Рэклама рэкламе: розгалас

№ 29 (1259) 16.07.2016 - 22.07.2016 г

У № 25 “К” ад 18 чэрвеня быў апублікаваны матэрыял Яўгена Рагіна “Рэклама рэкламе”. Такім чынам была распачата дыскусія пра самапіяр і брэндынг устаноў культуры. Тэма для газеты сталая, але і гэтым разам яна выклікала пэўны рэзананс. На публікацыю “К” адгукнулася загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Навагрудскай райбібліятэкі Фаіна Малюжэнец.

/i/content/pi/cult/595/13226/12-1.jpg

Выстава-карусель навагрудскай бібліятэкі на свяце горада. / Фота прадастаўлена аддзелам бібліятэчнага маркетынгу Навагрудскай раённай бібліятэкі

Як папрыгажэць бібліятэцы без змен у ранжыры

Я — бібліятэкар са стажам, бачыла самыя лепшыя часы развіцця бібліятэчнай справы. Але сітуацыя змянілася. Сёння бібліятэкі знаходзяцца на пераломным, можна сказаць, этапе існавання. Растлумачу: публічныя бібліятэкі апошнім часам усё больш прымаюць на сябе функцыю клубнай установы, у іх рабоце дамінуе культурна-масавая работа. А вось абслугоўванне чытачоў кнігай (асабліва гэта тычыцца раённых і гарадскіх бібліятэк) сыходзіць на другі план. А яшчэ у нас ёсць вельмі моцныя канкурэнты. Напрыклад, сэрвісы “Google”: “Google Books”, што скануе і збірае вялікую частку кніг у сусветных бібліятэках, “Google Play”, што прапануе больш за 4 мільёны кніг і тысячы фільмаў, песень і розных дадаткаў. Ці можа з гэтым параўнацца звычайная бібліятэка? Дык якая будучыня нас чакае пры такім раскладзе? І чым можа дапамагчы рэклама, пра якую вы, Яўген, у чарговы раз кажаце на старонках “Культуры”?

Зразумела, бібліятэкі не будуць такімі, якімі мы іх ведалі і ведаем сёння. Памятаеце, чытачы некалі па асабістым жаданні, без бібліятэчнай рэкламы запісваліся ў чаргу, каб пачытаць тую ці іншую кнігу, нават “блат” шукалі сярод бібліятэкараў. Мы тады вялі картатэкі чытацкага попыту, каб яго задаволіць, усталёўвалі чаргу, каб выключыць гэты самы “блат”. Асабліва гэта тычылася перабудовачнага часу, калі не хапала экзэмпляраў модных тады Уладзіміра Дудзінцава (“Белыя адзенні”), Васіля Гросмана (“Жыццё і лёс”), Анатоля Рыбакова (“Дзеці Арбата”), Аляксандра Салжаніцына (“Архіпелаг ГУЛАГ”) і іншых. Трохі пазней была чарга і на творы нашай беларускай пісьменніцы Наталлі Батраковай. І яна доўжылася, пакуль усе не перачыталі “Тэрыторыю душы”, “Плошчу згоды”, “Імгненне бясконцасці”. На цікавую чытачам літаратуру і рэклама не патрэбная — тут “сарафаннае радыё” стала спрацоўвае. А яшчэ ў тыя часы суперпапулярнымі былі літаратурна-мастацкія часопісы, чытанне іх сведчыла аб культуры, інтэлігентнасці чалавека.

Праблемы з задавальненнем чытацкага попыту ёсць і цяпер. Праўда, іншага кшталту. У згаданыя мной часы попыт рана ці позна можна было задаволіць, бо фонды адносна добра камплектаваліся. Усё залежала ад асобы бібліятэкара, яго сумленнасці і разваротлівасці. Цяпер інфармацыю пра навінкі мастацкай літаратуры чытачы вельмі часта шукаюць у інтэрнэце (там рэклама спрацоўвае на ўсе сто), а вось пачытаць хочуць кнігу бібліятэчную. Зразумела, бо кошты ў кнігарнях для большасці — недасягальныя. У нас жа сродкаў на аператыўнае набыццё гэтай літаратуры няма. Адсюль — чытацкая незадаволенасць бібліятэкай. Як пазбегнуць канфлікта?

Самая дзейсная рэклама ў публічных бібліятэках, на маю думку, — індывідуальная, назавем яе так. У вёсках і мястэчках правакацыйная рэклама, якую вы прапаноўваеце, не спрацуе: бессэнсоўная справа!

А тых аднаго-двух чытачоў, хто зацікавіўся б заляжалай у фондах кнігай, мы знойдзем і так, бо на месцы знаёмыя адзін з адным, ведаем інтарэсы кожнага, бо, у адрозненне ад вялікіх гарадоў, працуем з ім індывідуальна. І тут не схлусіш, бо заўтра сустрэнешся з чалавекам на вуліцы, у краме.

А вось кніжную выставу я, у адрозненне ад вас, Яўген, разглядаю як самы дзейсны сродак рэкламы. Праўда, пры ўмове, што яна будзе шэдэўрам бібліятэчнага майстэрства. Возьмем нашу Навагрудскую раённую бібліятэку. Час прымусіў на гарадскіх мерапрыемствах ладзіць відовішчныя кніжныя выставы-панарамы. Можна сказаць, гэта традыцыя, закладзеная ў 2012-м. За час эксперыментаў майстэрства бібліятэкараў удасканалілася настолькі, што яны ў сціслыя тэрміны могуць зрабіць не проста выставу, а шыкоўную экспазіцыю. Нашы супрацоўнікі Іна Шаўчук і Святлана Чубрык сталі майстрамі-дызайнерамі, для рэкламы кнігі яны выкарыстоўваюць рэчы, прадметы, характэрную тэме магнітна-сувенірную прадукцыю з хатніх калекцый. З апошніх работ найбольшую цікавасць уяўляе цыкл выстаў “Літаратурны глобус”. У бібліятэцы ўжо прэзентаваліся Англія, Францыя, ЗША, чытачам была прапанавана літаратура пра гэтыя краіны. І людзі цягнуцца да нашых выстаў, а калі экспазіцыі арганізуюцца на плошчы альбо ля бібліятэкі, тут натоўпы збіраюцца.

У сценах бібліятэкі яркія выставы таксама прывабліваюць чытачоў, усіх — ад малога да вялікага. Вось, напрыклад, дэманстрацыя апошняй выставы цыкла “Фарбы падарожнага лета” супала з часам, калі выпускнікі школ і сярэдніх навучальных устаноў горада падпісвалі ў бібліятэцы абхадныя лісты. Моладзь нельга было адарваць ад гэтага праекта! Між іншым, па назіраннях нашых работнікаў, хлопцы з’яўляюцца больш удумлівымі чытачамі, а дзяўчаты больш лёгкімі да ўдзелу ў бібліятэчных мерапрыемствах. І тут вельмі важна, які бібліятэкар сустрэнецца на іх жыццёвым шляху. Калі да вышэй разрэкламаванай выставы падключыцца бібліятэкар і правядзе гэтым выпускнікам прафесійны агляд прадстаўленай літаратуры, атрымаецца значна лепшая рэклама, чым тая, што робяць прадаўцы кніг у транспарце. Для транзітных пасажыраў дастаткова і такой рэкламы. А бібліятэкарам няма сэнсу там выступаць. Такая мая думка. Трэба працаваць са сваімі людзьмі, са сваімі патэнцыйнымі чытачамі. Увесь свет не ахопіш.

Часткова згаджуся з вамі, што непапулярная — гэта кепска разрэкламаваная кніга. Калі ў нашай бібліятэцы на абанеменце арганізуецца чарговая кніжная выстава, чытачы праяўляюць непадробную цікавасць да таго, што дэманструе бібліятэка і, што асабліва каштоўна, бяруць гэтыя кніжкі чытаць. Зразумела, у бібліятэку ідуць зацікаўленыя пошукам добрай кнігі людзі. Але важна, калі пры гэтым яны давяраюць бібліятэкару, яго чытацкаму густу. Ведаюць, што калі тая ж самая Іна Шаўчук, загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі, ім параіла, хай сабе не сам-насам, а праз выставу, яны не памыляцца ў выбары кнігі, а значыць, атрымаюць асалоду. Карацей, як і ў любой справе, у бібліятэцы ўсё залежыць ад спецыяліста, яго прафесіяналізму. А такая вось адрасная рэклама кнігі, якая зыходзіць ад чалавека, якому вераць, — найкаштоўнейшая. Высокапрафесійныя бібліятэчныя кадры — вось пра што трэба клапаціцца сёння. Вось толькі на нашу невысокую зарплату на месцах не так лёгка прывабіць моладзь, якая магла б зрабіць слушную параду сучаснаму чытачу.

Кожная кніга мае свайго чытача. Зыходзячы з гэтага, сапраўды, як кажаце вы, Яўген, нецікавых кніг не бывае. Нецікавая рэклама — гэта здараецца, але на гэта ўсё спісваць не трэба. Прысутныя нават адной і той жа мэтавай аўдыторыі па-рознаму ўспрымуць тую ж інфармацыю. Усё залежыць ад слухача, яго падрыхтоўкі, зацікаўленасці, ад яго жадання (нежадання) знайсці цікавае.

Разгледзім звычайны бібліяграфічны агляд літаратуры. Калі ён зроблены бібліятэкарам годна, то ўдзельнікі мерапрыемства, калі нават і не возьмуць кніг, але паслухаўшы разумнага чалавека, пашыраць свой кругагляд. Гэта таксама карысць, якую бібліятэка нясе людзям. У якасці прыклада — бліц-агляды “Мы не адны, калі ёсць кніга”, якія ў мінулым годе праводзіла Навагрудская раённая бібліятэка. Былі наведаны тры арганізацыі горада — “Белдзяржстрах”, “Беларусбанк”, Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Акцэнт рабіўся на рэкламе літаратуры па псіхалогіі, гісторыі, культуры, навінках мастацкай літаратуры. Падобнае практыкавалася і раней. Кожны такі выхад бібліятэкі меў вялікі поспех па ўспрыманні інфармацыі і зацікаўленасці. Але надалей перспектыва не такая вясёлая. Стаць актыўнымі чытачамі бібліятэкі людзі ленаваліся. Здавалася б, сучасныя ды дзелавыя. А хочуць, каб усё “на сподачку з аблямовачкай”, каб нават кнігу бібліятэкары прынеслі па месцы працы, хоць адлегласць паміж бібліятэкай і ўстановай ад 50 да 250 метраў. Як ёсць, так і кажу. Вось такія асобныя вынікі прапаганды кнігі. Хоць бяры і вяртайся да перасовак у арганізацыях і на прадпрыемствах горада.

І ўсё ж, бібліятэчная рэклама — справа неабходная. А рэкламуем мы не толькі кнігі, але і сябе. Аддзел бібліятэчнага маркетынгу Навагрудскай раённай бібліятэкі мэтанакіравана працуе па стварэнні станоўчага іміджу нашых устаноў, мы імкнёмся, каб кожная бібліятэка мела свой твар, сваю адметную асаблівасць, стараемся, каб яе адрознівалі і пазнавалі. З гэтай нагоды гадоў колькі таму нашы бібліятэкі сваімі сіламі распрацавалі лагатыпы. Няхай сабе гэта і не прафесійныя мастацкія работы, але тым не менш зараз яны выкарыстоўваюцца на выдавецкай прадукцыі, на дошках інфармацыі і г.д. Нашы бібліятэкі папрацавалі над “сваім тварам”. І папрыгажэлі.

А раённая бібліятэка нават выпрацавала нешта кшталту брэнда, які, дарэчы, мае высокую рэпутацыю ў жыхароў горада. Гаворка — пра міні-галерэю “Імгненне”. Яна створана ў 2009 годзе. Тут ладзяцца выставы мясцовых, іншы раз іншагародніх, мастакоў і проста народных умельцаў. Напрыклад, летась было арганізавана пяць экспазіцый — выстава вышытых карцін “Узвышанае і зямное” навагрудчанкі Галіны Баярчук, выстава “Колер кожнага дня” Мінскага клуба-студыі “Палітра радасці”, фотавыстава мінчанкі Алены Кулюкінай “Такім я бачу свет”, выстава вышытых карцін “Натхненне душы” Алены Сокал, удзельніка гуртка аддзялення дзённага знаходжання для маладых інвалідаў Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, выстава жывапісу ў стылі “батык” “Казачныя мроі” Анжэлы Вашкевіч. Напачатку 2016-га тут выстаўляліся навагоднія паштоўкі, у асноўным 1980-х. Былі і сучасныя экзэмпляры. Асаблівую цікавасць выклікалі замежныя паштоўкі, у прыватнасці прысвечаныя святу Божага Нараджэння. Цікавай атрымаліся фотаэкспазіцыя “Навагрудчына: учора і сёння” і выстава карцін “Магія папяровых кветак” у тэхніцы “квілінг”, выкананых творчым гуртком “Зрабі сам” таго ж аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў.

Такім чынам, наша “рэкордных памераў лыжка”, пра якую вы згадваеце, — гэта міні-галерэя “Імгненне”. Праўда, калі разважаць па сутнасці, атрымліваецца, бібліятэка сваё імя робіць не праз кнігу, а праз мастацтва. Не кажу, што тое дрэнна, але пра гэта пісала вышэй: перастаноўка месцаў функцый бібліятэк па значнасці.

Што тычыцца звычайных сельскіх бібліятэк, тут самая лепшая рэклама — падворныя абходы. Як правіла, гэта нагода для прыватных гутарак, прыёму і выканання індывідуальных заказаў. А значыць — эфектыўны спосаб папулярызацыі кнігі. “Сам-насам” называецца. Паколькі згодна з адпаведным загадам дырэктара ў апошнюю сераду месяца ў Навагрудскай раённай бібліятэцы робяцца падворныя абходы, гэты дзень у пэўным сэнсе можна назваць “агульным рэкламным днём кнігі”.

Я разумею, што не ўпісваюся ў агульнапрынятую класіфікацыю відаў рэкламы, але мае развагі грунтуюцца на практычным вопыце. І ён пераконвае мяне, што сельскія бібліятэкі патрэбныя людзям. Ёсць рэклама ці яе няма. І якія б змены ў краіне і бібліятэчнай справе не адбываліся, мы павінны захаваць для сельскага жыхара гэты астравок культуры, адукацыі і, што найважнейшае, цэнтр чытання мастацкай літаратуры.

Фаіна МАЛЮЖЭНЕЦ, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Навагрудскай раённай бібліятэкі

 

Без першынства і “дагістарычнага”

Вялікі дзякуй, Фаіна Аляксандраўна, за артыкул. Значыць, вам баліць, як і іншым неабыякавым бібліятэкарам. І паколькі вы назвалі маю публікацыю ў № 25 “К” пачаткам палемікі, дазвольце спыніцца на тых момантах, якія мне хацелася б дэталізаваць. Мае развагі таксама грунтуюцца на практычным досведзе, але не бібліятэкара, а журналіста, які прагне, каб любы аргумент вызначаўся абгрунтаванасцю.

Вы пішаце пра замену функцый бібліятэк не на карысць папулярызацыі кнігі. Дамінуе, маўляў, культурна-масавая работа, уласцівая клубам. Згодны, гэта кепска. Але хто замінае пры любым бібліятэчным руху на першае месца ставіць прапаганду чытання? Ды я, шчыра кажучы, ніколі і не бачыў, каб у чытальнай, скажам, зале танчылі ці спявалі. А шматлікія тэатральныя студыі пры бібліятэках толькі і робяць, што рэкламуюць паўсюдна родную мову ды літаратуру… Давайце ўявім сітуацыю: да вас у бібліятэку прыйшлі ўвечары кабеты з пірагамі. Вы, натуральна, уключаеце чайнік. Што гэта: прапаганда кнігі ці культурна-масавае мерапрыемства? Ды вы проста сустракаеце сябровак. А вось пасля пірагоў і гаворку можна і трэба завесці, хто што чытае і што апошнім часам прачыталі вы. Тут і самапіяр, і прапаганда кнігі.

Наконт магутнага канкурэнта і ў выглядзе інтэрнэту. Калі ва ўстанове ёсць выхад у сеціва, дык інтэрнэт — не канкурэнт, а памочнік. І ўвогуле я зараз скажу рэч, на першы погляд, парадаксальную. Бібліятэка не павінна прэтэндаваць на першынство ў інфармацыйным забеспячэнні чытачоў. Тут стаўку трэба рабіць на… гарбату з пірагамі. Карацей, душэўнасцю браць варта. Класна, калі ў вашу бібліятэку, дзе і карцінная галерэйка ёсць, і музейчык рэдкай кнігі, і зімовы сад, і жывы куток, і асабістыя вышыўкі — на кніжных паліцах, не толькі з раёна прыязджаюць, але і з усёй Беларусі? І не абавязкова па чытанне! Першы раз вандроўнік бярозавіку пап’е, а ў другі кнігу падбярэ. А калі патрэбнай не будзе, дык няўжо міжбібліятэчны абанемент не дапаможа? Вы можаце сказаць, што музейчык ды сад — не ў бібліятэкарскай кампетэнцыі. Але ж мы гаворку вядзём пра перспектыву. І любы творца развіваецца сёння ў бок шырокай спецыялізацыі, дзе навыкі рэкламшчыка — не апошнія. Дарэчы, вашы бібліятэчныя лагатыпы — бліскучая рэкламная знаходка.

Пра “блат”. Па-мойму, ён павінен быць. Прынамсі, для лепшых чытачоў. Мяне, калі я ў школьныя гады быў запісаны ў тры бібліятэкі, пускалі ва ўсе сховішчы. Не забудуся на асалоду разняволенага “капання” ў кнігах!

І — галоўнае. Вы згадваеце картатэку чытацкага попыту. Рэч, неаспрэчна, патрэбная. Але чаму не кажаце пра ўлік кніг, якія чытач не бярэ гадамі? У тым, што такое бывае, мы пераконваемся ці не ў кожнай бібліятэцы, дзе абавязкова сустракаюцца лісткі кніжнай выдачы з “дагістарычнымі” пазнакамі. Які працэнт такіх выданняў у бібліятэчным фондзе? Што паказвае маніторынг чытацкіх жаданняў? Ці павінен бібліятэкар падладжвацца пад чытача (кніжку ніхто не чытае, значыць яе спісваць час)? Ці вырашаецца праблема за кошт падворных абходаў? І сапраўды: давайце разам падумаем, якая рэклама патрэбна непапулярнай кнізе.

Калі ўстанова самапіярыцца, значыць, ёй ёсць што паказаць і што сказаць. Пісаў я калісьці пра сібірскую бібліятэкарку, якая заваявала надзвычайную папулярнасць у Расіі, бо заводзіла фармуляр для кожнага толькі што народжанага дзіцяці. Колькі жыхароў у пасёлку — столькі і чытачоў. Танная папулярнасць? Ды не! Жанчына строга кантралявала, каб бацькі, дзяды і бабулі немаўляці яму чыталі дзіцячыя кніжкі. Бібліятэкарка не думала пра рэкламу, яна хацела, каб словазлучэнне “сямейнае чытанне” не заставалася пустым гукам. І была яшчэ пры тым творчым чалавекам, які змагаецца за кожнага чытача і хоча ахапіць (і ахоплівае!) увесь пасялковы свет. Хочаце верце, хочаце не, у сібірскі пасёлак зачасцілі турысты, якія на ўласныя вочы жадаюць пераканацца, чытаюць тут масава ці эпізадычна. А вы, шаноўная Фаіна Аляксандраўна, не пагаджаецеся на бібліятэкарскія прэзентацыі ў грамадскім транспарце. Гаворка ж не пра транзітных пасажыраў, а пра сваіх. Любы рэкламны сродак добры, калі ён працуе не на аптымізацыю бібліятэкі, а на яе развіццё і пашырэнне чытацкага кола.

Кніжная выстава як шэдэўр бібліятэчнага майстэрства. Інтрыгуеце, а не тлумачыце. Вось для мяне асабіста абсалютна не важны дызайн выставы. Мяне цікавяць навінкі, усё астатняе замінае іх пошуку. Але ж не адмаўляю таго, што выбітнае афармленне прыцягвае на выставу сапраўды натоўпы патэнцыйных чытачоў. Аднак вы чамусьці не пішаце, колькі іх дабавілася з-за гэтага ў агульным чытацкім спісе… А вяртанне перасовак — гэта ідэя.

Падаецца, усё, што хацеў сказаць. Даруйце, калі што не так. Чакаю наступнага артыкула!

Яўген РАГІН

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"