Чым “прырасла” “Берагіня”, а што не змянілася?

№ 27 (1257) 02.07.2016 - 08.07.2016 г

Пра інфраструктуру фольк-фэсту перад гаворкай пра творчасць
23 — 26 чэрвеня ў Акцябрскім на Гомельшчыне прайшлі заключныя імпрэзы Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”. Не маючы афіцыйна статусу міжнароднага, фестываль стаў такім дэ-факта: удзельнічалі каля 900 чалавек з шасці краін. У апошні дзень мерапрыемства наведаў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў, які адзначыў высокі ўзровень падворкаў на “Рудабельскім кірмашы” і фестывалю ўвогуле.

/i/content/pi/cult/593/13188/6-1.jpgУ параўнанні з мінулымі “Берагінямі” сёлетняя “прырасла” конкурсам музычных капэл традыцыйнага складу і конкурсам танцораў-салістаў. Адзначыўшы гэтыя змены, аўтар канцэпцыі фестывалю і яго ідэйны натхняльнік, этнахарэолаг Мікола Козенка дадаў: “Мяне часта пытаюцца, а што, маўляў, новага, у вас штораз адно і тое ж. Але ж з’яўляюцца новыя асобы, калектывы, танцавальныя пары…”

Файныя былі аўтэнтычныя гурты. Іх адборам займаліся абласныя метадычныя цэнтры і выбралі, хочацца адзначыць, выдатна. Асабліва шмат эмоцый выклікалі ў публікі выступленні гурта “Вытокі” з Дзятлавічаў пад Лунінцам і “Таняжанкі” з Лельчыцкага раёна. “Вербіца” ехала ад самай мяжы з Расіяй, Хоцімскага раёна, і трапіла, што завецца, “з карабля на баль”: з аўтобуса адразу на сцэну. Акцябрскі раён меў магчымасць паказаць больш гуртоў, таму пра культуру Рудабельшчыны гледачы дакладна атрымалі самае поўнае ўяўленне.

Міжнародны складнік

Сёлета фестываль праходзіў пад патранатам UNESCO: міжнародная арганізацыя дазволіла выкарыстоўваць свой лагатып, які з’явіўся на друкаванай прадукцыі “Берагіні” разам з лагатыпам Канвенцыі аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны. У 2014 годзе UNESCO дапамагло “Берагіні” не толькі лагатыпам, а і матэрыяльна, пералічыўшы 5 тысяч долараў на карысць форуму. Сёлета не склалася: не паспелі ўзгадніць усе паперы, і падтрымка сталася маральнай. Але для “Берагіні” і Беларусі наогул гэта вельмі ганарова. З усіх імпрэз, што праходзяць у нашай краіне, пад патранат UNESCO ў 2016-м трапілі ўсяго дзве: акрамя “Берагіні” — Фестываль нацыянальных культур у Гродне. Анатоль Бутэвіч, член Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах UNESCO, казаў пра перспектывы ўваходжання фестывалю ў Рэестр лепшых практык аховы нематэрыяльнай культурнай спадчыны, што складаецца ў адпаведнасці з Канвенцыяй UNESCO 2003 года.

Для рэалізацыі гэтых планаў неабходна падрыхтаваць камплект дакументацыі, зняць якасны прафесійны фільм з англійскімі субтытрамі, зрабіць фотаздымкі. Апошніх не бракуе, фестываль заўсёды прываблівае фатографаў прыгожай “карцінкай”. Скажам, з першай імпрэзы здымае “Берагіню” карэспандэнт газеты “Звязда” Яўген Пясецкі. У холе Акцябрскага цэнтра вольнага часу можна было пабачыць яго фотавыставу з выявамі мінулых “Берагінь”. Прыехалі таксама іншыя вядомыя фатографы. Некаторыя з іх здымалі фестываль ужо не першы год. Прадстаўнікі выданняў, якія звычайна не цікавіліся “Берагіняй”, распавялі, што сёлета, у Год культуры, сталі больш асвятляць рэгіянальныя фестывалі. Тэма Года культуры гучала і ў шматлікіх афіцыйных прамовах падчас форуму.

Відэафіксацыяй імпрэз “Берагіні” сёлета займаліся збольшага аматары, як і ў папярэднія гады. Карэспандэнтаў беларускіх тэлеканалаў на свяце не было. Затое прыехалі падтрымаць свае гурты “Elektroporcelan” і “Zlatibor” прадстаўнікі сербскага тэлебачання. Здаецца, відэа за розныя гады на “Берагіні” адзнята шмат, але пытанне ў яго якасці і мантажы. Таму ўнясенне фестывалю ў Рэестр лепшых практык аховы нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO мне бачыцца пакуль вельмі цьмянай перспектывай, хаця “Берагіня”, безумоўна, таго вартая.

У рэзалюцыі фестывалю змешчана прапанова па аднаўленні сяброўства Беларусі ў CIOFF (Міжнародны савет арганізацый фальклорных фестываляў і народнага мастацтва). На форуме недзяржаўных арганізацый, акрэдытаваных UNESCO як экспертаў у галіне нематэрыяльнай культурнай спадчыны, у Барселоне я пазнаёмілася з прадстаўніцай CIOFF пры UNESCO Магдаленай Таворнік. Яна патлумачыла, што сяброўства краіны ў CIOFF замацоўваецца на ўзроўні міністэрстваў культуры і замежных спраў у адрозненні, напрыклад, ад сяброўства ў іншай вядомай арганізацыі, IOV (Міжнародная арганізацыя фальклорнага мастацтва). У апошняй любы сябра можа стаць ініцыятарам стварэння секцыі, што прадставіць установу, рэгіён ці краіну. Пакуль дзяржава не плаціць у поўным памеры ўнёскі, яна застаецца ў CIOFF дарадцам, а інфармацыя пра яе фестывалі не змяшчаецца ў буклетах-аглядах.

Замежныя гурты

З 30 гуртоў-удзельнікаў фестывалю 7 былі замежнымі — з Польшчы, Расіі, Чэхіі, Сербіі. Некаторыя наведалі “Берагіню” і ўвогуле Беларусь упершыню, былі і старыя сябры фэсту. Польская “Жэмэрва”, напрыклад, прыехала ў Акцябрскі трэцім разам. Кіраўнікі сербскіх гуртоў так-сяк размаўлялі па-руску. Літоўцы, як і на Фестывалі нацыянальных культур у Гродне, уразілі якаснай рэканструкцыяй строяў, а таксама манерай спеву, вельмі набліжанай да аўтэнтычнай. Як адзначыў старшыня Рады экспертаў “Берагіні”, кіраўнік кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Вячаслаў Калацэй, з усіх відаў традыцыйнага мастацтва спеўнае — бадай што самае складанае для пераймання.

Чэшскі і сербскія гурты паказвалі хутчэй сцэнічную, чым аўтэнтычную харэаграфію: сербы выступілі пад фанаграму, чэхі гралі частку кампазіцый “жыўцом”. Іх выступы нагадалі праграмы ўдзельнікаў фестывалю Фалькларыстычныя спатканні імя Ігнація Вахавяка ў польскім Любліне. Фестываль уваходзіць у сетку CIOFF, якая, па маіх назіраннях, збольшага падтрымлівае народна-сцэнічнае мастацтва, хаця дэкларуе ролю аўтэнтычных праграм на фестывалях.

Інфраструктура дзеля турыстаў ці турысты дзеля інфраструктуры?

Дзе ж рассялілі 900 удзельнікаў, калі ў самім Акцябрскім менш за 7 тысяч насельніцтва? Для якога еўрапейскага фестывальнага гарадка гэта не было б праблемай, але ж у Акцябрскім гасцініца толькі адна. Таму ўдзельнікі (і беларусы, і замежныя госці) жывуць у інтэрнаце ПТК, дзіцячым садку, санаторыі, у спортзалах на матах… Некаторых селяць у вёсках за 20 — 30 кіламетраў ад Акцябрскага. Нягледзячы на такія сціплыя жыллёвыя ўмовы, бюджэт фестывалю склаў 230 мільёнаў недэнамінаваных рублёў, з іх 150 мільёнаў выдзеліў Акцябрскі райвыканкам і 80 — Міністэрства культуры.

Што да саматужных турыстаў (я іх па рэдакцыйным заданні выглядала сярод гледачоў), дык з вялікімі заплечнікамі ніхто не хадзіў, намётаў у парку не ставіў. Збольшага праграму глядзелі ўдзельнікі фестывалю і жыхары Акцябрскага. Але некалькі гасцей усё ж адшукалася. Таццяна Расмусан, беларуска па паходжанні, цяпер жыве ў Даніі, займаецца традыцыйнай вышыўкай. На фестывалі заўважыла яе па нацыянальным строі, непадобным да адзення ніводнага з гуртоў-удзельнікаў. Таццяна спланавала наведванне Беларусі пад “Берагіню” і спынілася ў Акцябрскім у сяброўкі. Музыка і танцор Ігар Вузлоў з Масквы з дзяцінства займаўся ў ансамблі “Аколіца” і добра ведае смаленскую танцавальную традыцыю, дзе пераплятаюцца элементы беларускай і рускай культуры. Раней быў у Мінску з майстар-класам, наведваў летнюю школу “Пятровіца” ў Любанскім раёне (сёлета, дарэчы, яна пройдзе 8 — 12 ліпеня). Дзеля паездкі на “Берагіню” ўзяў адпачынак на працы. Сёстры Алена і Людміла Яхімоўскія любяць вандраваць, адсочваюць культурніцкія імпрэзы ў рэгіёнах, ездзяць на традыцыйныя абрады. Пра “Берагіню” ведалі даўно, Алена была на “Рудабельскім Купаллі” ў 2014 годзе. Вось гэта, бадай, сапраўдныя турысткі: замовілі нумар у гасцініцы, харчаваліся мясцовай ежай — усё раёну прыбытак!

З аднаго боку, мала рэкламы фестывалю. Але ўявім, што ў Акцябрскі пацягнулася хаця б частка наведвальнікаў, скажам, “Славянскага базару ў Віцебску” ці "Купалля" ў Александрыі. З ежай яшчэ можна разабрацца: на “Берагіні” працаваў выяздны гандаль Акцябрскага райспажыўаб’яднання. А вось з жытлом — бяда. Хіба намётавы гарадок арганізаваўся б? Але такія ўмовы адштурхнуць частку публікі, якая спаць “на зямлі” не пажадае. Ды і наступствы “турыстычнага нашэсця” трэба будзе “ліквідаваць”: для гэтага патрэбныя дадатковыя рукі, тэхніка… Атрымліваецца замкнёнае кола: не едуць турысты, бо мала рэкламы і належнай інфраструктуры. У сваю чаргу, не ідуць інвестыцыі ў інфраструктуру, бо пакуль няма буйной плыні турыстаў.

Мінск — Акцярбрскі — Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"