Рэалізм і эксперымент аматаркі-пачаткоўкі

№ 16 (834) 19.04.2008 - 25.04.2008 г

Рубрыка “Прэзентацы-Я” на старонках “К” нарадзілася для знаёмства з удзельнікамі Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота “Млын моды”, што дае магчымасць ацаніць, якую творчую генерацыю прадукуе фэст такога ўзроўню. Адзначым, што ўзрост удзельнікаў значна адрозніваецца. Тут і дзеці, чыя мадэльная кар’ера толькі стартуе, і моладзь, якая, дзякуючы конкурсу, “прымервае” падтрыманае журы “Млына моды” захапленне ў якасці будучай прафесіі і проста жаданне быць чалавекам рознабаковых інтарэсаў.

 /i/content/pi/cult/158/1316/Zaharchanka1.jpg

Да прыкладу, Люба ЗАХАРЧАНКА — студэнтка чацвёртага курса гуманітарнага факультэта БДУ,— як і папярэднія героі рубрыкі, займаецца фота. Праўда, усяго толькі першы год. Ды і нагодай узяць у рукі фотаапарат стаў звычайны вучэбны курс у ВНУ.

Выпадкова Люба ўбачыла аб’яву пра ўдзел у фестывалі “Млын моды” ў намінацыі “Фота”. Яе здымкі прайшлі рэспубліканскі адбор, пасля другі тур сярод удзельнікаў, і сёння яна — фіналістка. “Усё адбылося неяк само сабой, без напружанай барацьбы і бяссонных начэй, — кажа Люба. — Зусім нечакана атрымала прызнанне журы. Я толькі аматарка-пачаткоўка, і выхад у фінал для мяне — вялікае дасягненне”.

Для Любы фота — гэта эксперымент у перадачы рэальнасці наваколля. На “Млыне моды” яна працуе над партрэтамі мадэлей ва ўзросце ад шасці гадоў. “Раскрыць характар заўжды нялёгка, — кажа Люба. — Калі мадэль бачыць аб’ектыў фотаапарата, яна адразу пачынае пазіраваць, што ад яе, натуральна, і патрабуецца. Але калі мне трэба зрабіць менавіта “мой”, запланаваны вобраз, “перайначыць” мадэль пад маю кампазіцыю бывае цяжка. З дзецьмі і сталымі людзьмі ў гэтым сэнсе лягчэй. Дарэчы, гэтыя дзве ўзроставыя групы вельмі падобныя між сабой — па непасрэднасці, адкрытасці, лёгкасці перадачы характару. Яны не пазіруюць спецыяльна — іх рухі і позы дыктуюцца звычкамі, унутранай, душэўнай, утульнасцю. Яны не баяцца камеры. Па вачах дзяцей і сталых людзей можна хутка “прачытаць” характар. У сталых асоб — усё жыццё ў адным позірку. А вось падлеткаў, моладзь трэба раскрываць, бо яны абавязкова прэзентуюць сябе перад камерай, жадаючы спадабацца ўсяму свету, рэалізаваць амбіцыі. Мне даспадобы працаваць з людзьмі, якія акумулююць і потым перадаюць на фота настрой, пачуцці, атмасферу, характар”.

Перад здымкамі Люба просіць, каб мадэлі прыносілі вопратку, аксесуары для задуманага фотавобраза. Аднак часта атрымліваецца, што мадэль прыносіць “тое, ды не тое”. А вось дзеці прыходзяць на здымкі з цэлым гардэробам: бацькам вельмі хочацца, каб іх дзеці

 /i/content/pi/cult/158/1316/Zaharchanka2.jpg

выглядалі выдатна. Бо ў іх — свая задача: зрабіць выдатнае партфоліо і скарыць увесь свет.

— У школе мадэлей я займаюся адзін год, — кажа дзевяцігадовы хлапчук-мадэль Цімафей Варушыла, з якім плённа працуе Люба, — там я апынуўся дзякуючы сваёй малодшай сястры Ангеліне. Гэта яна, пабачыўшы рэкламу па тэлевізары, упрасіла маму завесці яе ў мадэльнае агенцтва, а я стаў займацца за кампанію з ёй. Выходзячы сёння на подыум, я ўжо не хвалююся, бо мне падабаецца ўдзельнічаць у паказах, хаця і шкада, што нашы дызайнеры так мала шыюць калекцый для хлопчыкаў, у асноўным— для дзяўчынак.

— Мяне мама прывяла ў школу мадэлей крыху раней за Цімафея, — кажа другая Любіна мадэль, сямігадовая Арына Баярчук. — Не адразу, а праз нейкі час я зразумела, што мне гэта цікава. Летась я ўпершыню знялася для партфоліо, каб паўдзельнічаць у конкурсе “Суперфотамадэль-2008”. Мне рабілі смешныя прычоскі, падбіралі рознае адзенне, стваралі вобразы. У выніку маё партфоліо на конкурсе стала лепшым. А ўвогуле… я хачу стаць мадэльерам. Я ўжо прыдумляю адзенне і нават загадзя папрасіла ў Дзеда Мароза розных тканін для сваіх будучых калекцый.

Цудоўна, калі моладзь і дзеці ўжо з ранняга ўзросту ставяць перад сабой высокія і творчыя мэты. Нават калі яны і не рэалізуюцца на прафесійным узроўні, назапашаны досвед знойдзе сваё прымяненне ў жыцці, бо шырокі кругагляд яшчэ нікому не перашкаджаў.


Святлана ЖУРАЎСКАЯ