Летам і аўтобус чытае

№ 31 (1261) 30.07.2016 - 05.08.2016 г

Самыя актыўныя нашы пазаштатнікі — бібліятэкары. Сённяшняя аглядавая падборка ліставання — яшчэ адзін таму доказ. Цікавай інфармацыі хапае і па іншых сферах дзейнасці рэгіянальнай культуры, ды не толькі яе.

/i/content/pi/cult/597/13266/10-2.jpgЛетняя арганізацыя адпачынку чытачоў — галоўнае ў сённяшняй бібліятэчнай рабоце. Пра гэта піша метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Свіслацкай раённай бібліятэкі Алена Рабчанка. “Штогод ладзім конкурс “Лета і кніга“, — паведамляе яна. — Па ўмовах яго трэба рэгулярна наведваць бібліятэку, чытаць, браць актыўны ўдзел у творчых мерапрыемствах“. У лісце гаворыцца, што на самым пачатку лета ў раённым цэнтры прайшла акцыя “Аўтобус, які чытае“: у грамадскім транспарце гучалі вершы беларускіх і рускіх аўтараў. Пра летнюю чытальную залу Свіслацкай райбібліятэкі мы пісалі некалькі разоў. Цікава, хто ў краіне пераняў гэты досвед?.. У дзень нараджэння Аляксандра Пушкіна ў Свіслацкай дзіцячай бібліятэцы стартавала акцыя “Кніжны сквер“. У гарадскім парку грамада разгадвала крыжаванку “Я люблю казкі Пушкіна“. Поразаўская, Ханевіцкая бібліятэкі-цэнтры краязнаўства, Вярдоміцкая бібліятэка рэалізоўваюць праект па супрацоўніцтве з дзецьмі, што адпачываюць у летніках.

Генерал-маёр у адстаўцы Аляксандр Фень падараваў Беларускаму дзяржаўнаму музею гісторыі Вялікай Айчыннай вайны аўтарскія кнігі “Вызваленне Мінска“, “Пра бітву пад Курскам“ і “Пэўныя пытанні савецкага вайсковага мастацтва ў бітве пад Масквой і Сталінградскай бітве“. Пра гэта паведамляе “К“ Мікалай Шаўчэнка. “Аляксандр Фёдаравіч, — сказана ў лісце, — удзельнік вызвалення Беларусі. У ліпені 1944 года ў складзе 31-й брыгады 29-га танкавага корпуса гвардзейскай танкавай арміі на пасадзе начальніка штаба танкавага батальёна вызваляў Мінск ад фашыстаў. Цяпер яму 92 гады. Але ветэран актыўна супрацоўнічае з музеем, з’яўляецца яго навуковым кансультантам“.

Навіна з Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі. Бібліятэкар аддзела абслугоўвання Кацярына Лясун распавядае, што арганізавала сустрэчу з паэтам Міхасём Скоблам і спявачкай Таццянай Грыневіч-Матафонавай. Гучалі не толькі вершы і песні. “Адбылася прэзентацыя дыска “Галасы паэтаў“, — піша Кацярына, — дзе запісана 60 беларускіх паэтаў“. Цягам чатырох гадоў запісы збірала Таццяна Грыневіч-Матафонава. На дыску гучаць галасы Якуба Коласа, Янкі Купалы, Ларысы Геніюш, Пімена Панчанкі, Наталлі Арсенневай, Анатоля Сыса, Рыгора Барадуліна, Леаніда Дранько-Майсюка, Сержука Сокалава-Воюша, Андрэя Хадановіча, Алега Мінкіна… Навіна, сапраўды, унікальная. Ад сустрэч з зоркамі і эфект — зоркавы.

Конкурс майстэрства культарганізатараў прайшоў у межах юбілейнага Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску“. Вядучы метадыст Віцебскага абласнога цэнтра народнай творчасці Андрэй Струнчанка распавядае, што мэта конкурсу — “дэманстрацыя магчымасцяў і патэнцыялу гульні, адраджэнне традыцыйнай народнай казкі“. Гран-пры атрымаў народны тэатр гульні “Лёлі“ з Браслава.

І яшчэ адно паведамленне з Віцебска. Культурна-гістарычны комплекс “Залатое кола горада Віцебска “Дзвіна“ (раней — Цэнтр народных рамёстваў і мастацтваў “Задзвінне“) сустрэў гасцей: дзіцячую школу народных рамёстваў з Архангельска. Госці прывезлі выставу “Сказ пра рамяство Рускай Поўначы“. На ёй адлюстраваны разьба па дрэве і косці, апрацоўка бяросты, лапікавае шыццё, пляценне з кораня — усяго адзінаццаць традыцыйных умельстваў. Пра гэта паведаміла малодшы навуковы супрацоўнік згаданай установы Іна Садаводава.

Загадчык Ашмянскай гарадской бібліятэкі Людміла Зарэцкая нагадвае, што “сёлета раённы цэнтр адзначае 675-годдзе“. Таму ў гарадской бібліятэцы № 1 распачаты інфармацыйныя мерапрыемствы: чытачы могуць даведацца пра гісторыю, традыцыі, эканоміку і культуру сваёй малой радзімы. Краязнаўчая гульня “Сцяжынкамі роднага краю“ прапаноўвае віртуальную вандроўку па самых цікавых мясцінах горада і ваколіц. Адна з такіх цікавостак — мемарыяльны знак на месцы гібелі бамбардзіроўшчыка “Ілья Мурамец“ падчас Першай сусветнай вайны.

“У выставачнай зале Століна працуе выстава жывапісу маладой мастачкі Надзеі Пашкевіч, — распавядае Галіна Гашчук. — Яна займаецца лірычнай абстракцыяй. Творы вылучаюцца індывідуальнасцю, нясуць інфармацыю для роздуму, вялікую энергетыку і аўтарскае асэнсаванне быцця“. Выстава адкрыта да 17 верасня.

І зноў ліст з Бярэзінскай цэнтральнай райбібліятэкі. На гэты раз ад загадчыка аддзела маркетынгу Тамары Круталевіч — аўтара праекта “Быць падлеткам — няпроста“. Гаворка ў пісьме вядзецца пра выхаванне дзіцячай душы. Бібліятэкары ўзнімаюць праблему падлеткавай жорсткасці, імкнуцца яе вырашыць пры дапамозе саміх падлеткаў. Пагадзіцеся, без узаемадаверу тут нічога не атрымаецца. Цікава, наколькі знізіўся працэнт дзіцячых правапарушэнняў у раёне пасля такіх бібліятэчных агітмарафонаў? Тамара Круталевіч пра гэта чамусьці не піша, а шкада.

Пра здароўе юнага чытача дбае і наш новы сябра Зоя Хлебнікава, бібліятэкар Лішкаўскай сельскай бібліятэкі, якая з’яўляецца філіялам Бераставіцкай раённай. “У нас быў Дзень здароўя, — піша Зоя Якаўлеўна. — Мерапрыемства праходзіла пад дэвізам “Мяняем цыгарэту на цукерку“. Запрошаны былі дарослыя (пастаянны ўзор для малечы), у тым ліку і ўчастковы Андрэй Красоўскі. Дарэчы, “К“ не раз пісала пра тое, што без сяброўства з участковым інспектарам не можа клубная ўстанова працаваць з поўнай аддачай… Дык вось, адбылося “судзебнае пасяджэнне”, дзе слухалася справа пра цыгарэту. Былі суддзя і пракурор, урач і псіхолаг. Гучала страшная статыстыка, пасля якой пракурор запрасіў для падсуднай смяротнага прысуду. Не дапамагло і апошняе слова. Але страты не адчувалася, бо ўзамен кепскай звычкі вучні атрымалі спорт, музеі ды бібліятэкі з выставамі. Не ведаю, ці зменшыцца ў Лішках колькасць курыльшчыкаў, але колькасць чытачоў тут (самі пераканаліся падчас нядаўняй камандзіроўкі) не зніжаецца, расце. Дзякуй, Зоя Якаўлеўна.

І апошні ліст. Ён — пра Дзень пажарнай службы. Спецыяліст Савецкага раённага аддзела надзвычайных сітуацый Мінска Таццяна Бычанок расказала пра гісторыю ўзнікнення на Беларусі службы, што сачыла за “вогненнымі парадкамі“ (менавіта так называліся калісьці правілы пажарнай бяспекі). Беларускай адпаведнай службе — 163 гады. За апошняе дзесяцігоддзе супрацоўнікі МНС Рэспублікі Беларусь правялі больш за 250 тысяч выратавальных аперацый, выратавалі звыш 50 тысяч чалавек. Ці не палова надзвычайных сітуацый сёння ліквідуюцца цягам 15 хвілін з моманту прыбыцця першага падраздзялення, што дазваляе знізіць агульныя эканамічныя страты. Але няхай дапамога пажарнікаў не спатрэбіцца нашым клубнікам, бібліятэкарам, музейшчыкам!

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"