Урэшце, птушкі таксама не сеюць, не жнуць, а Божухна іх корміць. За прыгожы палёт, які можна параўнаць з духоўнымі парываннямі работнікаў культуры. Прыгажосць сама па сабе мае свой неацэнны кошт. Таму гаруны, якія ствараюць эканоміку культуры ў нашых рэаліях, падаюцца летуценнымі архітэктарамі пясочных замкаў. А клубнікі, музейшчыкі, бібліятэкары — выратавальнікамі беларускага неба.
Але ці такі ўжо прыгожы той палёт?
Чарговая рэдакцыйная пошта прынесла чарговы ліст. А там пасярод неблагога па фактуры тэксту рукой дасведчанага работніка культуры напісана сярод іншага — ”інтэлегентнасць”. Наша школьная настаўніца ў такіх выпадках біла ўказкай па стале, адсякаючы складнікі фразы: “Не от слова “телега”!” ”І” ў чацвёртым складзе — як філалагічная аксіёма на ўсе гады. Але ж веданне гэтага не дае права лічыць сябе інтэлігентнымі, як і рускае слова ”телега” не з’яўляецца доказам таго, што вясковец не можа быць шляхетным. Што ж патрэбна? Ды вось!
Мы проста абавязаныя памятаць, калі і якімі высілкамі пачаўся той палёт. У рэвалюцыйных хатах-чытальнях пад лозунгамі Крупскай ці ў замкавых пакоях Кейстута? Хто даў старт таму палёту: сялянскі бунт Каліноўскага ці матросы з “Аўроры” паскорылі працэс катэгарычнымі штыкамі?
Пастаянна хочацца аб’яднаць нацыянальнае з дзяржаўным. Прынамсі, хочацца, каб гэтыя імклівыя плыні ішлі калі не разам, дык паралельна і ў адзін бок. Для радаснай выніковасці палёту. Хтосьці з сяброў пасмяяўся, што ў амерыканцаў няма ў мэблевых гарнітурах кніжных паліц. Маўляў, якая там культура? Мо і няма тых паліц. Але ж ёсць кніжныя шафы, якія цалкам займаюць асобны пакой і надаюць яму статус прыватнай родавай бібліятэкі. Да слова, першыя дарэвалюцыйныя публічныя бібліятэкі таксама спрабавалі зрабіць платнымі. Птушкі не здолелі жаць, як напісана ў Евангеллі ад Матфея. Не ведаю, што чытаў Кейстут, але меў і карцінную галерэю, і тэатр, і бібліятэку. Еўрапейскія стандарты вымагалі. Не ідэалізую нашых магнатаў, але дзяцей яны выхоўвалі, як мае быць: вершаскладанне суседнічала з навукамі танца і фехтавання. І з дзяцінства даводзілася думка, што рыфмуюць тысячы, а паэтамі становяцца адзінкі. Ці пачуюць мяне сённяшнія ваяўнічыя графаманы?
Хочацца ганарыцца князямі. А былі яны, былі, з самымі магутнымі каранямі. Радзім Гарэцкі паказваў лісты дахаты бацькі Гаўрылы і дзядзькі Максіма. Ніводнай памылкі! Нават кропку з коскай ужываюць у складаных сказах! Інтэлігенцыя ў першым калене. А матывацыя для навучання была жалезабетонная ў сваёй непахіснасці. Уся сям’я працавала на тое, каб хаця б адзін сын набыў адукацыю ў сталіцах. Іншага выбару не было. Так, напэўна, зараджалася другая, немагнацкая хваля нацыянальнай культуры, якую хуценька згасіла сустрэчная бязлітасная хваля сталінскіх рэпрэсій.
І зноў птушаняты спрабуюць вучыцца лётаць. Цяжка, невыносна, але трэба. Інакш памылкі застануцца і ў памяці, і ў лістах, і ў свядомасці. А на культурным палетку спрэс будуць сяўба ды жніво. Бог глядзіць на Беларусь.
Фота Кастуся АНТАНОВІЧА