Гродзеншчына, Зэльвеншчына, Касцюковіччына, Шчучыншчына, Вялікая Бераставіца, Ельск...

№ 30 (1260) 23.07.2016 - 29.07.2016 г


/i/content/pi/cult/596/13247/10-2.jpgГродзенскі раён / Цэнтр у падарунак

Да свята аграгарадка Путрышкі тут урачыста адкрыўся Цэнтр культуры, рэканструкцыя якога пачалася яшчэ летась.

Тут размясцілася не толькі клубная ўстанова з пакоямі для гурткоў, грымёркай, актавай, дыскатэчнай і шлюбнай заламі, але і бібліятэка, ДШМ, інфармацыйна-бібліятэчны аддзел Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра.

У гэты дзень з канцэртам выступілі калектывы аматарскай творчасці раёна, а таксама ансамбль “Гуляй, казак“ з Мінска. Для дзяцей была арганізавана забаўляльная праграма. Працавалі выязны гандаль, выстава-кірмаш вырабаў дэкаратыўна-прыкладнай творчасці аддзела этнаграфіі, фальклору і рамёстваў Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра.

Ганна СІМАНЕНКА, намеснік дырэктара Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра


Зэльвеншчына / Няпроста, але здзіўляем

Спецыфіка дзейнасці сельскай клубнай установы значна адрозніваецца ад гарадской. Сельскую наведваюць адны і тыя ж людзі, таму і формы работы тут павінны быць разнастайнымі, а мерапрыемствы кожны раз — новымі.

Каб здзівіць людзей чымсьці адметным, цікавым, патрэбна мець сучасную тэхналагічную базу і высокі творчы патэнцыял. А большасць сельскіх устаноў такой базы не мае. З творчым патэнцыялам таксама ўсё няпроста: штогод сыходзяць дасведчаныя прафесіяналы, хто па ўзросце на заслужаны адпачынак, хто — шукаць лепшай долі. А маладых спецыялістаў “днём з агнём” не дачакаешся.

Таму і ўзнікла ідэя правесці акцыю “Культурная талака”. Кожная клубная ўстанова аграгарадка распрацавала брэндавае мерапрыемства. Для работнікаў культуры аграгарадка Караліно такім стала Масленіца, для Бародзічаў — свята дзяцінства “Маленькія сакрэты вялікага лета”, тэатралізаванае свята вёскі “Крывіцкі падворак”, для Князева — раённае свята “Купалле”. На чарзе — правядзенне 600-годдзя з дня ўтварэння вёскі Дзярэчын, а ў аграгарадку Елка пройдзе шоу-праграма “Місіс-СВК “Сынкавічы”.

Адметным з’яўляецца тое, што пры падрыхтоўцы і правядзенні такіх мерапрыемстваў работнікам культуры актыўна дапамагаюць намеснікі старшынь сельгасвытворчых кааператываў па ідэалагічнай рабоце, старшыні сельвыканкамаў.

Алена ЛАМЕКА, загадчык аддзела па развіцці народнай творчасці Зэльвенскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці

 

Касцюковіччына / Эх, не ўзялі дыктафон!

14 і 15 ліпеня “песня і кніга на колах” зноў адправіліся ў дарогу: аўтаклуб сумесна з бібліёбусам выехалі ў маланаселеныя пункты Касцюковіцкага раёна.

Наперадзе — час адпачынкаў, таму работнікі культуры пастараліся ахапіць як мага больш вёсак. Гэтым разам маршрут праходзіў праз Дзямідавіцкі і Беладубраўскі сельскія саветы. Усяго ў спёку ды па ўхабістай дарозе было зроблена 12 прыпынкаў.

Загадчык аўтаклуба Юлія Шаршнёва выконвала прыпеўкі. Думаецца, многія захацелі паспаборнічаць з ёй у майстэрстве. Аб адным пашкадавалі работнікі раённага Цэнтра культуры: не захапілі з сабой дыктафон. Па такі багаты фальклорны матэрыял неабходна абавязкова вярнуцца зноў. Балазе, гасцінныя жыхары ўсіх вёсак выказалі надзею на сустрэчу.

Наталля ДРОБЫШАВА, намеснік дырэктара Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Касцюковіцкага раёна

 

Шчучыншчына / “Стану песняй у народзе…”

140 гадоў споўнілася з дня нараджэння беларускай Алаізы Пашкевіч (Цеткі). На яе радзіме, у Шчучынскім раёне, прайшоў шэраг святочных мерапрыемстваў.

Цэлы дзень быў аздоблены рознымі мерапрыемствамі: паэтычная гасцёўня “Жыве Алаізы песня”, літаратурна-паэтычная кампазіцыя каля помніка творцы, мітынг каля магілы Цёткі, святочная праграма “Жыццё, крылатае як песня…”

Урачыстасці пачаліся ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Цеткі. Менавіта тут сустрэліся паэты гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і літаратары Шчучыншчыны. Літаратурна-паэтычная кампазіцыя прайшла ля помніка Алаізе Пашкевіч, які ўстаноўлены ў раённым цэнтры. Пасля былі падведзены вынікі раённага літаратурнага конкурсу “Песня і кветка роднага краю”. Мерапрыемствы працягнуліся ў вёсцы Стары Двор. Да магілы славутай зямлячкі былі ўскладзены кветкі. Народны ансамбль духоўных спеваў выканаў бессмяротны, як і сама Цётка, твор “Ave Maria”. Гучалі вершы Алаізы Пашкевіч у выкананні чытачоў бібліятэк.

Ля падмуркаў Астрынскай сярэдняй школы, якая таксама носіць імя Алаізы Пашкевіч, работнікі Астрынскага дома культуры і тэатральнай творчасці паказалі літаратурна-музычную кампазіцыю “Песня сэрца”, дзе ажывалі героі казак і вершаў Цёткі. Напрыканцы вечара выступілі народны ансамбль народнай песні “Медуніцы” і ансамбль беларускай песні “Васільковая раніца”.

Алена БАРЭЛЬ, вядучы метадыст аддзела  арганізацыйна-метадычнай работы Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці

Фота аўтара

 

Бераставіца / Духавікі — у Польшчы

Узорны эстрадна-інструментальны ансамбль “Tutti” Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў і яе выпускнікі, навучэнцы Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа і Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Павел Рыжко, Максім Міклаш і Яўген Зенчык, прынялі ўдзел у X Міжнародным фестывалі маладзёжных духавых аркестраў “Замбрув-2016” у Польшчы.

У фестывалі ўдзельнічала дзевяць калектываў з Польшчы, Славакіі, Чэхіі, Эстоніі, Літвы, Украіны і Беларусі. Бераставіцкія духавікі выступалі ў складзе ўзорнага духавога аркестра ДМШ № 1 Гродна імя Юрыя Семянякі (кіраўнік Андрэй Гаўрыленка). Ім дапамагалі вакальная група “Гродзенскія саловушкі” і чырлідарская каманда “Арэна”.

Некалькі выступленняў прыязна сустрэла публіка. Наш зводны аркестр адзначаны кубкам фестывалю і лаўрэацкім дыпломам. Дарэчы, у падобным мерапрыемстве бераставіцкія духавікі ўжо ўдзельнічалі. Летась Яўген Зенчык і Максім Міклаш выступілі на еўрапарадзе духавых аркестраў у польскім горадзе Сухаволя.

Святлана ГАНЧАРОВА

Фота Паліны ЛАПАТА

 

Ельск / І гармонік зайграе

Праз тыдзень, у апошнія выхадныя ліпеня, ельскія работнікі культуры правядуць IX Рэгіянальны фестываль гарманістаў “Грай, гармонік”.

Ён ладзіцца ў Ельску з 2000 года для захавання і прапаганды аматарскай мастацкай творчасці. Цягам часу мерапрыемства стала брэндавым для раёна.

Сваё майстэрства на фэсце паказваюць не толькі гарманісты. Абавязковы складнік фестывальнай дзеі — беларуская прыпеўка. З усёй краіны збіраюцца і майстры дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Нават з Жытомірскай вобласці Украіны рамеснікі прыязджаюць. Сёлета Ельск чакае таксама прадстаўнікоў з малдоўскай Гагаузіі, эстонскага Таліна і расійскага Бранска.

Адкрыецца фэст святочнай тэатралізацыяй. Для яго ўдзельнікаў прадугледжана этна-экскурсія “Палескія краявіды”.