Чым жывяце, раён, мястэчка?

№ 27 (1257) 02.07.2016 - 08.07.2016 г

Чарговы агляд пошты — пра чарговы летні клопат работнікаў культуры, якім сёння — не да адпачынку.

/i/content/pi/cult/593/13184/11-1.jpgАддзел рэкламы Цэнтра культуры “Віцебск” паведамляе, што народнаму тэатру-студыі сучаснай харэаграфіі пад кіраўніцтвам Дзіяны Юрчанка прысуджаны прэмія і званне дыпламанта спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. У лісце адзначана, што “нагодай для гэтай падзеі стала атрыманне калектывам ІІ прэміі беларускага конкурсу сучаснай харэаграфіі ў рамках XXVIII Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску (2015 год)”.

“Бібліятэкары Гродзенскага раёна прынялі ўдзел у “Бібліякараване-2016”, які быў прысвечаны 175-годдзю з дня нараджэння Элізы Ажэшка“, — піша начальнік інфармацыйна-бібліятэчнага аддзела Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Святлана Робак. Сваёй зямлячцы скідзельскія бібліятэкары прысвяцілі выставу аднаго верша “Францішак Багушэвіч і Эліза Ажэшка“, выставу адной кнігі “Людзі і кветкі над Нёманам”. Удзельнікі мерапрыемства наведалі з экскурсіяй радзіму літаратаркі — вёску Мількаўшчыну, дзе на базе Гродзенскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі арганізаваны літаратурна-краязнаўчы музей. На літаратурным пікніку “Элізай тут усё дыхае і жыве” гучалі ўрыўкі з твораў пісьменніцы, вершы, прысвечаныя каралеве жывога слова, як яшчэ пры жыцці называў яе той самы Багушэвіч.

Наступны допіс Святланы Робак — пра “Бібліятэчны бульвар”, арганізаваны на лета Свіслацкай сельскай бібліятэкай, пра тое, што сапоцкінскія гарпасялковыя бібліятэкары арганізавалі для вучняў бібліяпікнік, а скідзельскія — інтэрактыўную вандроўку па кніжных краінах.

Аўтарам чарговага допісу з Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра стала намеснік дырэктара згаданай установы Ганна Сіманенка. Яна піша: “У Абухаўскім цэнтры культуры ансамбль танца “Лялечкі” трымаў экзамен на пацвярджэнне звання “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”. 70 удзельнікаў выйшлі на сцэну і прадэманстравалі высокае выканальніцкае майстэрства. Канцэртная праграма складалася з харэаграфічнай сюіты і шматлікіх кампазіцый”. Натуральна, званне было пацверджана. А кіруе “Лялечкамі“ заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Надзея Урукіна, балетмайстрам з’яўляецца Таццяна Урбановіч.

У музеі-сядзібе Міхала Клеафаса Агінскага, што на Смаргоншчыне, адбылася прэзентацыя выставы “Па слядах Вялікага Княства Літоўскага” мастака Аляксандра Рашэтнікава. Як паведамляе намеснік дырэктара ўстановы Святлана Кенько, “усё пачалося пад гукі паланэза до мінор №6 у выкананні юнага Яўгена Міцкевіча з Маладзечна. Мастак падзяліўся з гасцямі планамі на будучыню”. Работы Рашэтнікава прадстаўлены ў розных тэхніках: ад алоўкавых замалёвак да акварэлі і алейнага жывапісу. Асобныя з твораў аўтар прысвяціў Агінскаму.

Яўген Лапцеў кажа, што Слонім даўно называецца горадам паланэзаў. “Тут ужо ў дванаццаты раз, — дадае пазаштатнік, — ладзіцца адкрыты рэгіянальны фестываль “Паланэз”. Сёлета ў ім прынялі ўдзел і дзіцячыя, і дарослыя калектывы: харэаграфічныя, аркестравыя, вакальна-харавыя. Менавіта ў Слоніме правёў дзіцячыя ды юнацкія гады Міхал Клеафас Агінскі. А ў мясцовым тэатры оперы і балета была свая капэла — адна з найбуйнейшых у Еўропе. Традыцыі, словам, адраджаюцца.

Уладзімір Жылевіч са Століна паведамляе, што “ў выставачнай зале горада выпускнікі мастацкага аддзялення дзіцячай школы мастацтваў прэзентавалі работы, выкананыя алоўкам, гуашшу, акварэльнымі і акрылавымі фарбамі“. Юных мастакоў чакае пленэр у парку “Манькавічы”.

Валянціна Лук’янава, бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Браслаўскага раёна спрабуе адказаць на пытанне, як выхаваць будучага чытача. Прынамсі, бібліятэкары Браслаўшчыны перакананы, што дакладны адказ трэба шукаць у сям’і: чытаюць бацькі — будуць чытаць і дзеці. У некаторых установах ужо ёсць напрацоўкі па адраджэнні сямейнага чытання. Тры бібліятэкі, Браслаўская дзіцячая, Слабодкаўская і Відзаўская гарпасялковая, працуюць па спецыяльна распрацаваных праектах, накіраваных на прыцягненне да чытання дзяцей розных узроставых груп. Браслаўская дзіцячая пастаянна ладзіць Дзень адчыненых дзвярэй “Бібліятэка для маладых сямей”. У рамках імідж-праекта “Бібліятэка — тэрыторыя для ўсіх” Слабодкаўская бібліятэка праводзіць конкурс чытаючых сямей “Усёй сям’ёй — у бібліятэку”. Відзаўская гарпасялковая бібліятэка распрацавала праект па супрацоўніцтве з дзіцячым домам сямейнага тыпу. Значна актывізавалі сваю дзейнасць па адраджэнні сямейнага чытання ў Казянскай, Друеўскай, Пагашчанскай, Мяжанскай, Ахрэмаўскай бібліятэках.

Прэс-сакратар грамадскага аб’яднання “БРСМ” Ірына Сафонава паведамляе: ”У Салігорску працавала перасоўная выстава “Музей-бус “Кветкі Вялікай Перамогі”. 24 чэрвеня бусік прапанаваў некалькі тэматычных пляцовак з выставамі пра рэчы часоў Вялікай Айчыннай вайны, з майстар-класамі па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, з конкурсамі малюнкаў на асфальце для дзяцей…” Гаворка пра сумесны праект БРСМ і Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

У Бюро міжэтнічных адносін Рэспублікі Малдова працуе выстава мастацкай фатаграфіі “Родныя Сялібы” Ганны Мазур. Пра гэта паведамляе намеснік старшыні праўлення грамадскага аб’яднання “Беларускі культурны рух Малдовы” Людміла Гросу. А кіруе названым праўленнем менавіта Ганна. На яе здымках — родны Мінск і вёскі Астравецкага раёна, адкуль родам яе бацькі.

Тэатралізаванае дзіцячае свята адбылося ў Касцюковіцкім раённым цэнтры культуры. Яно называлася “У пошуках згубленага свету”. Намеснік дырэктара цэнтралізаванай клубнай сістэмы Касцюковіцкага раёна Наталля Дробышава піша: “Больш за семдзесят вучняў малодшых класаў сабраліся ў фае РЦК, дзе іх сустрэлі аніматары і роставыя лялькі. Пошукам зніклага смеху дапамаглі конкурсы і віктарыны. Культработнікі атрымалі някепскі заробак ад платнай паслугі”.

Два элементы нематэрыяльнай спадчыны Бярозаўскага раёна — у Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі мясцовага райвыканкама Таццяна Кавалёк удакладняе: “Гэта спораўская полька і тэхналогія вырабу шчэпавай птушкі-абярэга вёсак Бярозаўшчыны”. Носьбіты традыцыі ёсць, трэба аб’яднаць іх намаганні. Для гэтага ў раёне ўжо другі раз ладзіцца свята-конкурс фальклорнага мастацтва “Каціўся вянок”. Сёлета яно прайшло ў вёсцы Хрыса. Падчас мерапрыемства былі згаданыя святы земляробчага календара. Конкурсныя праграмы былі насычаны гульнямі, песнямі ды танцамі.

Ткачыхі Воранаўскага раёна прынялі ўдзел у ІІІ Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі. У рамках выставы “Белагра-2016” удзельнікі студыі “Школа ткацтва” філіяла Пагародзенскага цэнтра культуры і народнай творчасці Станіслава Міхна і Ядвіга Коўза дэманстравалі сваё майстэрства.

На базе Ушанскай інтэграванай бібліятэкі адбылася вечарына “Бярэзінскі васілёк на літаратурнай ніве“. Падзея, як паведамляе бібліятэкар аддзела абслугоўвання Бярэзінскай ЦБ Кацярына Лясун, прымеркавана да 80-годдзя з дня нараджэння пісьменніка Івана Маркевіча. Журналісцкую дзейнасць распачаў ён у 1963-м, вучачыся на філфаку БДУ. Праз дзесяць гадоў працаваў у штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва“, выдаў першы зборнік вершаў. Ён рана сышоў з жыцця, а творчы архіў родзічы перадалі ў Бярэзінскую цэнтральную бібліятэку. На падставе гэтага матэрыялу бібліятэкары выдалі зборнік вершаў Івана Маркевіча.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"