Канцэрт паставіць — як гімн праспяваць

№ 28 (1258) 09.07.2016 - 15.07.2016 г

Гомель уразіў вытанчанай рэжысурай
Мы працягваем гаворку пра канцэртныя справаздачы, што адбываюцца сёлета ў абласных цэнтрах. Нагадаем: яны прайшлі ўжо у Гродне, Віцебску, Маладзечне (негалоснай сталіцы Міншчыны). 1 ліпеня справаздачны канцэрт ахвотныя змаглі пабачыць і ў Гомелі. Адна з асаблівасцяў мерапрыемства ў тым, што яно “наклалася” на святочныя акцыі з нагоды Дня незалежнасці краіны, якія праходзілі на той час і ў сталіцы.

/i/content/pi/cult/594/13220/3-1.jpgКанцэртная справаздача ў Гомелі. / Фота прадастаўлена галоўным упраўленнем ІРКСМ Гомельскага аблвыканкама

Але я не сказаў бы, што гэтая “накладка” адмоўна паўплывала на змест і форму канцэрта. Наадварот, калі таленавітым арганізатарам даводзіцца працаваць у форс-мажорным рытме, замест “салянкі зборнай” атрымліваецца “страва” на вытанчаны густ.

Па талерцы не размазвалі

А арганізатары, мяркуючы па выніку, былі таленавітыя. Прынамсі, менавіта такое азначэнне дае ім першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама — начальнік упраўлення культуры Ірына Пыркова. Канцэрт “будавалі” рэжысёр Аляксандр Бандарэнка, дырэктар Дома культуры “Беліцкі”, і ягоны памочнік Алена Андржыеўская, кіраўнік прадзюсарскага цэнтра Гомельскай абласной філармоніі.

Пра арганізацыйны бок распавядае Аляксандр Бандарэнка:

— Паколькі вырашылі, што на сцэне абласнога культурнага цэнтра падчас канцэрта-справаздачы будуць выступаць калектывы і выканаўцы толькі з раёнаў, дык выезды ў гэтыя раёны пачалі паўтара месяца таму. Хацелася пераканаць гледача, што тамтэйшая самадзейнасць не горшая за ўласна гомельскую…

Гэта, па словах рэжысёра, першая “фішка” канцэрта: гарадскіх на сцэну не пусцілі. Справаздачы ў іншых абласцях такой творчай смеласцю пахваліцца пакуль не маглі. Яўны плюс гомельцам! Наступная акалічнасць звязаная з тым, што ці не да апошняга не была дакладна названая дата канцэрта. У выніку з 45 адабраных нумароў засталося толькі 15. З лепшых зноў адабралі самых лепшых. Канцэрт з удзелам 420 выканаўцаў доўжыўся паўтары гадзіны — па талерцы не размазвалі, і гэта я занёс бы ў плюс. Памеры і якасць — не заўжды адно і тое ж.

Паўтара месяца рэжысёры з раёнаў не выязджалі, рэпетыцыі ішлі без перапынку. Вымагала таго няпростая ў выкананні рэжысёрская задумка. Але гэта ўжо фішка нумар два.

Блочная канструкцыя

Вельмі хочацца адысці ад “канцэртнага” расповеду і ў чарговы раз пачаць гаворку пра бездапаможнасць і “запыленасць” рэжысёрскіх хадоў на нашых святах, конкурсах, фестывалях. Хочацца, але не буду. Няхай у іншых абласцях і раёнах пачытаюць наступныя радкі, павучацца. Справаздачны абласны канцэрт у Гомелі вырашылі зрэжысіраваць у адпаведнасці са словамі Гімна Беларусі. Атрымалася чатыры блокі.

Першы, па словах Аляксандра Бандарэнкі, называецца “Мы беларусы — мірныя людзі” і распавядае танцам ды песняй пра культурныя, духоўныя, гістарычныя, прыродныя адметнасці Гомельшчыны. Другі блок мае ўмоўнае найменне “Пра вайну і выпрабаванні”. Але апрача Вялікай Айчыннай вайны тут утрымліваецца мастацкі “код” пра выпрабаванне Чарнобылем, вайну ў Афганістане ў складзе савецкай арміі. Пагадзіцеся, яшчэ той па градусе напружання “кактэйль”. Каб глядач паверыў сцэне, дзея павінна быць пругкай ды максімальна выразнай. Сведкі кажуць, так усё і атрымалася.

“Слаўся, народаў братэрскі саюз” — гэта пра інтэрнацыянальную дружбу. Да ажыццяўлення названай часткі канцэрта падключыліся ўсе нацыянальныя дыяспары вобласці. Апошняя частка-блок “Слаўся, зямлі нашай светлае імя” выконвалася аб’яднанымі сіламі, дзе моладзі адводзілася галоўная роля. І ў фінале прагучала “Малітва”, якую так пранікнёна выконваў Уладзімір Мулявін. Гучала яна, дарэчы, і на справаздачным канцэрце ў Віцебску. Гэта, па меркаванні рэжысёра, не супадзенне, а натуральны выбар, бо няма ў нашым мастацтве пакуль твора, які больш яскрава ўвасабляў бы ідэю нацыянальнага яднання беларусаў.

Годная рама для добрага палатна

І апошняя акалічнасць падзеі. У фае Абласнога культурнага цэнтра тым часам дэманстравалася калекцыя сувеніраў і падарункаў, што былі ўручаны мясцоваму кіраўніцтву за 25 гадоў незалежнасці нашай краіны. Выстава арганізавана Гомельскім палацава-паркавым ансамблем. А вось экспазіцыя габеленаў і лялек у нацыянальных касцюмах — справа рук навучэнцаў Гомельскага мастацкага каледжа. Прыстойнае мастацкае аздабленне для нестандартнай канцэртнай дзеі.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"