"Гнаць" працэнт ці спыніцца на "вышы"-модзе?

№ 28 (1258) 09.07.2016 - 15.07.2016 г

Эксперты: арнамент запамінаецца нават на ўпакоўцы каўбасы, а як у культурнай прасторы?
У Мінску прайшоў Сёмы фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі “aDNaK!” На імпрэзе “К” цікавілася не толькі навінкамі айчыннай рэкламы, але і тымі рэальнымі прыкладамі паспяховага піяр-менеджменту, якія могуць узяць “на ўзбраенне” работнікі сферы культуры. Бо, як неаднаразова падкрэслівалася падчас фестывалю, будучыня — менавіта за брэндамі, пазнавальнымі сімваламі ды раскручанымі знакамі.

/i/content/pi/cult/594/13214/14-1.jpgМузейнае “выключэнне”

Але якія ўстановы культуры прыцягваюць увагу рэкламшчыкаў ды піяршчыкаў? Перш-наперш тыя, якія маюць сваю адметнасць, самі з’яўляюцца брэндаўтваральнымі для вёскі ці горада ды актыўна “раскручваюць” сябе ў інтэрнэт-прасторы. Але такіх, на жаль, у Беларусі не так і шмат. Скажам, тыя ж раённыя музеі, пра што “К” неаднойчы пісала, даволі часта падобныя адзін да аднаго, як дзве кроплі вады. Праўда, выключэнні ўсё ж сустракаюцца.

Пра адно з іх і распавялі падчас адукацыйнай праграмы фестывалю. Па словах крэатыўнага дырэктара, сузаснавальніка агенцтва “AVC” Вольгі Алейнік цікавы вопыт супрацоўніцтва яе арганізацыя атрымала з Музеем народнай творчасці “Бездзежскі фартушок” на Драгічыншчыне.

— Прадстаўнікі агенцтва правялі некалькі камандзіровак ва ўстанову культуры, зрабілі там шмат фота, прынялі ўдзел у некаторых музейных імпрэзах, — адзначыла Вольга Алейнік. — Вынікам стаў перакідны рэкламны карпаратыўны каляндар, аздоблены фотаздымкамі, дзе прадстаўлена багацце музейных экспанатаў. Тое натуральна: вырабы народнага мастацтва прыцягваюць увагу, яны не паўтараюцца і здольныя зацікавіць нават тых, хто ўвогуле нічога не ведае пра гэты пласт беларускай культуры. А што яшчэ трэба для рэкламнага поспеху?

Да слова, гэта не першая падобная акцыя агенцтва на Брэстчыне. Яшчэ ў 2014-м у выніку супрацоўніцтва з самадзейным мастаком-інвалідам з вёскі Магіліцы Івацэвіцкага раёна Анатолем Галушкам быў выдадзены перакідны каляндар “Элементарная прыгажосць”, а таксама настольны каляндар з ягонымі карцінамі. Па словах Вольгі Алейнік, палотны, намаляваныя Анатолем Галушкам з дапамогай заціснутага ў зубах пэндзля, уразілі прыгажосцю, злучанасцю з сусветам, цеплынёй. Карацей, і тут адметнасць ды ўнікальнасць прыцягнула да сябе ўвагу рэкламшчыкаў. Так што справа за малым: калі хочаш, каб цябе заўважылі, стань асаблівым ды непаўторным. Праўда, зрабіць гэта не так і проста, і на гэтым шляху ніхто не застрахаваны ад памылак. Але ж не памыляецца той, хто не робіць…

Як прывабіць моладзь?

Не сакрэт, што апошнім часам у Мінску і ў рэгіёнах больш заўважнай робіцца рэклама, арыентаваная на беларускае. Кідкія банеры пад слоганамі “Купляй сваё!” ды “Якое тваё першае слова на беларускай мове?” — толькі вяршыня айсберга. Сёння пачынаюць актыўна заяўляць пра сябе тыя прадукты, чыю рэкламу, так бы мовіць, з “нацыянальным ухілам”, яшчэ год ці два таму немагчыма было сабе нават уявіць. Напрыклад, спрадвечныя беларускія ўзоры цяпер можна сустрэць і на вопратцы, і на задняй панэлі апошняй мадэлі смартфона, і нават на ўпакоўцы харчовых прадуктаў.

Як лічаць арганізатары фэсту, аўтэнтыка ўсё больш пачынае прывабліваць беларускую моладзь. І бізнес, які першым рэагуе на попыт, ахвотна стварае рэкламны і камунікацыйны прадукт на падставе традыцыйных каштоўнасцяў. Скажам, у сваёй прэзентацыі дырэктар па развіцці бізнесу таго ж агенцтва Вікторыя Кавалевіч распавяла пра паспяховы прыклад выкарыстання элементаў фальклору ў дызайне адной беларускай кампаніі.

— Справа ў тым, што, на нашу думку, этнічныя элементы ў дызайне ствараюць своеасаблівую магію для пакупнікоў, прывабліваюць іх і зачароўваюць, — адзначыла Вікторыя Кавалевіч. — І мы нядаўна паспрабавалі змяніць імідж адной беларускай кампаніі менавіта з дапамогай “славянскіх” шрыфтоў, скорапісу, элементаў арнаменту. Як вынік, успрыманне фірмы пакупнікамі цалкам змянілася. Дзякуючы новаму падыходу, да раскручанага раней брэнду цяпер дадалася новая аўдыторыя — у першую чаргу, маладзёжная.

Чыя каўбаса смачнейшая?

Таццяна Лісіцкая, дырэктар міжнароднага агенцтва сацыяльных і маркетынгавых даследаванняў “MASMI”, таксама спаслалася на этнічныя элементы і распавяла пра тэсты, у якіх улічвалася айчынная прадукцыя з арнаментам і нацыянальнай сімволікай. Даследаванне многіх тавараў паўсядзённага попыту — каўбасы, вяршкоў, квасу, адзення і іншых — выявіла цікавыя лічбы. Напрыклад, “Доктарская” каўбаса. Некалькі яе гатункаў, у афармленні адной з іх выкарыстоўваўся арнамент. Тэст паказаў наступны вынік: 52,5 працэнта апытаных запомнілі менавіта каўбасу “з вышыванкай”. А ў іншых тэстах упакоўка вяршкоў “з арнаментам” саступіла па цікавасці толькі брэнду “Простоквашино”, больш раскручанаму і вядомаму.

Як адзначыла Таццяна Лісіцкая, па выніках даследаванняў прадукцыя з “вышыванкай” хоць і прыцягвае ўвагу, хоць і вылучае прадукт, але не з’яўляецца стопрацэнтнай гарантыяй сімпатыі з боку пакупніка. Усё залежыць ад выканання гэтай сімволікі, яе кідкасці і прыцягальнасці. Да слова, такая ж сітуацыя на сёння склалася з адзеннем. Напрыклад, паводле апытанняў, 55 працэнтаў рэспандэнтаў гатовыя насіць вопратку менавіта з арнаментам.

Іншымі словамі, “вышываначны” трэнд паступова замацоўваецца ў грамадстве, нацыянальны арнамент перастае лічыцца вясковым ці састарэлым, а робіцца модным і сучасным. Як прыклад, згадаю той жа “Дзень вышыванкі”, пра які “К” пісала ў мінулым нумары. Акцыя прыцягнула ўвагу менавіта падлеткаў і маладых людзей ды і ладзілася яна сіламі членаў Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Чым не пацвярджэнне вынікаў, прыведзеных рэкламным агенцтвам? А было ж яшчэ, зазначым, і нефармальнае свята з такой назвай…

Лічбы і факты “гаваркія”. Але што яны значаць для работнікаў сферы культуры? Мабыць, тое, што ў раённых дамах рамёстваў сёння не варта “гнаць” працэнт і план ды ствараць безаблічныя керамічныя вырабы, а лепш аддаць пэўны час на прадукцыю з нацыянальнай сімволікай. Што сёння ладзіць этнадыскатэкі для моладзі з прапановай наведвальнікам апранацца ў нацыянальныя строі ці хаця б у “вышымайкі” — гэта сучасна. Што падчас мерапрыемстваў можна і трэба разыгрываць сувеніры з сімволікай — кубкі, магніты, ёлачныя цацкі... Можна рабіць многае, яшчэ больш крэатыўнае і якаснае, з улікам тых тэндэнцый, якія і выявіў фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі. Тым больш, кожны рэкламшчык ведае: лепей не супрацьстаяць трэнду, а ісці ўслед за ім.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"