Аптымізацыя, я цябе не баюся!

№ 29 (1259) 16.07.2016 - 22.07.2016 г

Журналісцкі аўтатур газеты "Культура" / "Што мы робім для таго, каб вёска адраджалася?"
Бібліятэкар Лішкаўскай сельскай бібліятэкі Зоя Хлебнікава так доўга чакала публікацыі пра сваю ўстанову, што не ўстрымалася і накіравала ў рэдакцыю ліст: куды, маўляў, Рагін з Антановічам падзеліся? Адначасова даслала інфармацыю пра новы бібліятэчны праект, якая друкуецца ў сённяшнім аглядзе пошты. Зоя Якаўлеўна, гэтай “аўтатураўскай” публікацыяй мы завяршаем гаворку пра культуру Бераставіцкага раёна. А сказ з вашага пранікнёнага ліста мы зрабілі падзагалоўкам гэтага артыкула.

/i/content/pi/cult/595/13228/10-1.jpgУ які раз пераконваемся: установа культуры толькі тады будзе запатрабавана, калі прапануе мясцовым жыхарам цікавы прадукт. І калі размова заводзіцца пра аптымізацыю, скарачэнне штатаў або закрыццё сельскіх устаноў культуры, дык, мяркуем, варта падлічваць не колькасць жыхароў вёскі (у многіх раёнах населены пункт з менш чым 100 жыхарамі лічыцца неперспектыўным), а працэнт удзелу тых самых жыхароў у дзейнасці клубнай ці бібліятэчнай установы. А калі гэту ўстанову яшчэ і фінансава падтрымлівае мясцовая гаспадарка, дык пра якое закрыццё гаворка? Словам, у цэнтры сённяшняй публікацыі досвед сельскіх устаноў культуры Бераставіцкага раёна, а таксама — пачатак знаёмства з культурнымі цікавосткамі Свіслачы.

Запатрабаваная электрагітара

У нашых аўтатурах працуем збольшага аўтаномна. Але іншым разам узгадняем маршрут з мясцовымі работнікамі культуры. Так здарылася і падчас вандроўкі па Бераставіцкім раёне. Нам параілі наведаць установы культуры ў Алекшыцах і Лішках.

Будынкі, падобныя на Алекшыцкі сельскі дом культуры, даводзілася сустракаць у час аўтападарожжаў па Беларусі даволі часта: іх стыль дазваляе прыгадаць магутныя ўліванні ў сферу культуры за савецкім часам. Тады былі сродкі і на тое, каб узводзіць у глыбінцы гмахі, і каб іх утрымліваць. Сёння многія з тых будынін патрабуюць капітальнага рамонту, а ў некаторых выпадках і закрыцця з аптымізацыяй установы альбо яе пераносам у больш кампактнае памяшканне. З папярэдніх падарожжаў адразу прыходзяць на ўспамін велічныя, але занядбаныя гмахі ў Саскай Ліпцы на Нясвіжчыне і ў Вішняўцы на Стаўбцоўшчыне.

У Алекшыцах усё не так. Таму, што мясцовая гаспадарка дапамагае з добраўпарадкаваннем: у будынку праведзена каналізацыя, усталявана сантэхніка, адрамантавана столь. Яно і не дзіўна: будынак СДК і бібліятэкі — на балансе СВК “Алекшыцы”. Прыклад, варты пераймання не толькі ў раёне (на Бераставіччыне гэта адзіны такі выпадак), але і па ўсёй краіне. Вось толькі ці шмат сёння гаспадарак адужае ўзяць такую пашанотную, але цяжкую ношу?

Але не толькі добры выгляд будынка Алекшыцкага СДК робіць яго адметным. Самае цікавае заключаецца ў працы ўстановы, якая, адзначым, цяпер называецца Філіял па культурна-дасугавай дзейнасці аграгарадка “Алекшыцы” Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Інакш кажучы, загадчык установы Уладзімір Макар здолеў арганізаваць тут некалькі музычных гуртоў, якія спяваюць не з дапамогай зашмальцаваных “мінусовак”, а пад жывы інструментал. Каб пераканаць нас у гэтым, кіраўнік узяў у рукі электрагітару. Пасля невялікай імправізацыі стала зразумела, чаму да самадзейнасці актыўна падключаецца працоўная моладзь. Хто ж не мае вакальных даных і музычнага слыху, таксама не абдзелены ўвагай: пры ўстанове карыстаецца папулярнасцю народны драматычны калектыў “Вяскоўцы”.

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Уладзімір Макар нагадаў маё юнацтва, калі танцы летам адбываліся ў “клетцы” (на танцполе з агароджай). Дарэчы, гэтая традыцыя і па сёння жыве ў Алекшыцах. Відаць, заможнасць мясцовай сельскагаспадарчай арганізацыі бярэ выток таксама з савецкіх часін, калі грошай хапала і на вырошчванне хлеба, і на ўтрыманне мясцовай культуры. На мой капыл, адзіна правільны падыход да адраджэння сяла. Не бяруся адказваць на пытанне “Чаму гэты падыход не спрацоўвае сёння?” Але вельмі шкада, што беларус, спрадвечны хлебароб, не можа годна зарабіць на ўласнай ніве. Таму і застаецца актуальнай аптымізацыя ўстаноў культуры. Ды толькі не ў Алекшыцах.

“Прамоўшн” сельскай бібліятэкі

Пад адным дахам з Алекшыцкім філіялам па культурна-дасугавай дзейнасці знаходзіцца і бібліятэка. Маюць установы не толькі агульную страху, але і супольныя праекты. Як высветлілася, музыкай у Алекшыцах апантаныя ці не ўсе. Бібліятэкар Людміла Матыль пад гітарнае суправаджэнне Уладзіміра Мікалаевіча праспявала нам песню пра Русь з хрысціянскага рэпертуару Жанны Бічэўскай. Як аказалася — невыпадкова. У бібліятэку мы наведаліся напярэдадні ўжо традыцыйных “Пятніцкіх сустрэч”. Чарговая была прысвечана гутарцы са святаром — пра гісторыю мясцовай царквы. Адметна, што бібліятэкары сваімі сіламі з архіўных матэрыялаў, запісаў успамінаў мясцовых жыхароў падрыхтавалі дакументальны фільм пра мясцовы храм.

Маюцца ў бібліятэцы і свае клубныя аб’яднанні. Рэгулярна збіраецца пасяджэнне клуба “Сустрэча”, а таксама дзейнічае клуб для дзяцей “Клёпа”. Цікава было пазнаёміцца і з кніжнымі выставамі. Да прыкладу, вока зачапілася за паліцу, дзе былі сабраны мастацкія творы-юбіляры. Мы такога яшчэ не бачылі. Цікава было даведацца, што, скажам, “Сэрцу на далоні” Івана Шамякіна сёлета споўнілася 50 гадоў, а “Дрыгве” Якуба Коласа — 80. Чым не нагода тое-сёе перачытаць з класікі?

А вось адказы на тыповыя пытанні, кшталту, колькасці кніг у фондах ці відаў платных паслуг у Алекшыцах знайшліся ў рэкламным буклеце бібліятэкі. Дзякуючы яму даведаліся, што ўстанова прапануе не толькі кнігі, а, скажам, камп’ютарныя гульні для дзяцей ці нават гатовыя сцэнарыі розных святочных урачыстасцяў для дарослых. Вельмі зручны і інфарматыўны “прамоўшн”, які можа дазволіць сабе ці не кожная сельская бібліятэка краіны. А тлумачыцца такая прафесійная дасведчанасць Людмілы Матыль вельмі проста: у культуры яна — з 1976 года.

Рэцэптура поспеху

Апошнім пунктам нашага падарожжа па Бераставіцкім раёне стала вёска Лішкі. Прывабіла яна адметным сядзібна-паркавым ансамблем ды ініцыятыўным і актыўным бібліятэкарам, якая сустрэла нас як ганаровых гасцей з хлебам і соллю…

Яшчэ нядаўна ў будынку поруч з бібліятэкай размяшчаўся клуб-музей. У свой час, як аказалася, для гэтага была праведзена вялікая праца па выяўленні прадметаў старадаўняга побыту. Вось толькі музею нядоўга давялося папрацаваць. Прычына — усё тая ж аптымізацыя: большасць музейных прадметаў былі перададзены ў Музей вавёркі. Каб плошчы не пуставалі, Зоя Якаўлеўна, можна сказаць, па-гаспадарску “захапіла” ўсё памяшканне пад бібліятэку. Цяпер ёсць тут адметны краязнаўчы пакой, аздоблены прадметамі сельскага побыту і ўзорамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва для правядзення Лішкаўскіх вячорак. Праект — доўгатэрміновы.

Нягледзячы на тое, што клуба няма — канцэрты самадзейнасці засталіся. Зоя Якаўлеўна папрасіла, каб старэнькі музычны цэнтр пакінулі для бібліятэкі. Дзякуючы гэтаму, з мясцовымі дзецьмі ладзяцца канцэртныя праграмы. Мы пераканаліся, што ўстанову наведваюць і актыўна ўключаны ў яе жыццё ўсе мясцовыя маладыя людзі, у тым ліку 36 дзяцей. І гэта без уліку дачнікаў.

Чарговая адметнасць лішкаўскай бібліятэкі — фальклорны калектыў “Весялухі”. У ім засталіся ўсяго тры спявачкі. Нягледзячы на пашанотны ўзрост, Лідзія Галавач, Праскоўя Шах, Вера Сяргейчык стараюцца не прапускаць ніводнага мерапрыемства. Парадавалі яны народнымі спевамі і нас. Запланавана на жнівень “Свята ручніка”, якое, спадзяецца Зоя Якаўлеўна, набудзе раённы характар. Інфармацыю пра падзею бібліятэкарка абяцала неадкладна даслаць на “Люднае месца” ў “К”. Будзем чакаць…

Трохі нязвыклай атрымалася гаворка пра выкананне платных паслуг. Як высветлілася з размовы, асноўная частка прыбытку сельскай бібліятэкі — паступленні ад СВК “Макараўцы”. Апроч таго, прыбытак прыносіць напісанне сцэнарыяў. Ізноў бачым узаемавыгаднае супрацоўніцтва, якога так не хапае многім установам культуры па краіне.

Дарэчы СВК — гэта не адзіны партнёр бібліятэкі. Ужо багата часу адбываецца супрацоўніцтва і з пагранічнай заставай. Як-ніяк Лішкі знаходзяцца ў памежнай зоне, куды трапіць можна толькі з адпаведнымі дакументамі. Да прыкладу, улетку абвешчаны конкурс на лепшага чытача. У якасці заахвочвання для дзяцей — экскурсія на заставу.

Зайшоў у бібліятэку і старшыня мясцовага сельсавета Іван Ятэль. Пацвердзіў: і ў яго з установай культуры — стасункі самыя шчыльныя. Інакш кажучы, Зоя Хлебнікава зрабіла ў свой час усё для таго, каб вывесці бібліятэку з-пад пагрозы ўсюдыіснай ды бязлітаснай аптымізацыі. Калі хто не зразумеў рэцэптуры яе поспеху, перачытайце гэты раздзел больш уважліва.

Недарэчнае суседства

Увогуле праца з дзецьмі ў бібліятэцы — разнастайная і разнапланавая. Так, нядаўна падлеткі зрабілі камп’ютарны праект аднаўлення лішкаўскага сядзібна-паркавага ансамбля, створанага ў ХІХ стагоддзі ў арыгінальным стылі. Асабняк складаецца з дзвюх частак: старога аднапавярховага будынка з ганкам у стылі шляхецкіх сядзіб і дабудаванага да яго ў 1848 годзе двухпавярховага будынка ў стылі італьянскай вілы. У старасвецкім парку будыніна глядзіцца па-ранейшаму шыкоўна.

Маёнтак Лішкі быў у свой час набыты вядомым медыкам французскага паходжання Карлам Вірыёнам. Ягоны ўнук Станіслаў на пачатку ХХ стагоддзя сабраў у Лішках вялікую калекцыю мясцовых і замежных насякомых, якая была страчана ў час Першай сусветнай вайны.

Сёння адметны з усіх бакоў комплекс, перспектыўны праз блізкае суседства з Польшчай, застаецца занядбаным. Як мы даведаліся, былі спробы выкупіць яго прыватным інвестарам, вось толькі суседства з фермай з адпаведнымі пахамі яго адвадзіла. Таму цяпер толькі і застаецца, што займацца віртуальным адраджэннем старадаўняй сядзібы ды спадзявацца на лепшае.

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

У кожным раёне падчас нашых аўтатураў стараемся наведаць мясцовы дом рамёстваў. Вядома, не толькі, каб напісаць пра дасягненні і клопаты іх супрацоўнікаў, але і каб прыдбаць якісь сувенір для сваёй ужо немалой калекцыі. І больш за ўсё шкадуеш, калі, вярнуўшыся дамоў, згадваеш, што не набыў нейкі рукачынны выраб, што зацікавіў. У Свіслачы пастараўся не даць маху і купіў адметнае велікоднае керамічнае яйка з прораззю. Такога нідзе не сустракаў, таму, што называецца, рэкамендую.

Таямніцы бабуліных куфраў

Цяпер — пра Свіслацкі раён, дакладней — пра Свіслач. Мястэчка — унікальнае не толькі таму, што амаль памежнае і аточанае Белавежскай пушчай. Справа ў тым, што ў мясцовай гімназіі ў свой час вучыліся Кастусь Каліноўскі, Рамуальд Траўгут, Напалеон Орда, Юзаф Крашэўскі… Лічы, святыя мясціны! Сюды варта было завітаць толькі дзеля таго, каб схіліць голаў ля помніка Кастусю Каліноўскаму. Але пра яго — у наступным нумары “К”.

Тым вечарам мы паспелі завітаць у раённы дом рамёстваў, які працуе ў пакоі РДК. Адзін з нас ужо быў тут і пераканаўся, што майстры-рамеснікі падабраны ў райцэнтры з выключным стараннем. Правільна на сёння гэтая структура называецца аддзелам рамёстваў і традыцыйнай культуры. А ў тым, што яна выключна выніковая, вы зараз пераканаецеся.

Усім кіруе тут Аксана Васілько (дэкупаж, батык, тэкстыльная лялька). За кераміку і пластыку адказвае Іна Шпак. Акампаніятар РДК Віталь Аніска — ганчар на палову стаўкі. Ірына Фунт і Зоя Радзівонік — пляцельшчыцы. Мы таму так падрабязна, што ў рамесніцкім аддзеле — не толькі 6 гурткоў, дзе займаецца 40 дзяцей, а яшчэ і дзве аматарскія суполкі: “Палёт душы” — для 14 маладых інвалідаў (пагадзіцеся, такіх гурткоў па Беларусі недаравальна мала); “Таямніцы бабуліных куфраў” (ацаніце назву!) — для майстроў раёна.

План па аказанні платных паслуг (2 тысячы 800 рублёў у новых грошах) аддзел выконвае. І за кошт продажу сувеніраў і дзякуючы пастаянным майстар-класам (3 рублі за індывідуальныя заняткі, 10 — за групавыя).

Гэтымі днямі аддзел рэалізоўвае праект адраджэння вырабу чарнавошчанай керамікі, які быў развіты калісьці ў вёсцы Поразава. Па нашым меркаванні, Сенненскі аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры — адзін з лепшых на Гродзеншчыне.

(Не)лірычнае агульнае заканчэнне

Выснова тут — нескладаная: хочаш застацца на плыву — плыві! А ў дачыненні да развіцця культурнай справы гэта азначае, што ў працэс неабходна ўцягваць літаральна ўсіх: і моладзь, і пенсіянераў, і мясцовыя ўлады. Каб і думкі не ўзнікала зачыніць клуб ці бібліятэку. Вучыцеся плаваць!

Мінск — Ваўкавыскі — Бераставіцкі і Свіслацкі раёны Гродзеншчыны — Мінск

Фота аўтараў

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"