ПАЛАЖЭННЕ аб прысуджэнні заахвочванняў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі

№ 17 (835) 26.04.2008 - 02.05.2008 г

Кіраўніком дзяржавы быў падпісаны Указ “Аб некаторых пытаннях дзейнасці спецыяльных фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”.

Раздзел 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1. Дадзеным Палажэннем вызначаюцца ўмовы і парадак прысуджэння заахвочванняў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі (далей — фонд) навучэнцам устаноў пазашкольнага выхавання і навучання, агульнаадукцыйных устаноў, устаноў, што забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі (далей — навучэнцы), студэнтам (курсантам, навучэнцам) вышэйшых навучальных устаноў (далей — студэнты), аспірантам (ад’юнктам), маладым дзеячам культуры і мастацтва, педагагічным работнікам (далей — прадстаўнікі моладзі, калі не вызначана іншае), калектывам мастацкай творчасці (далей — калектывы), якія дасягнулі высокіх вынікаў у творчай, культурна-асветніцкай, навуковай, педагагічнай дзейнасці.
2. Заахвочванні фонду прысуджаюцца:прадстаўнікам моладзі ва ўзросце да 31 года, якія з’яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь;
калектывам (узрост удзельнікаў — да 31 года), пры гэтым не ўлічваецца ўзрост педагагічных і іншых работнікаў, якія ажыццяўляюць кіраўніцтва дадзеным калектывам і забеспячэнне ягонай дзейнасці.
Заахвочванні фонду прысуджаюцца прадстаўнікам моладзі і калектывам, указаным у частцы першай дадзенага пункта, якія маюць творчыя дасягненні ў галіне: музычнага мастацтва; тэатральнага мастацтва; харэаграфічнага мастацтва; кінамастацтва; выяўленчага мастацтва; эстраднага мастацтва; цыркавога мастацтва; дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва; фотамастацтва; народнай творчасці; дызайну; архітэктуры; мастацкай літаратуры; журналістыкі; радыё і тэлебачання; крытыкі і мастацтвазнаўства.
3. Да прадстаўнікоў моладзі і калектываў, указаных у частцы першай пункта 2 дадзенага Палажэння, дадаткова прад’яўляюцца наступныя патрабаванні:
навучэнцы, студэнты павінны быць пераможцамі і (ці) прызёрамі фестываляў, конкурсаў, выставак, пленэраў ці іншых творчых спаборніцтваў (далей — мастацка-творчыя спаборніцтвы) міжнароднага і (ці) рэспубліканскага ўзроўню, аўтарамі значных навукова-даследчых распрацовак у сферы культуры і мастацтва, мець добрую паспяховасць (не ніжэй за 6 балаў) і прыкладныя паводзіны, прымаць удзел у грамадскім жыцці;
аспіранты (ад’юнкты), маладыя дзеячы культуры і мастацтва, педагагічныя работнікі павінны быць пераможцамі і (ці) прызёрамі міжнародных і (ці) рэспубліканскіх мастацка-творчых спаборніцтваў, мець высокія паказчыкі ў творчай, навуковай, педагагічнай дзейнасці, прымаць удзел у грамадскім жыцці; калектывы павінны быць пераможцамі і (ці) прызёрамі міжнародных і (ці) рэспубліканскіх мастацка-творчых спаборніцтваў.
Для прысуджэння заахвочванняў фонду ўлічваюцца вынікі дзейнасці суіскальнікаў на працягу двух гадоў, што папярэднічаюць вылучэнню на заахвочванне. Заахвочванні фонду могуць прысуджацца паўторна, але не часцей, чым адзін раз на год.

Раздзел 2
ВІДЫ ЗААХВОЧВАННЯЎ І ЎМОВЫ ІХ ПРЫСУДЖЭННЯ
4. Устанаўліваюцца наступныя віды заахвочванняў фонду: гранд-прэміі; стыпендыі; прэміі; заахвочвальныя прэміі; матэрыяльная дапамога; гранты.
5. Асобам, якім па рашэнні савета фонду прысуджаюцца заахвочванні фонду, уручаецца пасведчанне фонду, зробленае па форме згодна з дадаткам (далей — пасведчанне).
Бланк пасведчання з’яўляецца бланкам строгай адказнасці. Пасведчанне падпісваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
6. Гранд-прэміі фонду прысуджаюцца прадстаўнікам моладзі, калектывам-пераможцам міжнародных мастацка-творчых спаборніцтваў (Гран-пры, першае, другое, трэцяе месцы). Адначасова з прысуджэннем Гранд-прэміі надаецца званне лаўрэата фонду і ўручаюцца нагрудны знак “Лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі” і пасведчанне да яго.
Лаўрэаты фонду карыстаюцца льготамі, прадугледжанымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь. Ільготы для лаўрэатаў фонду не распаўсюджваюцца на членаў калектываў, удастоеных гэтага звання.
Міжнародныя мастацка-творчыя спаборніцтвы, як правіла, павінны адпавядаць наступным крытэрыям:
удзел прадстаўнікоў не менш чым пяці дзяржаў (акрамя краіны-арганізатара);
правядзенне мастацка-творчага спаборніцтва не менш чым у два туры (шляхам папярэдняга адбору, конкурсных этапаў ці іншых адборачных працэдур);
высокі творчы ўзровень, аўтарытэт і грамадскаепрызнанне мастацка-творчага спаборніцтва (у тым ліку неаднаразовасць правядзення, уключэнне ў склад журы вядомых дзеячаў культуры і мастацтва).
Гранд-прэміі фонду прысуджаюцца таксама прадстаўнікам моладзі, калектывам-пераможцам і (ці) прызёрам адкрытых нацыянальных (дзяржаўных) і (ці) міждзяржаўных мастацка-творчых спаборніцтваў, якія адпавядаюць указаным у частцы трэцяй дадзенага пункта крытэрыям.
З улікам узроўню творчых дасягненняў устанаўліваюцца Гранд-прэміі фонду ў наступных памерах: прадстаўнікі моладзі — 60 — 70 базавых велічынь; калектывы — 90 — 100 базавых велічынь.
7. Стыпендыі фонду прысуджаюцца навучэнцам, студэнтам, аспірантам (ад’юнктам) — пераможцам рэспубліканскіх мастацка-творчых спаборніцтваў (Гран-пры, першае, другое, трэцяе месцы), якія працягваюць вучобу, на тэрмін да аднаго каляндарнага года. Адначасова з прысуджэннем стыпендыі надаецца званне стыпендыята фонду.
Прэміі фонду прысуджаюцца навучэнцам, студэнтам, аспірантам (ад’юнктам), якія з’яўляюцца ў бягучым годзе выпускнікамі ўстаноў адукацыі, а таксама маладым дзеячам культуры і мастацтва, педагагічным работнікам, калектывам — пераможцам рэспубліканскіх мастацка-творчых спаборніцтваў (Гран-пры, першае, другое, трэцяе месцы). Адначасова з прысуджэннем прэміі надаецца званне дыпламанта фонду.
Рэспубліканскія мастацка-творчыя спаборніцтвы, пераможцам якіх прысуджаюцца стыпендыі і прэміі фонду, павінны адпавядаць наступным крытэрыям:удзел прадстаўнікоў усіх ці большасці абласцей Рэспублікі Беларусь і г. Мінска;
правядзенне мастацка-творчага спаборніцтва па рашэнні (даручэнні) Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама, Міністэрства культуры ці па рашэнні іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, іншых арганізацый, узгодненым з Міністэрствам культуры;
правядзенне мастацка-творчага спаборніцтва не менш чым у два туры (шляхам папярэдняга адбору, конкурсных этапаў ці іншых адборачных працэдур);
высокі творчы ўзровень, аўтарытэт і грамадскае прызнанне мастацка-творчага спаборніцтва (у тым ліку неаднаразовасць правядзення, уключэнне ў склад журы вядомых дзеячаў культуры і мастацтва і прызначэнне старшынёй асобы, што мае ганаровае званне альбо навуковую ступень).
Заахвочванні фонду, прадугледжаныя ў частках першай і другой дадзенага пункта, прысуджаюцца таксама прадстаўнікам моладзі, калектывам — пераможцам і прызёрам мастацка-творчых спаборніцтваў Саюзнай дзяржавы, іншых дзяржаў пры ўмове адпаведнасці іх творчых дасягненняў патрабаванням, што прад’яўляюцца да пераможцаў і прызёраў рэспубліканскіх мастацка-творчых спаборніцтваў.
Для стыпендыятаў фонду ўстанаўліваюцца стыпендыі ў наступных памерах: першая ўзроставая катэгорыя (да 16 гадоў) — 3 базавыя велічыні; другая ўзроставая катэгорыя (ад 16 да 20 гадоў) — 4 базавыя велічыні; трэцяя ўзроставая катэгорыя (ад 20 гадоў да 31 года) — 5 базавых велічынь.

Для дыпламантаў фонду з улікам узроўню творчых дасягненняў устанаўліваюцца прэміі ў наступных памерах: прадстаўнікі моладзі — 15 — 25 базавых велічынь; калектывы — 45 — 55 базавых велічынь.

8. Заахвочвальныя прэміі фонду прысуджаюцца прадстаўнікам моладзі і калектывам, якія паказалі на міжнародных і (ці) нацыянальных (рэспубліканскіх) мастацка-творчых спаборніцтвах высокае творчае майстэрства і (ці) былі адзначаны спецыяльнымі дыпломамі, прызамі і іншымі ўзнагародамі.
Заахвочвальныя прэміі фонду ўстанаўліваюцца ў наступных памерах для: прадстаўнікоў моладзі — 15 базавых велічынь; калектываў — 30 базавых велічынь.
. Матэрыяльная дапамога ў памеры 10 базавых велічынь аказваецца навучэнцам і студэнтам, якія маюць добрую паспяховасць (не
ніжэй за 6 балаў), вылучаюцца прыкладнымі паводзінамі і актыўна прымаюць удзел у міжнародных, рэспубліканскіх і (ці) рэгіянальных мастацка-творчых мерапрыемствах, значных навукова-даследчых распрацоўках у сферы культуры і мастацтва.
Матэрыяльная дапамога ў першую чаргу аказваецца навучэнцам і студэнтам-сіротам, што засталіся без апекі бацькоў, выхаванцам дзіцячых дамоў і школ-інтэрнатаў, выхадцам са шматдзетных і няпоўных сем’яў, асобам, што пражываюць у раёнах, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
10. Гранты прысуджаюцца для ажыццяўлення творчых праектаў і іншых мэт, прадугледжаных у пункце 6 Палажэння аб спецыяльным фондзе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, зацверджанага Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 12 студзеня 1996 года № 18 “Аб спецыяльным фондзе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі” (Збор указаў Прэзідэнта і пастаноў Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь, 1996 г., № 2, ст. 27; Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2003 г., № 43, 1/4513).11. Па рашэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь заахвочванні фонду могуць прысуджацца іншым асобам ці калектывам, не ўказаным у дадзеным Палажэнні, а таксама могуць устанаўлівацца іншыя віды і памеры заахвочванняў фонду, не прадугледжаныя ў дадзеным Палажэнні.

Раздзел 3
ПАРАДАК ВЫЛУЧЭННЯ СУІСКАЛЬНІКАЎ
12. Вылучэнне суіскальнікаў на прысуджэнне заахвочванняў фонду ажыццяўляецца дзяржаўнымі органамі, арганізацыямі культуры і ўстановамі адукацыі, тэлерадыёкампаніямі, рэдакцыямі сродкаў масавай інфармацыі, грамадскіміаб’яднаннямі, іншымі арганізацыямі не пазней чым за адзін месяц пасля заканчэння мастацка-творчага спаборніцтва альбо атрымання заявы з просьбай аб аказанні матэрыяльнай дапамогі, выдзяленні гранта.
13. Кіраўнікі дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, указаных у пункце 12 дадзенага Палажэння, пасля прыняцця рашэння аб вылучэнні суіскальніка афармляюць на кожнага з іх наступныя дакументы:
13.1. для прысуджэння заахвочванняў фонду, акрамя грантаў:
хадайніцтва аб заахвочванні (у выпадку вылучэння на заахвочванне фонду арганізацыямі, што знаходзяцца ў падпарадкаванні рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, хадайніцтва аб заахвочванні павінна быць узгоднена з адпаведным рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання альбо аблвыканкамам (Мінскім гарвыканкамам), у іншых выпадках з Міністэрствам культуры — у тэрмін не пазней за 15 дзён з даты яго паступлення ў адпаведны дзяржаўны орган);
пратакол пасяджэння калегіяльнага органа, сходу калектыву работнікаў аб вылучэнні суіскальніка заахвочвання;
характарыстыка суіскальніка, у якой указваюцца звесткі аб яго творчых дасягненнях і ўдзеле ў грамадскім жыцці.
Да характарыстыкі суіскальніка прыкладаюцца:
інфармацыя аб паспяховасці (для навучэнцаў і студэнтаў);
інфармацыя аб паказчыках навуковай (для аспірантаў (ад’юнктаў)), педагагічнай дзейнасці (для педагогаў);
інфармацыя аб мастацка-творчым спаборніцтве, за перамогу ў якім суіскальнік вылучаны на прысуджэнне заахвочвання, з указаннем звестак, якія пацвярджаюць адпаведнасць спаборніцтва патрабаванням дадзенага Палажэння;
копія пашпарта (пасведчання аб нараджэнні) суіскальніка, а для калектываў — копія пашпарта калектыву, спіс удзельнікаў з указаннем гадоў іх нараджэння, копія пашпарта кіраўніка;копіі ўстаноўчых дакументаў (статута, палажэння) арганізацыі, у якой навучаецца, працуе (навучаўся, працаваў) суіскальнік, на дату прадстаўлення ў савет фонду дакументаў на яго заахвочванне;даведка аб складзе сям’і і заработнай плаце бацькоў суіскальніка (для атрымання матэрыяльнай дапамогі);
копіі ўзнагародных дакументаў,якія пацвярджаюць вынікі суіскальніка на мастацка-творчым спаборніцтве (з перакладам з замежнай мовы на адну з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь), дакументаў, якія пацвярджаюць дасягненні суіскальніка, творчы ўзровень і грамадскае прызнанне спаборніцтва;
13.2. для атрымання грантаў фонду: заяўку на выдзяленне гранта, якая ўтрымлівае назву праекта, для ажыццяўлення якога выдзяляецца грант, звесткі аб аўтары праекта, абгрунтаванне праекта, праект каштарысу (у выпадку падачы заяўкі на атрыманне гранта фонду арганізацыямі, што знаходзяцца ў падпарадкаванні рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, яна павінна быць узгоднена з адпаведным рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання альбо аблвыканкамам, Мінскім гарвыканкамам, у іншых выпадках з Міністэрствам культуры — у тэрмін не пазней за 15 дзён з даты яго паступлення ў адпаведны дзяржаўны орган); рэкамендацыі не менш чым двух кампетэнтных спецыялістаў, якія не з’яўляюцца сааўтарамі праекта.
14. Кіраўнікі дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, указаных у пункце 12 дадзенага Палажэння, нясуць персанальную адказнасць за аб’ектыўнасць, дакладнасць і праўдзівасць прадстаўленых звестак аб суіскальніках і мастацка-творчых спаборніцтвах.Раздзел 4

ПАРАДАК РАЗГЛЯДУ ДАКУМЕНТАЎ АБ ПРЫСУДЖЭННІ ЗААХВОЧВАННЯЎ І ПРЫНЯЦЦЯ РАШЭННЯЎ
15. Папярэдні разгляд унесеных дакументаў аб заахвочванні ажыццяўляецца экспертна-мастацкай камісіяй фонду, якая рыхтуе савету фонду рэкамендацыі для прыняцця рашэнняў аб прысуджэнні заахвочванняў фонду.
У выпадку ўзнікнення сумненняў у праўдзівасці інфармацыі, якая ўтрымліваецца ў прадстаўленых дакументах, камісія мае права:
рабіць запыт заключэнняў дзяржаўных органаў, іншых арганізацый па кандыдатурах суіскальнікаў заахвочванняў, а таксама іншую дадатковую інфармацыю па дакументах, пералічаных у пункце 13 дадзенага Палажэння;
выязджаць на месца вучобы (працы) суіскальніка з мэтай вызначэння адпаведнасці ўзроўню яго творчых дасягненняў патрабаванням дадзенага Палажэння (у межах зацверджаных на гэтыя мэты фінансавых сродкаў).
Дакументы, прадстаўленыя ў савет фонду не ў поўным аб’ёме і (ці) не адпавядаючыя патрабаванням, прадугледжаным дадзеным Палажэннем, камісіяй не разглядаюцца.
16. Рашэнне аб прысуджэнні заахвочвання прымаецца саветам фонду ў парадку, устаноўленым Палажэннем аб спецыяльным фондзе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, зацверджаным Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 12 студзеня 1996 г. № 18, і зацвярджаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
17. Праекты распараджэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб зацвярджэнні рашэнняў савета фонду рыхтуюцца Міністэрствам культуры і ва ўстаноўленым парадку, не пазней чым за два месяцы з дня правядзення пасяджэння савета фонду, уносяцца на разгляд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.Міністр культуры і старшыня савета фонду нясуць персанальную адказнасць за адпаведнасць прапаноў аб заахвочванні, якія ўносяцца Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, патрабаванням дадзенага Палажэння.

Раздзел 5
ПАРАДАК ВЫПЛАТЫ ЗААХВОЧВАННЯЎ ФОНДУ
18. Сродкі для выплаты заахвочванняў фонду накіроўваюцца Міністэрствам культуры па месцы вучобы (работы) заахвочваемага альбо па месцы яго жыхарства, а ў выпадку заахвочвання калектыву — арганізацыі, на базе якой ён ажыццяўляе сваю дзейнасць. Пры гэтым за навучэнцамі, студэнтамі, аспірантамі (ад’юнктамі) захоўваюцца ўстаноўленыя стыпендыі іншых відаў.
19. Пры прысуджэнні заахвочвання калектыву рашэнне аб яго выкарыстанні прымаецца гэтым калектывам па ўзгадненні з кіраўніком арганізацыі, на базе якой ажыццяўляе сваю дзейнасць дадзены калектыў.
20. Калі іншае не прадугледжана Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, уручэнне пасведчанняў фонду праводзіцца старшынёй савета фонду, членамі савета фонду, кіраўнікамі арганізацый па месцы вучобы, працы заахвочваемых.
21. Па прадстаўленні дзяржаўных органаў, іншых арганізацый савет фонду па ўзгадненні з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь можа пазбавіць заахвочаных асоб права на далейшыя належныя выплаты і льготы ў выпадку здзяйснення наўмыснага злачынства.
Асобы, указаныя ў частцы першай дадзенага пункта, паўторна да заахвочвання фондам не прадстаўляюцца.