Афарміцельства? Дызайн!

№ 29 (1259) 16.07.2016 - 22.07.2016 г

Выстава “Форма. Прастора. Сэнсы”, якую зладзіла ў сталічным Палацы мастацтва секцыя афарміцельскага мастацтва Беларускага саюза мастакоў, паказвае сённяшні стан гэтага сегменту культурнай прасторы.

/i/content/pi/cult/595/13233/8-2.jpgЗа савецкім часам секцыя афарміцельскага мастацтва ў Саюзе мастакоў была нібы падчарка-папялушка. Прадстаўнікі “сур’ёзнага” мастацтва глядзелі на афарміцеляў з пагардай, не лічылі іх за паўнавартасных творцаў. “Афармілаўка”, “наглядуха” — гэтыя словы з лексікону савецкай пары дакладна перадаюць стаўленне да згаданай творчай спецыялізацыі. А між тым, працавалі афарміцелі, што называецца, напоўніцу, ніякай работы не цураліся, справу эстэтычнага выхавання ў прапанаваных умовах рабілі зусім не кепска і рэальнага прыбытку творчаму саюзу за кошт адлічэнняў на мастацкія камбінаты, пад эгідай якіх яны дзейнічалі, прыносілі не менш, чым хто. Зразумела, не ўсім выпадала прэстыжная работа над знакавымі аб’ектамі кшталту раздзела Беларускай ССР у павільёне Саюза на міжнароднай выставе, але клубы былі ў кожным калгасе, бібліятэкі — у кожным райцэнтры і ў шмат якіх прадпрыемстваў — дамы і палацы культуры. Увесь гэты абшар патрабаваў мастацкай аздобы, эстэтызацыі.

Сёння найперш кідаецца ў вочы тое, што гэта творчая спецыялізацыя значна пашырыла свае межы і сёння ўключае ў сябе тыя віды дзейнасці, якія можна аднесці да дызайну (найперш, экспазіцыйнага), мастацтва інтэр’еру (аздоба прыватнага жытла, сацыяльных і культурных аб’ектаў), скульптуры (калі казаць пра пластыку малых форм, такую як калекцыйныя манеты Нацыянальнага банка Беларусі) і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (прасторавыя структуры без канкрэтнай прывязкі да месца). Уласна кажучы, усё гэта і ёсць дызайн. Але з нейкіх прычын згаданым мастакам зручней трымацца Саюза мастакоў і называцца афарміцелямі.

Калісьці афарміцелі насамрэч шчыравалі ўсё больш у глыбінцы, робячы музеі працоўнай славы і “ленінскія куткі”, у новай жа сацыяльна-эканамічнай фармацыі яны і працу маюць іншую. Найперш назаву прыватнае жытло. Ёсць у краіне людзі, якія могуць дазволіць не баяцца сваё багацце дэманстраваць. На такіх замоўцаў працуе, у прыватнасці, Сяргей Шынкарэнка. На выставе ён прадставіў два праекты — інтэр’еры гарадскога дома і загараднага. Відаць, што гаспадары гэтага жытла не маюць праблем, як пражыць ад авансу да зарплаты. Вельмі ўражваюць распрацоўкі музейных экспазіцый. Некаторыя з іх я бачыў на свае вочы. Новую экспазіцыю Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, створаную вялікім аўтарскім калектывам, і экспазіцыю Музея ў Брэсцкай крэпасці-героі пад назвай “Музей вайны — тэрыторыя міру” (праект Юрыя Сухава). Музеі падобныя канцэптуальна. Экспазіцыі калі не зусім, дык у значнай ступені дэпалітызаваныя. Ідэалагічны чыннік у іх не асноўны. Ён, безумоўна, прысутнічае, але вока, як у савецкі час, не муляе. У абодвух выпадках — аповед пра вайну як цывілізацыйную з’яву і яшчэ пра тое, як у экстрэмальных умовах спрацоўвае палітычны, эканамічны і духоўны патэнцыял дзяржавы, як на вайне раскрываюцца станоўчыя і адмоўныя якасці чалавечай натуры. Прынамсі, так гэтыя экспазіцыі ўспрымаю я. Ім я даў бы дзесяць балаў па дзесяцібальнай шкале.

Бачыў я і экспазіцыю выставы “Дзесяць вякоў беларускага мастацтва” (аўтар Алена Матросава) у Нацыянальным мастацкім музеі. Задача была надзвычай цяжкая. Скажам шчыра, і ўсёй прасторы згаданага музея нават пасля прыбудовы новага корпуса не стае, каб уплішчыць сюды цэлае тысячагоддзе культуры. Аўтар экспазіцыі зрабіла максімум таго, што ў дадзенай сітуацыі было магчыма…

Нялёгка было паўнавартасна прадставіць Марка Шагала ў віцебскім доме-музеі мастака (аўтар Юрый Чарняк). Экспазіцыя складаецца ў асноўным з аўтэнтычных рэчаў той эпохі, але ўласна шагалаўскіх артэфактаў музею відавочна не хапае. Да таго ж і дом вялікага мастака нічым асаблівым не вылучаўся сярод іншага жытла Пакроўскай вуліцы Віцебска. Аўтару трэба было расказаць пра надзвычайнае (я маю на ўвазе жыццё і творчасць класіка мастацтва ХХ стагоддзя) праз звычайныя, нічым не адметныя артэфакты. Вось ён мусіў выкручвацца за кошт арыгінальных (не ў шырокім сэнсе, а ў дадзеным кантэксце) экспазіцыйных прыёмаў. Збольшага атрымалася. Прынамсі, турыстам, што наведваюць Віцебск, даспадобы. Ды і фанаты творчасці Шагала не крыўдуюць.

З іншых тэм, якія да афарміцельства, на маю думку, маюць ускоснае дачыненне, але добра прэзентуюць патэнцыял творцаў, я назаву калекцыйныя манеты Нацбанка работы Аксаны Навасёлавай. Праца ў мініяцюрным фармаце сярод скульптараў і ўвогуле адмыслоўцаў пластыкі лічыцца найвышэйшым пілатажам. І работы Аксаны цалкам адпавядаюць гэтаму вызначэнню. Іх можна везці на які заўгодна міжнародны конкурс і мець абгрунтаваныя надзеі на поспех. Бо тут у наяўнасці сучасная стылістыка ў спалучэнні з высокай тэхналогіяй і таленавітай інтэрпрэтацыяй годнай традыцыі.

Увогуле выстава вартая. Раю паглядзець, пакуль не закрылася.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"