Пад шатамі Белавежскай пушчы

№ 16 (834) 19.04.2008 - 25.04.2008 г

... Палову Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці абдымаюць велічныя лясы. Маляўнічы регіён падпяразаны поясам нацыянальнага запаведніка “Белавежская пушча” і мяжой суседняй Польшчы. Жыхары мясцовых вёсак штодня бачаць асілкаў-зуброў не на кніжных старонках, а ля плота, што ахоўвае сады ды агароды ад лясных суседзяў. Часцяком дарогу аўтамабілю загароджвае крутарогі волат ці дзік, а неба рассякае крыламі не авіялайнер, а клін лебедзяў, качак, журавоў... Такім багаццем, вядома, патрэбна распараджацца рацыянальна. Само асяроддзе наводзіць на думку аб развіцці сферы экалагічнага і агратурызму. Работнікі культуры Свіслаччыны разам з мясцовымі жыхарамі асаблівую ўвагу надаюць распрацоўцы турыстычнай інфраструктуры і маршрутаў, у якіх — эканамічная дамінанта гэтага краю.

Балем правіць моладзь
Летась у раёне адбыліся сур’ёзныя кадравыя змены: прызначылі новага старшыню райвыканкама — Юрыя Сазона, у ліпені пасаду намесніка старшыні райвыканкама заняў Аляксандр Кароль. А ўвосень прыняў стырно кіравання начальнік аддзела культуры райвыканкама Ігар Баяркін. Усе энергічныя, па-добраму амбіцыйныя.
— Ігар Віктаравіч, якую спецыфіку мае раён у сувязі з унікальным месцазнаходжаннем? — задаю першае пытанне галоўнаму культасветніку.

— Сапраўды, Свіслаччына з аднаго боку мяжуе з Польшчай, з другога — з нацыянальным паркам “Белавежская Пушча”, які з года ў год павялічвае свае памеры. Таму ў нас няма транзітных маршрутаў. Пры гэтым на Свіслаччыне размяшчаюцца 154 населеныя пункты, у якіх пражывае 22,1 тысячы чалавек.

У сетку ўстаноў культуры ўваходзяць дванаццаць сельскіх дамоў культуры, сем вясковых клубаў, кінатэатр, вясковы клуб-бібліятэка, раённы гісторыка-краязнаўчы музей, дзве дзіцячыя школы мастацтваў, музычная школа, дваццаць пяць бібліятэк, раённы метадычны цэнтр. Ва ўстановах культуры працуе 188 спецыялістаў.

— На карце шмат невялікіх вёсачак, некаторыя з іх трапілі ў межы нацыянальнага парку. Ці ўсе ахоплены клубнай работай?
— Усяго ў нас працуе 131 клубнае фарміраванне — шматлікія калектывы мастацкай самадзейнасці, аматарскія аб’яднанні, якія не спыняюць сваёй дзейнасці нават пры перапрафіляванні дамоў культуры аддаленых вёсак. Сярод іх нямала ўзорных і народных. Так, найстарэйшы калектыў раёна — народны аркестр народных інструментаў Свіслацкага РДК. Народны харавы калектыў “Сузор’е” штогод атрымлівае ўзнагароды за лепшае выкананне, за аўтарства песень. Натхненне і талент народнага ансамбля народных інструментаў Поразаўскай дзіцячай музычнай школы неаднойчы адзначаліся дыпломамі на фестывалях, аглядах, конкурсах у Беларусі і Польшчы.

Падобных дасягненняў на Свіслаччыне шмат. Сёлета ў гэты спіс дадалося новае імя: рашэннем калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ансамблю народнай песні і музыкі “Пушчанскія напевы” Пацуеўскага СДК прысвоена званне “народны аматарскі калектыў”.

Калектывы — запатрабаваныя! Толькі запершыя месяцы года яны прынялі ўдзел у абласным фестывалі праваслаўных песняспеваў, абласным фестывалі ветэранскіх калектываў “Не старэюць душой ветэраны”, раённым аглядзе-конкурсе канцэртных праграм клубных устаноў. Новай формай работы раённага Дома культуры стала правядзенне карпаратыўных вечароў, прысвечаных святкаванню Новага года, Дня жанчын, Дня работнікаў камунальных службаў. Платных паслуг клубныя ўстановы за першы квартал аказалі на 19476,5 тысяч рублёў.

— Сярод вашых супрацоўнікаў шмат моладзі. Як вы заахвочваеце іх не з’язджаць у буйныя гарады?

Як і паўсюль у правінцыі, Свіслаччына адчувае востры недахоп акампаніятараў, харэографаў, у Вялікім Сяле каля года няма бібліятэкара. Увосень чакаем шэсць новых спецыялістаў. Мяркуем, што праблема будзе часткова знята. Часткова, бо праз два гады, як ні шкада, сёй-той пакідае часцяком сваё месца размеркавання. Каб заахвоціць заставацца на Свіслаччыне, у нас дзейнічае праграма маладзёжных крэдытаў на будаўніцтва дамоў. І намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Кароль, які курыруе сацыяльную сферу, і аддзел па справах моладзі пастаянна праводзяць сустрэчы з прадстаўнікамі маладога пакалення, на якіх узнімаюцца актуальныя пытанні, а для наладжвання атмасферы ўзаемаразумення падобныя сустрэчы аб’ядноўваюцца з забаўляльнымі праграмамі: так прасцей і досведам падзяліцца, і набалелую праблему акрэсліць, бо не кожны адважыцца запісацца на прыём да раённага начальства.

— Ігар Віктаравіч, з якімі праблемамі вы сутыкнуліся найперш, распачаўшы працу на гэтай пасадзе?

— Вельмі засмуціла тое, што горад, які не так даўно адзначыў 750-годдзе, не мае пакуль годнага будынка для дзіцячай школы мастацтваў: яна туліцца ў невялікім дамку. Дзвюм сотням вучняў не хапае месца, таму, апрача музычнага, харэаграфічнае і мастацкае аддзяленні займаюцца пакуль у раённым Доме культуры. А насупраць ДШМ стаіць трохпавярховы даўгабуд. Яшчэ калі мая старэйшая дачка прыйшла на заняткі ў першы клас, бацькам абяцалі, што вось-вось школа пераедзе ў новае памяшканне.

Але хутка і малодшая дойдзе да выпускнога балю, а воз і цяпер там. На жаль, фінансавая сітуацыяў раёне не дазваляе завяршыць будаўніцтва ў бліжэйшы час...

У чаканні пярэбараў
— Упэўнена, што нашы вучні вартыя новага будынка, — пагаджаецца з І.Баяркіным завуч ДШМ Ірына Паўлючэня. Дваццаць пяць педагогаў выкладаюць таленавітым нашым дзецям асновы розных відаў мастацтва. А дзеці і сапраўды паказваюць высокі клас, дэманструючы якасць свіслацкай падрыхтоўкі.
Навучэнка школы Марына Клімчук (клас педагога Марыны Далідоўскай) напісала сюіту і заняла першае месца ў малодшай групе на Міжнародным конкурсе юных кампазітараў імя Юрыя Семянякі. Дзяўчынка ў сваім творы ўславіла значныя гістарычныя постаці Свіслаччыны: Кастуся Каліноўскага, Вінцэнта Тышкевіча і Напалеона Орду. Вучань педагога Аляксандра Паўлючэні, баяніст Саша Валынчык заваяваў трэцяе месца на Рэспубліканскім конкурсе народных інструментаў імя І.Жыновіча. Зараз ён паступіў у Гродзенскае музычнае вучылішча і ўжо дадаў у скарбонку дасягненняў установы прэстыжны міжнародны дыплом.Ды і настаўнікі Свіслацкай ДШМ не сядзяць склаўшы рукі: з абласнога конкурсу метадычных работ выкладчыкаў Сцяпан Чудакоўскі і Марына Далідоўская прывезлі дыпломы першай і трэцяй ступеняў адпаведна.
“Навадворскае вяселле”

Зразумела, з вялікім будаўніцтвам раёну самастойна не справіцца. Але, як паведаміў старшыня райвыканкама Юрый Сазон, у параўнанні з мінулым годам бюджэтныя адлічэнні на падтрыманне культуры павялічыліся на 8%. Яны прадугледжаны на далейшае развіццё сферы і перш-наперш на яе годнае матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне.

Добрыя змены пачалі адбывацца. У аграгарадку “Новы Двор” жыццё і будоўля сёння віруюць вакол Дома культуры. Велічны будынак цягам апошняга дзесяцігоддзя развальваўся без ацяпляльнай сістэмы, але са зменай вясковага статуса нарэшце ўзяліся за яго рэстаўрацыю. Маляры і тынкоўшчыкі завяршаюць унутраныя работы, каб у хуткім часе сюды пераехалі гурткі, якія сёння праводзяць рэпетыцыі то ў школе, то ў бібліятэцы, то ў сельсавеце.Цікава, што мясцовыя ўлады вырашылі пад адным дахам аб’яднаць усе сферы сацыяльнага і культурна-асветніцкага абслугоўвання. Вяскоўцам патрэбна будзе толькі перайсці з калідора ў калідор, каб наведаць Дом быту, паштовае аддзяленне, сельскі савет, бібліятэку, апорны пункт міліцыі, банкаўскі філіял, музычную школу ці ўласна сам Дом культуры.

Малады дырэктар ДК Таццяна Міхайлоўская спадзяецца, што з пярэбарамі пашырыцца колькасць гурткоў. На новым месцы будуць спрыяльныя ўмовы для студыі эстрадных спеваў, тэатра гульні, школы канферансье, стварэння новых аматарскіх аб’яднанняў.

Вялікае значэнне для дырэктара мае адраджэнне клубаў старажытных абрадаў. Да прыкладу, “Навадворскае вяселле” калісьці карысталася поспехам не толькі ў аднавяскоўцаў, а і ў даследчыкаў фальклору, тэлевізійшчыкаў. Пажылыя людзі ўспаміналі часы маладосці, калі вясковае вяселле адбывалася па ўсіх правілах: з заручынамі, каравайніцамі, а моладзь з задавальненнем уводзіла ў сучасныя цырымоніі напаўзабытыя традыцыі.

Ці ўзяць старажытнае мастацтва пляцення паясоў. Да вяселля нявеста павінна была кожнаму з галоўных дзейных асоб свята падрыхтаваць адмысловы пояс. А раніцой, калі ішла першы раз з новага дому па ваду, абавязкова падпяразвала прыгожым пляценнем студню... З Таццянай Міхайлоўскай мы наведаліся да народнай майстрыхі Ніны Ботвіч, якая памятае тыя звычаі. Яе хата нагадвае кветкавую паляну: так прыгожа яна прыбрана саматканымі дорожкамі, стракатымі дыванамі, яркімі накрыўкамі. Ніна Паўлаўна расказвала, як нявестка з Масквы ды ўнучка з Амерыкі заўсёды, ад’язджаючы дадому, бяруць з сабой бабуліны тканіны. Непаўторныя ўзоры, выкананыя натхнёнымі рукамі, неверагодна каштоўныя ў наш час. Ніна Паўлаўна хацела б перадаць уменне малым землякам, але няма пакоя, дзе б можна было збіраць дзетак. З адкрыццём Дома культуры гэтая сітуацыя павінна выправіцца.