Прагноз ад 0+ да 18+

№ 26 (1256) 25.06.2016 - 01.07.2016 г

З 1 ліпеня 2017 года пачне дзейнічаць Закон Рэспублікі Беларусь № 362-З “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь”. Згодна з ім прадугледжаны комплекс па абароне дзяцей ад інфармацыі, што прычыняе шкоду іх здароўю і развіццю. Самае гучнае новаўвядзенне — узроставая маркіроўка інфармацыйнай прадукцыі. Дык хто падпадае пад дзеянне новых правілаў?

/i/content/pi/cult/592/13160/5-1.jpgХто “плюсы” раздае?

Дапамагчы з вызначэннем узроставага абмежавання павінен грамадска-кансультатыўны савет па абароне дзяцей ад інфармацыі, якая прычыняе шкоду іх здароўю і развіццю. Адпаведна заканадаўству, новая каардынацыйная камісія ствараецца пры Урадзе Рэспублікі Беларусь. Рашэнні савета будуць мець рэкамендацыйны характар.

Заканатворцы хвалююцца, што інфармацыя пэўнага кшталту можа аказаць адмоўны ўплыў на фізічнае, духоўнае і маральнае развіццё падрастаючага пакалення, таму ўводзяць абавязковую маркіроўку (знаёмую нам, напрыклад, па іншаземных фільмах). Прадукцыя, пазначаная знакамі “6+”, “12+”, “16+”, “18+”, дазваляецца асобам, што дасягнулі адпаведнага ўзросту. Калі ўзроставыя абмежаванні адсутнічаюць, то павінна быць маркіроўка “0+”. Такім чынам дзяцей патэнцыйна абароняць ад тэкстаў і вобразаў, што выклікаюць, у тым ліку, жаданне паліць, ужываць алкаголь ды псіхатропныя рэчывы, падахвочваюць да здзяйснення злачынства ці валацужніцтва і жабравання, падтрымліваюць жорсткасць у дачыненні да людзей і жывёл.

Цяпер галоўнае, каб добрыя памкненні не ператварыліся ў прыватных выпадках у інструмент абмежавання пэўных відаў мастацтва… Адразу ўзгадваецца час, калі такога кшталту закон прымалі ў суседняй дзяржаве. У непрыемную сітуацыю патрапіў улюбёны многімі пакаленнямі мультсерыял “Ну, пачакай!”. “Анафему” абвясцілі Ваўку, які кожную серыю не выпускае з лап цыгарэту. Першапачаткова мультфільм хацелі забараніць да паказу раней за 23 гадзіну ці, у якасці “альтэрнатывы”, патрабавалі ад аніматараў выразаць усе “дымныя” кадры. Пасля інфармацыйнай хвалі прэтэнзіі да мультфільма знялі, але пытанняў па іншых класічных стужках менш не стала…

Афішны апгрэйд

У пераліку абавязковай для маркіроўкі прадукцыі ў шэрагу з перыядычнымі выданнямі, камп’ютарнымі праграмамі і гульнямі, аўдыявізуальнымі творамі, фанаграмамі, друкаванай прадукцыяй ёсць інфармацыя, якая “распаўсюджваецца праз культурныя мерапрыемствы”. Адпаведна, пад закон трапляюць пастаноўкі і праграмы тэатральна-відовішчных устаноў.

Возьмем айчынныя філармоніі: у іх здавён практыкуюцца не толькі разгорнутыя праграмы на ўдумлівага аматара класікі, але і так званы “дзіцячы сезон”, не кажучы ўжо пра ранішнікі да Новага года. Налета філарманічным афішам патрэбна будзе абзавесціся лічбавымі пазнакамі. Як распавяла супрацоўніца рэкламнага аддзела Віцебскай абласной філармоніі Ірына Шагалеева, звычайна на рэкламе пазначаюць узрост гледача прыватнікі, якія арандуюць залу для камерцыйных дзіцячых прадстаўленняў. Яны пішуць, напрыклад, “для дзяцей 3-5 гадоў” — і публіка разумее, на што набывае білет.

Адлегласць паміж лічбамі

У Тэатры юнага гледача ўзнятае “К” пытанне не вынесена ў лік першачарговых. ТЮГ можна зразумець: і без прыняцця такога закону на афішах заўсёды пазначана, для дзяцей якога ўзросту прапануецца тая ці іншая пастаноўка. На касе вельмі часта бацькі просяць параіць, з чаго лепш пачынаць знаёмства з тэатрам, а што будзе цікава васьмі- ці дзесяцігадоваму дзіцяці. Для зручнасці публікі тут даўно ўведзена ўзроставая градацыя рэпертуару. І хутчэй не з мэтай абараніць ад шкоднай інфармацыі, а з улікам дзіцячай псіхалогіі, бо тэмы, зразумелыя падлетку, не зможа адэкватна ўспрыняць дашкольнік. Як пракаментаваў дырэктар установы Ігар Варонін, крыху скарэктаваць лічбы — не праблема. І бліжэй да даты, з якой пачне дзейнічаць новаўвядзенне, афішы атрымаюць тую маркіроўку, якую патрабуе заканадаўства.

Падаецца, што абавязковая маркіроўка выклікае больш хваляванняў у тэатраў лялек, бо занадта вялікая адлегласць паміж заяўленымі ўзроставымі лічбамі. У тэатрах яшчэ не браліся ўсур’ёз за азначанае пытанне, але давайце паразважаем. У дзіцячым рэпертуары лялечнікаў могуць значыцца пастаноўкі як для двухгадовых, так і для першакласнікаў. Калі паставіць на афішы “0+”, бацькі могуць не сарыентавацца і прывесці малечу на спектаклі, разлічаныя на больш сталых дзяцей. У выніку — сапсаванае ўражанне ў гледачоў ды складаныя ўмовы для працы ў акцёраў (бо дзіця, якое не разумее, што адбываецца на сцэне, пачынае шумець). “Пазнака “6+” адсячэ частку публікі, прычым даволі значную, — разважае аб нюансах, якія, верагодна, могуць паўстаць перад калектывам, намеснік дырэктара па арганізацыі гледача Магілёўскага абласнога тэатра лялек Віталія Арловіч. — Трэба разумець спецыфіку тэатра лялек, магчыма, зрабіць у дакументах нейкія ўдакладненні для нас”.

Лягчэй за ўсё будзе карыстацца маркіроўкай “18+”. У тэатрах лялек па рэспубліцы часта ставяць вячэрнія спектаклі, у якіх з’яўляюцца мізансцэны нават пікантнага характару. У афішы абавязкова пазначаюць, што гэтыя пастаноўкі разлічаны на дарослых. Але акцёры скардзяцца, што ўвечары не-не ды і пабачаць на першым радзе ружовашчокую прыгажуньку ў бантах. Магчыма, звыклыя па кінатэатрах лічбы, што з’явяцца і на тэатральных афішах, пераканаюць некаторых бацькоў не весці малодшых школьнікаў на вячэрнія пастаноўкі…

Кінапрактыка

Прасцей за астатніх прызвычаіцца да новых патрабаванняў будзе айчынным кінавытворцам, бо ўзроставая маркіроўка звыклая ім па вопыце калег з суседніх дзяржаў. Зазначу адно ўдакладненне: калі ў апісаных вышэй выпадках маркіроўку вызначаюць арганізатары культурных мерапрыемстваў (чытай, самі культурныя ўстановы), то для фільмаў, якія прызначаныя для дэманстрацыі на тэрыторыі нашай краіны, знак узроставай катэгорыі прысвойваецца адпаведнай структурай, вызначанай заканадаўствам Беларусі аб культуры.

Мастацкі кіраўнік студыі анімацыйных фільмаў Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Аляксандр Ленкін лічыць, што лічбавы цэнз больш датычыцца не непасрэдна рэжысёраў, а бацькоў і педагогаў. Часам, менавіта лічба на афішы дапамагае ім арыентавацца ў кінарэпертуары. “Для рэжысёра новаўвядзенні — фармальная рэч. Ці не сутыкаліся вы з тым, як дашкаляты з задавальненнем глядзяць стужкі для падлеткаў? Бо тая карціна можа быць дынамічнай, музычнай, яскравай і таму больш прывабнай. Пры гэтым некаторыя “дарослыя” моманты яны не заўважаць — проста таму, што ім гэтыя рэчы незразумелыя, чытай, не заслугоўваюць увагі. А старэйшае пакаленне з задавальненнем глядзіць мультфільмы катэгорыі “6+”, — растлумачыў сваё меркаванне суразмоўца.

Заканадаўства імкнецца абараніць дзяцей ад кадраў, што дэманструюць курэнне, ужыванне алкаголю ці наркотыкаў. “Але колькі ў сусветнай анімацыйнай класіцы існуе адмоўных персанажаў, неад’емнай часткай якіх з’яўляецца цыгарэта. У Расіі праз спробы і памылкі прыйшлі да высновы, што выразаць тыя кадры не мае сэнсу”, — працягвае спадар Аляксандр. З яго пункта гледжання, дзіцяці хопіць тлумачэння бацькоў, чаму паліць дрэнна. Дастаткова напачатку стужкі даць бягучым радком, што курэнне шкодзіць здароўю. У творчую задуму карціны ўмешвацца не трэба. “Іншымі словамі, для мяне няма нічога незвычайнага ці нечаканага ў тым, што ў кінавытворчасці ўводзяць узроставыя маркеры. Пра тое даўно казалі ў кінаасяроддзі. У Еўропе, Амерыцы, суседніх дзяржавах ёсць такія азначэнні стужак, добра, што мы ўрэшце дайшлі да сусветнай практыкі”, — дадаў мастацкі кіраўнік анімацыйнай студыі.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"