Журналісцкі аўтатур газеты "Культура" / Турызм — не наша справа… А турыст — не наш аб’ект?

№ 31 (1261) 30.07.2016 - 05.08.2016 г

Свіслацкі раён яркага брэнда пакуль не мае
Мы ніколі раней не былі ў Белавежскай пушчы з яе паўночнага боку. Нам вельмі спадабалася. Пра гасціннасць Святаслава Болбата мы ўжо казалі. Па душы прыйшлося і тое, як тут за старасвецкім лесам даглядаюць. Калі дрэва ветрам паваліла, яго не чапаюць, распільваюць на чурбачкі і пакідаюць на гэтым жа месцы. Словам, робіцца ўсё, каб пакінуць прыроду максімальна некранутай, першароднай. Вось каб такое ўважлівае стаўленне — ды да нашай нацыянальнай культуры… За белавежскія вечар ды раніцу пазнаёміліся мы з даўгалыгім зайцам, велічным каршуком ды сугнеістай ліскай. Яны — неад’емная частка мясцовай фаўны, язык не павернецца назваць іх аб’ектам палявання.

/i/content/pi/cult/597/13265/10-1.jpgА Кастусь Каліноўскі — неад’емная частка мясцовай гісторыі. Нарадзіўся ў Мастаўлянах (цяпер — польскае Падляшша), у 1856 годзе скончыў Павятовую гімназію ў Свіслачы, жыў пэўны час у фальварку Якушоўка, дзе бацька меў ткацкую мануфактуру. Нам падказалі, што захаваўся падмурак будыніны. Ад Белавежы да Якушоўкі — рукой дацягнуцца. Не выкарыстаць гэты шанц і не пабываць у мясцінах, звязаных з Каліноўскім, было б недаравальным глупствам.

У пошуках крыжа

Але лёгка было дабрацца да Якушоўкі на словах. А вось на справе… На выездзе з пушчы доўга кружлялі па шашы і прасёлкавых трактах. Быццам бы тут дзесьці мэта пошукаў, а знайсці ніяк не можам. У спякотны поўдзень людзей на вясковых вуліцах няма, параіцца няма з кім. Нейкім цудам выйшла да нас кабета і вельмі талкова (відаць, не першы раз) патлумачыла, куды нам рушыць.

А мы па дарозе думалі ўслых вось пра што. Прайшло ўжо некалькі сумесных калегій міністэрстваў культуры і спорту з турызмам, але сітуацыя з апошнім не асабліва і мяняецца. Пэўнае выключэнне змогуць скласці толькі такія гістарычныя аб’екты, як Мірскі ды Нясвіжскі замкі. Прынамсі, дабрацца да іх лёгка: паўсюль дапамагаюць прыдарожныя ўказальнікі. Па дарозе на Якушоўку іх нідзе няма. А ў Свіслацкага раёна, мяркуючы па яго пушчанскім месцазнаходжанні, перспектыва — толькі турыстычная. Але наўкола нават намёк на гэта цалкам адсутнічае.

Нельга сказаць, што работнікі культуры райцэнтра нічога не робяць для піяру мясцовай гісторыі ды культуры. Але пра Свіслацкія кірмашы, баль Вінцэнта Тышкевіча і конкурс-плэнэр “Сімфонія велічы Белавежскай пушчы“ (усё гэта мы згадвалі ў мінулым артыкуле) мала хто ведае за межамі раёна і вобласці. А Кастусь Каліноўскі, як ні круці, — нацыянальны герой Беларусі. Тут бы культработнікам Свіслачы ды Вялікай Бераставіцы намаганні аб’яднаць ды стварыць агульны гучны брэнд. Думаецца, Польшча і Літва не засталіся б у баку. Аднак не, штосьці ўпарта не спрацоўвае ў грувасткім механізме ідэалагічнай дзейнасці. У выніку моладзь блытае Вінцэнта і Тадэвуша Тышкевічаў, а Каліноўскага ўвогуле не ведае. Сітуацыя, на наш погляд, недаравальная…

Людзі сюды ідуць і едуць

І вось мы — у Якушоўцы, а за ёю, напрыканцы старасвецкай алеі — падмурак, крыж, мемарыяльны камень. Мяркуючы па надпісе на камені, ўсё гэта захавана і зроблена землякамі. Крыж — дубовы, з каваным металічным аздабленнем. Побач — дарога, па якой ідзе якушоўская жанчына. Пытаемся: “Ці часта тут людзі бываюць?“ Адказвае: “Часта. І кветкі пастаянна прывозяць. Стаяць, думаюць пра штосьці“… Пра што думаюць, зразумела: пра Каліноўскага, Беларусь і сябе. Для іншых думак гэтае месца не прызначана. Вось толькі ці многія ведаюць пра яго?

Высветлілі мы і тое, што прыязджаюць у Якушоўку не аўтобусы (значыць, арганізаваных экскурсій няма), а вандроўнікі на легкавіках і роварах. Вандроўнікі, якія хочуць ведаць пра сваю радзіму ўсё. Яны таксама доўга блукаюць па наваколлі ў пошуках крыжа Каліноўскага. Сітуацыя, мякка кажучы, не зусім нармальная. Дазволім сабе паўтарыцца: зусім не пашкодзіла б карта жыццёвага шляху кіраўніка сялянскага паўстання 1863 года і выдаўца беларускай газеты “Мужыцкая праўда“. Яна, няма сумнення прыйшлася б даспадобы і вучням, і педагогам, і вандроўнікам…

“Дык няўжо Свіслацкі гісторыка-краязнаўчы музей так і не праклаў у Якушоўку экскурсійны маршрут?“ — з гэтай думкай мы і скіраваліся ў Свіслач.

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Я, шчыра кажучы, пра Якушоўку дагэтуль і не ведаў. Распавёў пра яе наш новы знаёмы з Белавежскай пушчы Святаслаў Болбат, які спіць і бачыць, каб родны Свіслацкі раён пачаў багацець. Вельмі натуральнае жаданне вельмі творчага чалавека. А ўпэўнены шлях у будучыню немагчымы без грунтоўнага ведання таго, што адбывалася на тваёй радзіме шмат гадоў таму. Банальная, але ісціна. З цікаўнасцю, да прыкладу, даведаўся, што калісьці на ўсіх вуліцах-уваходах у Свіслач былі збудаваны аркі і любы госць-купец адчуваў сябе гэткім трыумфатарам. Яшчэ і ў прадчуванні таго, што Свіслацкі кірмаш прынясе для яго немалы грашовы даход. Таму тыя кірмашы для мяне не проста канцэртная дзея, не толькі рэканструкцыя знакамітых тышкевічаўскіх баляў, але і сапраўдная агульнакарысная для прадаўцоў і пакупнікоў гандлёвая акцыя.

Прадказанне збываецца?

Настасся Пекар — музейшчык зусім малады. Працуе з 2014 года. Кіруе ўстановай упэўнена. Менавіта яна нам распавяла, што свіслацкую плошчу па загадзе Вінцэнта Тышкевіча ўпрыгожваў 20-метровы абеліск з залачоным шпілем. У час вялікіх ператрусаў (было мястэчка польскім, стала савецкім, а тут — і Вялікая Айчынная) абеліск быў зруйнаваны. А пад ім, як запэўніваюць музейшчыкі ды краязнаўцы, была знойдзена капсула са зваротам Тышкевіча да грамадзян: горад будзе жыць заможна датуль, пакуль цэлым застанецца шпіль.

Насця Пекар расказала нам, што старшыня Свіслацкага райвыканкама Уладзімір Анішчык хоча адрадзіць абеліск з залачоным шпілем. Гараджане, як мы пераканаліся, вельмі чакаюць гэтай падзеі.

Запыталіся мы ў дырэктара музея і пра галоўнае: “Ці ладзяцца экскурсіі да крыжа Каліноўскага?“ І пачулі нярадасны адмоўны адказ. Маўляў, транспарт, бензін, маўляў, дзе жадаючых знайсці, ды ліцэнзіі на перавозку людзей і на экскурсіі патрэбны… Усё так. І без рэкламы не абысціся, і без папярэдняй арганізацыйнай дзейнасці. Без гэтага вада самацёкам пад мемарыяльны камень Якушоўкі не пацячэ. Чамусьці згадаўся бібліятэчны аўтобус на 18 пасажырскіх месцаў, які стаіць у двары аддзела напагатове.

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

У Польшчы, на Падляшшы, даводзілася бываць не адзін раз. Часцей за ўсё шлях туды ляжаў праз пасёлак Пагранічны, што ў Бераставіцкім раёне. Ад яго, можна сказаць, пару крокаў і да Свіслачы, і да Вялікай Бераставіцы. Вось толькі дагэтуль тут бываць не даводзілася. Чаму? Хаця б па той прычыне, што не бачыў сэнсу ехаць туды, дзе не ведаеш якіх-кольвечы цікавостак. Цяпер — ведаю, і з задавальненнем яшчэ раз наведаю гэтыя раёны разам з сябрамі. Гэтаксама, як і многія іншыя гарады і мястэчкі краіны, у якіх мы пабывалі падчас аўтатураў: паселішчы, якія маюць вялікі патэнцыял і цудоўных людзей, ды не маюць належнай раскруткі. Апошняе выпраўляць трэба агульнымі намаганнямі.

Планы — вялізныя

“Турызм — не наша справа“, — зазначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ірына Паўлючэня, маючы на ўвазе прэрагатывы дзейнасці райвыканкамаўскага аддзела па спорце і турызме. Усё правільна, Ірына Эдуардаўна. Не першы год “К“ вядзе гаворку, што асноўны клопат работніка культуры на турыстычнай дзялянцы — культурнае забеспячэнне турызму. Ідэальны прыклад таму мы бачым, калі пад мурамі Мірскага замка наладжваюцца самыя розныя канцэрты: і класічныя, і эстрадныя. Больш-менш планавыя дзеі ладзяць работнікі культуры ў беларускіх санаторыях (адпачываючы таксама хоча быць раз-пораз калі не турыстам, дык экскурсантам — дакладна). Іншых дарэчных прыкладаў не прыгадаем. Чаму турыст не стаў аб’ектам культурнага шчыравання на аграсядзібах, у гасцінічных комплексах, у музеях, галерэях, старадаўніх маёнтках і парках? Выйсце тут, як мы разумеем, адзінае: ідэалагічную работу сярод пераліку аддзелаўскіх абавязкаў варта замяніць на турызм. Хоць штосьці тады ды зрушыцца. А прыхільнікаў ідэалагічнай падаплёкі пастараемся супакоіць: на культурнай дзялянцы работнікі бібліятэк, клубаў і музеяў займаліся, займаюцца і будуць займацца тым жа: адраджэннем і развіццём нацыянальнай традыцыі… Хіба ж гэта не ідэалогія?

Ірына Паўлючэня з намі пагаджаецца. Так, аддзел недапрацоўвае з турыстамі Белавежскай пушчы, так, трэба актывізаваць дзейнасць па стварэнні брэндаў і піяры мясцовых культурных магчымасцяў. Адзін з самых рэальных сённяшніх праектаў — адраджэнне сядзібы Вінцэнта Тышкевіча ў гарадскім парку. Маўляў, выбітная асоба вартая адпаведнай музейнай экспазіцыі. Мы згодныя з такой пастаноўкай справы: шмат музеяў у горадзе не бывае.

Кнігі-цацкі, кнігі-плэеры…

Задача любой публічнай бібліятэкі — прапанаваць чытачу неабходную літаратуру. Але не хочацца выпускаць з поля зроку яшчэ адзін немалаважны момант, які прываблівае чытача: утульнасць установы, узведзеную ў ранг рэкламы. Як з першым, так і з другім праблем у Поразаўскай бібліятэцы-цэнтры краязнаўства няма. І гэта не выпадкова, а планава. Па словах загадчыка ўстановы Ірыны Сарай, бібліятэка пераехала ў новы будынак у 2011 годзе. Планіроўка памяшканняў, іх напаўненне адбываліся з улікам бібліятэкарскіх патрабаванняў. Таму маюцца тут гульнёвая прастора для дзяцей з кнігамі-цацкамі і кнігамі-плэерамі. А іх могуць дазволіць сабе набыць далёка не ўсе бацькі.

Апошнім часам бібліятэкары ўшчыльную займаюцца краязнаўствам: даследуюць гісторыю і традыцыі мясцовага ганчарства, росквіт якога прыйшоўся на пачатак мінулага стагоддзя. На жаль, сёння гэтая традыцыя ў Поразаве перапынілася. Але Ірына Уладзіміраўна, рупліва збіраючы ў сваёй установе ўзоры старадаўняй керамікі, у тым ліку славутага поразаўскага майстра Шопіка, не губляе надзеі на адраджэнне.

Ушаноўваюць тут і землякоў. Сярод іх — кампазітар Яўген Паплаўскі (падарыў установе свае кнігі, дыскі), алімпійская чэмпіёнка Яніна Карольчык, бард Віктар Шалкевіч, дзякуючы якому некалькі гадоў таму ў Поразаве адбылася незабыўная сустрэча з Рыгорам Барадуліным. Рэдка ў якую сельскую бібліятэку прыязджаюць зоркі. Мы гэта вельмі ацанілі.

Яшчэ адзін фестываль

І апошні акорд нашай свіслацкай сімфоніі. Неблагі прыклад праектнай дзейнасці мы знайшлі ў Поразаўскім сектары культуры і вольнага часу, якім кіруе Алена Андрушко. Тут сёлета адбудзецца абласны фестываль польскай песні. Старшыня мясцовага сельскага выканкама Віктар Акудовіч кажа: “І грант адпаведны выйгралі. У мясцовым парку цяпер вядуцца работы па ўладкаванні летняга амфітэатра, дарожак, дзіцячай пляцоўкі…”

Мы ўжо і Поразава, падаецца, праехалі. Але з-за купін, з-за алей убачылі незвычайную сядзібу, нейкі драўляны цуд. Аказваецца, называецца сядзіба “Багудзенкі“. Жыў тут пан, потым былі бальніца з паліклінікай. А ў 2011 годзе, як паведамілі мясцовыя жыхары, драўляны цуд выкупілі, падаецца, французы. Узімку прыязджалі на паляванне. Але на забудове сярэдзіны XIX стагоддзя няма ніякіх работ па адраджэнні ці рамонце. Дрэва паступова гніе. Прыкра: гэта ж яшчэ адзін турыстычны аб’ект для будучага турыстычнага раёна.

На выедзе з раёна напаткалі ля шашы і наведалі карчму аграсядзібы “У Рыся“. Сын гаспадара, блытаючы польскія і беларускія словы, пачаставаў нас за нашы грошы лідскім квасам і распавёў, што гаспадарка ў іх з бацькам — вялікая, некалькі гасцінічных забудоў, нават ёсць імправізаваны карабель ля берага рачулкі, гасцей шмат, але канцэртаў і гістарычных тэатралізацый пакуль няма. Дый ці трэба? Мы потым доўга спрачаліся, хто павінен адказаць на гэтае пытанне: міністэрства спорту і турызму, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, вандроўнікі ці Рысь-гаспадар?

(Не)лірычнае агульнае заканчэнне

Так, у Свіслач хочацца прыехаць яшчэ раз. Скіравацца праз аркі да залачонага шпіля, набыць на кірмашы поразаўскую кераміку, пагаварыць са шматлікімі турыстамі пра бясконцую прыгажосць Белавежы і мясцовых людзей. Як вы думаеце, ці атрымаецца гэта ў нас неўзабаве?

Мінск — Ваўкавыскі, Бераставіцкі і Свіслацкі раёны Гродзеншчыны — Мінск 

Фота аўтараў

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"