Вандроўка па стужцы Мёбіўса

№ 26 (1256) 25.06.2016 - 01.07.2016 г

У “Алісе ў Краіне Цудаў” Льюіса Кэрала ёсць такі дыялог. “Куды вядзе гэта дарога?” — пытаецца Аліса ў аднаго з насельнікаў чароўнай краіны. “А куды табе трэба патрапіць?” — замест адказу пытаецца той. “Не ведаю”, — кажа Аліса. І чуе: “Тады якая табе розніца?” Гэта не такая ўжо рэдкая жыццёвая сітуацыя, калі чалавек нешта робіць спантанна, рэфлектыўна, без плана і мэты, не думаючы пра наступствы. Калі рэфлексуе мастак, гэта называецца творчым эксперыментам.

/i/content/pi/cult/592/13170/9-1.jpg“Агасфер” Уладзіміра Ламейкі і іншыя экспанаты выставы.

Не скажу, што выстава “Год скульптуры”, што нядаўна праходзіла ў сталічнай Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага, — суцэльная рэфлексія, што на ёй адсутнічалі творы, канцэптуальна акрэсленыя. Было на выставе тое, што чапляе вока і вярэдзіць думку. Праўда, усё гэта вельмі суб’ектыўна. Адна справа, калі ты не адзін год назіраеш за эвалюцыяй творчасці таго ці іншага аўтара, і, адпаведна, эстэтычны код ягоных работ для цябе больш-менш зразумелы. У дадзеным выпадку тое датычыцца пластыкі Віктара Копача (“Троіца”, “Стан”), Уладзіміра Рудкоўскага (“Казка ў месяцовую ноч”, “Гукі”, “Джокер”), Андрэя Вераб’ёва (“Еднасць”), Уладзіміра Слабодчыкава (“Успамін 1”, “Успамін 2”), Юрыя Анушкі (“Дзень і ноч”), Максіма Петруля (“Контрбаланс”). І зусім іншае, калі аўтар табе малавядомы. Ды ўсё ж, работа сведчыць сама за сябе, і каб адрозніць арыгінальную ідэю ад кампіляцыі, плён роздуму ад рэфлексіі, вялікага досведу не трэба: у мастацтве ўсё празрыста.

Паспаліты глядач і прафесіянал, як мне падаецца, мусілі ўспрымаць выставу па-рознаму. Там, дзе дасведчаны ў мастацтве чалавек убачыць праявы ідэйнага крызісу, пагрозу распылення творчасці як з’явы сутнасна грамадскай на прыватныя дробязі, глядач звычайны, магчыма, ухваліць тэматычную разнастайнасць твораў і стылёвую раскаванасць мастакоў. Будзе свой аматар і свой крытык на біблейскія матывы ў Дзяніса Кандрацьева (“Адам і Ева”), філасафізмы Сяргея Більдзюка (“Апошні воін”), іранічнае ўвасабленне багемнасці Уладзімірам Стальмахавым (“Паэт”), язычніцкі містыцызм Аляксея Сарокіна (“Нараджэнне Дажджбога”). Асабіста я ні ў якім разе не стаўлю пад сумнёў сур’ёзнае стаўленне да працы ўзгаданых аўтараў. Аднак, мне думаецца, што пры канцэптуальнай размытасці экспазіцыі, адсутнасці цэльнасці і зусім някепскія рэчы ўспрымаюцца не лепшым чынам — і не самадастаткова, і не фрагментарна.

Некаторыя з прадстаўленых у экспазіцыі работ больш пасавалі б выставе іншага творчага цэха. Гэта кампазіцыі са шкла Настассі Калінскай і Жанны Марозавай, парцаляна Вольгі Сямашка і Ганны Амбросавай, абстрактная пластыка з дрэва з ухілам у гістарычную тэматыку Уладзіміра Ламейкі. Даўно гавораць, што канкрэтнае паняцце “скульптура” паступова падмяняецца няўцямнай “пластыкай”, і што да гэтага працэсу трэба ставіцца спакойна, але ўсё ж такі я не стаў бы раней часу зносіць “памежныя слупы” відавых крытэрыяў.

Шэраг работ знаёміў гледачоў з замежнай экзотыкай культурнага і этнаграфічнага зместу. Гэта “Маоры” Дзмітрыя Комлева і “Маска шамана” Валерыя Малахава. А ў іншым шэрагу даволі выразна прасочваюцца стылістычныя аналагі, на якія арыентуюцца аўтары. Гэта “Радэн” Алега Варвашэні, які прымушае ўзгадаць Бурдэля, “Чырвоны шалом” Ігара Засімовіча, што ўзнаўляе ў памяці работы Генры Мура, “Аляксандр Пушкін” Мікалая Дробыша, які нагадвае і Анатоля Анікейчыка і расійскіх аўтараў, што багата папрацавалі на Пушкініяну.

Чамусьці работы ў традыцыйнай рэалістычнай стылістыцы, такія як “Балота” Аляксандра Батвінёнка і “Казімір Семяновіч” Івана Міско, глядзеліся даволі самотна. Падобна на тое, што проста рэалізм без выразнага ўхілу ў нейкі бок ужо не надта цікавы грамадзе, а значыць, і самі мастакі яго не надта шануюць.

Я распачаў нататкі развагамі пра канцэптуальную неакрэсленасць самой выставы, праз якую ўдзельнікі становяцца падобнымі на тую самую Алісу, што вандруе ў нікуды па ніякай дарозе. На дзіва, на выставе быў твор, які даволі выразна ўвасабляў прыгоду менавіта такога кшталту — “Агасфер” Уладзіміра Ламейкі: маленькі чалавек, што брыдзе па колу бясконцай стужкі Мёбіўса. Гэта стужка мае толькі адну паверхню. Рухаючыся па ёй, нікуды не патрапіш. Зрэшты, таксама эксперымент…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"