Не “танчаць” лялькі самі па сабе

№ 26 (1256) 25.06.2016 - 01.07.2016 г

Чаму вагу перадаць няма каму?
Пра поспехі айчынных тэатраў лялек не згадвае толькі лянівы. “Залатыя маскі”, Нацыянальныя тэатральныя прэміі, бясконцыя апладысменты на беларускіх спектаклях у час замежных фестываляў і распісаныя на дзясяткі месяцаў наперад запрашэнні вядучых рэжысёраў на пастаноўкі. За плынню ўхвалы звычайна застаецца моцны кадравы голад, які не першы год адчуваюць у тэатрах лялек.

/i/content/pi/cult/592/13158/4-1.jpgУніверсальны артыст?

Як ні запытаюся пра маладых акцёраў, занятых у спектаклях айчынных тэатраў лялек, у лепшым выпадку ў адказ чую пра дыпламаванага артыста драмы і кіно, часцей — пра выпускніка каледжа мастацтваў, музычнага каледжа, а то і гадаванца аматарскага тэатра. Не перастаю здзіўляцца, але чаго іншага можна чакаць, калі артыстаў для сямі дзяржаўных тэатраў лялек і раней рыхтавала адна Акадэмія мастацтваў. Ды ўжо не першы год і тут не выпускаюць спецыялістаў з пазнакай у дыпломе “артыст тэатра лялек”…

А чым адрозніваецца “лялечнік” ад драматычнага акцёра? Зразумела, уменнем віртуозна абыходзіцца з рознымі сістэмамі лялек. У ідэале за час навучання будучы спецыяліст павінен вывучыць гапіт — нарыхтоўку будучай лялькі, здолець самастойна падвязаць ніткі на вагу — крыжападобную прыладу для кіравання марыянеткай, даследаваць магчымасці планшэтнай лялькі, зразумець фізічныя законы тэатра ценяў, прайсці праз выпрабаванне шырмай (ці доўга зможа непадрыхтаваны чалавек трымаць рукі, узнятыя ўгару, а таму, хто знаходзіцца па той бок выгарадкі, неабходна яшчэ і трысцявой лялькай кіраваць). Пазнаёміцца з тантамарэскай, пасябраваць з пальчаткавай лялькай... Урэшце, тут свае законы жанру: гэта сцэна часцяком патрабуе забыцца на запаветы Станіслаўскага і апасродкавана, праз ляльку перадаваць пачуцці. Адасобіўшыся ж ад яе, стаць на роўных удзельнікам дзеі — вось вышэйшы пілатаж!

Канешне, як і любой іншай справе, пры наяўнасці таленту можна да ўсяго дайсці самастойна. Я заспела ў час працы ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек старэйшага айчыннага артыста гэтага кірунку Уладзіслава Уласава. Ён сыграў больш за сто роляў, многія з якіх увайшлі ў скарбніцу, прынамсі, беларускага тэатральнага мастацтва. Некалі нават нямецкія складальнікі календара лепшых еўрапейскіх лялечных спектакляў змясцілі на вокладку партрэт нашага Уладзіміра Пятровіча. І мала хто мог здагадацца, што заслужаны артыст Беларусі не меў спецыяльнай адукацыі, а ў тэатр лялек патрапіў выпадкова. Але талент зрабіў яго класікам сцэны! Народжаны ў 1929 годзе, Уласаў пачынаў прафесійны шлях у той час, калі спецыяльную адукацыйную ўстанову трэба было яшчэ пашукаць. Чаму рэжысёру ў XXI стагоддзі, калі ёсць выпрацаваныя часам педагагічныя выкладкі, як засвоіць тэхналогію абранай прафесіі, даводзіцца вынаходзіць кола, каб падрыхтаваць для сябе апантаных, але бездыпломных лялькаводаў? Навошта ім замест заглыблення ў сутнасць вобразу марнаваць час на навучанне азам?

Кадравая латарэя

Найбольш красамоўна сітуацыя з кадрамі выглядае ў абласных калектывах. Прынамсі, галоўны рэжысёр Магілёўскага абласнога тэатра лялек Ігар Казакоў распавёў, што сёлета дасылаў у Акадэмію мастацтваў шэсць заявак на выпускнікоў Уладзіміра Мішчанчука (курс артыстаў драмы і кіно, але — хаця б дыпламаваныя акцёры). У Магілёў ніхто не прыехаў. “Зараз у штаце нашага тэатра адзінкі артыстаў з адпаведным дыпломам. Астатнія прыйшлі з каледжа мастацтваў, з музычнага каледжа, ёсць харэографы, шмат людзей, якія першапачаткова не мелі непасрэдных адносін да нашай прафесіі”, — дадае спадар Ігар.

Рэжысёр разумее, што многія з прыхільнікаў мастацтва хочуць бачыць у галоўных ролях магілёўскіх пастановак кагосьці ўзроўню Алега Яфрэмава ці Яўгена Яўсцігнеева, але трэба зыходзіць з рэалій часу. Так, Казакоў нагадвае, што ў суседняй Расіі да мэтраў (напрыклад, у тэатральную школу Канстанціна Райкіна) часам спрабуецца некалькі соцень чалавек, а гэта вельмі моцнае сіта, калі можна выбраць самых-самых здольных і нават фізічна падрыхтаваных да прафесіі. У Беларусі пра тое можна толькі марыць…

Нельга скідваць з рахунку нежаданне ўчарашніх студэнтаў, што паспыталі сталічныя магчымасці, ехаць па размеркаванні ў правінцыю. Суразмоўца ўпэўнены, што вобраз Мінска як месца для хуткага стварэння вялікай кар’еры празмерна міфалагізаваны. “У сталіцы маладым артыстам у першыя гады шлях да вялікіх роляў заказаны — сваіх “зорак” хапае. Шмат цікавых рэчаў сёння адбываецца якраз у рэгіёне, дзе выпускнікам атрымаць добрыя ролі нашмат лягчэй. Акцёр — гэта тэатральная практыка. Той, хто акумулюе школу, не выходзячы на сцэну, загіне. Патрэбна разумець, як шыкоўна, калі пачатковец у прафесіі можа спрычыніцца да такога матэрыялу, як Шэкспір, Горкі. Між іншым, у маім спектаклі “На дне” працуе амаль выключна моладзь”, — зазначае Казакоў.

Пытаюся ў Ігара, ці можа стаць выйсцем падрыхтоўка спецыялістаў пад патрэбы тэатра непасрэдна ў рэгіёне. Але і тут не менш складанасцяў. Галоўны рэжысёр магілёўскай трупы пэўны час таму прапаноўваў абласному каледжу мастацтваў набраць курс лялечнікаў, але Казакову адмовілі праз адсутнасць у апошняга педагагічнай адукацыі. “І тое, што я — рэжысёр-практык, што дастатковую колькасць гадоў даказваю сваю здольнасць займацца прафесіяй, не мае значэння. Бюракратычная “птушачка” стаіць шлагбаумам на тэатральным руху… У гэты час у суседніх краінах толькі насустрач пойдуць таму рэжысёру, хто захоча набраць курс”, — параўноўвае візаві.

Усе тэатры няшчасныя аднолькава

У азначаных вышэй праблемах мы не адзінокія. У суседзяў таксама шмат выпадкаў, калі ў тэатр лялек прыходзяць людзі з “драматычнай” адукацыяй. Нават у такой “тэатральнай” краіне, як Літва, таксама жудасны дэфіцыт прафесійных артыстаў-лялечнікаў. Дырэктар Каўнаскага дзяржаўнага тэатра лялек Сігітас Клібавічус падчас нядаўняга ІХ Міжнароднага фестывалю тэатраў лялек распавядаў, што ў яго краіне сапраўдны голад на творцаў гэтага жанру. Па яго словах, востра не стае рэжысёраў, сцэнографаў, таму тэатры лялек ідуць на эксперымент і запрашаюць калег з драмы. Але не ва ўсіх атрымліваецца адчуць спецыфіку жанру. “Да ўдалага супрацоўніцтва з Арвідасам Лебялюнасам у нас спрабавалі свае сілы іншыя драматычныя рэжысёры, але тыя адразу ўбачылі, што гэта зусім не іх справа”, — распавядае спадар Сігітас.

Ва Украіне каля 30 прафесійных дзяржаўных тэатраў лялек, шмат муніцыпальных, а таксама прыватных калектываў. На ўсю гэту супольнасць раней працавала дзве школы лялечнікаў: Днепрапятроўскі дзяржаўны тэатральна-мастацкі каледж і Харкаўскі нацыянальны ўніверсітэт мастацтваў імя Івана Катлярэўскага. А літаральна колькі гадоў таму Кіеўскі нацыянальны ўніверсітэт тэатра, кіно і тэлебачання імя Івана Карпенкі-Карага таксама адкрыў кафедру акцёрскага майстэрства і рэжысуры тэатра лялек. Абедзве ВНУ дадаткова прапануюць завочную форму навучання для акцёраў-практыкаў, якія не маюць адпаведнага дыплома. Але нават пры такой раскошы ўкраінскія рэгіянальныя тэатры таксама зведваюць кадравы дэфіцыт. Галоўны рэжысёр Палтаўскага акадэмічнага абласнога тэатра лялек Сяргей Цыба гаворыць: “Праблема ў тым, што прыезджых тэатр не можа забяспечыць кватэрай, як тое было за савецкім часам. Заробкі ў нас — як паўсюль на постсавецкай прасторы ў сферы культуры. Акцёру, які атрымлівае 150 долараў, за кватэру штомесячна давядзецца аддаваць прыкладна сто з іх. Нават у фанатаў справы энтузіязм хутка заканчваецца. Таму патрэбныя рэгіёнам выпускнікі застаюцца ў сталіцы (малы працэнт едзе дадому) ці назаўсёды зыходзяць з прафесіі…”

Ці з’явіцца надзея пасля рамонту?

Але вернемся ў родныя абшары. Апошнія пяць гадоў галоўны корпус Акадэміі мастацтваў быў зачынены на капітальны рамонт. Тэатральны факультэт перабіваўся здымнымі памяшканнямі на Партызанскім праспекце, на вуліцах Будзёнага і Каліноўскага. “З-за гэтых аб’ектыўных прычын сапраўды адбыўся перапынак у наборы акцёраў-лялечнікаў (але галоўны рэжысёр Мінскага абласнога тэатра лялек “Батлейка” Мікалай Андрэеў выпускаў завочнікаў па спецыяльнасці “Рэжысура тэатра лялек” і сёлета ён набірае чарговы курс). Зараз мы абжываемся пасля капітальнага рамонту. Яшчэ не да канца падрыхтаваныя танцавальны клас і спартыўная зала, не гатовы пакуль вучэбны тэатр. Калі ўсё стане на свае месцы і мы ўладкуемся ў адрамантаваным корпусе, будзем больш канкрэтна думаць пра набор на дадзеную спецыялізацыю”, — запэўнівае дэкан тэатральнага факультэта БДАМ Уладзімір Мішчанчук. Пра заяўкі з Магілёва Уладзімір Андрэевіч, канешне, ведае, аднак просіць зразумець і саміх студэнтаў, якія чатыры гады навучаліся мастацтву драматычнага тэатра і, як вынікае з гэтага, зусім не валодаюць лялечнай тэхналогіяй…

Значыць, ёсць надзея на адраджэнне набору на асобны курс лялечнікаў. І тут паўстае дзіўнае на першы погляд (у святле ўсяго вышэй напісанага) пытанне: а ці будзе на яго запыт у абітурыентаў? Патлумачу думку прыкладам сёлетняга выпуску завочнікаў па спецыяльнасці “Акцёрскае майстэрства”. Калі я падышла да Вольгі Марчук, якая надзвычай запамінальна паказала сябе на дыпломным спектаклі, высветлілася, што выпускніца — актрыса… Брэсцкага тэатра лялек! На лагічнае пытанне, чаму яна вучыцца на “драматычнай” спецыяльнасці, спадарыня Вольга адказала: “У год майго паступлення на іспыты па спецыялізацыі артыста тэатра лялек было пададзена толькі тры заявы, таму Акадэмія вырашыла перанакіраваць нас да калег з драмы”. У такім выпадку зразумелыя словы дэкана факультэта, што ў БДАМ няма вялікага попыту на артыстаў тэатраў лялек… Можа, каб былі больш актыўнымі абітурыенты завочнага аддзялення, тады і капітальны рамонт не замінаў бы набору па спецыяльнасці…

Матэрыяльная база для навучання лялечнікаў у БДАМ засталася. Праўда, яна фарміравалася ў асноўным з таго, што аддаваў сталічны тэатр лялек. Адмысловай майстэрні, дзе спецыялісты працавалі і рэалізавалі б мастацкія заявы да студэнцкіх пастановак, у творчай ВНУ ніколі не было. І вельмі шкада! Прынамсі, у Расійскім дзяржаўным інстытуце сцэнічных мастацтваў на факультэце тэатра лялек (які закончылі ў тым ліку нашы рэжысёры-лялечнікі Алег Жугжда і Мікалай Андрэеў), ёсць асобная спецыяльнасць “мастак-тэхнолаг тэатра лялек”. Вось яшчэ адна балючая тэма айчыннага тэатра: старыя майстры, якія ўмелі стварыць ляльку згодна з законамі жанру і патрабаваннямі рэжысёра, сыходзяць, а моладзь у нашай краіне не навучаюць…

Напрыканцы агучу апошнюю (хоць, верагодна, першую па значнасці) праблему: вярнуцца да набору лялечнікаў — гэта яшчэ паўбяды, але хто маладых ды зялёных навучаць будзе? Спадар Мішчанчук мае на гэты конт такую задуму: “Калі ў нас больш-менш вырашацца бытавыя пытанні, мы звернемся да нашага шаноўнага, тытулаванага Аляксея Ляляўскага. Вельмі хочацца, каб гэты вялікі майстар знайшоў час і магчымасць набраць сабе акцёрска-рэжысёрскі курс і зладзіць для нашых тэатраў такі выпуск, як гэта ён і рабіў калісьці ў БДАМ. Паважаны Аляксей Анатольевіч можа зрабіць гэта выдатна, бо мае агромністы вопыт, ведае гісторыю айчыннага і сусветнага тэатра, удзельнічае са сваім тэатрам у конкурсах і міжнародных фестывалях па ўсім свеце”.

Застаецца спадзявацца, што ўсе зацікаўленыя ў агульнай справе бакі знойдуць кропкі паразумення, тады і памкненні спраўдзяцца. У выніку выйграе мастацтва: айчынны тэатр лялек зможа і надалей трымаць сваю высокую прафесійную планку, удала эксперыментаваць з формамі і скараць новыя вяршыні майстэрства.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"