А летась у цэнтры Гродна каля Цэнтральнага парку з’явіўся новы помнік. Месцазнаходжанне яго не выпадковае: менавіта чалавек, увасоблены ў бронзе, у ХVІІІ стагоддзі заснаваў гэты парк. Ужо цераз два гады тут з’явілася больш за 2000 дрэў ды іншых раслін.
Жан Эмануіл Жылібер — французскі ўрач і батанік, ініцыятар адкрыцця ў аптэцы спецыяльнай лабараторыі, якая займалася вытворчасцю лекавых сродкаў з траў.
Відаць, дакладна і не вызначыш, як праз тры стагоддзі змяніўся парк Жылібера. Цяпер гэта месца правядзення гарадскіх святаў і ўрачыстых мерапрыемстваў. Днём там можна паспяваць пад караоке, пакатацца на арэлях-каруселях, а ўвечары — палюбавацца на фантан, які яркімі агнямі асвятляе парк пад гукі класічнай музыкі, што даносіцца з муроў лялечнага тэатра. На гэтае відовішча можна глядзець гадзінамі, расслабіўшыся і аддаліўшыся ад паўсядзённай мітусні.
І толькі на выхадзе з парку гасцінна сустракае і праводзіць наведвальнікаў фігура знакамітага заснавальніка Жылібера.
Алена АНІСЬКО
Гродна
На здымку: помнік Жану
Эмануілу Жыліберу.