Ні дня без падзеі

№ 29 (1259) 16.07.2016 - 22.07.2016 г

Штодня дзесьці штосьці цікавае ды адбываецца. Так што лета — не толькі час адпачынкаў, але і руплівай працы на культурнай ніве. І глеба для творчасці тут заўжды ўрадлівая.

/i/content/pi/cult/595/13229/11-1.jpgВядучы метадыст Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Андрэй Струнчанка паведамляе, што “ў Ноўкінскай дзіцячай школе мастацтваў (Віцебскі раён) дзейнічае ансамбль народных інструментаў “Віцебскі сувенір”. Калектыў створаны ў 2007 годзе па ініцыятыве Аляксандра Паўлава, які і стаў яго кіраўніком”. У складзе ансамбля — настаўнікі ДШМ. У чэрвені “Віцебскі сувенір” прадставіў Віцебшчыну на Міжнародным музычным фестывалі імя Міхаіла Глінкі, прысвечаным 212-годдзю з дня нараджэння рускага кампазітара. Фэст адбыўся ў сяле Наваспаскае на Смаленшчыне. Але асноўная сцэна для “сувеніраўцаў” — у аддаленых вёсках роднага раёна. Калектыў пастаянна выступае перад жыхарамі Замасточча, Сасноўкі, Скрыдлева і іншых. У творчай звязцы з ансамблем працуе дзіцячы аркестр народных інструментаў “Вясёлы музыкант”.

Мастак Анатоль Концуб падарыў Бабруйскаму мастацкаму музею свой альбом “Анатоль Концуб. Жывапіс. Кераміка”. Пра гэта піша навуковы супрацоўнік установы Ала Мальцава: “Музей прапанаваў наведвальнікам відэапрэзентацыю гэтай кнігі. Так нарадзіўся праект “Грані творчасці”. Такая прэзентацыя адбылася ва ўстанове ўпершыню. Да падзеі мастак падрыхтаваў шэраг новых жывапісных работ пад назвай “Вандроўка з анёлам”.

А вось паведамленне з далёкага Іркуцка. Кіраўнік тамтэйшага Беларускага маладзёжнага клуба “Крывічы” Алег Рудакоў паведамляе пра тое, як на беразе Ангары прайшло Купалле, у якім бралі ўдзел ці не трыста чалавек. “Актывісты клуба, — сцвярджае Алег, — старанна рыхтаваліся. Наш ансамбль аўтэнтычнага спеву развучыў больш за трыццаць купальскіх песень. Дзве гадзіны інтэрактыву скончыліся пошукамі папараць-кветкі”.

Купальскую тэму працягвае ўсё той жа Андрэй Струнчанка. Ягоны расповед — пра свята, што адбылося ў вёсцы Доўжа Віцебскага раёна і скончылася купальскім вогнішчам ды этнадыскатэкай.

Акцыя “Падаруй бібліятэцы кнігу” — у цэнтры ліста Валянціны Расошанка, бібліятэкара Светлагорскай раённай дзіцячай бібліятэкі. “Акцыя стартавала ў маі, — паведамляе работнік культуры, — а скончыцца ў Дзень бібліятэк, 15 верасня. Ідэю падхапілі людзі розных узростаў і прафесій”. У ліку першых адгукнуліся члены дабрачыннай грамадскай арганізацыі “Лайанс-клуб “Светлагорск”. Падаравана ўжо тысяча кніг. Гэта гістарычныя і так званыя жаночыя раманы, дэтэктывы, фантастыка, мастацкія творы беларускіх і рускіх класікаў, кнігі па псіхалогіі, умацаванні здароўя, для паляўнічых і рыбаловаў, для тых, хто займаецца хэнд-мэйдам. На кожнай кнізе пазначана прозвішча дарыльшчыка. З гэтых выданняў арганізавана спецыяльная выстава.

Чарговы праект — Маларыцкай ЦБС. У райбібліятэцы дзейнічае выстава “Магія любві і агню”. Гэта частка арт-праекта “Свет захапленняў”, распачатага ўстановай больш за чатыры гады таму. Максім Бескаравайны — каваль, больш за дваццаць работ якога прэзентуецца ў чытальнай зале. Пра гэта паведамляе наш сталы аўтар Мікалай Навумчык.

У Лішкаўскай сельскай бібліятэцы (Бераставіцкі раён) прайшла патрыятычна-выхаваўчая гульня “Пазнай Беларусь — і ты яе палюбіш”. Ва ўстанову прыйшлі падлеткі з бацькамі ды бабулямі і выправіліся ў віртуальную вандроўку па Беларусі. Гаворка ішла пра зямлю, мову, незалежнасць. Ліст пра тое даслала бібліятэкар установы Зоя Хлебнікава.

Вядучы метадыст аддзела народнай творчасці Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу Ірына Капуста распавядае пра конкурс на лепшы касцюм садавіны і гародніны. Адбыўся ён на свяце горада. Цэнтр культуры і вольнага часу арганізаваў конкурс разам з установамі адукацыі раённага цэнтра.

У Струбніцкай сельскай бібліятэцы Мастоўскага раёна прайшло свята “Беларуская цацка”. Бібліятэкар установы Сняжана Чарніцкая піша: “Дзед Міхед і бабуля Гануля прадэманстравалі саламяных конікаў, свістулькі з дрэва, лялькі з тканіны, саломы, дрэва і паперы, а таксама — саламянага павука, дамавікоў з лёну. І не проста прадэманстравалі, але і распавялі пра ролю лялькі ў сямейных ды каляндарных абрадах”.

Гарадскі парк Ліды стаў цэнтрам акцыі “BOOK street: кніжная вуліца ў парку”. Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы Дар’я Марцінкевіч зазначае, што асаблівай папулярнасцю карысталася творчая майстэрня “Казачная птушка”. Тут можна было паспрабаваць сілы ў выкананні папяровай пластыкі. Працавалі кніжныя выставы, а яшчэ — фотастудыя “Я і літаратурны герой”.

Вывучэннем гісторыі Гомельшчыны даўно і плённа займаюцца краязнавец Аляксандр Патапаў і журналіст Мікалай Шуканаў са Жлобіна. Яны сумесна напісалі некалькі кніг. А днямі пабачыла свет новае выданне — “Доўск і Стары Крыўск: летапіс часу”. Міхась Сліва паведамляе, што кніжны праект быў рэалізаваны пад патранатам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Рагачоўскага райвыканкама і за кошт еўрасаюзаўскага гранта па стварэнні эфектыўных умоў культурных і інфармацыйных паслуг для сельскага насельніцтва “Свет інфармацыі, культуры і творчасці — для ўсіх”.

Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці прэзентуе свае праекты, што будуць рэалізаваны ў рамках XXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. 14 ліпеня на плошчы Свабоды прайшоў конкурс духавой музыкі “Віват, аркестр-2016!”, 15 ліпеня — свята-конкурс народнага касцюма “Сцяжкі майстэрства-2016”. Тэатралізаваныя пляцоўкі гарадскіх і раённых брэндаў Віцебшчыны і рэспублікі дзейнічаюць да 18 ліпеня. А сёння, 16 ліпеня, пройдзе канцэрт брэндаў. У выхадныя дні на тэрыторыі Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці плануецца конкурс майстроў па лозапляценні “Лазовы прут”. Удзел бяруць больш за трыццаць майстроў з усёй Беларусі са сваімі вучнямі. 18 ліпеня закрываецца Нацыянальная выстава наіўнага мастацтва, прысвечаная 120-годдзю з дня нараджэння Алены Кіш. Выстава дзейнічае ў трох залах: у Абласным метадычным цэнтры народнай творчасці, Абласным краязнаўчым музеі, Доме кіно. Тут размешчаны работы 69 аўтараў.

Таццяна Маляўка паведамляе: “У Цэнтральнай раённай бібліятэцы створаны літаратурна-краязнаўчы пакой “Ганцавіччына літаратурная”. Тут прадстаўлена творчасць літаратараў-землякоў, тых пісьменнікаў, якія тут працавалі. На кніжных паліцах вы знойдзеце творы Аляксандра Сержпутоўскага, Якуба Коласа, Васіля Праскурава, Міхася Рудкоўскага, Івана Кірэйчыка, Алеся Каско… Апрача кніг ёсць тут рукапісы, фотаздымкі, асабістыя рэчы. У пакоі ладзяцца вечарыны, для школьнікаў праводзяцца экскурсіі”. Установа — у пастаянным творчым пошуку. Вынікі яго — красамоўныя: выстава “Самая старая рэч у маёй сям’і”, створаная з дапамогай чытачоў; бібліякавярня “Адпачываем з кнігай”, арганізаваная ў літаратурна-краязнаўчым пакоі, дзе бібліятэкар-афіцыянтка прапануе вам меню з самых “смачных” кніг…

Наступны год для Полацка знамянальны выключнымі падзеямі: 1155-годдзем горада і 500-годдзем беларускага кнігадрукавання. Пра творчыя праекты з гэтай нагоды распавядае прэс-служба мясцовага райвыканкама. Распачатая з мая акцыя ”Полацк вачыма дзяцей, ці Горад у мініяцюры” завершыцца ў верасні 2017-га. За гэты час будуць створаны макеты самых пазнавальных аб’ектаў старажытнага горада. Удзельнікі праекта — школьнікі і студэнты Полаччыны. Архітэктура ў мініяцюры будзе дэманстравацца падчас святкавання Дня беларускага пісьменства на вулічнай пляцоўцы.

Чэмпіянаты і экафэсты па зборы ягад і грыбоў — брэнд Полацкага раёна. “Лацкія чарніцы” — спаборніцтвы на хуткасць ягаднага збору (задзейнічана больш за 120 каманд), чарнічны бодзі-арт, шматметровы пірог сяброўства — далёка не ўсе складнікі свята, што прайшло на плошчы Францыска Скарыны.

Вядучы метадыст Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Алена Барэль распавядае, як у аграгарадку Дзембрава прайшло фальклорнае свята “Паміж намі, суседзямі”. Мясцовы сельскі клуб фальклору, якім кіруе Алена Аліхвер, запрасіў да сябе гасцей з Каменскага, Навадворскага ДК, Астрынскага дома культуры і тэатральнай творчасці, суседзяў з Індуры. Падворкі прэзентавалі нацыянальную кухню. Выступалі фальклорныя калектывы. Фінальны канцэрт прэзентаваў аўтэнтычную творчасць гасцей.

І напрыканцы — пра свята “Стану песняй у народзе…”, прымеркаванае да 140-годдзя з дня нараджэння Алаізы Пашкевіч (Цёткі). У Шчучынскай райбібліятэцы, якая носіць імя згаданай пісьменніцы, 15 ліпеня працавала паэтычная гасцёўня. У райцэнтры адбылася сустрэча з пісьменнікамі. Ля помніка Алаізе Пашкевіч, непадалёк ад РЦК, была наладжана літаратурна-паэтычная кампазіцыя “Кветкі любімай паэтэсе…” А ля магілы пісьменніцы ў вёсцы Стары Двор прайшоў мітынг. Работнікі культуры арганізавалі святочную праграму і ў гарадскім пасёлку Астрыно.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"