Галасы, гай і зноў пра гадзіннікі

№ 26 (1256) 25.06.2016 - 01.07.2016 г

З 17 па 19 чэрвеня ў горадзе Дуброўна Віцебскай вобласці прайшоў XXIII Міжнародны фестываль песні і музыкі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”.

/i/content/pi/cult/592/13157/3-2.jpgёлетні прадстаўнічы форум сабраў 26 творчых калектываў з Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Румыніі, Малдовы і Польшчы. І, як адзначыў падчас сустрэчы кіраўнікоў мастацкіх ансамбляў і гасцей “Дняпроўскіх галасоў…” з аргкамітэтам фестывалю намеснік міністра культуры Васіль Чэрнік, свята песні і музыкі ў Дуброўне на сёння сталася папраўдзе адным з самых значных у фестывальнай “палітры” вобласці.

— На Віцебшчыне шмат цікавых і маштабных фестываляў, скажам, “Браслаўскія зарніцы”, “Звіняць цымбалы і гармонік” у Паставах, “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”, — сказаў Васіль Чэрнік. — Міністэрства культуры Беларусі бачыць, наколькі яны папулярныя, наколькі яны запатрабаваныя, і ўсяляк спрыяе іхняму развіццю. Напрыклад, сёлета мы ўпершыню падтрымалі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне” як арганізацыйна, так і фінансава. Мяркую, будзем працягваць гэта рабіць і надалей.

Паглядзець на фэсце было на што. І не толькі паглядзець, а і паўдзельнічаць у шматлікіх імпрэзах, конкурсных праграмах і танцавальных дзеях. Напрыклад, 17 чэрвеня госці сталі ўдзельнікамі адроджанага старадаўняга абраду “Ваджэнне куста”, а 18 чэрвеня кожны з іх мог пабачыць “салаўіны гай” у фае раённага Дома культуры, прайсціся па падворках раёнаў Віцебшчыны і Гомельшчыны, паглядзець на вырабы народных майстроў ды пазнаёміцца з творчасцю тэатраў мод і іх калекцыямі касцюмаў у стылі фолк.

Таксама творчыя дэлегацыі з розных краін свету цягам суботы ўпершыню паўдзельнічалі ў стварэнні двухметровага “Пояса сяброўства” ды завіталі ў своеасаблівы рэстаран пад адкрытым небам “Дубровеншчына гасцінная”. Тут, на тэматычных падворках, членаў дэлегацый, а таксама ўсіх ахвотных здзіўлялі і частавалі фірменнымі стравамі і напоямі прадстаўнікі многіх раёнаў Віцебшчыны.

Асноўныя фестывальныя дзеі ў суботу адбываліся на цэнтральнай плошчы горада, дзе таксама разгарнуліся падворкі дамоў рамёстваў, праводзіліся майстар-класы па кераміцы, саломка- і лозапляценні ды многія іншыя. А апоўдні тут, каля фантана, стартаваў абласны конкурс майстроў свістулькі “Салавейка—2016”. Пасля яго заканчэння гліняныя “птушыныя” цацкі пасяліліся ў парцалянавым дрэве на 25 шпакоўняў. А гран-пры сёлетняга абласнога конкурсу заваяваў сябра Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Вячаслаў Якавенка з Крычава Магілёўскай вобласці.

Таксама субота была напоўнена канцэртамі-прэзентацыямі гасцей і мясцовых самадзейных калектываў, выступленнямі ўдзельнікаў абласнога конкурсу эстраднай музыкі “ВІА-ton 2016”, а яшчэ ў гэты дзень адбылося факельнае шэсце, акцыя “Свечка памяці” ды флэшмоб “За мірнае неба”. Акрамя таго, з удзелам міністра культуры Беларусі Барыса Святлова, прадстаўнікоў раённых ды абласных улад, у мемарыяльным комплексе “Рыленкі” непадалёк ад Дуброўна прайшлі мітынг-рэквіем, а таксама — урачыстае адкрыццё новага сельскага Дома культуры ў пасёлку Асінторф.

На наступны дзень удзельнікі фестывалю прайшлі з песнямі па цэнтральнай вуліцы горада, выступілі з гала-канцэртам на гарадскім стадыёне ды паўдзельнічалі ў народным абрадзе “Пасахі — на Лёгкія шляхі”. Прычым нават гэтае свята не паставіла кропку ў развітанні з фестывалем: на галоўную сцэну яшчэ выйшлі артысты беларускай эстрады, а маляўнічы феерверк на беразе Дняпра даў сігнал для старту начной дыскатэкі ў раённым Доме культуры.

— Мяркую, наступны фестываль “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”, стане яшчэ больш маштабным, больш маляўнічым і разнастайным, — адзначыў “К” старшыня раённага выканаўчага камітэта Анатоль Лукашоў. — Справа ў тым, што ў 2017-м наш горад будзе прымаць абласное свята працаўнікоў сяла “Дажынкі”. Натуральна, пад гэтае знакавае мерапрыемства мы заплануем рамонты ва ўстановах культуры горада, правядзём добраўпарадкаванне тэрыторыі, палепшым сваю інфраструктуру. Цалкам магчыма, што гэта свята зможа яшчэ раз прыцягнуць увагу абласных улад да гаротнага стану колішняга кляштара бернардынцаў, што знаходзіцца на ўездзе ў Дуброўна, і мы атрымаем фінансы пад пачатак рэстаўрацыйных работ на гэтым аб’екце гісторыка-культурнай спадчыны. Прынамсі, я на гэта вельмі спадзяюся.

І апошняе. Пабываўшы ўпершыню ў Дуброўне яшчэ ў 2012 годзе, я пісаў пра тое, што гэтаму гораду катастрафічна не стае музея. І нават прапаноўваў падумаць пра стварэнне краязнаўчай музейнай установы, дзе былі б прадстаўлены самыя розныя гадзіннікі. Мой матэрыял так і называўся “Ці займее Дуброўна гадзіннікавы брэнд?” (“К” № 47 за 2012-ы год). Справа ў тым, што ў Дуброўне яшчэ напрыканцы XVIII стагоддзя была створана гадзіннікавая фабрыка — адна з лепшых у Еўропе, прычым прадукцыя тагачаснага прадпрыемства прызначалася для царскага двара, і толькі невялікая партыя гадзіннікаў трапляла ў продаж... Дык вось, хоць на Дубровеншчыне ўжо колькі гадоў ідуць размовы пра стварэнне свайго музея, воз і сёння там: ні адзін з прадстаўнікоў раённых ды абласных улад, з якімі мне давялося гутарыць на гэту тэму, так і не сказаў, калі ж у горадзе з’явіцца доўгачаканая ўстанова культуры... Так што гадзіннікавага брэнду ў Дуброўне ўсё яшчэ чакаюць. Але ж ці дачакаюцца, ці займеюць нарэшце?

Мінск — Дуброўна — Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"