З “Вітаўтам” і “Песняром”

№ 26 (1256) 25.06.2016 - 01.07.2016 г


/i/content/pi/cult/592/13156/3-1.jpg

У рамках Дзён культуры адбыўся прэс-брыфінг расійскіх мас-медыя з прадстаўнікамі беларускай дэлегацыі. На ім першы намеснік генеральнага дырэктара нашага тэатра Уладзімір Рылатка падкрэсліў, што для айчынных артыстаў выступленне на гэтай легендарнай сцэне — адказны экзамен. Афіцыйныя ж мерапрыемствы распачаліся адкрыццём фотавыставы БелТА “Саюзная дзяржава — адзінства народаў, культур, краін”. У фае Вялікага тэатра публіка пабачыла 30 работ, па якіх можна было ўявіць карціну развіцця стасункаў паміж дзвюма краінамі. Калі публіка перайшла ў глядзельную залу, на сцэну ўзняўся намеснік Міністра культуры Беларусі Васіль Чэрнік. У прывітальным слове ён падкрэсліў, што дадзеная падзея адбываецца ў рамках абвешчанага ў Беларусі Года культуры. Кіраўнік афіцыйнай дэлегацыі нашай рэспублікі нагадаў пра шчыльнае супрацоўніцтва ў сферы культуры паміж краінамі-суседкамі і зазначыў, што ў Сінявокай праводзіцца безліч прафесійных сустрэч і майстар-класаў, конкурсаў і фестываляў, у якіх прымаюць удзел расійскія творцы.

На ніве беларуска-расійскага супрацоўніцтва ўзнікла нямала паспяховых праектаў, прынамсі, са сталымі аншлагамі праходзяць міжнародныя фестывалі Юрыя Башмета і “Уладзімір Співакоў запрашае”. Зараз Міністэрствы культуры абедзвюх краін вядуць работу над праектам праграмы Саюзнай дзяржавы “Аб увекавечванні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў войнаў”. Згодна з гэтым дакументам будуць выдаткаваны грошы на капітальны рамонт аб’ектаў Брэсцкай крэпасці “Пяты Форт” і “Паўднёвыя казармы” (сёння ўжо адрамантаваны паўднёва-ўсходняя казарма і адкрыта новая экспазіцыя “Музей вайны — тэрыторыя міру”), а таксама запланавана завяршэнне работы ў мемарыяльным комплексе, прысвечаным Першай Сусветнай вайне, які месціцца ў Смаргоні Гродзенскай вобласці.

Да Дзён культуры была прымеркавана яшчэ адна падзея: 15 чэрвеня у рамках “Беларускіх сезонаў у Маскве” ў Дзелавым і культурным комплексе Пасольства Беларусі ў Расіі Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага паказаў спектакль “Пясняр”. Пастаноўка, прысвечаная народнаму артысту СССР Уладзіміру Мулявіну, прайшла пры аншлагу.

Як паведаміла начальнік аддзела міжнародных сувязяў Міністэрства культуры Беларусі Вікторыя Ратабыльская, зараз ідуць перамовы пра правядзенне ў адказ Дзён культуры Расіі ў Беларусі ў 2017 годзе.

На здымку: намеснік міністра культуры Беларусі Васіль Чэрнік і намеснік міністра культуры Расіі Аляксандр Жураўскі падчас адкрыцця Дзён культуры нашай краіны.