Музей-карабель, або Вандроўка па 12 прычалах

№ 31 (1261) 30.07.2016 - 05.08.2016 г

Cтарадаўняя Тора, каменны крыж і бронзавы складзень: колькі словаў пра новую ўстанову культуры Верхнядзвінска
Паплыць на караблі па рацэ Дрысе ці схадзіць у мясцовы музей? Прыпыняцца на рачных прычалах ці слухаць расповед экскурсавода? Паглядаць на навакольныя краявіды ці ўзірацца ў вялікія фотаздымкі, што экспануюцца ў музейных залах? У Верхнядзвінску на гэтыя пытанні адказ даўно вядомы: выбар мясцовых жыхароў — за новай установай культуры горада, якая працуе тут амаль год.

/i/content/pi/cult/597/13261/13-1.jpgАд задумы да адкрыцця

Музей у Верхнядзвінску афіцыйна адкрыўся яшчэ напачатку верасня мінулага года, і калі сказаць, што ўстанову культуры ў горадзе чакалі доўга — гэта не сказаць нічога. Планы на гэты конт у мясцовых уладаў былі і пяць, і дзесяць гадоў таму, пра што і ў “К” згадвалася неаднаразова. Але толькі ў 2009 годзе справа зрушылася з месца: як кажа начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі мясцовага райвыканкама Надзея Масквічова, менавіта ў той час пад музей быў перададзены гістарычны будынак канца XIX стагоддзя, што знаходзіцца ў цэнтры горада, і дзе да той пары месціўся народны раённы суд.

— Цягам усіх гэтых гадоў у будынку ладзіўся рамонт, які, на жаль, часам перапыняўся з-за адсутнасці фінансавання, — адзначыла Надзея Масквічова. — Потым доўгі час ішла праца па распрацоўцы навуковай і мастацкай канцэпцыі новага музея. І толькі летась нам удалося нарэшце адкрыць установу культуры. На рамонтныя работы і стварэнне музейнай экспазіцыі пайшло прыкладна два з паловай мільярды рублёў.

Першымі новую ўстанову культуры наведалі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны — спецыяльна для іх музей адчыніў свае дзверы 9 мая мінулага года. Пасля гэтага музейшчыкі працавалі ў тэставым рэжыме, а ўжо з 1 верасня 2015-га Верхнядзвінскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей распачаў сваё афіцыйнае існаванне.

Экспанаты для будучага раённага музея збіралі, што называецца, усім мірам і краязнаўцы-энтузіясты, і школьныя настаўнікі, і проста неабыякавыя да гісторыі свайго горада і раёна людзі... Цяпер тут можна пабачыць прылады працы каменнага і жалезнага веку, арабскія дырхемы X стагоддзя, сярэбраныя манеты Вялікага Княства Літоўскага і часоў Іаана Грознага, а таксама праваслаўныя старадаўнія крыжы і складні ды нават яўрэйскую Тору. Яна тут, да слова, апынулася невыпадкова: доўгі час Дрыса (цяперашні Верхнядзвінск) была яўрэйскім мястэчкам, і нават у музейным будынку, пабудаваным больш за 120 гадоў таму, калісь жыў і працаваў вядомы ў наваколлі яўрэй-шавец са сваёй сям’ёй...

Вандроўка ў мінулае

Экспанаты — экспанатамі, але не меншую цікавасць выклікае і музейная канцэпцыя. Наведвальнікі з дапамогай экскурсавода фактычна не ходзяць па залах установы культуры, а “плывуць-вандруюць” па рацэ Дрысе ды навакольных рачулках.

— Ідэя такая: гісторыя кожнага населенага пункта падаецца ў музеі з улікам знаходжання яго на берагах той або іншай рэчкі, — кажа дырэктар Верхнядзвінскага гісторыка-краязнаўчага музея Маргарыта Бембель. — І гісторыя гэтая трансфармуецца ад старажытнасці да нашых дзён, а своеасаблівым гідам з’яўляюцца рэкі ды ручаіны Верхнядзвіншчыны…

Усяго ў музеі месцяцца 12 такіх прычалаў. Скажам, прычалы “Рагнеды” і “Дрысы”, “Росіцы” і “Сар’і”… Усе гэтыя назвы — невыпадковыя.

 — На маю думку, кожны музей павінен быць арыгінальным, — кажа кіраўнік рабочай групы па стварэнні музея, навуковы супрацоўнік, гісторык-краязнаўца Антон Бубала. — Таму мы вырашылі адысці ад класічнага варыянту музейнай экспазіцыі (зала археалогіі, прыроды, Вялікай Айчыннай вайны і гэтак далей) і прапаноўваем наведвальнікам адразу выправіцца ў своеасаблівую вандроўку ад вытокаў ракі Дрысы да яе вусця.

Кожны прыпынак, па словах суразмоўцы, — гэта нейкае значнае паселішча раёна або цікавы гістарычны аб’ект.

— Напрыклад, пачынаем мы ад кургана Рагнеды, дзе, паводле некаторых паданняў, пахаваная вядомая полацкая княжна і ўсталяваны каменны крыж, — кажа Антон Бубала. — На прычале “Росіца” прыгадваем трагічныя старонкі Вялікай Айчыннай вайны, на прычале “Сар’я” паказваем прыгажосць мясцовага храму, пабудаванага ў стылі неаготыкі, а на “Асвеі” дэманструем рэшткі былых графскіх уладанняў — палацава-паркавай рэзідэнцыі роду Гільзенаў і Шадурскіх. Такім чынам, звяртаем увагу на брэнды той або іншай мясцовасці, што нашмат больш цікава для наведвальнікаў, чым проста россып нейкіх гістарычных фактаў.

Што і казаць, увага музейшчыкаў Верхнядзвінска да брэндаў, тым больш мясцовага і вясковага ўзроўню, не можа не радаваць: менавіта такі падыход і дазваляе прыцягнуць увагу турыстаў, спешчаных турэцкім ці іспанскім сонцам, да цікавостак роднай зямлі. З вопыту камандзіровачных выездаў магу сказаць, што так паступова пачынаюць рабіць і ў іншых раёнах Беларусі. Так што трэнд да брэндавасці ў айчынных музейшчыкаў сёння — навідавоку.

Планы і перспектывы

Па словах Антона Бубалы, час ад часу іхнія калекцыі працягваюць папаўняцца новымі экспанатамі. Тымі ж арабскімі дырхемамі, рытуальнымі нажамі і сякерамі жалезнага веку, старадаўнімі жаночымі ўпрыгожваннямі, іконамі, бронзавымі крыжамі ды нават планам генеральнага межавання горада Дрыса 1780 года… Ды і самі музейшчыкі не спяць у шапку: плануюць у хуткім часе арганізаваць раскопкі на замчышчы Сокал разам з Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук ды папоўніць сваю калекцыя выяўленымі артэфактамі. Так што ў будучыні “плаваць” па віртуальнай музейнай Дрысе ды “спыняцца” на яе шматлікіх прычалах будзе яшчэ больш цікава…

Яшчэ адной “знаходкай” — праўда, ужо не на раскопках, а ў самім музеі, — сталася для ўстановы культуры сёлетняя музейная Ноч, у якой прынялі ўдзел не толькі самі музейшчыкі, а і супрацоўнікі раённага Дома рамёстваў ды мясцовай школы мастацтваў. Падчас традыцыйнай міжнароднай акцыі ладзіліся выступленні дзіцячых калектываў, флэш-мобы і квэсты, майстар-класы і выставы майстроў народнай творчасці. Як кажа Маргарыта Бембель, іхняя акцыя зацікавіла многіх жыхароў горада, таму падобны крэатыў у музеі плануецца ладзіць як мага часцей…

З больш аддаленых планаў — усталяванне ў музеі найноўшага тэхнічнага абсталявання, аўдыягідаў, QR-кодаў ды размяшчэнне салона-крамы па продажы сувенірнай прадукцыі. Маргарыта Бембель сама з’яўляецца спецыялістам у сферы турызму (скончыла адпаведны факультэт у Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце), таму і без маіх тлумачэнняў адзначыла, што сувеніры ў яе ўстанове ў хуткім часе павінны быць прадстаўлены ў як мага большай колькасці. Ды і план платных паслуг, натуральна, для музейшчыкаў ніхто не адмяняў…

Дадам, што сама Маргарыта Бембель працуе на сваёй пасадзе толькі з красавіка бягучага года, таму многіх сваіх планаў ажыццявіць яшчэ проста не паспела. Пра ўсе свае рэалізаваныя крэатыўныя праекты дырэктар музея паабяцала інфармаваць “К”. Іншая справа, што затрымаць на гэтым месцы маладога і перспектыўнага спецыяліста, чыя праца, як вядома, у сферы культуры не надта добра сёння аплачваецца, будзе, на мой погляд, досыць складана. Праўда, як адзначыла Надзея Масквічова, яна будзе прыкладаць усе намаганні, каб Маргарыта Бембель засталася на сваёй пасадзе як мага даўжэй, аказваючы ёй дапамогу як у арганізатарскім, так і ў фінансавым плане, сыходзячы, натуральна, з наяўных магчымасцяў аддзела. Але ж, як кажуць, сэрцу не загадаеш: прынамсі, на мой запыт аб змене працы, дырэктар музея мне нічога не адказала. Так што пытанне пра тое, ці зменіцца кіраўнік музея ў Верхнядзвінску праз год або два, застаецца пакуль што адкрытым.

Мінск — Вернядзвінск — Мінск

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"