Вакол цырка ХХІ стагоддзя

№ 28 (1258) 09.07.2016 - 15.07.2016 г

Онлайн-канферэнцыя: мастацтва арэны, вялікай і малой
За чарговым віртуальным “круглым сталом” рэдакцыі сабраліся: дырэктар і мастацкі кіраўнік Беларускага дзяржаўнага цырка — Уладзімір ШАБАН (У.Ш.) і Вітаўтас ГРЫГАЛЮНАС (В.Г.), генеральны дырэктар заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Гомельскага дзяржаўнага цырка Якаў ЛАБОВІЧ (Я.Л.), рэжысёр мазырскай студыі цыркавога мастацтва “Арэна” Барыс КУЗНЯЦОЎ (Б.К.), рэжысёр заслужанага аматарскага калектыву цырк “Юнацтва” з Наваполацка Людміла АРЛОВА (Л.А.), кіраўнік кобрынскай узорнай цыркавой студыі “Сонейка” Алена ХІНЕЦ (А.Х.), мастацкі кіраўнік заслужанага аматарскага калектыву Цырк імя Валерыя Абеля (рабочы пасёлак Касцюкоўка Гомельскага раёна) Таццяна АБЕЛЬ (Т.А.), педагог узорнай студыі цыркавога мастацтва “Дзівакі” з Гродна Ірына МІХАСЁНАК (І.М.). “Парадак дня” склалі іх поспехі ды праблемы, бліжэйшыя ды доўгатэрміновыя планы. Урэшце, гутарка нярэдка скіроўвалася і да больш шырокага кола тэм.

/i/content/pi/cult/594/13206/5-2.jpgПра поспехі

У.Ш.: — Апошнім часам паказалі публіцы “Цырк-шоу гіганцкіх фантанаў”, дзе момантамі ўся арэна ператваралася ў велізарны фантан, а ўсяго білі больш за паўтысячы струменяў, шоу “Экстрым-рэкорды Гінэса” з удзелам зорак сусветнага цырка (асабліва адзначу выступы матацыклістаў, якія “ўляталі” на манеж з праспекта Незалежнасці — наколькі мне вядома, да нас ніхто са стацыянарных цыркаў свету “вуліцу” ў падобныя праекты не ўключаў). У праграме “Афрыка” былі задзейнічаны 27 эфіёпскіх артыстаў. Нарэшце, навагодняя казка “Вогненная каралева, або Новыя прыгоды Кая і Герды”.

В.Г.: — З конкурсных перамог назаву найперш “золата” ды “срэбра”, якія атрымалі Настасся Яўхіменка (за нумар “Хулахупы на кані”) і Алена Чухнова (“Лэдзі-птушка”) у Рызе на V Міжнародным фестывалі “Залаты Карл”. А якія перад намі стаялі стратэгічныя задачы? Перабудаваць цырк ад дывертысмента да паўнавартаснага прадстаўлення, якое складаецца з нумароў, аб’яднаных драматургічнай ідэяй: цяпер агульнасусветная тэндэнцыя — сюжэтныя праграмы. І ў гэтым сэнсе мы ў чымсьці нават апярэдзілі калег. Другое: гастролі. За ўсю гісторыю беларускага цырка часоў незалежнасці краіны мы, за выключэннем хіба асобных нумароў, нікуды з гастролямі, з больш-менш цэльнымі праграмамі, не выязджалі. Але ў 2014-м такія паездкі аднавілі, пачаўшы з Сімферопаля. Летась пабылі ў Казахстане (Астана і Алматы), Азербайджане (Баку), Украіне (Кіеў).

У.Ш.: — Наш цырк ведаюць у Еўропе, адзначаюць яго сярод іншых стацыянарных. Балет наогул лічыцца ці не лепшым, вылучаюць і аркестр. І я бачу, як рэагуюць замежныя артысты, якія выступалі на арэне Белдзяржцырка: яны ў адзін голас кажуць, што хацелі б сюды вяртацца!

Я.Л.: — З года ў год мы займаемся звыклай, здавалася б, але вельмі добрай працай — ствараем свята для гамяльчан ды гасцей горада. І 2015-ы — не выключэнне. Для нас ён быў насычаным ды плённым, усё задуманае атрымалася. Ну, а галоўнае — створаная намі ў цырку дасведчаная ды працаздольная каманда, якой маю права ганарыцца. Гэта сапраўдныя прафесіяналы ў цыркавой справе, вельмі адказныя, якія па-сапраўднаму перажываюць за канчатковы вынік. Дарэчы, толькі за апошнія паўгода, дзякуючы ўвазе Міністэрства культуры і асабіста міністра Барыса Святлова, тры нашы супрацоўнікі ўганараваны знакам “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”. Карацей, галоўныя тры складнікі паспяховай працы, на мой погляд, — добрая каманда, “глядзiбельная” праграма, а яшчэ лепш — яе моцны “зорны” склад і ўмела арганізаваная рэкламная кампанія.

Б.К.: — Поспехаў ды ўзнагарод летась займелі шмат. Напрыклад, на ХI Міжнародным фестывалі-конкурсе дзіцячага цыркавога мастацтва “Вясёлая арэна” ў Архангельску атрымалі тры дыпломы I ступені, па адным — II ды III ступені, Гран-пры ды спецыяльны прыз Маскоўскага дзяржаўнага вучылішча цыркавога і эстраднага мастацтва імя Румянцава. Сталі лаўрэатам II ступені (сярод дарослых) на I Міжнародным фестывалі цыркавога мастацтва ў ізраільскім Ашдодзе. У Беларусі прынялі ўдзел у народным тэлешоу “Я магу!”, а на Новы год зрабілі новае прадстаўленне. Мы доўга дамагаліся таго, каб у нас была свая база, і некалькі гадоў таму гэта адбылося. Увесь будынак былога Палаца культуры “Усходні” — наш Цэнтр цыркавога мастацтва “Арэна”, нават прыпынак грамадскага транспарту побач з ім мае такую ж назву!

Л.А.: — Самай істотнай падзеяй стала абарона звання “заслужаны” (яно прысвоена калектыву ў 2010-м) прадстаўленнем з 20 нумароў “Чараўнік Смарагдавага горада”, пастаўленым мной па матывах вядомай казкі Аляксандра Волкава. Камісія адзначыла арыгінальную форму падачы матэрыялу, рэжысуру спектакля, пастаноўку нумароў ды ўзровень выканаўчага майстэрства юных артыстаў і аднагалосна пацвердзіла званне.

А.Х.: — Я ўпэўненая, што за гады свайго існавання “Сонейка” ўнесла значны ўклад у культуру Брэстчыны. Удалым быў і 2015-ы, асабліва яго насычанае лета. У чэрвені прадстаўнікі студыі прадэманстравалі свае нумары ў Мінску на заключным туры адбору для ўдзелу ў фестывалі Саюзнай дзяржавы “Творчасць юных”, затым калектыў выступіў у брэсцкім абласным этапе маладзёжнага танцавальнага конкурсу “Агонь танца”, а ў жніўні студыйцы занялі прызавыя месцы ды былі ўзнагароджаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі на кобрынскім Міжнародным маладзёжным марафоне “Лета-2015”. Выязджалі мы і за мяжу — у Польшчу. Сёлета ў лютым Настасся Барысюк атрымала дыплом I ступені ў намінацыі “Каўчук” на II Міжнародным фестывалі “Скрыжаваннi. Мiнск”, а Кацярына Хведарук — II ступені ў намінацыі “Шоу з прадметамі”.

І.М.: — У 2015 годзе ў Мінску мы ўдзельнічалі ў II Адкрытым конкурсе маладых выканаўцаў “Беларускія таленты”. У сваім кірунку — цыркавое мастацтва — занялі I ды II месцы, а таксама атрымалі Гран-пры. Падчас “Славянскага базару ў Віцебску” — у Міжнародным фестывалі-конкурсе дзіцячай і маладзёжнай творчасці “Вясёлка над Віцебскам” — акрабатычнае трыа “Натхненне” заваявала ІІІ месца.

Пра наведвальнасць, аптымізацыю ды болевыя кропкі

У.Ш.: — На прыкладзе шоу “Экстрым-рэкорды Гінэса” я растлумачу, як мы “працуем” з наведвальнасцю. Прадстаўленне гэта — вельмі тэхналагічнае, складанае, адпаведна і выдатковае. Запусцілася яно ў пачатку мая 2015 года, а скончылася ў пачатку жніўня. Гэта значыць, у пару адпускоў, вакацый у школьнікаў ды студэнтаў з эканамічнага пункту погляду мы “праселі”. Сёлета на лета Беларускі дзяржаўны цырк падпісаў кантракт з Нацыянальным цыркам Украіны: яго артысты ў гэты час будуць у нас працаваць, і сабекошт праграмы стане на парадак таннейшы, таму і цэннік больш бюджэтны. А наведвальнасць “Цырк-шоу гіганцкіх фантанаў” дасягнула 97 працэнтаў: адгадалі мы, запусціўшы яго менавіта ў лютым, калі людзі ўжо засумавалі па леце.

У цэлым жа, наведвальнасць цырка летась была большая за 80 працэнтаў, што я лічу нармальным паказчыкам. Калі казаць пра гэты год, хацелася б, каб яна, прынамсі, не зменшылася. Для прыцягнення публікі мы выкарыстоўвалі (і будзем працягваць тое) электронныя білеты: з кампаніямі, якія займаюцца іх продажам, у нас прадуктыўныя стасункі. Думаем над больш актыўным піярам праграм наогул, над новымі акцыямі, скіраванымі на павелічэнне наведвальнасці, пра тое, на якія зніжкі і ў якіх выпадках мы можам пайсці, — пра эканоміку, карацей. Напэўна, давядзецца зрабіць выхадным пятніцу, бо людзі ў гэты дзень чамусьці менш ідуць у цырк, працоўнымі ж будуць серада, чацвер (магчыма, са зніжкамі на білеты), субота ды нядзеля.

Сёння не ўсе людзі могуць дазволіць сабе схадзіць у цырк, нават яго колішнія заўсёднікі. Таму і асноўны галаўны боль заключаецца ў тым, як утрымацца на той вышыні, на якую, сціпла спадзяюся, мы з Вітаўтасам паднялі цырк за два гады, што тут працуем. І не проста ўтрымацца, а ўздымаць планку, пераадольваць яе ды ісці далей. Для таго і прыдумляюцца новыя нумары, ствараюцца праграмы. Калі я, здараецца, “скарджуся” дырэктарам цыркаў былых рэспублік СССР на тое, што вось, маўляў, наведвальнасць у гэтым месяцы “прасела” — ледзь за 70 працэнтаў перавалілі, яны на мяне глядзяць як на ненармальнага. Для іх 15 — 20 працэнтаў — норма. Нават у Запашных у Маскве перыядычна ўзнікаюць праблемы з гледачом. Мне, як цяпер ужо цыркавому, сумна гэта чуць, але я адначасова і радуюся за свой “дом” — значыць, усё слушна робім!

Я.Л.: — У 2015 годзе запаўняльнасць глядзельнай залы была 97,1 працэнтаў. Дамагаючыся павышэння наведвальнасці, мы выкарыстоўваем розныя сродкі са свайго арсенала, у тым ліку і стандартны набор: продаж электронных білетаў, штат рэалізатараў квіткоў, у цяперашніх складаных эканамічных умовах перагледжана палітыка так званых “антыкрызісных” коштаў ад 9 да 25 рублёў.

2016 год — складаны для ўсёй краіны, для ўсіх сфер дзейнасці. Закранутыя ўсе тэатральна-відовішчныя ўстановы, мы — не выключэнне. У першым квартале запаўняльнасць залы склала 80,3 працэнтаў. У сённяшніх рэаліях цяжка казаць пра нейкія дакладныя лічбы, але спадзяемся, па выніках года наведвальнасць будзе не нашмат ніжэйшай за леташні паказчык. У прынцыпе, цяпер ужо можна казаць пра тое, што па выніках першага паўгоддзя ўсе планавыя заданні будуць выкананы не горш за ўзровень 2015-га па тым жа перыядзе. Што прычынай маёй упэўненасці? Гэта праца папярэдняй праграмы “Паласаты рэйс” ды нядаўняй — “Цырк братоў Запашных”, на якую мы прадалі ўсе білеты за два дні да пачатку гастроляў. Нават у адпаведнасці з даручэннем Міністэрства культуры былі дадзены яшчэ некалькі прадстаўленняў.

У.Ш.: — Пасля таго, як цырк адрэстаўравалі, абсталявалі найноўшай тэхнікай, натуральна, прыйшлі людзі, якія яе абслугоўваюць, і яны былі ўключаныя ў штат. Але праз некалькі гадоў у сферы культуры пачалася аптымізацыя, якая не магла не закрануць і нас. Прыйшоўшы на пасаду дырэктара цырка, я, вядома, падрабязна вывучаў і ўсё тое, што звязана з дзейнасцю служачых. І зрабіў сякія-такія высновы. У тым ліку і па інтэрнаце, якi знаходзіцца на нашым балансе. Але, як сказаў нехта з вялікіх, спяшайся павольна. У сувязі з павелічэннем пенсійнага ўзросту перад Урадам пастаўлена задача аб стварэнні ў гэтым годзе ў краіне больш за 50 тысяч працоўных месцаў. Пакуль з выканкама прапаноў аб скарачэнні або павелічэнні працоўных месцаў у цырку не паступала.

В.Г.: — Калі паступіць, то закране гэта і трупы. Не хацелася б, каб прапанова была аб скарачэнні. Мы з’яўляемся нацыянальным цыркам, у праграме якога — 12 эксклюзіўных нумароў уласнай вытворчасці.

Я.Л.: — Задуманая добрая сама па сабе ідэя аптымізацыі, на практыцы, на жаль, стала банальным скарачэннем колькасці супрацоўнікаў і, што сумна, адпаведным скарачэннем фонду аплаты працы. Іншымі словамі, як казаў вельмі вядомы палітык, хацелі як лепш, а...

У.Ш.: — А матэрыяльна-тэхнічная база задавальняе нас настолькі, што, думаю, па тэхнічным забеспячэнні мы апярэджваем не адзін вядучы цырк свету.

Я.Л.: — Мы надаем вялікую ўвагу ўдасканаленню тэхнічнага абсталявання, нягледзячы на эканамічныя цяжкасці. За апошні час замянілі гукавое абсталяванне, светлавыя гарматы, працягваем замену абсталявання пастановачнага святла. Замянілі архітэктурную падсветку будынка цырка. Адрамантавалі глядзельны, касавы ды разміначны залы, артыстычныя грымёркі, абсталявалі іх сучаснай мэбляй, як і кабінеты для супрацоўнікаў, з’явіліся кандыцыянеры...

І.М.: — Матэрыяльна-тэхнічная база нашай студыі пакідае жадаць лепшага. Не хапае рэквізіту, майстэрняў па яго вырабе, у асноўным усё робім сваімі сіламі, ёсць складанасці ў падрыхтоўцы ды пашыве касцюмаў.

Л.А.: — Нас таксама турбуе тое, што ў Беларусі практычна немагчыма набыць айчынны цыркавы рэквізіт. Прадпрыемствам нявыгадна яго вырабляць: і з-за малога попыту, і праз складанасці пры вытворчасці. Многія артысты робяць атрыбутыку самі па ўласных жа чарцяжах. Як правіла ж, набываем неабходнае падчас паездак за мяжу на сродкі, атрыманыя за перамогі на міжнародных конкурсах. Нам таксама аказвае дапамогу ў набыцці рэквізіту ды пашыве касцюмаў ААТ “Нафтан”, у палацы культуры якога мы займаемся.

Гэты год — апошні для мяне ў “Юнацтве” — праблема гэта ці не? Летам мяне адпраўляюць на заслужаны адпачынак, па ўзросце — час. Развітвацца з улюбёнай справай нялёгка. На шчасце, ёсць каму перадаць калектыў. Сёстры Чарняўскія — майстры спорту па акрабатыцы, цырку прысвяцілі больш за 15 гадоў. Спадзяюся, яны годна працягнуць справу, захаваюць традыцыі ды ўзровень майстэрства ў нумарах. І мая дынастыя не спыняецца: дачка, зяць, унучка, унук і... тры дрэсіраваныя сабачкі працягваюць кар’еру ўжо ў Мінску. Нядаўна на Мiнскім форуме вулічных тэатраў яны ўдзельнічалі ў сумеснай праграме з Белдзяржцыркам.

Але хацелася б звярнуць увагу на тое, што ў нашым агульнадзяржаўным класіфікатары нічога не гаворыцца пра такую прафесію, такую дзейнасць, як наша. Работнікі клубнага тыпу... А насамрэч мы — і рэжысёры, і трэнеры, і педагогі, і харэографы, і артысты ў адной асобе, якія навучаюць, трэніруюць, ставяць цыркавыя нумары ды спектаклі і, што важна, стаяць на страхоўцы ды адказваюць за бяспеку дзяцей. Хацелася б, каб у заканадаўстве і для нашай прафесіі, як у педагогаў ды трэнераў, былі ўлічаны ды зменены колькасць працоўных гадзін, працягласць адпачынкаў, ішоў педагагічны стаж, адзначана складанасць ды небяспека ў працы. І сальта ў паўнагі не скокнеш, хоць ты дзіця, хоць  прафесійны артыст.

А.Х.: — У нас ёсць сваё памяшканне ў палацы культуры, дзе прапісаныя творчыя калектывы розных жанраў, але цырк — гэта мастацтва эксцэнтрычнае ды экстрэмальнае, якое патрабуе спецыяльнага напольнага пакрыцця, вялікіх плошчаў, спецыялізаванага абсталявання, рэквізіту, уключаючы страховачны, што дазваляе ў поўнай меры займацца класічнымі цыркавымі жанрамі, напрыклад, паветранай гімнастыкай, акрабатыкай. У сувязі з гэтым мы адчуваем некаторыя цяжкасці...

Т.А.: — Доўгі час палац культуры, у якім працуе наш калектыў, знаходзіўся пад крылом прадпрыемства “Гомельшкло”, і мы ўдзячныя яму за тое, што ў свой час там з разуменнем паставіліся да неабходнасці капітальнага рамонту памяшканняў. Была праведзена праца па рэканструкцыі ды мадэрнізацыі рэпетыцыйнай залы, цалкам адрамантаваны ды пераабсталяваны пакоі для пераапранання, з’явіліся сучасныя душавыя кабінкі. Што ўжо казаць пра новы фітнэс-клас з трэнажорамі ды спартыўным абсталяваннем! А новы музей з яго шыкоўнымі выставачнымі стэлажамі стаў сапраўды той ніткай часоў, якая звязвае не адно пакаленне ўдзельнікаў калектыву. Сёння наш цырк — светлыя ўтульныя памяшканні, дзе займаюцца больш за 140 выхаванцаў.

Над чым мы б’емся ды што выклікае непакой? Аднаўляем жанры, якія сыходзяць у нябыт — групавыя нумары: iкарыйскiя гульні, мастацтва вальтыжыроўкi, жанглявання. Мы ўдзячныя замежным партнёрам, якія ладзяць выступы калектыву ў іншых краінах, аплачваючы наша знаходжанне там; спонсарам, якія дапамагаюць з набыццём рэквізіту.

Пра студыі і аматарскія калектывы

Б.К.: — Я і Марыя Кузняцова, кіраўнікі студыі, — у мінулым артысты цырка, маем спецыяльную адукацыю. Цырк — вельмі сур’ёзны від мастацтва, у ім павінен працаваць толькі прафесіянал. У чым неабходнасць такіх калектываў, як наш? Ва ўцягванні дзяцей у карысную занятасць. Але масава дзеці да нас не ідуць, бо, нават жадаючы стаць артыстам цырка, атрымаць спецыяльную адукацыю ў Беларусі няма дзе: ні цыркавога вучылішча, ні нават аддзялення на 5 — 10 чалавек пры Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. І ні адзін з айчынных дзяржаўных цыркаў не запрашае да сябе на працу нашых выхаванцаў, а падманваць дзяцей, што яны стануць артыстамі беларускага цырка, — несур’ёзна. За амаль 10 гадоў дзейнасці “Арэны” толькі 4 студыйцы пайшлі далей працаваць у цырку — у расійскім. Чаму так мала? Таму што ў Беларусі нашы выхаванцы, паўтаруся, нікому не патрэбныя.

За мяжой такія калектывы “носяць на руках”, цэняць, дораць рэквізіт, касцюмы, абутак, праводзяць сярод іх конкурсы цыркавога майстэрства. Урэшце, удзельнічаючы ў міжнародных спаборніцтвах, мы амаль заўсёды паказваем высокія вынікі, але чамусьці іх у Беларусі апошнім часам мала хто заўважае. Узаемаадносіны з некаторымі структурамі, што кіруюць культурай у нашай краіне, складваюцца такім чынам, што калі мы не пацікавімся тым, ці памятаюць нас, калі не “націснем” у нейкіх пытаннях, то пра “Арэну” і не згадаюць. Яшчэ некалькі гадоў таму нашых артыстаў рэгулярна ўзнагароджвалі за перамогі, дасягнутыя студыяй за мяжой. Сёння нярэдка чуем такое: “Што, зноў “Арэна”? Колькі можна?..” І вось мы ўжо, напрыклад, не так дакументы аформілі на ўзнагароджванне...

Л.А.: — У нас — унікальная, рэдкая прафесія. І цыркавых навучальных устаноў ва ўсім свеце — адзінкі. Маскоўскае дзяржаўнае вучылішча цыркавога і эстраднага мастацтва імя Румянцава рыхтуе ды выпускае артыстаў, даючы выдатную адукацыю, набор навыкаў, неабходных якасцяў ды сродкаў. А потым — вучыць манеж. На ім становяцца сапраўднымі цыркавымі, ён нараджае і рэжысёраў цырка. А вось прафесіі “кіраўнік дзіцячай цыркавой студыі” не вучаць нідзе. Імі, як правіла, становяцца артысты цырка, якія пайшлі на пенсію, але, выкарыстоўваючы назапашаны досвед, перадаюць яго дзецям, і лепшыя з іх потым папаўняюць шэрагі прафесійных артыстаў. Каля 30 чалавек у падрыхтоўчай групе ды амаль столькі ж у асноўным складзе “Юнацтва” — гэта многа ці мала? Для той працы, якой я прысвяціла жыццё, для таго калектыву, якому летась споўнілася 45 гадоў, масавасць — не галоўнае. Істотна, каб чалавек, які прыйшоў да нас, якi “абкатаўся”, як кажуць цыркавыя, на трэніроўках ды выступленнях, вынес са знаходжання ў студыі нешта карыснае, неабходнае для сябе. Прычым зусім неабавязкова, што сваё наступнае жыццё ён звяжа з цыркавым мастацтвам. Я разглядаю сваю дзейнасць перш за ўсё як дапамогу ў выхаванні дзіцяці, раскрыцці ў ім асобы, нейкіх схаваных магчымасцяў ды талентаў. Кожны год да нас прыходзяць хлопчыкі ды дзяўчынкі, мы нікому не адмаўляем (застануцца ж настойлівыя, працавітыя). Адразу пачынаем з імі займацца, не важна, перспектыўна яны выглядаюць ці не: усё адно адкрыем здольнасці, навучым, дапаможам скокнуць вышэй за галаву. Ёсць жаданне застацца ў нас, але не хапае фізічнай сілы, моцы? Не бяда, у цырку шмат спецыяльнасцяў, якія патрабуюць найперш такіх якасцяў, як спрыт, каардынацыя рухаў, пачуццё раўнавагі. Характар, пераадоленне сябе, імкненне да мэты — вось без чаго цыркавому нельга, пачатковец ён ці ўжо артыст. Шкада, што хлопчыкі сёння першымі сыходзяць з “Юнацтва”, скардзячыся, што ім цяжка. З тых артыстаў, што прайшлі праз “Юнацтва”, больш за 35 чалавек працуюць у прафесійных трупах усяго свету. І ў складзе калектыву, і самастойна — нярэдка з нумарамі, засвоенымі ў нас.

А.Х.: — Не так шмат таленавітых людзей, здольных сапраўды адбыцца ў гэтым дзіўным жанры. Цырк павінны ўвесь час развівацца, а ў Беларусі, як ужо было сказана, няма ніводнай спецыялізаванай установы для падрыхтоўкі. Асноўнымі ўдзельнікамі нашай студыі з’яўляюцца дзеці ды моладзь, набіраем мы іх на конкурснай аснове, тых, хто жадае трапіць да нас, нямала. У “Сонейку” яны не толькі развіваюцца фізічна, але выхоўваюць у сабе валявы характар ды фарміруюцца як асобы.

Т.А.: — У Палацы культуры “Касцюкоўка” з цыркавых працуем не толькі мы — там абойма аматарскіх цыркавых калектываў: дзіцячая студыя цыркавога мастацтва “Circus Abel”, студыя спартыўна-цыркавога мастацтва, студыя арыгінальнага жанру. Да нас можа прыйсці абсалютна любое дзіця. У кожным можна знайсці ды развіць часцінку нейкага таленту ды рухаць яго далей — спачатку на маленькую, а затым і на прафесійную сцэну. Каб навучыцца, не абавязкова валодаць спецыфічнымі талентамі, дастаткова проста вельмі любіць цырк ды хацець дамагчыся сваёй мэты — шляхам упартых трэніровак. Праграма авалодання цыркавым мастацтвам складзена такім чынам, што для кожнага ўдзельніка выбудоўваецца свой адукацыйны “маршрут”, у адпаведнасці з яго здольнасцямі ды ўзроўнем фізічнага развіцця. Нашы выхаванцы працуюць і ў Расійскай дзяржаўнай цыркавой кампаніі (Сяргей Шытаў, лаўрэат тамтэйшай нацыянальнай прэміі “ЦиркЪ”), і ў Ізраілі (Юлія Малюга (Нахмані), якая арганізавала з мужам цыркавую школу), і ў англійскім стацыянарным цырку горада Блэкпул...

І.М.: — Нашу студыю наведвае каля 40 чалавек ва ўзросце ад 4 да 26 гадоў, і гэта аптымальная колькасць для калектыву. Спрабуе сябе, вядома ж, большая колькасць, але застаюцца самыя стойкія, бо заняткі патрабуюць цярпення, вытрымкі і вялізнага жадання дасягнуць мэты. Мы вучым акрабатыцы, мастацтву антыпода, жангляванню, iгры з абручом, дрэсуры... І ўсе, вядома, думаюць пра вялікі цырк, але нюансы агучылі мае калегі: каб атрымаць прафесію цыркавога артыста, трэба ехаць, прынамсі, у Маскву, Кіеў. Дзеці ж нашай студыі мараць пра тое, каб адкрылася цыркавое аддзяленне ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў...

Пра ўзаемаадносіны

Б.К.: — Як я ўжо казаў, паміж намі і беларускімі цыркамі ніякіх прафесійных кантактаў няма. А ў нас ужо трэці склад удзельнікаў змяняецца — дзеці сталеюць, пакідаюць цырк ды ідуць вучыцца, хто куды, бо мы не можам даць ім працу. Столькі ўкладзена — і ніякай аддачы няма! Вось Гомельскі дзяржаўны цырк. Ён працуе як пракатная пляцоўка. А шкада! Даўно можна было б зрабіць там не проста калектыў, а суперпраграму — твар Беларусі. Мы шмат дзе пабывалі, нямала паглядзелі i прыйшлі да высновы, што можна стварыць нацыянальны беларускі цырк, дакладней праграму — з нумароў маладых ды таленавітых артыстаў, беларусаў. А для гэтага патрэбна правесці конкурс цыркавога мастацтва.

У нас ёсць думка сабраць айчынныя цыркавыя студыі, аматарскія калектывы ў нешта накшталт асацыяцыі і з дапамогай нашага цэнтра арганізаваць конкурс. Магчыма, у верасні, калі на юбілей “Арэны” запросяць з асобнымі нумарамі такія калектывы, збярэмся з іх кіраўнікамі ды абмяркуем пытанні. Але наша імкненне да супрацоўніцтва натыкаецца і на нейкую абыякавасць з боку некаторых калег. Сядзіць чалавек у сваёй студыі, у пакоі тры на тры метры, і “задаволены” ўсім. Дык пра што мне з ім размаўляць? Якія планы будаваць? Якім досведам абменьвацца? Ці такая “карціна”. Некалькі гадоў таму мы прапанавалі нашых артыстаў для аднаго беларускага цырка. І былі яшчэ маскоўскія прэтэндэнты. Прэтэнзій да нашага прагону не было, ён прайшоў паспяхова. Але потым пачалося... Кшталту: “Разумееце, нам жа далей працаваць з замежнымі партнёрамі, як мы можам зараз ад іх адмовіцца?” Або такі “аргумент”: “Вось мы ўвядзем вашых артыстаў у праграму. А праз нейкі час яны, калi набяруцца вопыту, з’едуць за мяжу”. Гэта значыць, рэклама, папулярызацыя нашаму цырку за мяжой не патрэбныя, каб пра цыркавых казалі: “Гэта беларускія артысты, з гэткага цырка”? Цыркавы кіраўнік павінен быць гаспадаром і любіць цырк, як сваю сям’ю, аддаваць усяго сябе яму. Тады будзе карысць!

Я.Л.: — Нас увесь час заклікаюць стаць пастановачным цыркам. Дык зрабіць нумар цяпер не праблема! Можна і са спорту ўзяць любы паказальны выступ і “зляпіць” з яго цыркавы нумар, альбо — што-небудзь з самадзейнасці. Кіраўнікі ў “Арэне” — энтузіясты, працуюць шмат і плённа, нездарма прадстаўнікі цэнтра перамагаюць ды займаюць прызавыя месцы на шматлікіх фестывалях (праўда, пераважна на дзіцячых), у тым ліку ў Монтэ-Карла. Патэнцыял ёсць. Іх выхаванцаў цалкам можна разглядаць як першую прыступку, першы крок да звання “Артыст цырка”. Паступяць у цыркавое вучылішча ў Кіеве ці ў Маскве, скончаць, магчыма, нават з гатовым нумарам, а калі не — можна пасля вучылішча з імі нешта рыхтаваць, як мы ў свой час зрабілі з Сяргеем Шытавым, які пасля заканчэння Маскоўскага цыркавога вучылішча яшчэ год у нас рэпеціраваў, і ў выніку выпусцілі нядрэнны нумар. А магчыма, з тых жа выхаванцаў-выпускнікоў вучылішча і атрымаецца шэдэўр. Але хутчэй за ўсё — нумар, які адправіць куды-небудзь на гастролі будзе вельмі праблематычна, бо і ў Расіі, і ва Украіне такіх звышдастаткова, і для заезджых артыстаў не заўсёды ёсць праца. Але галоўнае, як кажа наш Прэзідэнт, не толькі зрабіць, а прадаць! А каму? Будуць сродкі, атрымаецца моцны нумар, вось тады ёсць сэнс гэтым займацца. А рабіць нумары, як бліны ляпіць, каб артысты сядзелі месяцамі без працы, дэградавалі і, у выніку, нумары знікалі — шкада сродкаў, сіл ды часу.

У.Ш.: — Наша стаўленне да беларускіх цыркавых студый... рознае, скажам так. Вось “Арэна”, на чале якой стаіць пара Кузняцовых, — абсалютна прафесійныя людзі ў сваёй справе. Але сёння мала быць прафесіяналамі: калі няма падтрымкі ад мясцовых уладаў, то такім калектывам вельмі складана. Кузняцовым пашанцавала, і на сёння ў іх ёсць не проста студыя, а цэлая цыркавая база. Таму і артыстаў яны выхоўваюць вельмі добрых, пра што сведчаць іх шматлікія перамогі на міжнародных фестывалях.

Барыс Рыгоравіч закрануў тэму конкурсу. Мы якраз распрацавалі палажэнне ды каштарыс рэспубліканскага фестывалю самадзейных цыркавых студый. Многія з іх нам добра знаёмыя, мы сустракаліся з іх кіраўніцтвам, таму і вырашылі заняцца гэтым праектам усур’ёз. У рэшце рэшт, такія калектывы можна разглядаць у якасці пастаўшчыкоў артыстаў у наш цырк, як нейкі рэзерв для яго. Вось зусім нядаўна да нас звярнуліся дзяўчына з хлопцам з мінскай студыі “Белая Русь”, у якой яны прапрацавалі больш за 10 гадоў, мы праглядзелі іх і аднагалосным рашэннем прыёмнай камісіі залічылі ў штат. Вяртаючыся да тэмы фестывалю, скажу, што засталося вызначыць толькі месца і дату. Стварыць жа пры нашым цырку студыю зараз некалькі цяжка, перш за ўсё з фінансавых прычын. Такія спробы, дарэчы, неаднаразова рабіліся, але ўсе яны правальваліся.

Я.Л.: — Гомельскі цырк шчыльна супрацоўнічае з заслужаным аматарскім калектывам Цырк імя Валерыя Абеля. З невялікай цыркавой студыі яго хлопцы і дзяўчаты выраслі ў сапраўдны, моцны калектыў. Гэта нашы падшэфныя, мы ўсяляк іх апекаем: запрашаем на прадстаўленні, арганізоўваем сустрэчы з артыстамі, увогуле, дапамагаем ім вучыцца ў майстроў і ўдасканальваць свае веды, уменні. У 2011 годзе на нашай пляцоўцы з мэтай развіцця ды папулярызацыі айчыннага цыркавога мастацтва, а таксама падтрымкі маладых талентаў быў праведзены I Беларускі фестываль аматарскага цыркавога мастацтва, у якім прынялі ўдзел 11 аматарскіх калектываў з усіх абласцей Беларусі. А з калегамі са сталічнага цырка ў нас склаліся вельмі добразычлівыя, працоўныя ўзаемаадносіны, заснаваныя на ўзаемнай павазе ды разуменні адзін аднаго.

У.Ш.: — Мне хацелася б выказаць удзячнасць генеральнаму дырэктару Гомельскага дзяржаўнага цырка Якаву Лабовічу, які ў нашай з ім першай, чатырохгадзіннай, гутарцы, калі мяне толькі прызначылі дырэктарам Беларускага дзяржаўнага цырка, раскрыў мне многія таямніцы, сакрэты цыркавой прафесіі, падрабязна распавёў пра яе спецыфіку. Потым яшчэ былі з ім сустрэчы, гэткія ж плённыя. Каб мы з ім былі прамыя канкурэнты, то непаразуменні, можа быць, нейкія і з’яўляліся б, але паколькі Гомельскі цырк — гэта пляцоўка пракатная, без уласнай трупы, то адносіны нашы я назваў бы... таварыскімі. А сяброўскімі назаву іх, калі мы зможам выступіць на яго арэне: мы да гэтага гатовыя! Напрыклад, ледзь абкатаўшы, можам прапанаваць праграму “Вогненная каралева...”

В.Г.: — Не вучачыся цыркавому мастацтву, не атрымліваючы ўвесь комплекс ведаў, артыстам цырка ў сапраўдным значэнні стаць нельга. Спартсмен, магчыма, і атрымаецца, або чалавек, які мае нейкі набор цыркавых навыкаў. А сапраўдны артыст цырка — гэта ж яшчэ і своеасаблівы светапогляд. Устаноў жа, што навучаюць цыркавому мастацтву, у Беларусі няма — і гэта бяда. Я бачу такую схему падрыхтоўкі артыстаў для нашага цырку, якая, спадзяюся, неўзабаве будзе рэалізаваная. Адзін раз на 5 гадоў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў аб’яўляе набор на спецыяльнасць “Артыст цырка”. Калі па заканчэнні з некага не выйшла артыста, выпускнік можа паспрабаваць набраць цыркавую студыю ды кіраваць ёй. Гэта значыць, задача вырасціць універсітэтам цыркавога будзе выканана. Праграму навучання я і мае калегі ўжо амаль падрыхтавалі. І адзін раз у 5 гадоў варта абвяшчаць набор у Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў на спецыяльнасць “Рэжысёр цырка”. У ідэале такія наборы варта праводзіць адначасова.

Л.А.: — Кантакты паміж студыямі ды аматарскімі калектывамі адбываюцца на ўзроўні фестываляў ды конкурсаў, а таксама на абласных ды рэспубліканскіх канцэртных пляцоўках, дзе, калі мы разам размінаемся, рэпеціруем, выступаем, нешта “намотваецца на вус”. Нядаўна да нас прыязджалі артысты з "Арэны". Пасля яго мы пагутарылі пра прафесію, трошкі падзяліліся сакрэтамі. Мы ўсе робім адну агульную прыгожую справу, і я аддаю перавагу сяброўству з усімі калектывамі.

Раней, за савецкім часам, у Белдзяржцырку некалькі разоў праводзіліся фэсты цыркавога мастацтва. На жаль, у гады перабудовы і пазней гэты рух заціх. Зараз творчыя адносіны сталі аднаўляцца. Падчас лютаўскага II Міжнароднага фестывалю “Скрыжаваннi. Мiнск”, на якім нашы пастаноўкі “Трансфармацыя з хулахупамi” ды “Iкарыйскiя гульні” былі адзначаны лаўрэатствам I ступені, а сам калектыў атрымаў Гран-пры, “Кубак Лепшых” ды галоўную прэмію, у нас адбылася творчая паездка ў Белдзяржцырк. Мы не толькі наведалі выдатнае прадстаўленне “Акадэмія блазнаў”, але і музей установы ды закуліссе. А ў фінале нам дазволілі выйсці на манеж ды паказаць публіцы пару сваіх элементаў пад бурныя апладысменты. І пасля ўсяго клоўны Бо ды Ю далі нам майстар-клас ды... пачаставалі марожаным! Якраз па заканчэнні “Скрыжаванняў...” мы выказалі ідэю аб правядзенні ў краіне міжнароднага фестывалю цыркавых аматарскіх калектываў. Аказваецца, у Белдзяржцырку таксама пра гэта думалі. Спадзяюся, да рэалізацыі гэтага праекта пройдзе не так шмат часу.

А.Х.: — Праз удзел у фестывалях ды конкурсах мы, вядома, маем зносіны з калегамі па цэху. Падтрымліваем сяброўскія адносіны з узорнай цыркавой студыяй “Арлекін” з Пінска, перасякаліся на конкурснай пляцоўцы з Марыяй ды Барысам Кузняцовымі з “Арэны”, з калектывам “Юнацтва”. Не скажу, што такіх сустрэч дастаткова для абмену вопытам, а таму ёсць жаданне і самой з’ездзіць, і прывезці з сабой групу нашых артыстаў у тыя ж “Арэну” ды “Юнацтва”, навучыцца нечаму новаму. Справа за фінансаваннем. Хацелася б шмат чаго: магчымасці стажыравацца на базе прафесійных цыркаў Беларусі ды замежжа, большай цікавасці ды ўвагі з боку прафесійнага мастацтва да аматарскага цырка, а яшчэ, каб удзельнікі аматарскіх калектываў мелі магчымасць атрымаць майстар-клас ад знакамітых цыркавых артыстаў Беларусі на бязвыплатнай аснове, у якасці заахвочвання для самых таленавітых.

Т.А.: — Мы супрацоўнічаем з замежнымі прафесійнымі цыркавымі трупамі, іх артысты прыязджаюць да нас, праводзяць майстар-класы. (Калі не браць у разлік час колішняга Савецкага Саюза, то за сваю больш чым паўвекавую гісторыю наш калектыў гастраляваў ды ўдзельнічаў у фестывалях у балтыйскіх дзяржавах, ва Украіне, Расіі, Польшчы, Балгарыі, Італіі, Германіі, Аўстрыі, Францыі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, Катары, Ліване, Амане, Іярданіі...) Ведаю, амаль усе нашы студыі ды аматарскія калектывы, сустракаліся з замежнікамі падчас I Беларускага фестывалю аматарскага цыркавога мастацтва ды фестывалю-кірмашу “Дажынкі” ў Жлобіне. Але больш шчыльных кантактаў няма, а яны неабходныя, асабліва для тых калектываў, якія цягнуцца да вядучых цыркавых студый. Але няма сродкаў. А ў СССР для такіх калектываў, як наш, ладзілася нешта кшталту курсаў павышэння кваліфікацыі. У параўнанні з калегамі нам вельмі пашанцавала: ужо шмат гадоў, дзякуючы дырэктару гомельскага цырка Якаву Лабовічу, нашым выхаванцам заўсёды адчынены дзверы ў вялікі прафесійны калектыў. Для павышэння выканальніцкага майстэрства ўдзельнікі калектыву сістэматычна наведваюць прадстаўленні, для нас праводзяць майстар-класы ды сустрэчы.

Вядома, я цалкам падтрымліваю ідэю правядзення ў Беларусі фестывалю-конкурсу аматарскага цыркавога мастацтва. Было б сімвалічна, каб ён пачаў сваё існаванне менавіта ў Год культуры.

І.М.: — Мы таксама кантактуем толькі падчас фестываляў ды конкурсаў. Для больш цесных прафесійных зносін, з паездкамі адзін да аднаго, з узаемавучобай, на жаль, няма сродкаў. Але на I Беларускім фестывалі аматарскага цыркавога мастацтва пазнаёміліся з калектывам “Юнацтва”. Па меры магчымасцей маем зносіны з лідскай цыркавой студыяй “Марсі”. Пра калег з іншых краін даведваемся праз інтэрнэт, там жа нашы студыйцы любяць “падгледзець” цікавы трук або страшны касцюм.

А вось паміж намі і двума рэспубліканскімі цыркамі творчых кантактаў, на жаль, няма. Можа, мы такія сарамлівыя і першымі ініцыятыву не праяўляем? Можа, мы ім нецікавыя? А хацелася б, каб яны надалі крышачку ўвагі такім студыям, як наша. Бо гэта стымул для хлопчыкаў і дзяўчынак, якія мараць хоць раз выступіць на вялікай арэне. Было б выдатна, каб у Мінску ці Гомелі раз на два — тры гады праводзілі конкурсы, і наша праца ацэньвалася прафесіяналамі.

Пра сюжэтныя цыркавыя праграмы

Б.К.: — Зараз усё больш рэжысёраў звяртаецца да сюжэтнага цырка. Нумарны — ужо мінулае стагоддзе. Сюжэтны ж — відовішча, аднак ёсць тут сваё “але”. Большасць праграм, хоць і сюжэтныя, але няма ў іх трукаў. А цырк без трукаў — не цырк, любы прафесіянал вам тое скажа. Мы ў сябе любім ствараць сюжэтны цырк, але ў ім асноўнае — трук, і не проста трук, а “страшны”. Мы любім маляўнічыя касцюмы, цікавы рэквізіт, грым для нумара, незвычайную музыку. У нас галоўныя героі шоу — дзеці, артысты-дзеці. І пасля прадстаўленняў “Арэны” гледачы выходзяць з залы з “мокрай спінай”. Напрыклад, артыст — хлопчык дзесяці гадоў — становіцца на баланс 8 шпулек! Вышыня іх перавышае яго рост! У свеце ўсяго 5-6 чалавек стаяць на 8 шпульках. Таму мы кажам: “Паважаныя гледачы, вы прыйшлі ў цырк ХХI стагоддзя. Не здзіўляйцеся, а атрымлівайце асалоду!” Адносна ж, скажам, “Цырка дзю Салей”, дык гэта вельмі маляўнічае, трукавае відовішча, адточанае да аўтаматызму, але... не сюжэтнае, ні пра што. Аднак усяму свету ён падабаецца, таму што няма іншага. І вось гэтым трэба карыстацца. Стварыць, паўтаруся, свой нацыянальны цырк, сваю праграму!

В.Г.: — Нацыянальную праграму “Чароўны сон у зімовую ноч” мы ўпершыню паказалі паўтара гады таму. Першае яе аддзяленне скіравала публіку ў беларускую міфалогію, а другое — у беларускую свецкую культуру Сярэднявечча. Беларускасць прачытвалася і ў касцюмах, і ў персанажах, і ў дэкарацыях, і ў музыцы. Артысты паўставалі ў вобразах духаў лесу, русалак, было і “дзікае паляванне”, і княжацкі баль. Сваіх цыркавых мы збіралі пад гэта прадстаўленне з усяго свету, — і ўсіх лепшых сапраўды ўдалося сабраць.

У.Ш.: — Праграму мы плануем паказваць не часцей чым раз на год, каб не “замыліць” яе для гледача. У Кіеве яе прынялі, з вялікім поспехам яна прайшла ў Астане. Як і іншыя дзяржаўныя прадпрыемствы Беларусі (а цырк — гэта таксама прадпрыемства), каму дазваляе іх дзейнасць, мусім займацца экспартам паслуг, прасцей кажучы — зарабляць валюту. Летась мы выканалі такі план на 400 працэнтаў. І не забывайцеся яшчэ пра такую тонкую матэрыю, як... палітычная мэтазгоднасць! Так-так! Нашы кантакты з Азербайджанам, з Украінай, з Казахстанам, з Расіяй — гэта таксама складнікі знешняй палітыкі нашай дзяржавы, і нашы поспехі дадаюцца ў скарбонку поспехаў Беларусі, умацоўваюць імідж краіны, адкрываюць яе замежнікам з нейкага іншага прывабнага боку.

В.Г.: — Ужо ёсць зноў распрацаваная праграма цырка на сцэне, якая ў часы Савецкага Саюза актыўна практыкавалася там, дзе не было спецыяльных цыркавых памяшканняў. Нашы артысты гатовы выступаць у беларускіх дамах ды палацах культуры, засталося выбудаваць лагістыку такіх паездак. Зараз у Беларусі “круціцца” велізарная колькасць замежных цыркаў-шапіто, і з імі — хай яны нават не вельмі высокай якасці — канкураваць давядзецца. З іншага боку, наколькі мы бачым, для людзей не складае праблемы арандаваць аўтобус і з любой кропкі краіны прыехаць да нас на прадстаўленне.

А “Цырк дзю Салей” зараджаўся па вобразе ды падабенстве савецкага цырка. Некалькі гадоў гэты праект, у які збіраліся ўсе “вяршкі” сусветнага цырка, быў сапраўды цікавы. Але потым пачалося яго тыражаванне ды кланаванне, і пад гэтай маркай сёння па планеце “катаецца” немаведама хто. Так, лепшыя ўзоры працягваюць дзейнічаць, але і каштуюць яны адпаведна. Да нас яны не даязджаюць... Аднак і лепшыя ўзоры цяпер упор робяць на шоу, на татальныя сродкі ўздзеяння на гледача — на гучную музыку, на візуальныя спецэфекты, на форму, нават у чымсьці на творчую правакацыю. Дзіцяці на такіх паказах, на мой погляд, рабіць няма чаго, ды і публіцы, якая сядзіць далёка ад дзеі на пляцоўцы — нічога не бачна. Так, гэта цырк, але ў якім пераважае відовішча, а не мастацтва.

І.М.: — Сюжэтны цырк цікавы толькі дарослым ды дзецям старэйшых узростаў. Але, з іншага боку, калі мы сёння ў якасці прыкладу бярэм “Цырк дзю Салей”, ён — мара для дзяўчынак нашага цыркавога калектыву: усе хочуць хаця б раз выступіць з ім!

Я.Л.: — “Цырк дзю Салей” ды яму падобныя, несумненна, маюць права існаваць паралельна з традыцыйным цыркам. Але гэта дзве розныя формы і іх складана параўноўваць. Цырк, у традыцыйным разуменні, усё ж, на мой погляд, больш прымальны. Тут выступы акрабатаў змяняюць нумары ды атракцыёны з жывёламі. Так склалася гістарычна, і потым, наш глядач хоча бачыць традыцыйны цырк. “…Дзю Салей” — іншая гісторыя. Я б нават адважыўся так вызначыць: гэта вынаходніцтва, але для вельмі абмежаванага кола гледачоў.

Л.А.: — У савецкім цырку, у тым ліку ў беларускім, сюжэтныя праграмы ставіліся ў дастатковай колькасці. Гэта пасля таго, як распаўся Саюз, калі і ў цыркавой гаспадарцы наступілі смутныя часы, ад сюжэтных пастановак некалькі адышлі. Але сёння яны вяртаюцца. Паглядзіце хоць бы такое шыкоўнае прадстаўленне, як “Акадэмія блазнаў” Беларускага дзяржаўнага цырка. Але я не думаю, што ў будучыні акрамя сюжэтнага цырка, акрамя цыркавых драматургічных шоу, нічога не застанецца. Цырк патрэбен усялякі ды розны. Тым ён і добры.

А.Х.: — Сюжэтны цырк не адмяняе нумарны. Добра, калі ўсё гарманічна спалучаецца.

Т.А.: — Цырк даўно ідзе па шляху большай тэатралізацыі. Што слушна, бо трук ёсць трук, ён галоўны ў цырку, але сёння цікава і тое, што акрамя трука робяць артысты, якія могуць сродкамі свайго жанру расказаць нейкую гісторыю, тое, што павінна прыцягваць акрамя трукавай дзейнасці. Для чаго патрэбныя рэжысура, харэаграфія, музыка, касцюмы ды правільна падабраны вобраз. “…Дзю Салей” — гэта шоу. Прычым, вельмі моцна затлумленае філасофіяй, з харэаграфіяй, з музыкай, з маскамі, з выкарыстаннем вялікай колькасці элементаў цырка. Дэманстрацыя фізічных магчымасцяў чалавека на фоне спецэфектаў...

Пра планы ды зноў пра поспехі

У.Ш.: — У пачатку года мы паказалі прэм’ерную праграму «Акадэмія блазнаў”. Інтэрактыўную, як мы яе называем, таму што ў прадстаўленні актыўна задзейнічаны гледачы. Другая прэм’ера —“Я працую чараўніком”. А да Новага года падрыхтуем прадстаўленне, у якім будуць задзейнічаны толькі беларускія артысты. Ёсць планы і на 2017 год. Па шматлікіх просьбах гледачоў, хутчэй за ўсё, паўторым праграму “Цырк-шоу гіганцкіх фантанаў”, але ў моцна абноўленым варыянце. Збіраемся запрасіць кітайскіх калегаў з іх фантастычным прадстаўленнем. Магчыма, выступяць у нас артысты Пхеньянскага дзяржаўнага цырка — трупа вельмі дарагая, але яна гатовая пайсці нам насустрач у фінансавых адносінах.

Я.Л.: — У гэтым годзе будзем працягваць паўсядзённую працу: імкнуцца запрашаць на гастролі толькі лепшыя цыркавыя нумары, рабіць усё магчымае для таго, каб радаваць гамяльчан ды гасцей горада разнастайнымі, яркімі ды цікавымі праграмамі.

Б.К.: — У планах — адзначыць 10-годдзе “Арэны”. За гэты час адбылося нямала падзей. Пачыналі ў маленькiм, без вокнаў, пакойчыку пяць на пяць метраў, а цяпер маем свой будынак, з суперсцэнай, грымёркамі, душавымі кабінамі, добрым асвятленнем. Калектыў стаў “заслужаным”, атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва, выхавалі 15 лаўрэатаў спецыяльнага фонду Кіраўніка дзяржавы па падтрымцы таленавітай моладзі. Неаднаразова станавіліся пераможцамі міжнародных конкурсаў, як дзіцячых, так і дарослых. Тройчы атрымлівалі ўзнагароду ад Расійскай дзяржаўнай цыркавой кампаніі, двойчы ад Саюза цыркавых дзеячаў Расіі, цырка Нікуліна, двойчы ад Кітайскай акрабатычнай асацыяцыі. І, нарэшце, фестываль цыркавога мастацтва ў Монтэ-Карла: сёлета мы ўзялі 3 спецыяльныя прызы ды 3 медалі!

Т.А.: — Нядаўна мы адзначылі сваё 55-годдзе. “Цырк Абеля” — гэта вялікая дружная сям’я, у якой і артысты, і кіраўнікі аб’яднаны адной ідэяй — быць лепшым цыркам. І толькі разам мы будзем перамагаць!

...i проста пра цырк

В.Г.: — Калі дзеці прыходзяць у цырк, яны застаюцца дзецьмі, дарослыя ж ператвараюцца ў ім у дзяцей. Гэта сямейнае, вельмі добрае мастацтва.

Я.Л.: — Цырк — свята, радасць, смех ды захапленне. Гэта ўнікальны свет, судакрануўшыся з якім, дарослыя на імгненне могуць адчуць сябе дзецьмі. Любіце цырк — самае шчырае ды сумленнае мастацтва ў свеце!

Б.К.: — Згодзен, гэта — самае сумленнае мастацтва!

Л.А.: — Як калісьці казалі цыркавыя: “Савецкі цырк “цыркавейшы” за ўсе цыркі!” Смех ды радасць мы прыносім людзям!

А.Х.: — Цырк — цуд, казка. Мара для дарослых ды дзяцей!

Т.А.: — “Circus: Culture for the Millions” — “Цырк: культура для мільёнаў”: такі дэвіз Асацыяцыі еўрапейскага цырка.

І.М.: — Цырк любяць усе!

Ну а я ў цырках бываў не часта, ды ці не кожнае іх наведванне ў памяці засталося. У сярэдзіне 1970-х у буфеце валгаградскага цырка дзіця (я) ва ўльтыматыўнай форме запатрабавала ад таты з мамай набыць сабе бутэрброд з дарагой рыбай. Познім вечарам іх сыну стала дрэнна, мабыць, асятрынай другой свежасці ён і атруціўся. Пасля, у канцы тых жа 1970-х у Маскве, бацькі павялі мяне ў цырк на Каляровым бульвары. Да набытай праграмкі прыкладаўся невялікі купончык, у якім было надрукавана, што ў прадстаўленні адбылася замена блазнаў: замест пазначаных будуць смяшыць публіку... Юрый Нікулін і Міхаіл Шуйдзiн — можа, лепшы на той момант дуэт савецкіх дыванных! У мінскім цырку, у 1980-я, на маіх вачах, паслізнуўшыся, упаў конь з наезнікам, а ў 1990-х у ім выступаў... гурт “Арыя”, і тады ў кулуарах я ўзяў інтэрв’ю ў яго музыкантаў....

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"