Творчасць без фінансавай гарантыі

№ 30 (1260) 23.07.2016 - 29.07.2016 г

У Гродне кажуць: для абласнога аддзялення Беларускага саюза мастакоў стала непрыемнай неспадзяванкай навіна, што сёлета грошай, выдаткаваных на закупку творчых работ, мастакі не пабачаць. Гэтыя грошы мусілі часткова кампенсаваць рэзкае павышэнне камунальных паслуг па ўтрыманні майстэрань і адсутнасць заказаў. Згаданыя сродкі пераведзены “ў рэзерв”. Мастак, які нам пра гэта распавёў, мяркуе, што для прафесійнага мастацтва ў рэгіёне наступствы гэтай сітуацыі могуць быць ледзь не катастрафічнымі.

Ці насамрэч так? Мы папрасілі патлумачыць кіраўніка гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў Мікалая Бандарчука. Спадар Бандарчук таксама не ў захапленні ад сітуацыі, якая склалася. На працягу некалькіх апошніх гадоў у Гродне пэўныя грошы на закупку твораў мастацтва выдаткоўваліся стабільна. Дзякуючы гэтаму, у абласным цэнтры і рэгіёне наогул захоўваўся даволі высокі ўзровень выяўленчага мастацтва. На думку Бандарчука, рашэнне аб спыненні закупак можа быць абумоўлена тым, што людзі, якія непасрэдна не сутыкаюцца з культурнай сферай, маюць кепскае ўяўленне пра яе праблемы. Скажам, бачыць нехта на выстаўленай у салоне карціне ці скульптуры цэннік з немалой колькасцю нулёў і робіць з гэтага высновы пра ўзровень дабрабыту мастакоў. А калі гэта будзе чалавек, надзелены ўладай, што мае абавязак ашчадна ставіцца да бюджэтных сродкаў, ён можа падумаць, што нічога з мастаком не зробіцца, калі яго пазбавіць дзяржаўнай падтрымкі. Маўляў, пры такіх заробках падвышка камунальных тарыфаў мастаку не страшная. Між тым, гэта яшчэ вялікае пытанне, ці знойдзецца на той твор з сур’ёзным цэннікам пакупнік. У любым выпадку продажы здараюцца не часта. І калі такі заробак падзяліць на дванаццаць месяцаў года, дык фінансавая карціна будзе вартай жалю. Творчасць, па вялікім рахунку, не корміць. Нездарма многія мастакі вымушаны яшчэ і на службу хадзіць, каб мець больш-менш гарантаваную капейчыну. Разам з тым, на думку спадара Бандарчука, мастакі мусяць шчыльна кантактаваць з органамі ўлады, каб давесці ёй сваё рэальнае становішча і патлумачыць адмоўныя наступствы скарачэння фінансавай падтрымкі мастацкай сферы.

Напрыканцы размовы Мікалай Бандарчук параіў нам пацікавіцца, якая сітуацыя ў іншых арганізацыях Беларускага саюза мастакоў. Па ягоных звестках, там адбываецца тое ж, што і ў Гродна. Мы вырашылі звярнуцца па гэтай тэме да старшыні гомельскай абласной арганізацыі БСМ Ларысы Зуевай. Выбар абумоўлены тым, што Дзень беларускага пісьменства будзе праходзіць у раённым цэнтры Гомельшчыны — Рагачове. Гэта акалічнасць стварае ўмовы для больш пільнай, чым звычайна, увагі да культурных патрэб рэгіёна. На жаль, спадарыня Зуева пацвердзіла слушнасць слоў Мікалая Бандарчука: у Гомелі з фінансаваннем закупак тое самае. Больш за тое, у Дзень пісьменства ў Рагачове планавалі адкрыць мемарыяльную шыльду ў гонар Уладзіміра Караткевіча. Некалькі скульптараў працавалі над ёй на працягу года. А цяпер, не выключана, на такую раскошу грошай не будзе…

Далей мы звярнуліся да брэсцкага мастака Льва Алімава, які афіцыйных пасад у сістэме БСМ не займае, але, як маглі заўважыць нашы чытачы, калі звярталі ўвагу на ягоныя інтэрв’ю і калонкі, друкаваныя ў нас, у культурнай сітуацыі арыентуецца добра. Дык вось, на ягоную думку, тое, што зараз адбываецца, мусіла адбыцца раней ці пазней. Эканамічныя цяжкасці, якія перажывае наша краіна, толькі прыспешылі гэтыя падзеі. У Беларусі ўвогуле даволі доўга паміж мастаком і дзяржавай захоўваліся стасункі на савецкі ўзор, калі дзяржава мастака і апякуе, і кантралюе. Але ж Савецкага Саюза ўжо чвэрць стагоддзя як няма. Надышоў час кантактаў больш прагматычных і эканамічна абгрунтаваных. А тое, што праз гэта даводзіцца мяняць звычкі, што адбываецца псіхалагічная “ломка”, усё адно калі-небудзь мусіла адбыцца…

Можа, спадар Алімаў разважае і занадта жорстка, але ён гаворыць як чалавек, які нічога ні ў каго ніколі не прасіў. У тым ліку, і ў дзяржавы. Усяго дамогся сам.

А вы як мяркуеце? З пытаннем, ці ёсць у бюджэце вобласці грошы на закупку твораў мастацтва, мы звярнуліся да Сяргея Давыдзіка, галоўнага спецыяліста Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама, адказнага за прафесінае мастацтва і творчыя саюзы. Сяргей Мікалаевіч запэўніў нас, што праблемы няма, што грошы на закупку ёсць, і што яны дойдуць да мастакоў у адпаведнасці з распрацаванай працэдурай.

P.S. Сацыяльна-эканамічная сістэма савецкай пары гарантавала ўсеагульную занятасць, але стрымлівала тэхнічны, а значыць і сацыяльны прагрэс. Кіраўнікі вытворчасці, ведаючы, што скарыстанне новых тэхналогій прывядзе да скарачэння рабочых месцаў і клопату, куды падзець беспрацоўных, да мадэрнізацыі вытворчых працэсаў ставіліся падазрона, каб не сказаць варожа. Іх больш цікавіла, як захаваць рабочыя калектывы і сацыяльныя гарантыі для іх. Беспрацоўя афіцыйна не было, але закардонныя эканамісты сцвярджалі, што яно ў нас “схаванае”, і калі-небудзь усё адно выбухне. Чым гэта для краіны скончылася, мы ведаем…

Тыя ж ці амаль тыя ж прынцыпы дзейнічалі і ў іншых сферах. У тым ліку — і ў культурнай. Прынамсі, кожны, хто меў адпаведную адукацыю і лічыўся членам творчага саюза, аўтаматычна атрымліваў права на дзяржаўную апеку, на дзяржаўны заказ. Гэта было зафіксавана на паперы. Рэальна, па жыцці, было інакш… У Беларусі і сёння захоўваюцца некаторыя савецкія рэаліі. Але, натуральна, рухаючыся да сусветных стандартаў у сацыяльным жыцці і эканоміцы, мы непазбежна будзем ад такіх перажыткаў пазбаўляцца. Трэба быць гатовымі да таго, што гэта можа адмоўна адбіцца на канкрэтных лёсах і творчых біяграфіях. Калі вы не згодны з тэзай “выратаванне тапельцаў — справа саміх тапельцаў”, давайце разам думаць, як пазбегнуць стрэсаў і страт.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"