Вяртанне Альгерда

№ 29 (1259) 16.07.2016 - 22.07.2016 г

У свой час, памятаю, я быў вельмі здзіўлены і ўражаны, пабачыўшы на помніку “Тысячагоддзе Расіі” скульптурныя выявы князёў Гедыміна, Вітаўта і Альгерда — валадароў Вялікага Княства Літоўскага, якое сучасная мне на той момант савецкая гістарыяграфія трактавала як варожую Русі сілу з таго ж шэрагу, што Тэўтонскі Ордэн і Арда. Так, у сярэдзіне 1970-х, калі пра глыбокія гістарычныя карані беларускай дзяржаўнасці нашы гісторыкі калі і гаварылі, дык шэптам і азіраючыся; а энтузіясты, што вырашылі было ў шчыльным коле аднадумцаў адзначыць Тысячагоддзе Беларусі, адштурхоўваючыся ад першай пісьмовай згадкі пра Полацк, мелі вялікія непрыемнасці. Урэшце, я часта прыгадваў наўгародскі манумент і чакаў, што помнікі Гедыміну, Вітаўту і Альгерду з’явяцца і ў Беларусі. І вось, як той казаў, працэс пайшоў… У цэнтры Віцебска стаіць конны помнік князю Альгерду, а ў Мінску, у Палацы мастацтва, праходзіць прысвечаная гэтай асобе мастацкая выстава, прымеркаваная да 720-годдзя з дня нараджэння славутага валадара Вялікага Княства.

/i/content/pi/cult/595/13232/8-1.jpgЗначная частка экспазіцыі — партрэты князя Альгерда і адлюстраванне рэалій і падзей, звязаных з часам ягонага валадарання. Гэта, напрыклад, графічны аркуш Міколы Купавы “Віват Альгерд! Хвала Айчыне!” Аўтар малюе князя рамантычным героем. Мяркую, што Альгерд быў не самым горшым прадстаўніком свайго сацыяльнага класу, але ўсё ж такі гэткі погляд на складаную і супярэчлівую асобу падаецца мне спрошчаным і, можа, нават архаічным. Так ужо здарылася, што з пэўных прычын нацыянальны рамантызм, які сілкуецца наіўнымі ўяўленнямі пра мінулае як пра “залаты век”, у нашым мастацтве быў спляжаны на самым карані брутальным сацыялістычным рэалізмам. Такім чынам, гэты напрамак у сваім культурным развіцці мы фактычна прамінулі. Спроба ж аднавіць, імітаваць у сённяшніх варунках, калі ў грамадстве пануюць прагматычныя светапогляды, казкі пра мудрых продкаў і чалавекалюбівых уладароў выглядаюць, бадай, праявай інфантылізму.

Мне больш даспадобы серыя партрэтаў вялікіх князёў Ігара Гардзіёнка. Аўтар сваіх герояў не ідэалізуе, у ягонай трактоўцы валадары ВКЛ — брутальныя постаці, у вобразах якіх адбілася жорсткая эпоха. І гэта набліжанасць да гістарычнай праўды надае вобразам своеасаблівую прывабнасць. Цікавымі падаюцца мне таксама спробы Аляксея Яўсеева (пластыка “Дзіда Альгерда”) і Уладзіміра Голубева (жывапіс “Пагоня. Фрагмент”) выявіць драматызм эпохі праз знакі-сімвалы матэрыяльнага свету, што маюць сакральны сэнс.

Паколькі культурныя імпрэзы, прысвечаныя нацыянальнай гісторыі, ладзяцца ў нас не надта часта, творцы скарыстоўваюць іх, каб прадставіць грамадзе не толькі тое, што мае непасрэднае дачыненне да замоўленай тэмы, але ўсё, што можа спрыяць папулярызацыі беларускай даўніны. У гэтай экспазіцыі гледача прывабіць трыпціх Сяргея Цімохава “Грунвальд”. Гэта бітва адбылася ўжо пасля смерці Альгерда, а славу ў ёй прыдбаў Альгердаў пляменнік Вітаўт. Партрэтная карціна Дар’і Шышковай “Князь” — не партрэт канкрэтнай гістарычнай асобы, хоць тут і можна ўгледзіць рысы падабенства з прынятай выявай Альгерда. Гэта даволі пераканаўчы абагульнены вобраз беларускага ваяра часоў Сярэднявечча. Тая ж абагульненасць і сімвалічнае ўвасабленне Беларусі як скрыжавання ваенных дарог і адвечнага поля бітвы прысутнічае і ў карцінах Анатоля Бяляўскага “Рэха часу-1” і “Рэха часу-2”. Скульптура Сяргея Аганова “Жалезны воўк”, па ўсім відаць, ілюструе легенду пра заснаванне Гедымінам Вільні. Праўда, гісторыкі мяркуюць, што горада князь не засноўваў, а проста перанёс сталіцу з Наваградка ва ўжо існуючае крывіцкае паселішча на беразе Віліі (Вільні). А сэнс легенды ў тым, што міфічны гедымінавы жалезны воўк з той жа зграі, што і ваўчыца, якая не дала памерці Ромулу і Рэму. Як заўжды, майстэрствам і сэнсавай глыбінёй вызначаюцца графічныя аркушы Уладзіміра Вішнеўскага (“Карона Міндоўга” і прысвячэнне народнаму пісьменніку Быкаву “Апостал Васіль”). Не абмінулі мастакі ўвагаю і гістарычныя ландшафты. Гэта жывапіс Івана Козела “Царква ў Сынкавічах”, графічныя аркушы Святланы Урублеўскай “Скрозь час” і Марыі Дарожка “Віцебск”.

Святлана Баранкоўская распавядае пра жыццё князя Альгерда нізкай невялікага памеру габеленаў, у якой адбіліся найбольш важныя падзеі і рэаліі ягонай эпохі. Уладзімір Васюк скарыстаў выставу як нагоду для філасофскіх разваг на мове вытанчанай графікі. Бадай, адзін з самых арыгінальных твораў экспазіцыі — гэта прасторавая кампазіцыя Уладзіміра Вальнова “Пераможны дзень”, якая ўвасабляе гістарычныя перамогі войска ВКЛ, войска пад сцягам з “Пагоняй”.

Экспазіцыя гістарычных партрэтаў работы Юрыя Каралевіча ў кантэксце выставы ўспрымаецца персаналіяй. Гэта галерэя жывапісных выяў Вялікіх князёў, выдатных дзяржаўных дзеячаў ВКЛ, а таксама — выбітных прадстаўнікоў роду Радзівілаў. Можна спрачацца адносна трактоўкі тых ці іншых вобразаў, але ўражвае сам маштаб працы і яе канцэптуальная цэльнасць.

Ну а “цвіком экспазіцыі” я назваў бы рабочую мадэль віцебскага помніка князю Альгерду работы Сяргея Бандарэнкі. Князь не з мячом альбо з дзідай, што было б натуральна для статусу ўладара, а з сокалам на руце, якая ўказвае наперад. Драпежная птушка на руцэ выглядае як знішчальнік на ўзлётнай паласе і можа сімвалізаваць і ваенны паход дзеля пашырэння межаў дзяржавы, і абарону існуючых рубяжоў. Але найперш варта памятаць, што гэты сокал родам з Полацка. Гэта сімвал дынастыі Рагвалодавічаў. Стылізаваная ў выглядзе трызуба выява сокала і сёння на гербах шэрагу беларускіх гарадоў. Гісторыкі не без падстаў мяркуюць, што герб Гедымінавічаў “Слупы” (альбо “Калюмны”) не што іншае, як стылёвая трансфармацыя полацкага “Трызуба”, і сімвалізуе ён повязь Гедымінавічаў з Рагвалодавічамі і Русь Літоўскую як гістарычную пераемніцу Русі Полацкай.

Так што помнік ва ўсіх адносінах спраўны. Помнікі Вітаўту і Гедыміну мусяць быць не горшымі. Не ўсё ж нам у Ноўгарад ездзіць, каб на сваіх князёў паглядзець…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"