Шыпшына ўнучкі Пушкіна

№ 30 (1260) 23.07.2016 - 29.07.2016 г

Нашчадкі паэта зноў у Беларусі: “Мы так шмат атрымалі”
Гэтым разам з Масквы прыехалі прадстаўніцы трох пакаленняў нашчадкаў праўнучкі рускага паэта Аляксандра Пушкіна Соф’і Паўлаўны Варанцовай-Вельямінавай (Калагрывавай) — Вольга, Алена, Наталля.

/i/content/pi/cult/596/13240/15-1.jpgНагадаем, першай з нашчадкаў Пушкіна на беларускай зямлі апынулася яго ўнучка Наталля Аляксандраўна, якая выйшла замуж за Паўла Варанцова-Вельямінава і ў 1880-я пасялілася з ім у маёнтку Вавулічы (сёння вёска Дубоўка Бабруйскага раёна). У іх нарадзілася пяцёра дзяцей: Марыя, Соф’я, Міхаіл, Феадосій і Вера. Соф’я пражыла на Бабруйшчыне даўжэй, чым іншыя нашчадкі паэта: тут прайшлі яе дзяцінства і маладосць, у пачатку ХХ стагоддзя Соф’я пайшла на курсы сясцёр міласэрнасці, якія адкрыліся ў шпіталі пры Бабруйскай крэпасці. У 1914 годзе, з пачаткам Першай сусветнай вайны, яна працавала ў лазарэце Чырвонага крыжа пад кіраўніцтвам лекара Марзона, потым — у маскоўскай іверскай суполцы. У час працы на санітарным цягніку падчас вайны Соф’я Варанцова-Вельямінава сустрэла сваё каханне і ў 1916 годзе выйшла замуж за Усевалада Калагрывава, у тым жа годзе нарадзіўся іх першынец Саша, праз тры гады — Алег. Але сям’я прайшла праз чорную паласу выпрабаванняў пераследамі, арыштамі, забаронамі, голадам і расстаннем з блізкімі. І ўсё ж сыны не ўгневаліся сэрцам, выраслі годнымі людзьмі, абодва ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай і дайшлі да Берліна.

Да беларускай зямлі Калагрывавы заўсёды ставіліся з любоўю. Соф’я Паўлаўна хадзіла з маленькімі сынамі ранняй вясной у Кісялевіцкі бор, каб паказаць дзецям першыя пралескі, а да Бярэзіны завітвалі паглядзець крыгаход. Улетку яны выпраўляліся ў лугі за раку, да маленькай рэчкi Крапіўкі. Стаўшы дарослым, Аляксандр Калагрываў прыгадваў у Маскве пра ціхі Бабруйск, у яго памяці назаўсёды засталіся “...яблыневыя сады, абнесеная высокімі валамі крэпасць з магутнымі бастыёнамі па кутах, рака Бярэзіна з плытамі, якія павольна плылі па ёй”.

У сярэдзіне 1960-х Аляксандр Калагрываў, на той час журналіст Усесаюзнага радыё, прыязджаў з Масквы ў Бабруйск, наведаў школу, у якой вучыўся (сёння СШ № 3), разам з настаўнікам рускай мовы і літаратуры Цімафеем Ліякумовічам адкрываў для сябе новы Бабруйск . “Я вельмі люблю Бабруйск — мой родны горад”, — казаў Аляксандр Усеваладавіч, і яму захацелася паказаць родныя для яго мясціны сваёй сям’і, сыну Андрэю і дачцэ Вользе, але нечаканая смерць на 52-м годзе абарвала яго жыццё ў 1968-м.

Андрэй Калагрываў нямала чуў ад бацькі, ад бабулі Соф’і пра Бабруйск, прыязджаў у горад на Бярэзіне ў 1970 годзе. Перад ад’ездам ён прызнаўся: “Я зачараваны прыгажосцю беларускай зямлі. Цяпер мне зразумела, чаму ў нас дома заўсёды з цеплынёй і любоўю згадваюць Бабруйшчыну”. А неўзабаве Андрэй Калагрываў ажаніўся з дзяўчынай з Гомеля і часта ездзіў сюды да сваякоў жонкі. У Бабруйск, праўда, Андрэй Аляксандравіч больш не наведваўся. Але прайшлі гады, вырасла яго дачка Алена і ўнучка Наташа, і аднойчы яны разам з цёткай Вольгай (сястрой Андрэя) захацелі ўбачыць Беларусь.

У святочныя летнія дні 2016 года нашчадкі Пушкіна селі ў машыну, намеціўшы наведаць Мінск, Бабруйск і Гомель. Пасля беларускай сталіцы прыехалі ў Бабруйск, прайшліся па старых вуліцах горада, у тым ліку па вуліцы Пушкіна. На Сацыялістычнай ім радасна было ўбачыць каштаны, бо ад бабулі яны ведалі, што, згодна з паданнем, шмат гадоў таму першыя каштаны ў Бабруйску пасадзіла ўнучка Пушкіна. Знайшлі тое месца, дзе стаяў калісьці драўляны дом, набыты на пасаг Наталлі Аляксандраўны. І той куток, праз дарогу, наўскасяк, дзе пад дрэвамі саду хаваліся два аднапавярховыя дамы Варанцова-Вельямінава. Зайшлі госці і ў краязнаўчы музей, каб убачыць экспазіцыю, прысвечаную нашчадкам паэта. З дапамогай супрацоўнікаў установы агледзелі крэпасць, а адтуль скіраваліся ў вёску Цялуша ў суправаджэнні настаяцеля Свята-Нікольскага храма айца Сергія. Ён правёў іх у царкву і на магілу Наталлі Аляксандраўны Варанцовай-Вельямінавай, унучкі Пушкіна.

Перад меркаваным уездам у колішнюю сядзібу Вавулічы (сённяшняя Дубоўка) айцец Сергій паказаў гасцям стары шыпшыннік, сказаўшы, што яго калісьці саджала (па мясцовых паданнях) сама Наталля Аляксандраўна — аматарка кветак. Гэтыя словы зрабілі на жанчын асаблівае ўражанне, бо менавіта адростак гэтага куста быў калісьці прывезены Аляксандрам Усеваладавічам Калагрывавым на іх падмаскоўную дачу, і той куст да гэтага часу жыве і разрастаецца. “Акрамя шыпшынніка дзядуля тады яшчэ прывёз і саджанцы бэзу. Яны ў нас добра прыжыліся і таксама да гэтага часу растуць, радуючы нас кожную вясну багатым красаваннем”, — распавяла Алена Калагрывава.

Цікава, што большасць нашчадкаў Пушкіна выбралі прафесіі, не звязаныя з літаратурай, музыкай або тэатрам. На гэта, магчыма, паўплываў запавет самога паэта, а потым і яго сына Аляксандра Аляксандравіча нашчадкам: не займацца сачыніцельствам. Так, Андрэй Калагрываў працаваў у лабараторыі лазернай плазмы Інстытута фізікі Акадэміі навук СССР, стаў кандыдатам фізіка-матэматычных навук. Ён працягвае навуковую дзейнасць і сёння. Яго дачка Алена працавала праграмістам, а ў пачатку XXI стагоддзя атрымала другую вышэйшую адукацыю ў галіне эканомікі і менеджменту, і сёння яе праца звязана з гэтай сферай. Яе дачка Наталля цяпер вучыцца ў Вышэйшай школе эканомікі. Вольга Аляксандраўна Бунеева (Калагрывава) — біяхімік, займаецца вывучэннем малекулярных асноў хвароб Паркінсана і Альцгеймера, абараніла дысертацыю. Паралельна яна вывучала і псіхалогію (скончыла адпаведны факультэт МДУ і Аўстрыйскі інстытут экзістэнцыяльна-аналітычнай псіхалогіі і псіхатэрапіі).

Але, зразумела, сярод захапленняў нашчадкаў Пушкіна ёсць і паэзія, і замежныя мовы, і жывапіс з музыкай. У сям’і Калагрывавых захоўваецца альбом Наталлі Аляксандраўны Варанцовай-Вельямінавай з малюнкамі і накідамі, зробленымі больш за сто гадоў таму ў Вавулічах. Цяга да малявання перадалася і сённяшнім Калагрывавым — Вольга Аляксандраўна і Алена Андрэеўна ў вольны час таксама пішуць пейзажы. А на пытанне, як можна паспяваць шмат працаваць і пастаянна дзесьці вучыцца, Вольга адказвае: “У нас вельмі дружная сям’я, мы ўсе трымаемся адзін за аднаго і дапамагаем адно аднаму, таму, напэўна, паспяваем даволі шмат”.

І гэтым разам нашчадкі Пушкіна, якія ўпершыню прыехалі ў Беларусь, запомніліся сваёй абаяльнасцю, прастатой і сціпласцю. Мець зносіны ўжывую і віртуальна, па перапісцы, з імі лёгка і проста. Самі ж вандроўніцы, даволі спантанна арганізаваўшы паездку “па святых для нас месцах”, нікога не папярэдзіўшы і ні пра што нікога не просячы, былі ўсхваляваныя і перапоўненыя пачуццямі. Па словах Алены Калагрывавай, “мы ні на што не спадзяваліся, а так шмат атрымалі”.

Іна АЎСЕЙЧЫК, навуковы супрацоўнік Бабруйскага краязнаўчага музея