў, зрабіў стрыжнем экспазіцыі творы на біблейскую тэматыку. Мне заўжды было цікава, як да рэлігіі прыходзяць людзі, якія большую частку жыцця (прынамсі, той час, калі фарміруюцца асновы маральнасці асобы) пражылі ў атэістычнай краіне з матэрыялістычнай ідэалогіяй. Магчыма, на такі паварот лёсу паўплываў удзел спадара Грышука ў ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. Калі выбухнуў энергаблок у мястэчку з сімвалічнай назвай Чарнобыль, многім узгадалася біблейская Зорка-Палын… Карціны Лявона Грышука пазбаўлены побытавай канкрэтыкі і адлюстроўваюць адвечнае супрацьстаянне Дабра і Зла, Святла і Цемры.

Мікалаю Драненка — 70 гадоў. Ён майстар акварэлі. У экспазіцыі прадстаўленыя ягоныя краявіды, выкананыя ў гэтай складанай тэхніцы, якая патрабуе ад мастака ўпэўненай рукі і здольнасці да імправізацыі. Я сказаў бы, што творы спадара Драненкі адлюстроўваюць не столькі стан прыроды, колькі стан душы творцы, настроенай на станоўчае бачанне свету.

Ігар Арлоў адзначыў персанальнай выставай сваё 60-годдзе. Экспазіцыю складаюць партрэты, нацюрморты, сюжэтныя карціны сімвалічнага зместу. Ды, бадай, найбольш эфектна глядзяцца па-майстэрску выкананыя ў традыцыях класічнага рэалізму краявіды. Глядзіш на іх і згадваеш рускіх класікаў пейзажнага жанру. І яшчэ думаеш: няўжо недзе яшчэ захававалася такая некранутая, прыгожая, як у першы дзень Стварэння, прырода?

Анатоль Ізаітка нарадзіўся ў 1954 годзе, пайшоў з жыцця, калі яму было 60 гадоў. Гэтая экспазіцыя — выстава памяці. Відавочна, мастак па жыцці быў філосафам. Але гэтая іпастась не замінала яму жыць непрыхаванымі эмоцыямі. Ён глыбока асэнсоўваў антычную міфалогію, у якой бачыў не толькі займальныя аповеды ў рамантычна-экзатычным абрамленні, але найперш  — літаратурную энцыклапедыю чалавечай душы, яе жарсцяў, пакут і катарсісу. Мастак меў і своеасаблівы погляд на каштоўнасці Хрысціянства і іх ролю ў нашым соцыуме. І акрамя ўсяго, маляваў цудоўныя краявіды. Кожны ягоны пейзажны эцюд — гэта свайго кшталту аўтапартрэт душы мастака на той, канкрэтны, момант.

Згаданыя творцы не належаць да кагорты мэтраў нацыянальнай культуры. Але без іх панарама нашага мастацтва не будзе поўнай. У іх творчасці і чалавечых лёсах адбіліся не кідкія, але важныя для разумення часу рысы. У дапытлівага гледача, які хай нават хуткім крокам пройдзе па ўсіх шасці выставах, складзецца даволі аб’ектыўнае ўяўленне пра тое, што было значным для нашай грамады ў апошнія некалькі дзесяцігоддзяў і што захоўвае сваю каштоўнасць зараз.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"