Галоўнае для нашай дзяржавы

№ 26 (1256) 25.06.2016 - 01.07.2016 г

22 — 23 чэрвеня ў Мінску адбыўся V Усебеларускі народны сход. На парадку дня — ўсебаковае абмеркаванне праекта Асноўных палажэнняў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016 — 2020 гады, якое ахоплівала розныя сферы жыцця беларускага народа, у тым ліку датычныя культуры. (Цікава, што работнікі сацыяльна-культурнай сферы і СМІ склалі 21,6% дэлегатаў сходу.) Асобныя вытрымкі з праекту публікаваліся і на старонках “К”. Цяпер жа прапануем матэрыялы сходу. Найперш — з выступлення Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.

/i/content/pi/cult/592/13155/1-1.jpgБеларускі Лідар назваў сход сур’ёзным этапам у жыцці нашага грамадства. Галоўная мэта форуму, паводле слоў беларускага Лідара, у абмеркаванні актуальных пытанняў і выхадзе на кансалідаванае меркаванне адносна вырашэння стратэгічных задач і планаў развіцця эканомікі на новы пяцігадовы перыяд. “Права чалавека і грамадзяніна на ўдзел у кіраванні справамі дзяржавы з’яўляецца неад’емным патрабаваннем нашага часу. Лічу, што наш дэвіз “Разам — за моцную і квітнеючую Беларусь” сімвалізуе пераемнасць і з’яднанасць грамадства на карысць нашай Радзімы. Мы цэнім грамадскую думку, пажаданні і прадуктыўныя ідэі, якія накіраваны на паступовае развіццё рэспублікі ў эканамічным, сацыяльным і культурным планах”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

У першых палажэннях выступлення Прэзідэнт падкрэсліў: “Галоўнае для нашай дзяржавы — міралюбівая шматвектарная знешняя палітыка”.— Сёння сусветная супольнасць разглядае Беларусь як донара рэгіянальнай бяспекі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка і дадаў: — Гісторыя нас навучыла, што любая міралюбная палітыка павінна быць падмацавана рэальнай здольнасцю дзяржавы абараніць свой народ.

Сярод асаблівасцяў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на пяцігодку Прэзідэнт вылучыў тры: “гэта праграма развіцця, а не застою; праграма будучыні, а не мінуўшчыны; праграма дзеянняў, а не чаканняў”; “гэта рэальная праграма, без лішніх абяцанняў і нязбытных планаў”; “гэта праграма эвалюцыі, а не рэвалюцыі”.

— Мы не можам адмовіцца ад развіцця. Не можам пагадзіцца з тым, што нас чакае застой ці горш — адкат назад. Мы можам і павінны знайсці рэзервы росту! Мы можам і павінны мабілізавацца! — адзначыў Кіраўнік дзяржавы, заўважыўшы, што для аб’ектыўнага аналізу сітуацыі, якая склалася, нельга абмяжоўвацца толькі апошнім годам пяцігодкі: тым больш сёлета — 25-годдзе суверэннай Беларусі. Акрэсліваючы дасягненні краіны за адзначаны перыяд, Прэзідэнт сказаў: “Я хачу выказаць вялікую падзяку ўсяму беларускаму народу… Беларусы — людзі мудрыя, яны выдатна бачаць, што адбываецца ў свеце, разумеюць сапраўдныя цяжкасці і іх прычыны. І разумеюць, што ў цяперашніх умовах самыя галоўныя, самыя дарагія нашы каштоўнасці — мір у краіне, незалежнасць, бяспека кожнага”.

Кажучы пра праблемы пяцігодкі 2011 — 2015 гадоў, Прэзідэнт адзначыў няпростыя рашэнні, якія давялося прыняць для далейшага развіцця краіны. На новым этапе Беларусі неабходна перайсці да “апераджальнай” стратэгіі. Прычым Аляксандр Лукашэнка дадаў: “Трэба ўдасканальваць тое, што ёсць”. А гаворачы пра карэнныя рэформы, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: “Трэба адчуваць момант, трэба ведаць і разумець, калі можна рабіць тыя ці іншыя радыкальныя крокі”. Пазіцыя Прэзідэнта па гэтым пытанні адназначная: ніякага радыкалізму.

— Наша задача на бліжэйшыя 5 гадоў — пераадолець адставанне і трывала заняць сваю нішу ў сусветнай эканоміцы. За гэты час мы павінны выйсці на якасна новы ўзровень тэхналогій у большасці галін і забяспечыць на гэтай аснове рост дабрабыту нашых грамадзян.

Асновай руху наперад на сучасным этапе павінны стаць новыя падыходы да мадэрнізацыі эканомікі і эфектыўнае дзяржаўнае кіраванне, — так акрэсліў перспектыву Прэзідэнт. “Рэзервы па павышэнні эфектыўнасці дзяржсектара велізарныя, — лічыць Лукашэнка, але сёння ключ да поспеху — уменне канцэнтраваць намаганні і сродкі, асабліва ў тым, што тычыцца навукова-тэхнічнага патэнцыялу краіны на прарыўных навуковых даследаваннях і распрацоўках, забяспечыўшы іх практычнае ўкараненне ў вытворчасць, а таксама ў дынамічным развіцці тых напрамкаў, дзе ў Беларусі добры навукова-тэхнічны зачын. У сваім выступленні Кіраўнік дзяржавы казаў: трэба выходзіць на новыя рынкі, прапаноўваць патэнцыйным замежным партнёрам нашы паслугі. “Прыток інвестыцыйных рэсурсаў высокіх тэхналогій дасць магчымасць узняць на новы ўзровень усе галіны нашай эканомікі. Другі ключавы прыярытэт — занятасць насельніцтва”. Галоўнае — новыя працоўныя месцы, якіх за пяцігоддзе трэба стварыць больш за 250 тысяч. Для гэтага неабходна і разняволенне дзелавой ініцыятывы, што мае стаць рухаючай сілай для аднаўлення эканамічнага росту і стварэння новых працоўных месцаў.

Сярод прыярытэтаў краіны на пяцігоддзе Прэзідэнт таксама вылучыў экспарт, інфарматызацыю і працу з моладдзю: “Матываваная, адукаваная, актыўная моладзь — гэта, па сутнасці, стратэгічны рэсурс развіцця краіны, любой краіны”. Рэалізацыя гэтага прыярытэту, зазначыў Лукашэнка, прадугледжвае адукацыю і прафесійнае станаўленне моладзі, фарміраванне канструктыўнай грамадзянскай пазіцыі, выхаванне патрыятызму, уцягванне ў канкрэтныя справы па ўмацаванні дзяржавы, абароне яе межаў, забеспячэнні спакою і парадку ў грамадстве. Амаладжэнне кадравага складу кіраўнікоў, стварэнне ўмоў для праяўлення здольнасцяў маладога пакалення з’яўляюцца найважнейшымі напрамкамі арганізацыйнай і ідэалагічнай работы Адміністрацыі Прэзідэнта і ўсёй вертыкалі ўлады. Неабходна працягваць работу па ўдасканаленні сістэмы падтрымкі адоранай, таленавітай і з лідарскімі якасцямі моладзі, раскрыцця яе творчага патэнцыялу. Больш увагі мяркуецца надаць фарміраванню павагі да сямейных каштоўнасцяў і падтрымкі маладых сем’яў: “Калі моладзь мае добрыя бытавыя ўмовы, яна імкнецца стварыць сваю сям’ю, мець дзяцей, значыць, узрастае гарантыя замацавання на месцах”. На думку Аляксандра Лукашэнкі, найважнейшая мэта пятага пяцігоддзя — сфармаваць ініцыятыўнае, працавітае, пісьменнае і культурнае пакаленне, адказнае за свой лёс і лёс сваёй Радзімы.

/i/content/pi/cult/592/13155/2-1.jpgГаворачы аб развіцці рэгіёнаў Беларусі, Прэзідэнт заўважыў: “Сяло, малыя і сярэднія гарады — аснова краіны. Мы заўсёды прытрымліваліся прынцыпу: у любым месцы Беларусі кожнаму чалавеку павінна быць аднолькава камфортна”. Галоўны кірунак — прыцягненне інвестыцый у рэгіёны.

— Трэба навучыць наш народ рухацца туды, дзе ёсць працоўнае месца, — сказаў Аляксандр Лукашэнка, а таксама ў рамках гэтай тэмы зазначыў: — Не толькі сталіца, але ўсе рэгіёны павінны пастаянна падтрымліваць добры імідж Беларусі — краіны чыстай, прыгожай, зручнай для жыцця людзей і прывабнай для нашых гасцей.

Беларусь і надалей будзе прытрымлівацца сацыяльнай арыентацыі дзяржавы. Пра гэта сведчаць як выдаткі гадавых бюджэтаў краіны, так і перавага ў дзяржаўных праграмах артыкулаў сацыяльнай скіраванасці. У 2016 — 2020 гадах плануецца рэалізоўваць больш за 20 дзяржаўных праграм, пры гэтым каля дзвюх трэціх бюджэтных сродкаў, вылучаных на іх фінансаванне, будуць інвеставаны ў сацыяльную сферу. У першую чаргу ў медыцыну, адукацыю, культуру, падтрымку сем’яў, сацыяльную абарону насельніцтва.

— Культура і мастацтва. Год культуры. У нас намечаны шэраг мерапрыемстваў у гэтым кірунку, мы іх рэалізоўваем. Для культуры зроблена нямала: і па рэканструкцыі, па рэфармаванні. Але для таго каб наш народ быў культурным, ёсць усё, каб ён лічыўся культурным. Трэба культурным работнікам трошкі варушыцца, быць больш ініцыятыўнымі, раскаванымі i не глядзець увесь час у рот дзяржаве. Акцэнт трэба зрабіць як на маштабы і якасны бок нашай культурнай сферы, так і на павышэнне яе турыстычнай прывабнасці. Творы літаратуры, музычнага, выяўленчага, тэатральнага і кінамастацтва закліканы садзейнічаць фарміраванню каштоўнасцяў беларускага грамадства, адлюстроўваць духоўны вопыт нацыі. Наша мэта — не самаізаляцыя, не процістаянне іншых культур, а ўзаемадзеянне і ўзаемазапазычанні. Падкрэсліваю: адметнымі рысамі культуры беларускага народа з’яўляюцца ўзаемная павага, непрыманне любых формаў міжнацыянальнай варожасці. Гэтыя прынцыпы мы падтрымлівалі і будзем падтрымліваць надалей! Беларусь сёння — цытадэль традыцыйнай культуры і маралі. Так будзе заўсёды, — падкрэсліў Прэзідэнт.

Напрыканцы выступлення Лукашэнка сказаў: “Ва ўнутранай палітыцы найважнейшай умовай для ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі з’яўляецца палітычная стабільнасць, спакой у грамадстве, забеспячэнне непарушнасці межаў і бяспекі людзей”. Для гэтага, паводле яго слоў, у першую чаргу патрэбныя адзінства і згода ў грамадстве, мір і парадак у краіне. Галоўнае цяпер — выкарыстоўваць любы шанц і магчымасць пераадолець усе цяжкасці на шляху прагрэсу і стварэння, не паддавацца дэпрэсіі ды застою, захоўваючы ўсё лепшае з мінулага, упэўнена рухацца да мэты. Толькі той, хто ідзе, адолее дарогу!”

/i/content/pi/cult/592/13155/2-2.jpgКаментарый з нагоды

Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў пракаменціраваў карэспандэнту БелТА асноўныя пасылы праекта праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016 — 2020 гады. “Культура — гэта тое, як мы жывём і дыхаем, пра яе не трэба шмат гаварыць. Неабходна проста правільна расстаўляць акцэнты ў кожным часавым адрэзку, што і робіцца на Усебеларускім сходзе. Прэзідэнт адзначыў, што ў нас у краіне створана добрая матэрыяльная база ў сферы культуры, і гэта сапраўды так. Паглядзіце, колькі было ўкладзена грошай за мінулую пяцігодку ў ходзе рэалізацыі праграмы “Культура Беларусі”, — адзначыў Святлоў. Што тычыцца музеяў, тэатраў, рэстаўрацыі і рэканструкцыі гістарычных помнікаў, створана добрая матэрыяльна-тэхнічная база, падкрэсліў ён. “Цяпер для нас галоўнае — перанесці акцэнт з матэрыяльна-тэхнічнай базы на канкрэтнага чалавека, на раскрыццё творчых сіл кожнага з членаў нашага грамадства. Гэта якраз той вялікі рэсурс, патэнцыял, які да канца не рэалізаваны. Яго трэба правільна задзейнічаць”, — упэўнены Барыс Святлоў. Міністр звярнуў увагу на тое, што ў бліжэйшыя гады сфера культуры пастараецца павялічыць долю самастойна заробленых грашовых сродкаў.

На здымку: Барыс Святлоў з дэлегатамі з Віцебшчыны Аленай Падаляк і Ларысай Аленскай.

Фота Аляксандра ХІТРОВА, БелТА

 

З трыбуны — пра культуру

Прэзідэнт звярнуўся да ўдзельнікаў сходу з прапановай актыўнага абмеркавання нашых планаў: “Аналізуйце іх, прапануйце, як больш эфектыўна разам нам працаваць, каб жыць лепш і лепш”. Публікуем агляд выступленняў, што тычыліся сферы культуры.

Дырэктар Палаца культуры горада Маладзечна Святлана Сарока з трыбуны V Усебеларускага народнага сходу адзначыла: у краіне — багаты кадравы патэнцыял у сферы культуры. Неабходна стварыць годныя ўмовы для працы маладых кадраў, каб яны не імкнуліся шукаць лепшай долі, з’язджаючы працаваць за мяжу, лічыць яна. Для павышэння прафесіяналізму беларускім спецыялістам важныя замежныя стажыроўкі, удзел у міжнародных конкурсах, але працаваць, прымяняць свае веды і ўменні важна ў сябе на радзіме. Святлана Сарока падкрэсліла таксама важнасць захавання культурна-гістарычнай спадчыны краіны.

Дырэктар, галоўны рэдактар выдавецкага дома “Звязда” Аляксандр Карлюкевіч адзначыў падтрымку дзяржавай беларускамоўнага друку, застаецца толькі расці ў творчым плане. Пераклады твораў беларускіх аўтараў, якія публікуюцца за межамі краіны, знаходзяць свайго чытача, а значыць, аб нацыянальнай літаратуры даведваюцца на вялікай прасторы. Акрамя таго, Аляксандр Карлюкевіч лічыць важным прасоўваць стараннямі літаратараў, інтэлігенцыі беларускую мову: “Можна ведаць англійскую і іншыя мовы, але пры гэтым нельга забыць родную — беларускую”.

У пытаннях гуманітарнага развіцця важнае выхаванне самадастатковага, дасведчанага патрыятычнага пакалення, а літаратурныя творы павінны служыць дабру і міру, адзначыў выступоўца. Гаворачы аб падтрымцы нацыянальнага кнігавыдання, друку, Аляксандр Карлюкевіч зазначыў, што яна павінна насіць адрасны характар. Галоўны ж адрасат — моладзь: калі не падтрымліваць дзіцячы і маладзёжны друк, патэнцыйную аўдыторыю прыцягнуць забаўляльныя выданні.

А намеснік старшыні галоўнага праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы Базыль Сегень адзначыў, што неабходна праводзіць работу па развіцці зацікаўленасці і стварэнні ўмоў для вывучэння беларускай мовы беларусамі замежжа. Ён падкрэсліў, што беларусы Польшчы маюць цесныя кантакты з установамі культуры Беларусі, якія прымаюць прапановы аб удзеле ў мерапрыемствах. Яны атрымліваюць касцюмы, музычныя інструменты, інфармацыйную і метадычную падтрымку.

Вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, народны артыст Беларусі Віктар Манаеў адзначыў на сходзе: на працягу апошніх гадоў назіраецца зніжэнне колькасці наведвальнікаў у дзяржаўных тэатрах, якія вымушаныя канкураваць з замежнымі антрэпрызамі невысокага мастацкага ўзроўню. “Нават, як я ведаю, нашы вядомыя музычныя і харэаграфічныя калектывы, прызнаныя культурнымі сімваламі Беларусі, сутыкаюцца з цяжкасцямі ў арганізацыі канцэртаў у рэгіёнах, дзе мясцовыя кіраўнікі сцэнічных пляцовак аддаюць перавагу расійскім зоркам”, — сказаў народны артыст краіны.

Паводле яго слоў, беларускія выканаўцы часам адчуваюць сябе ўшчэмленымі на фестывалях, якія арганізуюцца пры дзяржаўнай або спонсарскай падтрымцы беларускіх прадпрыемстваў. “Лічу, што прапаганда і папулярызацыя свайго нацыянальнага мастацтва павінны стаць прыярытэтам у дзейнасці дзяржаўных арганізацый культуры. Нашай грамадскасці трэба выхоўваць у дзяцей і моладзі мастацкі густ, прывіваць любоў да роднай мовы, культуры, каб з іх атрымаліся сапраўдныя грамадзяне незалежнай Беларусі”, — перакананы Манаеў.

Ён таксама звярнуў увагу на тое, што ў тым ліку дзякуючы спектаклям Купалаўскага тэатра жыхары многіх еўрапейскіх краін адкрылі для сябе новую краіну — незалежную Беларусь. “Але ў выкананні гэтай важнай місіі тэатру, як і ўсяму прафесійнаму мастацтву, неабходна стварыць умовы, каб нашы артысты мелі магчымасць зарабляць сваёй творчасцю”, — сказаў артыст.

 

Прадмет абмеркавання

У заключным слове на V Усебеларускім народным сходзе Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў: праблематыка і дух Усебеларускага народнага сходу павінны стаць прадметам абмеркавання ва ўсіх рэгіёнах і калектывах, каб уся краіна мабілізавала матэрыяльныя і інтэлектуальныя сілы на рашэнне пастаўленых задач. Паводле слоў беларускага Лідара, праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016 — 2020 гады стане асновай для прыняцця рашэнняў у далейшым.

“Паколькі жыццё вельмі разнастайнае, узнікне яшчэ маса іншых пытанняў. Нам давядзецца прымаць мноства рашэнняў па-за межамі гэтай праграмы, вядома, грунтуючыся на яе палажэннях”, — падкрэсліў Прэзідэнт і запатрабаваў мець гэта на ўвазе і шырэй глядзець на пастаўленыя задачы. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Усебеларускі сход адбыўся ў адказны перыяд — напярэдадні парламенцкіх выбараў.

Прэзідэнт адзначыў, што форум з усёй відавочнасцю паказаў, што народаўладдзе з’яўляецца найважнейшым інструментам прыняцця лёсавызначальных рашэнняў у Беларусі. Аляксандр Лукашэнка падзякаваў усім адказным за арганізацыю і правядзенне Усебеларускага сходу, а таксама дэлегатам — за падтрымку, разуменне, актыўны ўдзел у распрацоўцы і прыняцці праграмных дакументаў.

 

Канцэрт дэлегатам

Фотакарэспандэнт "К" зняў моманты адной з фінальных рэпетыцый гала-канцэрта для дэлегатаў V Усебеларускага народнага схода.

/i/content/pi/cult/592/13155/2-3.jpg