Ідэальныя пошукі

№ 27 (1257) 02.07.2016 - 08.07.2016 г

Ад чорна-жоўтага знака да мелодыі літары “А”
Творы графічных дызайнераў вылучаюцца лаканізмам і дакладнасцю, яны ў трэндзе: не вымяраюцца часам і амаль заўсёды зразумелыя гледачу. Цяпер у сталічным Палацы мастацтва праходзіць выстава “Ідэя!”, дзе сабраныя акурат апошнія работы.

/i/content/pi/cult/593/13187/9-1.jpgВыставу “Ідэя!”, удзельнікі якой з’яўляюцца членамі Беларускага саюза мастакоў (куратар — Сяргей Саркісаў, старшыня секцыі графічнага дызайну), можна нават назваць “выставай ў выставе”. Справа ў тым, што на ёй экспануюцца работы, прысвечаныя 30-й гадавіне Чарнобыльскай трагедыі і 5-й — аварыі на Фукусіме. Таксама прадстаўлены экалагічныя плакаты, якія ўвайшлі ў конкурсны шорт-ліст міжнароднага біенале графічнага дызайну “Залатая Пчала” і міжнароднага трыенале экалагічнага плаката “4-ы блок” (куратары — Андрэй і Таццяна Кулажанкі). Цікавасць выклікала, па-першае, тое, як дызайнеры з розных краін (з Польшчы, Украіны, Расіі, Японіі, Германіі, Фінляндыі…) бачаць дзве трагедыі. Па-другое, непасрэдна вобразная сістэма — “пераклад” на графічную мову. Як мне падалося, аўтары некалькіх работ не “анатаміравалі” (маецца на ўвазе, не шукалі патаемны сэнс, скажам, “залаты” пласт) звычайны аб’ект. Былі плакаты, дзе абыгрываліся чарнобыльскі чорна-жоўты знак і чырвоны круг.

Нягледзячы на невялікі “набор” вобразных сродкаў, творы адметныя. Многія з іх — нестандартныя і запамінальныя (а ў графічным дызайне гэта, відаць, і з’яўляецца галоўным складнікам поспеху).

Асноўная выстава — “Ідэя!”  — сфарміраваная і напоўненая (прабачце за таўталогію) ідэямі. Работы такой знакавай фігуры ў нашай краіне ды за яе межамі, як Уладзімір Цэслер, ведаюць усе. Скарыстоўваючы беларускае, традыцыйнае, ён удала надае сучаснае гучанне звычайным рэчам: адзіны зменены элемент або форма — і з’яўляецца новы сэнс. А галоўнае, што плакаты майстра — не “папсовыя”. І калі ў Уладзіміра Цэслера, скажам, “матэрыяламі” з’яўляецца (як першаснае і некранутае) тое, што звязана з нашымі культурай, побытам (але гэтым не абмяжоўваецца), то творы Наталлі Коўш тэматычна абмежаваныя. Летась яна прадставіла на падобнага кшталту выставе твор “Графіка танца. Sur pointes…” (гл. “К” № 40 за 2015 год), а зараз — выявы пуантаў вядомых балерын. Унікальнасць работы Наталлі — у адлюстраванні ў творах гісторыі творчага жыцця Людмілы Кудраўцавай, Наталлі Рабцавай, Вольгі Гайко ды іншых балерын, а таксама ў фактаграфічным падмацаванні пра рэпетыцыйную і сцэнічную працу. Такую ж вялікую работу — серыю з шасці аркушаў — прадставіў і Руслан Найдзен. Твор прасякнуты філасофіяй і развагамі. У мінімалістычнай серыі ён паказаў “Я” (альбо “я”) у чорна-белай прасторы. Твор, як падаецца, пра стаўленне чалавека да самога сябе, да грамадства і сябе ў соцыуме. Руслан быццам бы расклаў грамадства па пэўных пластах. Ёсць розныя “я”: ганарлівыя, амбіцыйныя, задуменныя, лірычныя, “раствораныя” ў натоўпе... Але не ўсе плакаты з “сучасным павевам”. Асобныя творы прысвечаны групе “Уновіс” і Аляксандру Родчанку. Аўтары, сярод якіх Юрый Тарэеў, працягваюць традыцыі авангарднага мастацтва пачатку ХХ стагоддзя.

Вартыя ўвагі і распрацаваныя элементы фірменнага стылю, лагатыпаў, знакаў. Напрыклад, Кацярына Білан прыдумала элементы для праграмы Белдзяржцырка “Беларускія таямніцы”. Мяркую, удалае, гарманічнае спалучэнне колераў (жоўтага з шэрым) вельмі пасуе гэтаму віду мастацтва, цікавыя героі. Ну і, вядома ж, дэмантсратыўнасць і відовішчнасць. На выставе можна ўбачыць і фірменны знак гісторыка-культурнага запаведніка “Нясвіж”, адзіны стыль святкаванняў 1020-годдзя хрышчэння Русі, а таксама элементы падачы інфармацыі пра мемарыяльны музей “Гродзенскі некропаліс”, урэшце, апошняя падалася перагружанай дэталямі.

Своеасаблівая дызайн-канцэпцыя арт-праекта “Пазнай свой Мінск” Веранікі Несцярук. Падаецца, прапанаванае цалкам можна здзейсніць. Па-першае, будзе нестандартна пазначана гістарычнае месца (і жыхарам усё ж такі захочацца даведацца больш цікавых фактаў пра яго). Па-другое, вобразы Веранікі запамінальныя і сучасныя, і да ўсяго — іх нескладана “ажывіць”.

Падабаюцца мне рознага кшталту эксперыменты. На многіх выставах прасочваецца тэндэнцыя: зафіксаваць нябачанае, напрыклад, гук, паветра, мелодыю… “Ідэя!” не стала выключэннем. Генадзь Мацур візуалізаваў мелодыю ветру і мелодыю літары “А”. Ёсць у ягонай графічнай працы экспрэсіўнасць і момантавасць.

Некалькі слоў дадам наконт календароў, буклетаў і афіш. Асабліва разнастайныя першыя — ад нумералогіі (фотаздымкі лічбаў, якія “жывуць” з намі і добра сябе “адчуваюць” у нашай паўсядзённасці) да стылю “ню”. Можна пагартаць і “разумны” каляндар Настассі Шарамецьевай. Цікавым падаўся твор у выглядзе літары “Т” Лізаветы Абрамавай “Maitres of graphy”. Што ні старонка — новыя творы і замежныя аўтары (Эйпрыл Грэйман, Макс Мідзінгер, Макс Біл…), а на апошняй — сціслая інфармацыя наконт асаблівасцяў творчай манеры кожнага.

Выстава “Ідэя!” засведчыла: нестандартнасць мыслення, па сутнасці, не можа існаваць без працягу традыцый. Таму экспанаванае ідэальна ўпісваецца ў нашае жыццё, яно інфармацыйна насычанае, актуальнае і разнастайнае. Ці варта было чакаць штосьці іншае ад графічных дызайнераў?

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст