Пружаны, Дзяржынск, Бабруйск, Століншчына, Лунінеччына

№ 28 (1258) 09.07.2016 - 15.07.2016 г


/i/content/pi/cult/594/13213/13-2.jpgПружаны / Рэха пад “ДАХам”

Адгрукацеў чацвёрты фэст эксперыментальнага мастацтва “Рэха ДАХу” ў “Пружанскім палацыку”, які апошнім часам радуе сваімі прагрэсіўнымі імпрэзамі. Дык што ж адбывалася пад “ДАХам”?

Як і заўжды, вядучую ролю ў падзеі маюць выставы. Гэтым разам іх было толькі дзве, але вельмі выразныя па змесце. Першую прадставіў галоўны завадатар (пракуратар) фэсту — Зміцер Юркевіч: гэта экспазіцыя яго паплечніка Алеся Родзіна (у якога, на жаль, не атрымалася прыехаць), сузаснавальніка міжнароднага фэстывалю ідрасілізму і савэрсізму “ДАХ”. Нягледзячы на нагрувашчванне незразумелых слоў, гледачы ўбачылі даволі класічныя творы спадара Алеся. Гэтыя манументальныя работы поўныя сімвалізму і адкрыццяў.

На прэзентацыю другой выставы пад назвай “Роднае”, ужо вядомага на Берасцейшчыне ананімнага мастака whatname? запрасіў сам дырэктар установы Юрый Зялевіч. У час прэзентацыі прысутным раздалі чорныя маскі (падобна, што коцікаў) з нумарамі, і нам прапанавалі “…адысці ад штодзёнасці і пражыць ролю галоўнага героя — мужчыны, які пакутуе на бяссонне і ўключае старое радыё ў надзеі, што эфір дапаможа яму заснуць…” Карацей, усе прысутныя павінны былі заснуць, і толькі тады “палотны адкрыюцца”. Усё роднае недзе схаванае, як і вялікія творы whatname? (паўтара на два метры) пад шчыльнай чорнай заслонай тканіны, якія ніхто так і не ўбачыў. А кожны мусіў убачыць сваё. На выставе, як гэта прынята ў еўрапейскіх традыцыях, можна было набыць паштоўкі з выявамі твораў whatname? з папярэдніх выстаў, каталогі і сувеніры з фірменным аздабленнем.

Далей усім прапанавалі дакрануцца да “зорак” у прамым і пераносным сэнсе — пачалася прэзентацыя манаграфіі супрацоўніка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Цімафея Авіліна “Паміж небам і зямлёй: этнаастраномія”. Спадар Цімафей правёў занятак па астраноміі з паглыбленнем у этнаастраномію. Аказваецца, не “Зорка Венера ўзышла над зямлёю…”, а Сірыус.

Як і заўжды, у праграме фэсту прысутнічаў музычны блок. Настасся Хмель (салістка гурта “Крыві”, што не так даўно пасялілася на Пружаншчыне ў вёсцы Залессе) паказала пад гукі джамбея і гітары праграму сваіх апрацовак аўтэнтычных спеваў, што прабірала да костак. У працяг гурт “ПаЦі”— ужо вядомы этнаастраном Цімафей Авілін (гітара, вакал) з Паўлам Сілівончыкам (акардыён, рытм-пантофля, вакал) — запалілі атмасферу залы “песнямі вясковых рамантыкаў”. Раман Яраш, вядомы пружанскім аматарам мастацтва чалавек-аркестр, уразіў непаўторнымі спевамі ды музыкай у стылі сумнага “вясковага блюзу”.

Словам, адбыўся сінтэз творчасці і пачуццяў, мастацтва і музыкі. На фэсце эксперыментальнага мастацтва іншага і не магло быць!

Яўхім РУПАЙЛА

Пружаны


Дзяржынск / Больш колеру!

Маладая мастачка, ураджэнка Барысава Ірына Губарэвіч цвёрда перакананая, што “Колер — гэта жыццё”. Гэта назва яе персанальнай выставы, якая працуе ў Цэнтральнай раённай бібліятэцы Дзяржынска.

Чаму менавіта ў Дзяржынску? Тут жыве даўняя сяброўка, бакалаўр мастацтваў Марыя Мініч, якая дапамагла мастачцы здзейсніць праект. Ірына ў 2008 годзе скончыла Мінскае дзяржаўнае мастацкае вучылішча імя Аляксея Глебава, падчас навучання паспеўшы паўдзельнічаць у выставе, прысвечанай спадчыне графскай сям’і Чапскіх, якая адбылася ў Нацыянальным гістарычным музеі.

Работы Ірыны Губарэвіч на сёлетняй выставе вызначаюцца незвычайным каларытам і фантастычнымі сюжэтамі. Жывапіс алейнымі і акрылавымі фарбамі на палатне, роспіс па шкле, графіка — вось тэхнікі, праз якія гэтая барысаўчанка імкнецца ўвасобіць арыгінальныя ідэі. “Мая канцэпцыя ў мастацтве — больш жыцця! Больш колеру!” — адзначае яна. Яркія работы Ірыны Губарэвіч нібыта абвяшчаюць, што і жыццё павінна быць гэткім жа: маляўнічым, а не шэрым і маркотным.

Лявон ЦЕЛЕШ

Фота аўтара


Бабруйск / Пяцігадовы вынік

23 выпускнікі дзіцячай школы выяўленчых мастацтваў імя Уладзіміра Дамарада прадставілі атэстацыйнай камісіі свае работы: жывапіс, графіку, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Ацэньваўся вынік пяцігадовага навучання.

Падчас абароны пэўныя выпускнікі выказвалі жаданне абраць творчую спецыяльнасць: дызайнера, фатографа, архітэктара. Астатнія, несумненна, дзякуючы навучанню ў школе, пашырылі кругагляд, развілі творчыя здольнасці, мастацкі густ. Па статыстыцы, кожны трэці выпускнік звязвае лёс з выяўленчым мастацтвам.

Абарона адбывалася ў Бабруйскім мастацкім музеі, у зале, дзе цяпер экспануецца выстава вядомага бабруйскага мастака Анатоля Концуба. Атмасфера абавязвала. Выпускнікі атрымалі толькі выдатныя адзнакі: “дзевяць” і “дзесяць” балаў, таму бабруйская мастацкая школа і сапраўды мае вялікі творчы патэнцыял. Інакш кажучы, Культурнай сталіцы Беларусі-2017 ёсць што паказаць аматарам прыгожага.

Наш кар.


Століншчына /Гісторыя ў партрэтах

У Століне адбылося ўрачыстае адкрыццё галерэі партрэтаў кіраўнікоў раёна за ўвесь час існавання. Падзея цалкам адпавядае зместу Года культуры ў рэспубліцы.

Як лічыць мастак Сяргей Місюн, напісаць гэтыя партрэты — самая адказная работа ў яго творчым жыцці. За кожным вобразам стаіць асоба, якая не мела права на памылку, увасабляла ў сабе ўвесь розум і дальнабачнасць палітыка, адказвала за жыцці і маёмасць, здароўе і адукацыю — карацей, за ўсё ў немалым раёне Беларусі.

Дарослыя ведаюць ролю бацькі ў сям’і — ён “крайні” ва ўсіх пытаннях. Вось гэткую ж адказнасць, павялічаную ў сто, а то і ў тысячу разоў ускладаў на сябе чалавек, які кіраваў раёнам з насельніцтвам больш за 90 тысяч чалавек. І былі тыя персоны звычайнымі людзьмі, а палітыка кіраўніцтва Савецкага Саюза не заўсёды была беспамылковай.

Уладзімір ЖЫЛЕВІЧ

Фота аўтара


Лунінеччына / І клубнічны брэнд

Установы культуры Лунінеччыны не толькі захоўваюць і развіваюць культурныя традыцыі, але і займаюцца пошукам новых брэндаў свайго краю, на карысць папулярызацыі культурных дасягненняў, развіцця аграэкатурызму. Сведчаннем таму — раённае свята “Лунінецкія клубніцы”, якое адбылося днямі ў вёсцы Дварэц.

Выстава вырабаў майстроў народнай творчасці “Дварэцкі вернісаж”, клубныя падворкі са стравамі з клубніц, літаратурная паляна “Самая смачная ягада”, паэтычны дворык з лірычнымі размовамі пра клубніцы, побач на вясёлым лужку ладзіліся гульні, забавы з аква-грымам, працавалі атракцыёны, сярод спартыўных спаборніцтваў былі сілавы экстрым, дартс...

Прысутнічалі на свяце дэлегацыі з суседніх раёнаў: Столінскага, Ганцавіцкага, Пружанскага. Канцэртная праграма “Наш клубнічны край” пачалася песняй “Клубніца-ягада”, аўтарам якой з’яўляецца супрацоўнік раённага метадычнага цэнтра Максім Перапёлкін. Сімвал свята ўзнімаўся ў неба на паветраных шарах. Выступалі ў Дварцы народны клуб аматараў песні “Ярок” Столінскага раёна, вакальная група “Шчырым сэрцам” з Пружаншчыны, народнае аматарскае аб’яднанне “Талака” Ганцавіцкага раёна. Ушаноўваліся пераможцы конкурсаў на лепшыя верш, казку, песню, малюнак на клубнічную тэматыку. А ўвечары ўсіх чакала дыскатэчная праграма “Клубнічны MIX”.

“Лунінецкія клубніцы” праводзяцца толькі ў чацвёрты раз, але мерапрыемства даўно заўважылі, апроч забаўляльнай функцыі, яно стала пляцоўкай для дэманстрацыі дасягненняў у галіне культуры.

Ірына САСНІНА, загадчык аддзела Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра