“Выдыхнуць” фрэскавасць у “Нітцы перлін”

№ 26 (1256) 25.06.2016 - 01.07.2016 г

Мастакоўскае трыа Курашовых выставілася ў Светлагорску
Таямніца таго, як і чаму ўзнікаюць дынастыі мастакоў, дасюль застаецца неразгаданай. Мабыць, само паветра сямейнага жыцця спрыяе такой пераемнасці. Суквецце талентаў прысутнічае амаль у кожнай знакамітай фаміліі. Вось і акварэлістка Святлана Курашова, якая пасля заканчэння мастацка-графічнага факультэта Віцебскага педінстытута шмат гадоў выкладае ў Гомельскім мастацкім вучылішчы, гэтым разам у Светлагорскай карціннай галерэі “Традыцыя” імя Германа Пранішнікава паказвае творчыя здабыткі не толькі свае, але таксама і мужа Генадзя ды сына Алега.

/i/content/pi/cult/592/13168/8-1.jpgЗдавалася б, сама яна, пасля таго як неаднойчы прыемна здзіўляла сваёй таленавітасцю аматараў выяўленчага мастацтва Беларусі, Расіі, Польшчы, Германіі, Эстоніі, Літвы, Фінляндыі, ужо нічога новага, нечаканага паказаць не можа. Але сапраўдны талент заўжды непрадказальны. Думаю, калі б канцэртмайстар Кіеўскай музычнай акадэмі Ірына Жукава, якая ў свой час пакінула ў нашай кнізе водгукаў такі запіс: “Геніяльныя акварэлі! Гэта цуд, шэдэўр, прыгажосць! Не жадаю Вам поспеху, бо ён Вам і так наканаваны. Вялікі дзякуй!”, пабачыла цяперашнюю экспазіцыю, то яшчэ з большым імпэтам пагадзілася паўтарыць свае словы.

І сапраўды, захоўваючы асноўныя якасці акварэлі — чысціню фарбаў, колераў, эфектныя размывы, жывую трапятлівасць каларыту, Курашова дасягае чагосьці большага, уласцівага толькі ёй. А гэта — уменне выклікаць звышрэальнасць або чаканую нечаканасць. Колькі даводзілася бачыць карцін розных мастакоў, якія не здолелі дасягнуць гэтай звышрэальнасці. І тады каларыстычнае святло, у лепшым выпадку, так і заставалася на карцінах. А ў Святланы Львоўны яно не толькі ў самім творы, але і зыходзіць з яго каляровым паветрам у нашы позіркі. Так адбываецца, калі бачыш яе “Флоксы” — белае і пунсова-сіняе дыханне гэтых кветак, або “Півоні” — на светлым, таксама паветраным фоне. І сапраўдным цудам праяўляюць сябе “Мокрыя астры”. Пяшчотна белыя і цнатліва ружовыя, яны, здаецца, толькі-толькі пабывалі пад асвяжальным дажджом і ўсё яшчэ застаюцца празрыста-вільготнымі. Наогул, якіх толькі кветак няма ў гэтай сапраўды аранжарэйнай экспазіцыі Курашовай! Тут і “Блакітныя гартэнзіі”, і “Бэз”, і “Лілеі”, “Лясныя званочкі”, “Вячэрняя шыпшына”, букет “Ранішняга цыкорыя”…

Самыя розныя думкі і пачуцці ўмее перадаць мастачка самотнай і радаснай, засяроджанай і шчырай, някідкай і затоенай прыгажосцю кветак. Кампазіцыйная разняволенасць (і гэта ў нацюрмортах!), пранікнёная шматкаляровасць і нейкая казачная натуральнасць робяць іх непаўторна прывабнымі. Зрэшты, Святлана Львоўна даўно і таленавіта эксперыментуе ў акварэлі. Шэраг твораў — жанравыя. У іх крыху менш традыцыйнай акварэльнай празрыстасці і чысціні, але затое з’явілася нейкая таямнічая фрэскавасць, стылізаваная абагульненасць жаночых вобразаў, якія, здаецца, прыйшлі да нас з аддаленага часу. Пад словамі “змяшаная тэхніка” мастачка ўтойвае нешта большае, чым яны звычайна азначаюць. Відавочна, што яна знайшла нейкія новыя выяўленчыя магчымасці ў, здавалася б, традыцыйным, стагоддзямі асвоеным “самым хуткім” жанры выяўленчага мастацтва. Аб гэтым разважаеш, калі бачыш такія творы, як “На балконе”, “Веснавы анёл”, “Вандроўнік”, “У тумане”, “Залінейная вуліца”, “Вечар на ўскраіне”, “Чырвоная веранда”, “Дажджлівы дзень”…

Жыць і працаваць побач з выдатным майстрам і не паддацца пераймальнаму ўплыву, мабыць, проста немагчыма. І тым не менш, Генадзь і Алег Курашовы, мяркуючы па іх экспазіцыях у рамках сямейнай выставы, пазбеглі такой, здавалася б, немінучай спакусы. Я доўга не мог адвесці позірк ад Генадзевай карціны “Сябрам, якія адышлі”. Уся яна ў нейкім вільготным руху. Цягучыя, калярова-цьмяныя струменьчыкі, што сцякаюць з нябеснай вышыні, невытлумачальным чынам узнімаюць сабой кветкі памяці, аддаючы іх тым, чые душы ўжо на нябёсах. Неяк не хочацца думаць пра тое, як зроблены або “выдыхнуты” гэты твор. Зноў жа, за словамі “змяшаная тэхніка” — таямніца, разгадваць якую не хочацца. Хай застаецца. Акварэльная неакварэльнасць? Прыкметы манатыпіі або акватыпіі? Якая розніца! Галоўнае тое, што ў карціне жыве развітальны боль з тымі, каго адначасова забіраюць зямля і неба.

Пачуццёвасць твораў Генадзя Курашова адразу ж адчувальная і ў “Халоднай зіме”, і ў “Гарачыні”, і нават у “Начных кветках”. А мастак, што імкнецца пісаць адчуванні, заўжды набліжаецца да звышрэальнасці. Гэта ж, дарэчы, пабуджае да творчасці і іх сына Алега, які ўжо шмат гадоў працуе захавальнікам фондаў гомельскай Карціннай галерэі Гаўрыіла Вашчанкі. А для назіральнага талента такая праца можа замяніць гады вучобы нават у мастацкай акадэміі. І па назвах яго напісаных алейнымі фарбамі карцін можна меркаваць аб вышыні мэт, якія ён ставіць перад сабой. Вось толькі некаторыя: “Хутка верасень”, “Нацюрморт у цёплым святле”, “Нітка перлін”, “Нацюрморт са старым блюдам”, “Успаміны пра мора”, “Пах кавы і руж”… Адчуваеце? Імкненне заўважыць незаўважнае, увасобіць неўвасабляльнае — зноў жа, звышзадача кожнага сапраўднага мастака. У лепшых творах Алег Курашоў дасягае мэты. Фарбы на гэтых карцінах дыхаюць, рухаюцца і, здаецца, не толькі выпраменьваюць святло, але і самі прывабліваюць яго шматкаляровасць.

Так, мастакоўскае трыа Курашовых — розных па стылёвых прыхільнасцях — аб’ядноўвае нешта такое, чаго нельга знайсці ў фарбах, пэндзлях, нават у самых патаемных сакрэтах майстэрства. Гэта мастакоўскае стаўленне да жыцця. А ў іх яно — роднаснае. Таму і зладжана ззяюць фарбы сямейнай экспазіцыі.

Ізяслаў КАТЛЯРОЎ, мастацтвазнаўца

Светлагорск