Боль у клубе?

№ 26 (1256) 25.06.2016 - 01.07.2016 г

Здароваму ладу жыцця вучыліся ў віцебскай бібліятэцы імя Максіма Горкага. Усё натуральна: без гэтага сучасны чалавек не можа лічыць сябе культурным ды самадастатковым. І лектараў запрасілі надзвычай дасведчаных і самабытных. Прычым размаўлялі яны з аўдыторыяй па-беларуску.

Загадчык кафедры медыцынскай рэабілітацыі дацэнт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта Таццяна Аленская сцвярджае, што родная мова з’яўляецца адным з дзейсных сродкаў той жа рэабілітацыі, яна забяспечвае нейронныя сувязі галаўнога мозга. І калі чалавек карыстаецца сваёй мовай, гэта генетычна падтрымлівае яго мозг у добрым рабочым стане, прафілактуе дэменцыю (слабасць разумовай дзейнасці) у сталым узросце, дапамагае лепш прыстасавацца да жыцця.

Таццяна Леанідаўна прывяла шмат прыкладаў прафілактыкі: фізічная актыўнасць і такая яе папулярная разнавіднасць, як скандынаўская хадзьба, эргатэрапія ці трэніроўка дробнай маторыкі пальцаў, клопат пра расліны, ігларэфлекса-, танцавальная і музыкатэрапія, выкарыстанне ўздзеяння пахаў, твораў мастацтва і нават звычайнага сонечнага святла…

Пра тое, як пераадольваць узроставыя абмежаванні і не страчваць якасць жыцця, распавёў першы намеснік старшыні Беларускага геранталагічнага грамадскага аб’яднання прафесар Кірыл Прашчаеў. Выхаванец Віцебскага медінстытута, ён вельмі добра валодае беларускай мовай і ўпэўнены, што гэта павінна быць неад’емнай якасцю беларускага ўрача. Хаця б для таго, каб без перакладчыка зразумець пацыентку ва ўзросце, якая жаліцца на боль ў клубе. Не ва ўстанове культуры, вядома. Гэта, канечне, адзін з мноства дасціпных жартаў, якімі была шчодра перасыпана лекцыя-трэнінг Кірыла Іванавіча..

Сёння геранталагічная навука перагледзела крытэрыі здаровага старэння. Ужо не лічыцца, што гэты працэс не павінен суправаджацца хранічнымі хваробамі. Яны часцей за ўсё ёсць, таму пастаўлена задача ствараць для пажылых людзей такі тэрапеўтычны безбар’ерны асяродак, які дазволіць ім мець нядрэнную якасць жыцця, адчуваць сябе паўнавартасным чалавекам. Першы вынік такой работы ўжо дасягнуты ў Луначарскім доме-інтэрнаце Верхнядзвінскага раёна.

Так што вучымся старэць! Геранталагічнае грамадскае аб’яднанне Беларусі праводзіць з 2020 года дэкаду здаровага старэння, якая працягнецца цэлае дзесяцігоддзе. З 1 чэрвеня, як паведаміў Кірыл Прашчаеў, Віцебская вобласць стала эксперыментальнай пляцоўкай па прафілактыцы дэменцыі.

Вера МУРАШКІНА

Віцебск