“Я ўвесь перад вамі...”

№ 29 (1259) 16.07.2016 - 22.07.2016 г

Сваю юбілейную, да 80-годдзя, выставу, вернісаж якой адбыўся 6 ліпеня ў сталічным Палацы мастацтва, Сямён Абрамаў падараваў гледачу, як бы сказаўшы: “Людзі добрыя! Вось я такі! На гэтай выставе паказаў усё лепшае, што стварыў для вас на працягу шасці дзесяцігоддзяў! Не судзіце строга: я ўсё рабіў сумленна, маляваў толькі тое, што падабалася мне, ні перад кім не прагінаўся, ні да кога не падлашчваўся... Я ўвесь перад вамі...”

/i/content/pi/cult/595/13238/15-1.jpgЛічба “80” у біяграфіі мастака — тэрмін нежартоўны, асабліва, калі гаворка ідзе пра творцу, які зрабіў у жыцці нямала, але хочацца зрабіць яшчэ больш, бо гэтага патрабуе назапашаны вопыт, сталасць, майстэрства, глыбокі выпакутаваны погляд на навакольны свет, на спадчыну беларускай зямлі з яе добрымі і таленавітымі людзьмі, на тое, што грэе сэрца.

Сямён Абрамаў вядомы творамі не толькі ў Беларусі. Ён чалавек камунікабельны, прынцыповы, добрапрыстойны, хаця ў сваю душу дапускае не ўсіх. Менавіта такім я ведаю яго больш за 40 гадоў... І што цікава: быццам ведаеш чалавека даўно, але не перастаеш захапляцца яго здольнасцю без прытворства, без насілля над сабой адкрывацца людзям заўсёды і ва ўсім толькі пазітывам. У Абрамава радуе цэласнасць яго дынамічнай натуры — у думках і дзеяннях, у адносінах да людзей, да мастацтва, хаця часам не ўсе калегі раўназначна ставяцца да яго з уласна чалавечага пункту гледжання. Урэшце, у мастакоўскім згуртаванні інакш не бывае. Хтосьці не ўспрымае яго імпульсіўную натуру, якая можа ўзарвацца з выпадку несправядлівых да яго адносін; хтосьці проста не падзяляе некаторыя яго погляды на выбар тых ці іншых мадэляў для сваіх карцін-партрэтаў; хтосьці лічыць яго не вельмі камунікабельным у зносінах з тымі, з кім ён проста не знаходзіць агульных тэм для размоў і гэтак далей. Аднак, хто можа адняць у яго самога — галоўнае: шчырую любоў да справы, якой ён служыць верай і праўдай вось ужо шмат дзесяцігоддзяў — любоў да Яго Вялікасці Мастацтва?

Выхаванец Горкаўскага мастацкага вучылішча, вучань Міхаіла Відзенскага, вядомага графіка і жывапісца, выхаванца ВГИКа, Сямён Ціханавіч увайшоў у вялікае мастацтва перш за ўсё як таленавіты акварэліст, а таксама аўтар жывапісных палотнаў і манументальных вітражоў у розных дзяржаўных і грамадскіх будынках яго ўлюбёнага Бабруйска. А нарадзіўся ён 26 чэрвеня 1936 года ў вёсцы Слабада Гжацкага раёна, што на Смаленшчыне. Жыццё было вельмі цяжкае: у сям’і было дзевяць дзяцей, а Сямён (спачатку яго назвалі Аляксандрам) быў малодшым. Бацьку Ціхана Абрамава па 58-м артыкуле Крымінальнага Кодэксу РСФСР расстралялі як “ворага народа” ў 1938-м (рэабілітаваны ў часы кіравання Хрушчова), а ў канцы вайны ў час абстрэлу ад нямецкага снарада загінула і маці. Маленькаму хлопчыку давялося прайсці вельмі цяжкі шлях, перш чым стаць вядомым акварэлістам і жывапісцам.

“Два з паловай гады я правёў у фашысцкай акупацыі, — распавядае мастак. — На тэрыторыі Латвіі прайшоў праз два дзіцячыя канцлагеры. А ўсяго іх там было некалькі дзясяткаў — Рыга, Булдуры, Дубулты, Маяры, Стрэнчы, Грыва, Ігаце, Ліепая, асобныя баракі ў жудасным канцлагеры Саласпілс. У такіх канцлагерных “дзіцячых дамах” у дзень памірала да сарака дзяцей ад холаду, голаду, бесчалавечных доследаў “арыйскай медыцыны”, “забору крыві” для салдат вермахта...”

Цяпер стала вядома, што больш за трыццаць тысяч дзяцей загінула на тэрыторыі Латвіі ў гады вайны. Але Сямён ацалеў, і вось што ён згадвае: “Мне і яшчэ некаторым маім равеснікам пашанцавала: нас аддалі латышам у парабкі. Там мы, васьмі-дзесяцігадовыя, і працавалі да бяссілля з раніцы да вечара. У сярэдзіне жніўня 1944-га нас падрыхтавалі да адпраўкі ў Германію, але, на шчасце, пачалося моцнае наступленне Чырвонай Арміі, і мы, дзеці, былі такім чынам выратаваны. Так што маё дзяцінства было далёка не бязвоблачным... Мне ішоў чатырнаццаты год, калі я трапіў у Горкаўскі спецыяльны дом музычна-мастацкага выхавання. Мы, выхаванцы, у час вучобы жылі ў дзіцячым доме. Павінен сказаць, што з гэтага дома пазней выйшла каля дзесяці заслужаных артыстаў, некалькі прафесараў, дацэнтаў розных спецыяльнасцей, больш за дзесяць членаў Саюза мастакоў СССР. Для мяне гэты час пасля ўсяго перажытага быў як падарунак лёсу. Мы, дзетдомаўцы, пяць разоў на тыдзень маглі наведваць оперны тэатр, філармонію, кансерваторыю, спявалі ў хоры, хадзілі ў танцавальныя гурткі. Аднойчы ў час агляду ўсіх спецыяльных дзіцячых дамоў мы занялі першае месца! Словам, тыя час і месца заклалі ўва мне асновы вялікай культуры, навучылі разумець і любіць мастацтва. Пасля заканчэння мастацкага вучылішча ў 1957-м мяне накіравалі ў Туву, дзе я паўтара гады працаваў у школе настаўнікам малявання і чарчэння. Потым была армія, служба ў Бабруйску. Там жа — жаніцьба з Верай Кутузавай, маёй зямлячкай са Смаленшчыны, якую я ведаў яшчэ да прызыву ў армію... З той пары жыву і працую ў гэтым слаўным горадзе. Нашы дзеці — сын і дачка — сталі мастакамі... Спадзяюся, што і ўнучка Лізавета будзе добрай мастачкай”. Вось такая повязь часоў, пераемнасць пакаленняў...

А што сам Сямён Абрамаў? Што яго цікавіць ва ўлюбёнай акварэлі, у жывапісе алеем? Я зараз апускаю значныя эпізоды, звязаныя з яго грамадскай дзейнасцю: тое, што ён шмат гадоў кіраваў Магілёўскай абласной арганізацыяй Беларускага саюза мастакоў, што быў арганізатарам Выставачнай залы Бабруйска і стаяў ля вытокаў сённяшняга Мастацкага музея ў гэтым горадзе, не кажучы пра яго выдатны ўклад у арганізацыю шматлікіх выстаў, міжнародных і рэспубліканскіх мастацкіх пленэраў. Гэта старонка яго жыцця магла б стаць тэмай адмысловага аповеду.

Мастацкі свет Абрамава — гэта калейдаскоп, у якім спалучаецца спектр самых розных колераў і адценняў, адмысловых абрысаў і жанраў: ад глыбока паэтычных матываў цудоўнай прыроды блізкага і далёкага замежжа да фігуратыўных кампазіцый на “ўрбаністычную” тэму (серыі “Новы Бабруйск” і “Сталіцы”), ад цыкла “шматпрадметных” нацюрмортаў, умела сканструяваных, прадуманых, асэнсаваных, без следу эцюдызму і выпадковасці, да згадак пра тое, што бачыў на прасторах былога Савецкага Саюза, асабліва на БАМе ў перыяд яго будаўніцтва...

Але мне асабліва блізкія яго акварэльныя пейзажы, нібы жывыя істоты, — частка адзінага светаўспрымання мастака, яго погляду на навакольны свет і ўглыб сябе — матывы Беларусі і “малой радзімы” — вёскі Слабада на Смаленшчыне, непадалёк, дарэчы, ад родавага гнязда сям’і Юрыя Гагарына... І яшчэ — “біяграфічныя” партрэты-карціны знакамітых дзеячаў культуры Беларусі — Леаніда Шчамялёва, Міхаіла Савіцкага, Льва і Сяргея Гумілеўскіх, Віктара і Эмы Грамык, “Песняроў” на чале з Уладзімірам Мулявіным, таксама Ганаровага мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта, хаця ў спадчыне мастака шмат кампазіцыйных партрэтаў і расійскіх “зорак”, у тым ліку акцёраў Яўгена Лявонава, Юрыя Якаўлева, Эліны Быстрыцкай, мастакоў Зураба Цэрэтэлі і Ільі Глазунова, з якімі Абрамаву не аднойчы даводзілася сустракацца.

Адметнай рысай усіх яго партрэтаў з’яўляецца ўнутраны спакой герояў, іх задуменнасць, а таксама неаднародны фон за імі, які з’яўляецца адлюстраваннем кавалачкаў розных фрагментаў іх жыцця, іх творчасці, іх асабістых рэчаў. І вось што цудоўна. У яго работах канкрэтны твар, безумоўна, пазнавальны, ніколі не замыкаецца на сабе, аблічча тое ператвараецца ў вобраз, перарастае ў сапраўдную карціну са складанымі аксесуарамі і атрыбутамі, у карціну, якая часта выглядае прытчай-жыццём.

У гэтым сэнсе мне падабаецца карціна “Ліст з 1945 года”, дзе Абрамаў з любоўю і павагай паказаў пакаленную фігуру сённяшняга пасівелага народнага мастака Леаніда Шчамялёва з пэндзлямі ў руцэ — побач з фігурай сяржанта-чырвонаармейца... Шчамялёва, якім ён быў тады, шмат гадоў таму, у пераможным маі 45-га. Якраз там, ззаду, на сцяне шчамялёўскай майстэрні — вядомая аўтапартрэтная карціна “Першы дзень міру”. “И если кого впущу я в душу, то сначала поярче ее освещу...” — нібы гаворыць тут Сямён Ціханавіч словамі паэта.

Так, паэзію мастак любіць з дзяцінства, асабліва Пушкіна. Яму, паэту ўсіх часоў, Абрамаў прысвяціў вялікі біяграфічны цыкл “Гісторыя аднаго жыцця” з некалькіх дзясяткаў аркушаў. Наколькі ведаю, мастак і сёння працуе над яго працягам. Ён так захоплены пошуком, аналізам асобы чалавека, што часам падобны на заўзятага калекцыянера чалавечых тыпаў і сродкаў іх жывапіснага ўвасаблення. Здаецца, для яго не існуе непрыгожага: самабытнасць — фізічная, духоўная — ужо ёсць для яго прадмет эстэтызацыі. Ён радуецца натуры, яе непаўторнасці. Перад мастаком, як перад творцам, усё мае сваю каштоўнасць. Такі погляд зраўноўвае народнага мастака і ветэрана Вялікай Айчыннай, артыста і педагога, калегу і сваяка. Але інтэрпрэтацыя герояў карцін такая самабытная, суб’ектыўная, што вобраз аўтара выразна бачны праз яго творы. І галоўныя яго рысы — здольнасць радавацца хараству, своеасаблівасці, талентам, жаданне падзяліцца сваімі адкрыццямі. І яшчэ — шчырасць, імкненне быць зразумелым.

Чыстымі, светлымі думкамі жыве мастак, заняты пошукамі свайго зямнога раю, сваёй краіны белых туманаў, месячных сцяжынак, зімніх садоў, блакітных азёр — краіны шчаслівай, цудоўнай, што прываблівае шчодрасцю жывых імпрэсіяністычных фарбаў, ліній, колерамузычных гармоній.

Абрамаў працуе ў традыцыйным рэалістычным кірунку, незаўважныя шырокія мазкі часцяком робяць яго работы быццам бы статычнымі, нягучнымі, ціхімі. Аднак каларыт твораў зменлівы, часта сустракаюцца халодныя марозна-сінія і фіялетавыя фарбы, якія даюць адчуванне бадзёрасці і чысціні, і прыглушаныя шэрыя, карычневыя тоны. Акварэлі “Ля Салавецкай бухты”, “Дажджлівы дзень у Клайпедзе”, “Тут мая першая ў жыцці дарога...”, “Родная Слабада”, “Паводка на Бярэзіне” (алей), на мой погляд, адны з самых паспяховых колеравых рашэнняў мастака. Мяккія, лірычныя, чысцюткія колеры плаўна, вельмі гарманічна пераходзяць адзін у другі, і гэта дае своеасаблівую асалоду вачам.

Успамінаючы, што зроблена Абрамавым за час яго самостойнага шляху, гэта значыць з пачатку 1960-х, бачыш, што перад намі дарога паслядоўнага, эволюцыйнага развіцця таленту, няспыннай мабілізацыі сваіх здольнасцяў на рашэнне ўсё больш складаных творчых задач. Пералік толькі самага галоўнага, што напісана Абрамавым акварэллю і алеем, займаў бы шмат месца. Мастак многа і настойліва працуе над тэмамі, звязанымі з тым новым, што ўваходзіць штодзённа ў наша жыццё: рамантыка і паэзія перастварэння зямлі, прыгажосць індустрыяльных рытмаў, імклівая дынаміка гарадоў. Карціны народжаныя менавіта тым жыццём, у асяроддзі якога аўтар адчувае сябе свабодна і ўтульна. На маю думку, ва ўменні бачыць новыя прыкметы часу не як нешта выпадковае і часовае, а як тое, што надзейна, уладна прыкметна ў свеце, і заключаецца адна з асноўных творчых канцэпцый жывапісца.

Натуральна, каб адлюстраваць усё, што нясе рэальнасць, каб перадаць свае думкі і перажыванні, Абрамаў імкнецца знайсці і свежыя, не зацяганыя выяўленча-выразныя прыёмы ў каларыце, малюнку, рытме, дыялогу, форме і колеравых плямах. Ён будуе некаторыя кампазіцыі то па панарамным прынцыпе кінакадра, выхопліваючы з навакольнага асяроддзя адзін вострахарактарны і эмацыянальны кавалак і, буйна яго ўвасабляючы, паказвае, колькі ў ім дзівоснага, цікавага, незвычайнага (натурныя эцюды); то па прынцыпе манументалізаванага вырашэння з прасторавай маштабнасцю, асабліва ў работах цыкла “Сталіцы”, дзе непасрэднае эмацыянальнае ўспрыняцце такіх “жывапісных гарадоў”, як Рым, Парыж, Стамбул, Малага, Масква, Гурзуф, Клайпеда, карэктуецца пэўнай ідэйнай задумай...

Такое мастацтва Сямёна Абрамава. Мастацтва, поўнае чысціні і жыццярадаснасці. Мастацтва, якое адлюстроўвае яго цэласныя, па-юначы светлыя адносіны да Радзімы, да мілага сэрцу Бабруйска і яго жыхароў, тых людзей, якіх ён любіць і паважае, да прыроды і тых памятных мясцін у свеце, дзе давялося яму пабываць.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"