Захаваць або знішчыць?

№ 26 (1256) 25.06.2016 - 01.07.2016 г

Пра стварэнне разнастайных брэндаў у сферы культуры гаворана-перагаворана, у тым ліку ў нашай газеце. Відавочна адно: цікавы брэнд, насычаны разнастайным інтэрактывам і падмацаваны годнай інфраструктурай, можа прыносіць вялікі прыбытак не толькі ў сферу культуры, але і ў раённую ды дзяржаўную скарбонку.

/i/content/pi/cult/592/13162/4-33.jpgТаму ці не ўсе раёны навыперадкі шукаюць ці ствараюць штучна цікавосткі. А знайшоўшы, карпатліва аберагаюць і па магчымасці развіваюць. Так было і ў Шаркаўшчынскім раёне. Яблычны брэнд, створаны не на пустым месцы, а на базе ўнікальнага саду і сядзібы беларускага садавода-селекцыянера Івана Сікоры, прыцягвае ўвагу далёка за межамі раёна. Музей і фестываль у вёсцы Алашкі наведваюць турысты з усёй Беларусі, а з улікам блізкага суседства з Літвой і Латвіяй — і з Еўрасаюза.

У час аўтатура ўвосень 2014-га пабывалі там з Яўгенам Рагіным. Пазнаёміліся з нястомнай ініцыятаркай стварэння “яблычнага” музея Адай Райчонак, якая ў свой час набыла, а некалькі гадоў таму перадала дзяржаве дом Івана Сікоры з гаспадарчымі пабудовамі. А таксама з дырэктарам установы Наталляй Перхуновіч, разам з якой нават прагаварылі цалкам рэалістычную стратэгію развіцця комплексу, выхаду на самаакупнасць. Убачанае пераканала: Алашкі поруч з Германавічамі могуць стаць адным з улюбёных турыстамі месцаў. Словам, нічога не прадказвала нейкіх негатыўных наступстваў.

І тут нечакана ў сацыяльных сетках з’явілася інфармацыя: “Музей Сікоры пад пагрозай закрыцця”. Каб разабрацца ў сітуацыі, звярнуўся да Ады Эльеўны, якая і забіла ў набат. Як высветлілася, вэрхал усчаўся з-за таго, што нехта даслаў ананімны ліст у Міністэрства культуры і іншыя інстанцыі з прапановай пазбавіцца ад фестывалю і музея, бо, маўляў, ад іх шмат шуму і клопатаў мясцовым жыхарам.

Фармулёўка больш чым дзіўная. У той час, калі ў беларускіх гарадах ствараюцца пешаходныя зоны з вулічнымі музычнымі калектывамі, а вёскі сутыкаюцца з праблемай адсутнасці не тое што турыстаў, але працоўнай сілы, казаць пра шум ад урачыстага свята, якое праходзіць раз на год, як мінімум дзіўна. Праз такія фестывалі менавіта мясцовае насельніцтва атрымлівае бонусы: ад прыўнясення свята ў іх будні да магчымасці прадаць лішкі сваёй сельскагаспадарчай прадукцыі турыстам альбо прадаставіць за невялікі, але тым не менш не лішні для сямейнага бюджэту, кошт пакой у сваёй сядзібе. Што і казаць! У Алашках створана інфраструктура, у тым ліку амфітэатр, затрачаны немалыя дзяржаўныя грошы. І пры гэтым ідзе гаворка пра перамяшчэнне фестывалю ў райцэнтр....

Абмеркаваў сітуацыю з Навумам Гальпяровічам, галоўным дырэктарам галоўнай дырэкцыі міжнароднага вяшчання Белтэлерадыёкампаніі (радыё “Беларусь”), які прымаў непасрэдны ўдзел у стварэнні музея Сікоры, быў асабіста знаёмы з сынам знакамітага селекцыянера. На думку Навума Якаўлевіча, было б вялікай памылкай праз ананімныя паклёпы губляць унікальны культурны аб’ект і фестываль.

Прызнаюся, асабіста гэтую ананімку я не бачыў. Але, па шчырасці, гора-ініцыятывы, якія аўтар пабаяўся падпісаць уласным імем, не хочацца нават у рукі браць. Ды і па айчынным заканадаўстве ананімкі не мусяць разглядацца. Таму, спадзяюся, здаровы сэнс пераможа, і фестываль, як і музей у Алашках, будуць па-ранейшаму прыцягваць турыстаў. А шум вакол толькі павялічыць колькасць гасцей Шаркаўшчынскага раёна. Часам нават дробнае шкодніцтва, інакш пра ананімку і не скажаш, можа быць піярам. Шкада, што чорным.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"