FIMU: пра музыку і не толькі

№ 31 (1261) 30.07.2016 - 05.08.2016 г

Сёлета ў французскім горадзе Бэльфоры адбыўся юбілейны ХХХ Міжнародны музычны фестываль моладзі (FIMU). Якія ўражанні ён пакінуў? Што цікавага на ім магло б быць карысным для нашага фестывальнага руху?

/i/content/pi/cult/597/13262/13-2.jpgГарадская поліфанія

Горад Бэльфор — не такі ўжо вялікі, але з багатай гісторыяй. Апошняе 30-годдзе ягоны старадаўні цэнтр значна амалоджваецца — не за кошт будаўніцкіх “наваробак”, а дзякуючы маладзёжнаму музычнаму фестывалю. У час яго правядзення горад віруе. З 14-ці сцэнічных пляцовак, палова якіх пад адкрытым небам, амаль без перапынку ліецца музыка. Ледзь завяршае выступленне адзін калектыў, як яго месца займае новы. І так — з абеду да гадзіны ночы. Усе канцэрты — бясплатныя: не толькі вулічныя, але і тыя, што праходзяць у залах.

Асаблівасці старадаўняй гарадской архітэктуры ў тым, што ніводная з адкрытых пляцовак, нягледзячы на іх геаграфічную блізкасць, не перашкаджае астатнім. І гараджанам таксама! Найбольш гучныя знаходзяцца ў нежылым раёне, ва ўстановах гэтыя тры дні — выхадныя. Так што поліфанія бывае хіба “на адлегласці”. Дый час канцэртаў спланаваны так, каб пры жаданні можна было паслухаць, хаця б пакрысе, усе калектывы — тым больш, што некаторыя з іх выступаюць двойчы.

Ахоп стылёва-жанравых кірункаў — неверагодны: класіка, фольк, джаз, рок, авангардная акадэмічная музыка, эстрадныя навінкі. Хочаш ці не, а міжволі пачынаеш параўноўваць FIMU з нашым “Славянскім базарам у Віцебску”. Тым больш, што фестываль у Бэльфоры таксама “перарастае” адведзеныя яму “афіцыйныя” дні, маючы канцэртную прэамбулу ў дзень напярэдадні.

Вырашыўшы стаць самым адданым слухачом і перабягаць з канцэрта на канцэрт, не загаладаеш: ежа ды напоі прадаюцца паўсюль. А вось з сувенірамі — складаней: можна знайсці хіба шклянкі з цвёрдага пластыку, упрыгожаныя фестывальнай эмблемай. Дый тое — прыдбаць іх разам з напоем. Фірменныя футболкі прадаваліся толькі ў адным месцы, прычым абмежаваны час. Так што можна толькі ганарыцца нашымі народнымі майстрамі, якія з’язджаюцца на згаданы “Славянскі базар” ды іншыя святы з усіх куткоў рэспублікі, складаючы адметнасць фестывальнага руху ў Беларусі.

Раз пляцоўка, два пляцоўка…

Усе залы на FIMU — розныя. Самая вялікая — тэатр “Граніт” у тры ярусы. Акустыка, як і ва ўсіх падобных старадаўніх будынках, неверагодная. Галёркі ў поўным сэнсе гэтага слова папросту няма: з любога месца ў зале бачна ўся сцэна цалкам (праверана на ўласным вопыце). Дарэчы, сваёй трупы ў тэатры няма: будынак выкарыстоўваецца для самых разнастайных праектаў — найперш, вядома, тэатральных.

Вялікая зала сучаснага гатэля “Atria”, наадварот, хутчэй нагадвае нейкі ангар. Акустыка — здавалася б, увогуле непрыдатная: нават простая аб’яўка нумароў рэхам адскоквае ад шкляных сцен і столі. Але ж духавы аркестр, да прыкладу, тут гучыць добра. Нават больш — некаторыя недахопы выканання, як ні дзіўна, такой акустыкай “прыхоўваюцца”. Для аркестравых выступленняў задзейнічана і канферэнц-зала таго ж гатэля — утульная, на паўсотні месцаў, з вялікай сцэнай і добрай акустыкай.

Цэнтр харэаграфіі ідэальна падыходзіць для паказаў мадэрн-балета і пластычных пастановак: увесь пакой, даволі прасторны, уяўляе з сябе так званы “чорны кабінет” з добрым падлогавым пакрыццём. Глядацкая частка — таксама асаблівая: замест звыклых крэслаў — нізенькія пуфікі. І вялікая адлегласць між радамі, каб танцоўшчыкі-гледачы (а іх тут бывае багата) маглі выцягнуць стомленыя репетыцыямі ногі. Менавіта ў гэтай зале праходзілі фестывальныя канцэрты “новай музыкі”, уключаючы электронную.

На плошчы перад будынкам мэрыі — сцэна “Kiosque”. Па сутнасці, гэта проста старадаўняя альтанка, дзе можа змясціцца толькі ансамбль з некалькіх чалавек. Збоку — кафедральны сабор, дзе таксама ладзіцца шэраг канцэртаў, прычым не толькі класічнай, але і этнічнай музыкі.

Усе астатнія пляцоўкі — адкрытыя, усталёўваюцца менавіта да фестывалю.

Як патрапіць на канцэрт?

Па горадзе — ніякіх плакатаў-“расцяжак”. Ніякіх звыклых папяровых афіш. Хіба некалькі вялізных выяў фестывальнай эмблемы. Затое паўсюль па цэнтры горада, у фае любой фестывальнай залы — раздрукаваныя асобнікі ўсёй фестывальнай праграмы.

Маленькая кніжачка, што можа змясціцца ў кішэні, лёгка разгортваецца ў суцэльную “прасціну”. У ёй — максімум самага неабходнага: дзе і якія канцэрты, карта, па якой добра арыентавацца, пазначаныя месцы аўта- і веластаянак, іншая карысная інфармацыя. Уласна праграма ўяўляе з сябе яркую мазаіку з рознакаляровых квадрацікаў. Зверху ўніз у гэтым графіку — маленькія выявы ўсіх 14-ці фестывальных пляцовак. Злева направа — расклад па гадзінах. На скрыжаванні — квадрацікі-канцэрты, на кожным пазначаны калектыў. А колер азначае намінацыю. Проста — і вельмі зручна.

Вакол адкрытых сцэн — ніякай агароджы. Пры ўваходзе ў залы просяць паказаць сумкі і заплечнікі: не дазваляюць праносіць спіртное, уключаючы піва. Чаргу прапускаюць паступова, кожную частку слухачоў, увайшоўшых у той жа тэатр “Граніт”, валанцёры праводзяць да месца, планамерна запаўняючы ўсю залу. Калі месцаў больш не засталося, вешаюць на дзверы адпаведную шыльдачку. Хтосьці, убачыўшы аб’яву, рушыць на іншы канцэрт. А хтосьці застаецца: на месцы тых, хто сыходзіць пасля якога-небудзь нумару, запрашаюць чарговых жадаючых. Робіцца гэта вельмі проста: у кожнага з валанцёраў — перагаворны прыбор, па якім ён атрымлівае інфармацыю пра наяўнасць вольных месцаў.

У іншых залах дазваляюць і стаяць, і на падлозе сядзець, і дзяцей у калясках правозіць, не гаворачы ўжо пра немаўлят на руках у бацькоў. Усё адбываецца вельмі арганізавана, канцэрты пачынаюцца строга па графіку. Таму публіка імкнецца заняць чаргу задоўга да пачатку, каб паспець трапіць у залу.

Спадар дырэктар, дзе змясціць удзельнікаў?

Штаб фестывалю — адзін пакойчык у будынку і некалькі палатак, разбітых на вуліцы. Прыехаўшы, удзельнікі атрымліваюць тут усю інфармацыю, прымацоўваюць бэйджыкі. Яшчэ і кавай можна пачаставацца — акурат як на “Славянскім базары ў Віцебску”, толькі ў больш “паходных” умовах. У гэткай цалкам дэмакратычнай абстаноўцы аказваецца зусім няцяжка знайсці дырэктара фестывалю — дакладней, аднаго з чатырох, якія замяняюць адзін аднаго, ажыццяўляючы, такім чынам, амаль пастаяннае “дзяжурства”.

Удзельнікаў FIMU рассяляюць не толькі ў Бэльфоры, але і ў наваколлі. Да прыкладу, вялікія вучнёўска-студэнцкія калектывы з Беларусі і Украіны, якія прыехалі на сваіх аўтобусах, жылі ў спарткомплексе ў паўгадзіне язды да фестывальных пляцовак. А вось сталуюцца ўсе ўдзельнікі разам — у гатэлі “Atria”. Як такое магчыма? Вельмі проста. Па-першае, усе калектывы размеркаваны па часе, каб не было “то густа, а то пуста”. Па-другое, абсалютна ўсё, у тым ліку гарачыя стравы, расфасавана па мерных упакоўках. Ніякага мыцця посуду — толькі аднаразовыя прыборы. Бярэш з прапанаванага штосьці на выбар — і за сталы: простыя, доўгія, з драўлянымі лавамі, як на нашых традыцыйных вясковых урачыстасцях. Вядома, на фэсце з сусветнымі зоркамі такое “не пракаціць”, але FIMU, нагадаю, маладзёжны.

Леў іграў на кантрабасе

Уволю пабегаўшы па канцэртах, я раптам задумалася: а ці спрабаваў які-небудзь дрэсіроўшчык даць ільву кантрабас і навучыць яго дзерці лапай струны? Натхніла мяне на такую ідэю найперш фестывальная эмблема — выява льва, які іграе на кантрабасе. Леў — сімвал Бэльфора. Ягоны вялізны высечены з камення “партрэт”, які ўпрыгожвае старадаўнюю цытадэль, глядзіць акурат на джазавую сцэну. Але справа не толькі ў гэтым.

Прафесійны ўзровень многіх удзельнікаў фэсту не надта, па нашых мерках, высокі. А ў некаторых і ўвогуле “ільвіны” (у вышэй апісаным сэнсе). Бо ў FIMU удзельнічаюць не толькі суперадораныя дзеці-вундэркінды, не толькі будучыя спецыялісты — навучэнцы профільных музычных устаноў, але і так званыя “чыстыя аматары” — студэнты і працоўная моладзь. Занятыя зусім у іншых сферах дзейнасці, яны музіцыруюць выключна па поклічы душы ў вольны ад вучобы і працы час. І пры гэтым — з такім натхненнем ды апантанасцю, што можна пазайздросціць!

Тым не менш, і для знаўцаў такі фестываль дае шмат новага ды цікавага: знаёмства з невядомай раней музыкай, фальклорам, традыцыйнымі інструментамі розных краін. У ансамбля з Калумбіі, да прыкладу, аказаўся музычны інструмент, які здаецца гэткай сумессю беларускіх і венгерскіх цымбалаў.

Адметную праграму паказалі прадстаўнікі Індыі. Кампазіцыі сямейнага ансамбля (маці, бацька і маленькі хлопчык) уяўлялі сабой штосьці накшталт “варыяцый рытма” на нязменную мелодыю. Тэма, дарэчы, складалася быццам імправізацыйна: жанчына патроху намацвала яе голасам, мужчына з хлопчыкам, рэагуючы на прапанаваныя ёй меладычныя ходы, адбіралі лепшыя — на нашых вачах нараджалася тая нязменная аснова, якая пры кожным паўторы “апраналася” ва ўсё новыя па рытмаформулах адзенні. І ніякіх выбітных па тэмбры ўдарных інструментаў! Толькі бонгі — і голас, уключаючы такое майстэрства вымаўлення асобных слоў-складоў-гукаў, побач з якім блякне самы выкшталцоны рэп.

“Свая кашуля”

Бадай, адно з самых галоўных адрозненняў нашых фестываляў ад FIMU — стаўленне публікі да сваіх і гасцей. Кожны з канцэртаў у Бэльфоры збірае шмат слухачоў. Ды ўсё ж, як для нас гэта ні дзіўна, а выступленні французскіх калектываў выклікаюць папраўдзе неверагодную цікавасць. На кожным, незалежна ад намінацыі і ўзроўню — перааншлагі. На “гасцявых” канцэртах публіка звычайна “мігрыруе”: прыходзіць, крыху паслухае — ды рушыць далей, на іншую пляцоўку. На французскіх — ніхто не сыходзіць, хіба ўдзельнікі гасцявых калектываў, якіх няцяжка пазнаць па бэйджыках. У нас, не трэба тлумачыць, усё наадварот. Так што патрыятызму ў французаў нам яшчэ вучыцца ды вучыцца.

Павучыцца можна і сэканд-хэнду “наадварот”. Мы часам смяемся самі з сябе, што не можам выкінуць старыя рэчы, хаваючы іх “на ўсялякі выпадак” у лоджыі-падвале-павеці-шафе. Французы, як высветлілася, таксама “берагуць” сапсаваныя хатнія прынады, толькі для іншых мэтаў: робяць з іх адмысловыя кветнікі-інсталяцыі пасярод горада, прычым “тэматычныя”. На адным — старыя патэльні-каструлі, у якіх замест ежы — краскі. На іншых пасярод раслін — бочкі, вілы-грэблі, быццам куточак кветніка, кухонныя палічкі са слоікамі-гаршчэчкамі, імітацыя нарыхтовак на зіму. Гэтае імкненне зрабіць свой куточак адметным ёсць і ў нас. Ды звычайна мы лічым, што зрабіць штосьці адмысловае можна толькі за вялікія грошы. У французаў, як бачыце, іншае стаўленне да дызайну.

А яшчэ — да раслін. Побач з некаторымі дрэвамі ды кветкамі — шыльдачкі, як у Батанічным садзе. Французы ганарацца ўсім сваім — і правільна робяць. А мы?..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"