“Выцінанка” ў Малдове

№ 16 (834) 19.04.2008 - 25.04.2008 г

Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль народнай музыкі “Выцінанка” Столінскага ГДК (мастацкі кіраўнік — Пётр Астапчук) вярнуўся з паездкі ў Рэспубліку Малдова. “Выцінанка” разам з баранавіцкімі “Мірскімі музыкамі” сярод 15-ці краін свету прадстаўляла Беларусь на 42-ім Міжнародным фестывалі музыкі “Мэрцішор”. Дэлегацыю ўзначальваў начальнік раённага аддзела культуры Васіль Заруба.

Мэрцішор — старадаўні малдаўскі звычай святкавання надыходу вясны (накшталт нашага “Гукання вясны” альбо Масленкі), які доўжыцца цягам усяго сакавіка. У гэты час дзяўчаты абменьваюцца з юнакамі маленечкімі кветачкамі-брошкамі і носяць іх прышпіленымі на грудзях аж да красавіка.

Якраз на пачатак гэтых святаў і прыпадае Міжнародны фестываль, які таксама атрымаў назву “Мэрцішор”. Тут наладжваюцца выстаўкі народнай творчасці: жывапісу, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, можна ўбачыць і ганчарныя вырабы, і рэчы з вінаграднай лазы, і шматлікія ўпрыгожанні з мясцовых матэрыялаў...

На малдаўскай зямлі “Выцінанка” выступіла з канцэртамі ў гарадах Тараклія, Бесарабяска, Унгены і ў Кішынёўскай філармоніі. На ўсіх канцэртах беларускага ансамбля прысутнічалі кіраўнікі раёнаў, якія сустракаліся з калектывам, дзякавалі за выступленне.

У заключны дзень фестывалю “Выцінанка” прымала ўдзел у гала-канцэрце, які ладзіўся ў Нацыянальным палацы Малдовы. Калектыў выканаў два беларускія творы — “Столінскія музыкі” і “Выразала ночка выцінанку...”.

— Выступленне беларускіх калектываў праходзіла на кантрасце: “Выцінанка” выконвала аўтэнтыку, а “Мірскія музыкі” — творы ў сучаснай апрацоўцы, дэманструючы ўвесь каларыт нашага мастацтва, — дзеляцца ўражаннямі ўдзельнікі ансамбля Алена Дубойская і Руслан Храпіцкі. — Мілагучная беларуская гаворка і песня зачароўвалі, неслі радасць. Мы адчувалі станоўчую энергетыку залы па шчырых апладысментах гледачоў. Варта было бачыць, на якім уздыме была зала, калі наш Пётр Астапчук выконваў свае найгрышы, а два беларускія калектывы разам выконвалі песню “Белая Русь”! Цікавасць да беларускіх артыстаў была непадробнай.

Дэлегацыю беларускіх музыкаў у адной са сваіх рэзідэнцый прыняў прэзідэнт Малдовы Уладзімір Варонін. Ён адзначыў, што ўпершыню афіцыйны прыём кіраўніка дзяржавы прайшоў у творчай атмасферы — з музыкай і песнямі. Прэзідэнт Малдовы выказаў сваё захапленне ад сустрэчы з беларускімі артыстамі, зазначыў, што хацеў бы бачыць столінскіх музыкаў і на Днях беларускай культуры ў Малдове, якія пройдуць у верасні гэтага года.

 

Аліна ВЕРАС Столін